Уліс з Прускі
Шрифт:
Ён ужо гаварыў па-англійску З моцным акцэнтам, праўда, але гаварыў Здароўя хапала, мог бы нават каму і ўзычыць.
Надоўга не адкладваючы, за вячэрай, ён сказаў маладому гаспадару:
— Я таксама, містэр Бузук, хачу выкарыстаць час і свае магчымасці.
Іван і Мелані гэтага ад яго быццам бы і чакалі.
— Згодзен з табой: час — грошы! — не стаў пярэчыць Іван. — Гэта сапраўды так. Мову ты, я бачу, збольшага ўжо ведаеш.
— Відаць амэрыканцам становішся… — дадала Мелані.— Амэрыканцы любяць мяняць і месца, і работу.
— А куды ты, калі не сакрэт? — пацікавіўся гаспадар.
— Паеду ў Дэтройт. У Форда, кажуць, заўсёды можна знайсці работу. — Думалася: «Можа, там дзе дзядзьку Васіля сустрэну!»
— У сталёвую вытворчасць усіх бяруць, — падтрымаў Іван, — толькі шкада мне цябе…
— Чаму шкада?
— Горад, трушчобы… Якое там жыццё… Я ведаю становішча імігрантаў.
— Нічога…
— Адзенне бяры з сабой!
«Чаго ж я буду пакідаць адзенне, калі яно маё!» Той прускаўскі куфэрак шукаць не трэба было — ён стаяў тут жа, у павільёне. Наблізілася пара развітвацца. На падворак выйшлі гаспадар з гаспадыняй. Перад гэтым Іван зрабіў канчатковы разлік — работнік атрымаў шаснаццаць даляраў. Малавата…
— Глядзі! Свет — гэта джунглі. Там дзейнічае закон сілы, — сказаў Іван. — Важна, каб пашанцавала.
— Ну, што ж, пажадаю табе шчасця! — дадала Мелані.
Прускавец шчыра падзякаваў ім за работу, за прытулак, за ўсё:
— Перадайце прывітанне Анет. Гуд бай!
Мелані загарнула яму з сабою некалькі толькі што звараных пачаткаў кукурузы, ад якіх ішла гарачая пара.
Лявонка падумаў, што вось яны сышліся некалькі месяцаў назад, сустрэліся, а больш ніколі не ўбачацца. Колькі ні будзе існаваць гэты свет!..
Частка пятая
І
У пошуках работы ў Дэтройт ехалі многія. Ён быў зусім блізка адсюль — адзін з найбольш развітых прамысловых цэнтраў, ужо тады сталіца сусветнага аўтамабілебудаўніцтва. Падаўся туды і Лявон Кужаль, сабраўшы сціплыя свае пажыткі ў прускаўскі куфэрак. Развітаўшыся з Іванам і Мелані, пакіраваў на чыгуначную станцыю — усё ў той самы Маршалтаўн, узяў білет, і цягнік паімчаў яго на поўнач. Праз пару гадзін сельскі ландшафт змяніўся прыгарадным, адчулася набліжэнне буйнога горада.
Дэтройт стаяў у раёне Вялікіх азёр на беразе ракі Дэтройт. За ракой ужо Канада. Гэта была новая Амерыка — урбанізаваная і індустрыяльная. У горадзе каля мільёна жыхароў, і кожны, вядома, меў працу, ці хацеў яе мець, ці імкнуўся мець лепшую. Шмат фабрык і заводаў з вялікімі комінамі, над якімі ўзнімаўся дым.
Шмат дыму — гэта было першае ўражанне, калі ён выйшаў з цягніка і апынуўся на станцыі У небе ад гэтага дыму застылі аграмадныя клубы хмар.
Цэнтр Дэтройта — вуліца Дзірнборн. На ёй высока, пад самыя хмары, як і ў Нью-Йорку, узнімаліся банкаўскія будынкі і розныя офісы. Абганяючы прахожых, туды-сюды бегалі аўтамабілі, грукочучы па бруку цвёрдымі гумовымі коламі. «Не хочуць людзі пяшком хадзіць, на машынах раз'язджаюць», — думаў ён, вандруючы па горадзе ў пошуках жытла. Тут, у Дэтройце, гэтыя аўтамабілі і рабілі. Займаўся гэтым Форд. З усіх будынкаў якраз і вылучаліся сваёй велічынёй і задымленасцю карпусы «Форд мотар-компані», акружаныя безліччу цагляных і драўляных дамкоў і баракаў.
Жыццё ў Дэтройце, у параўнанні з фермай, бурліла з неверагоднай энергіяй. Як і ў Нью-Йорку, усе некуды спяшаліся. Аднак у параўнанні з Нью-Йоркам Дэтройт паказаўся больш дэмакратычным.
Лявонка знайшоў нарэшце сякое-такое жытло — пакойчык у прыгарадзе. Гэта была звычайная каморка, у якой замест ложка стаяла кушэтка — іншай мэблі не было. На кушэтцы — саламяны матрац, засланы пасцеляй. Побач знаходзіўся начны столік для асабістых рэчаў. Мелася, праўда, яшчэ і ванна, у якой можна было памыцца. З гаспадыняй пані Джаанай — яшчэ не старой, прыветлівай жанчынай — паразумеліся хутка: кватэра каштавала чатыры даляры ў тыдзень.
— Ірландзец? — яна блізка падступіла да яго, амаль кранаючы сваімі пукатымі грудзямі.— Адкуль прыехаў?
Ён мусіў расказаць, мабілізаваўшы ўсё сваё веданне англійскай мовы. Пані Джаана здалася добразычлівай і карэктнай. Здзівілі яе вочы густога зялёнага колеру.
