Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Уліс з Прускі

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

Тут Букер зноў засмяяўся, але Грыцько не звярнуў на яго ўвагі. Працягваў расказ:

— Спачатку абрабляў гаспадарку на мулах, а потым завяліся і коні, і я пачаў гадаваць коней. Коней забірала армія. Вайскоўцы добра плацілі. Было за што: коні здаровыя, прыгожыя, цёмна-шэрай масці. Завяліся і авечкі. Ферма пачала прыносіць даход…

Лявонка паглядзеў сабе пад ногі:

— Я таксама вымушаны быў ехаць…

— А можа, уцёк? Ад каго? — Грыцько паглядзеў на яго прыжмуранымі вачыма.

— Не, не ўцякаў я, — вытрымаў яго погляд прускавец.

— Я гэта кажу чаму: усякае можа здарыцца. У маладосці я сярод апрышкаў быў. Уцёк у Карпаты ад войска. Летам у гарах, зімой у сёлы спускаліся, служылі ў гаспадароў. Сялян не чапалі, а панка якога, бывала, добра прыжучым.

Расказчык уздыхнуў, пацёр лоб.

— Пагайдамачыў я з хлопцамі на Галіччыне… Спачатку ўсё ішло добра, а потым прыціснулі нас. Таго-сяго злавілі. Вось мы параіліся і рушылі сюды…

Час ланчу заканчваўся. Едакі запівалі сандвічы крынічнай вадой: у тым месцы, дзе поле пераходзіла ў луг, была халодная крыніца. Зноў узяліся за работу — за тую ж агароджу. Цягалі каменне, навешвалі вароты, капалі канавы. Быў яшчэ і абед, калі сонца добра ўжо нахілілася на захад, і праца пасля абеду, пакуль не звечарэла. Завіхаліся цэлы дзень і здолелі-такі зладзіць добры кавалак агароджы, што больш выразна акрэсліла абрысы гаспадаровай зямельнай уласнасці.

На вячэру прускавец, як і ўсе, атрымаў лусту хлеба і міску густога фасолевага супу. Вечарам гаспадар сказаў, што трэба рабіць заўтра. Глеба падсохла і ўжо чакала плуга. Пачыналіся веснавыя клопаты, блізкія і зразумелыя прускаўцу. «Важна не ўпусціць час!» — сказаў Грыцько. З гэтай думкай Лявонка пайшоў у свой павільён, разаслаў пасцель. Букер, чутно было, ужо спаў.

V

Раніцаю наступнага дня з канюшні і кароўніка вывозілі на поле гной.

— Восенню дадамо яшчэ і хімічных угнаенняў,— сказаў фермер.

Вазы параконныя, як у пана Падгурскага. Запрэгчы дапамог Іван. Коні, праўда, спакойныя, ненатурлівыя. Фермер ведаў толк у конях. Дужыя. Зрэдку толькі стрыглі вушамі, азіраючыся на незнаёмага чалавека. Каб супакоіць, Лявонка гладзіў іх, адчуваючы прыемны, як яму здавалася, пах конскага поту.

Ад раллі ішла пара, а разам з ёю спакваля сачылася просьба: зямля прасіла плуга, каб ажывіў родавыя, плодныя сілы, абудзіў да наканаванай лёсам і прыродай дзейнасці — зелянець, красаваць, налівацца.

На даляглядзе, за вярсту ці нават крыху болей, у ранішнім празрыстым паветры таксама былі відаць постаці людзей з плугамі і коньмі. Чуліся панукванні аратых. На суседніх фермах работа ішла поўным ходам. Гной прыворвалі таксама параконнымі плугамі, на колах, з некалькімі жалезнымі лемяшамі. Ноздры казытаў водар абуджанай зямлі, навяваючы думкі аб яе нерастрачанай сіле і пра будучы плён ураджаю.

Грыцько назіраў, як ідзе праца, залішне, мусіць, не давяраючы сваім работнікам. Праз нейкі час падняў руку:

— Перадыхніце! Хай коні адпачнуць…

— Добрыя коні! — пахваліў Лявонка.

Ён ужо паспеў заўважыць, што ў гаспадара мелася слабінка: любіў, каб яго хвалілі.