— Я бяру плату за месяц упярод, — папярэдзіла яна і растлумачыла: — Прабачце, але мяне пастаянна абдурваюць, — і паціснула паўнаватымі плячыма.
У пакой зайшоў хлопчык, відаць, сын, паглядзеў на новага кватаранта спадылба. Джаана пажадала ўсяго добрага і разам з сынам выйшла. За сцяною спаў сусед — такі ж самы, відаць, пастаялец. У сне ён вёў сябе неспакойна: хроп так, нібы хто яго душыў.
Назаўтра, ведаючы амерыканскія парадкі, Лявонка адразу накіраваўся на біржу працы. У адным з вокнаў, перад якім стаяла чарга, бялела паперка — спіс рабочых месцаў, на якія мелася вакансія. Чарга расцягнулася метраў на сорак. Белыя, чорныя… У Дэтройце шмат неграў, больш, чым у Нью-Йорку.
З дзвярэй выйшаў тоўсты, добра апрануты мужчына — бос. Валасы густа намасленыя і ажно ільсняцца, аддаючы нейкім жалезным бляскам. Спыніўся, азіраючы чаргу. Бос — правая рука дырэктара, асоба надзвычай уплывовая. Гэта Лявонка паспеў уведаць яшчэ ў Нью-Йорку. Аб нябеднасці яго сведчыла нахабнае і самазадаволенае аблічча. Бос яшчэ раз агледзеў усіх, хто сабраўся і, счакаўшы, паманіў некалькіх чалавек пальцам. «Бярэ, хто вышэй ростам, — адзначыў сам сабе Лявонка. — Мае шансы невялікія…»
І раптам тыцнуў якраз у яго:
— І ты!
— Згодзен, сэр! — коратка адказаў хлопец, не ведаючы нават, на што ён згодзен і колькі будуць плаціць.
Так трапіў ён да Форда. «Форд мотар-компані» — так называлася фірма. Уладкаваўся ў ліцейны цэх, які сустрэў яго не проста шумам, а нейкім грукатаннем і бабаханнем, але ён чамусьці страшэнна ўзрадаваўся, пачуўшы гэта бабаханне, якім быў ахоплены цэх, падобны на апраметную. Разгарачаныя людзі ў пыльных, замасленых камбінезонах з бразгатам пхалі перад сабой ваганеткі, загружаныя вугалем, жалезным ламаччам і яшчэ чымсьці. Ваганеткі супраціўляліся ўсім сваім цяжарам, з грукатам біліся аб рэйкі, скрыпелі, быццам скардзіліся візгатлівымі металічнымі галасамі на сваю долю. Востра пахла мазутай і жалезным гарам. Стаяла страшэнная гарачыня, рабочыя хадзілі голыя да пояса. Гэта былі індустрыяльныя трушчобы Дэтройта, тая самая «Форд мотар-компані», дымныя коміны якой відаць былі здалёк.
Узялі яго на пасаду фармоўшчыка, але напачатку давялося папрацаваць падручным. Як і ўсім, хто тут працаваў, выдалі бляшку з нумарам — 66–69. Пад гэтым нумарам ён і працаваў, і змену прымаў і здаваў, і зарплату атрымліваў — семнаццаць даляраў у тыдзень. Пра астатняе ніхто не напамінаў, і прускаўца нават здзівіла, што ніхто ні разу не пацікавіўся, хто ён і адкуль.
— Дзе працуеце? — папыталася гаспадыня, калі заўважыла што кватарант атрымаў работу.
— Форд мотар-компані,— адказаў кватарант.
— Там дрэннае паветра, вельмі бруднае.
Пані Джаана мела рацыю: чаго-чаго, а бруду там хапала. У ліцейным цэху ўсё знаходзілася ў руху — толькі паспявай. Пыл, дым — клубамі, не прадыхнуць.
«Трапіў у самае пекла. Вось яно, аказваецца, якім можа быць…»
Форман, аднак, папаўся неблагі. Спачатку паставіў яго збоку, — маўляў, назірай. Форман чымсьці нагадваў Грыцька. Такі ж нешматслоўны і непаспешлівы, патрабаваў спрыту ад іншых. Верхняя губа ў яго амаль квадратная і надавала форману нейкую павышаную сур'ёзнасць. Час ад часу ён даставаў з кішэні нешта накшталт гадзінніка і прыдзірліва, з недаверам углядаўся ў яго. Прускаўца ён спачатку паставіў на пагрузку. Трэба было грузіць шыхту — кавалкі жалеззя, старыя дэталі, нейкія колы, рысоры, вобады. Праз колькі часу Лявонка стаў ля печы. Самае галоўнае, вядома, якасць металу. Форман вучыў загружаць шыхту, трымаць тэмпературу, умела раскісліваць расплаўлены метал, сачыць за яго гатоўнасцю, акуратна разліваць па каўшах. Па нізе слаўся дым нейкага няпэўнага, гарчычнага колеру, пяршыла ў горле, хацелася кашляць, без прывычкі балелі грудзі. Моцна, як бы неўпапад, бухала сэрца. Здавалася, не вытрымае, яшчэ трохі — і ўзарвецца. Форман назіраў, як загружаюць печ, падганяў: «хары ап!» (хутчэй!), затым уважліва, праз сінія акуляры, глядзеў у завалачнае акенца на мітуслівае полымя, што гудзела ў печы, ківаў галавой рабочаму. Той, ужо вопытны ліцейшчык, упэўненымі, дакладнымі ўдарамі прабіваў лётку, і адтуль вывальваўся распалены струмень металу, ад якога адляталі жоўтыя і куслівыя, як восы, пырскі. Калі не ўхілішся — уджаляць! Струмень жвава бег па чорным жолабе ў падстаўлены коўш, які трэба было разліць у формы.