Грыцько павярнуўся да яго:

— У вас яшчэ сохамі людзі аруць…

Лявонка не зразумеў, пытаецца ў яго гаспадар ці проста кажа тое, што думае.

— Сохамі, але ўжо і жалезныя плугі купляюць.

Гады тры таму Грыцько быў на Сусветнай выстаўцы ў Чыкага, дзе была прадстаўлена гісторыя цывілізацыі. Былі там і сохі.

— Правільна зрабіў, што прыехаў: Амэрыка — лепшая краіна ў свеце. Тут многаму можна навучыцца.

Лявонка акінуў поглядам палявы прастор. Ралля цешыла вока роўна праведзенымі барознамі.

— Я сам, уласным плугам перавярнуў гэту зямлю! — Грыцько не без гонару абвёў рукой шырокі абсяг навокал.

— Зямля ў вас добрая! Куды лепшая, чым у нас, пагадзіўся прускавец.

Гаспадар задаволена пасміхнуўся:

— У нас зямля — адзін чарназём! Колькі б ні капаў — да пяску не дакапаеш!

Апоўдні гаспадыня прывезла ланч. На траве разаслала настольнік, дастала сандвічы, халоднае мяса. Яно ўжо і хацелася есці — паспеў, бадай, прывыкнуць да тутэйшага раскладу дня.

— Зямлю трэба купляць, а яны таўкуцца на гэтым надзеле, — сказала Мелані, раскладаючы ежу.

— Гэта справа будучыні,— адказаў муж.

— А там хто арэ? — спытаў Лявонка, мыючы рукі (ваду бралі ўсё з той жа крыніцы).

— Суседзі. Гэп з сынам, — Грыцько пасміхнуўся ў вусы.

Прускавец уздыхнуў:

— Вось расплачуся з даўгамі, вярнуся дадому, таксама прыкуплю кавалак зямлі.

— Правільна! — падтрымаў гаспадар. — Каб паважалі, братка, трэба быць багатым — бедны ты нікому не патрэбен! Добра, калі ўраджай. Як толькі няўрод, мы, братка, вылятаем, як той казаў, у трубу, — Грыцько пачухаў чупрыну, але ніякай разгубленасці ў ім не адчувалася. Лявонка дзівіўся: стары чалавек, а колькі ў ім энергіі, якія размах і рухавасць.

Дадому вярнуліся позна. На вячэру гаспадыня падала бульбу з кіслым малаком. З бульбы ішла густая пара, белыя бульбінкі рассыпаліся і іскрыліся вільготнымі кропелькамі крухмалу. Госць пакаштаваў.

— Што, смачная? — пасміхнуўся Грыцько.

— Смачная…

Грыцько сказаў, што ў мінулым годзе яны пасадзілі з паўдзесяціны бульбы, не на продаж — для сябе.

— «Айдага»! Гатунак такі…

— А калі вам паспрабаваць больш садзіць бульбы? — рызыкнуў параіць Лявонка і дадаў: — Наш край слаўны бульбай.

— Не выгадна.

Грыцько патлумачыў, што на гэтых землях растуць добрая пшаніца, авёс і асабліва кукуруза. А бульба? Бульба… Стомлены работнік ужо не чуў, што ён гаварыў, змарыў сон, і ён пайшоў адпачываць. Заснуў задаволены і з пачуццём апраўдання, дзеля чаго ён тут на гэтай ферме.

Праз колькі дзён, апрацаваўшы поле, пасеялі пшаніцу, а к канцу мая пасадзілі кукурузу — таксама непадалёк ад абсады. Фермер прытрымліваўся строгага севазвароту: звычайна пасля кукурузы ён сеяў авёс, затым канюшыну і люцэрну і зноў кукурузу. Садзіў яшчэ і буракі. Сказаў, што пшаніца і буракі нагадваюць пра пакінутую Украіну.

Вечарам, як па заказу, калі яны вярнуліся дадому, пачаў імжыць дробненькі дождж. Можна было і адпачыць. Стомлены Букер прысеў на лавачку каля свайго хлевушка, але гаспадару гэта не спадабалася.

Поделиться с друзьями: