Уліс з Прускі
Шрифт:
— Нумар 55–09 вызвалены! — пачуў Цімоша за сваёй спіной і нечакана для сябе самога ўзрадаваўся, нават зарагатаў.
Развітаўшыся з Лявонкам, падаўся, відаць, да Піліпка ў Нью-Йорк. На вакзале Цімоша загадкава пасміхаўся, але казаць нічога не казаў. Сеўшы ў вагон, памахаў рукой. Лявонка застаўся адзін на пустым пероне. У галаве таўкліся думкі:
«Не схацеў Цімоша працаваць. Завод. Канвеер. Праца ў Форда цяжкая, але што зробіш!..»
Сёння ён быў адзін. Паклаў у кішэню камізэлькі некалькі сігар — курыў няшмат, апрануў пінжачок, насунуў на лоб капялюш і выйшаў на вуліцу. Ноч хутка апускалася на гэты вялікі горад. Начны Дэтройт зырка асветлены электрычнасцю — нават больш, чым Нью-Йорк. У вольны час ён любіў наведваць адзін танны салун, на якім, ля ўвахода, красавалася шыльда з надпісам «Разгавор па-руску». Трымаў яго яўрэй з-пад Пінска. У гэтым месцы можна было паесці. Звычайна тут прапаноўвалі свініну з фасоллю — самае дэмакратычнае блюда. Але была магчымасць заказаць і боршч з капусты, грэчневую кашу з маслам, нават дранікі, праўда, гэта каштавала значна даражэй. Бутэрброд ці пончык або селядца кліент атрымліваў без праблем. Ідучы сюды, Лявонка старанна падлічваў свае кішэнныя грошы, бо трэба было ведаць, колькі іх, каб не нарвацца на канфлікт з афіцыянтамі.
Знаёмая шыльда: «Разгавор па-руску». Адчыніў дзверы. Наведвальнікаў было няшмат. Яны сядзелі за столікамі, ля сцен, і сумна глядзелі перад сабой на пустыя кілішкі, што стаялі перад імі. У кутку нехта іграў на балалайцы.
Ён выбраў свабоднае месца, кінуў на суседняе крэсла капялюш і стаў чакаць афіцыянта, які тут жа і з'явіўся. Гэта быў негр, ён абмахнуў столік ручніком і прапанаваў меню. Прускавец папрасіў імбірнага піва і не ўтрымаўся, каб не заказаць вэнджанага селядца.
Дзверы раз-пораз адчыняліся, і з прывітаннем «Хэло!» уваходзілі ўсё новыя наведвальнікі. Па выпіўцы першынство трымалі ірландцы. Негр прынёс і паставіў піва. Лявонка ўзяў куфель, падуў на пену і ўбачыў, як насупраць з-пад густых броваў глядзяць на яго ўважлівыя вочы. Чалавек курыў сігару і ўпарта прыглядаўся да яго. «Можа, знаёмы які?» У галаве пачалі мітусіцца няясныя думкі-здагадкі: «Дзе я яго мог бачыць? Гэтыя цёмна-шэрыя вочы… Тут, у Амэрыцы? Не, здаецца, не сустракаліся. Тады — дзе? — Але адказу не знаходзіў.— А ці не той гэта, што ў Брэсцкай крэпасці перад народам гаварыў?» Прускавец асалапеў: «Гара з гарою — а чалавек з чалавекам… Гэта ж трэба — на другім канцы свету… Тады ён яшчэ бязвусы быў, а цяпер вусы прыдбаў…»
Чалавек, як бы адчуўшы яго думкі, устаў, смела падышоў да століка, за якім сядзеў збянтэжаны Лявонка.
— Дазволіце? — спытаў па-англійску.
Лявонка звычайна не спяшаўся давярацца малазнаёмым людзям, а тут з прыемнасцю падсунуў крэсла.
— Калі ласка.
— Вы, пэўна, з Расіі, ці я памыляюся?
— З Расіі.
— І я адтуль. У мінулым годзе прыехаў. Знаёмых шукаю, — кончыкам мезенца ён скінуў попел з сігары.
— А я тут ужо тры гады з гакам, з дзевяцьсот сёмага.
— Па мове падобна, што мы землякі.
— Я з-пад Брэста.
— Дык і я адтуль! Жабінку ведаеш?
— Чаму ж не! Гэта ж з Камянцом побач!
— Тады давай знаёміцца. Андрэй! — Ён працягнуў Лявонку руку. — Прозвішча — Кляновік.
— Лявон Кужаль.
— Ну вось і пазнаёміліся.
— А я вас такі помню.
Новы знаёмы здзіўлена ўзняў бровы.
— У Брэсцкай крэпасці. Як вы выступалі. Вы тады яшчэ на маім возе стаялі…
Бровы ў чалавека яшчэ больш папаўзлі ўверх — такога ён не чакаў.
— Можа, і быў выпадак. Простаму люду я спачуваю — гэта праўда. Здаўна спачуваю. — Андрэю, відаць, нешта прыгадалася — у вачах заскакалі іскрынкі таго самага вясёлага шалу. — Доўгая гісторыя. Мне тады гадкоў дванаццаць было — тато ўзяў мяне аднойчы з сабой у Брэст. Жыта везлі прадаваць. Там вялікі базар каля Мухаўца. Стаім мы і ўжо амаль усё прадалі — пару мяшкоў засталося, як раптам — салдацік, маладзенькі такі, кволы, ускочыў да нас на воз ды за мяшок шчэміцца. Глядзім, ажно за ім афіцэр, прапаршчык, мусіць, з шабляй, і наган у руцэ. Па ўзросце таксама малады — вусікі пад носам чуць намячаюцца. Укормлены, ад злосці ажно пеніцца. На левай шчацэ ў яго — я добра запомніў — чырвоная пляма, уся набрынялася крывёй. Як цяпер помню. Я першы раз бачыў такога раз'юшанага чалавека. Крыкнуў ён нешта таму салдаціку і пагнаў у крэпасць. Я, брат, часта таго салдаціка ўспамінаю і цяпер, а тады ён мне сніцца пачаў. У чым ён мог быць вінаваты, каб бегчы за ім з наганам і шабляй? — Кляновік паглядзеў на земляка, як бы чакаючы ў яго адказу на сваё пытанне. Вусы яго натапырыліся, і ўсё аблічча стала падкрэслена сур'ёзным.
Лявонка адчуў нейкую дзіўную ўласцівасць свайго новага знаёмага: гляне на цябе і як бы наскрозь промнем прасвеціць — быццам усё ўбачыў.
— А рос я, табе скажу, цікаўным і кемлівым мальцам. Цягнула ў свет! Як толькі школу скончыў, дык у Брэст падаўся. У каморніцкім вучылішчы вучыўся.
Новы знаёмы аказаўся шчырым, гаваркім чалавекам.
— Праз колькі часу пазнаёміўся з добрымі людзьмі — сацыял-дэмакратамі. У Брэсце былі такія: Клевер, Зінаўчук… Яшчэ былі… — Андрэй, як бы што згадваючы, зацягнуўся сігарай. — Гэта я табе пад сакрэтам кажу. Гаварыць пра іх нідзе не трэба.
Тут ужо ажывіўся Лявонка. Ён успомніў брашуры, якія атрымаў з Брэста, калі вучыўся ў Камянцы. Спытаў у новага сябра, ці ведае ён што пра гэта.
— Гэта нашы табе прыслалі. Нашы людзі…— пасміхнуўся Андрэй.
Ці ведае ён тыя кнігі? «Маніфест Камуністычнай партыі», які даў яму пачытаць Зінаўчук, адкрыў, можна сказаць, вочы. Праўдзівасць і даверлівасць дапамаглі зразумець і засвоіць, што людзі, аказваецца, няроўныя, чалавечы свет падзелены на багатых і бедных, моцных і слабых, удачлівых і няўдачлівых, добрых і злых. Ідзе барацьба…
Новыя таварышы Андрэя бачылі, што хлопец ён цікавы і прагне справы. Вірлівы 1905-ы захапіў усіх. Знайшлася справа і для яго.
Да століка падышоў негр-афіцыянт, схіліўшыся ў пачцівым паклоне.
— Віскі! Дзве порцыі! — папрасіў прускавец.
Негр паказаў рукой, што ён зразумеў, пакланіўся і пабег.
Лявонка, відаць, спадабаўся новаму знаёмаму, і яны ўжо паводзілі сябе так, быццам ведалі адзін аднаго з дзяцінства. Замест балалайкі заіграла іншая музыка — сцішана павёў мелодыю саксафон. Афіцыянт прынёс віскі.
— Быў выпадак, што бунтавалі салдаты ў Брэсцкім гарнізоне. Даручылі мне сказаць перад імі колькі слоў…
— Гэта я тады, пэўна, і ўбачыў! — ажывіўся прускавец.
— Магчыма.
— У Расіі вечныя бунты ды рэвалюцыі,— Лявонка ўспомніў старога Бузука.
Субяседнік паглядзеў на яго ўважліва і з нейкім дакорам у вачах: эх, маўляў, нізка ты лётаеш, чалавеча. Сам ён лётаў высока. Неўзабаве пасля таго выпадку ў Брэсцкай крэпасці — з турмы выпусцілі яго даволі хутка — параілі падацца ў Маскву, у цэнтр падзей. Уладкавалі на завод. Тут быў сапраўдны рабочы клас — не тое што ў Брэсце. Праца на заводзе пераканала ў праваце пралетарскай справы. Кемлівы, прадпрымальны, рызыкоўны — ён многае бачыў, як яму здавалася, далей, чым іншыя. Ён павінен дамагчыся, каб яму і такім, як ён, жыць стала лягчэй. Кар'еру ён мог бы зрабіць без цяжкасцей, але нашто яна — кар'ера тая? У яго свая дарога. З Масквы паслалі ў Амерыку. Кляновік згадзіўся без ваганняў. Сіл было шмат. «Не губляй сувязі з нашым рухам», — яшчэ раз напомнілі пры развітанні.
— Наіўны ты, хоць і кнігі тыя чытаў…— сказаў Кляновы. — Колькі табе гадоў?
— Дваццаць.
— Малады…
— А табе?
— Мне ўжо дваццаць два! — Ён паглядзеў на Лявонку з адчуваннем сваёй перавагі.
— Няёмка прызнавацца — амаль штоночы Пруска сніцца.
— Дзівак нейкі,— паціснуў плячыма Кляновік. — Пруска, радзіма… Хіба пра гэта сёння трэба думаць?
Кужаль ніяк не мог уцяміць, куды ён хіліць.
— Я на «Форд мотар» працую, — сказаў ён як бы дзеля таго, каб хоць як апраўдацца перад новым прыяцелем, — а вы?
— Ды мне, ведаеш, шчыра кажучы, не надта шанцуе. Напачатку быў у друкарню ўладкаваўся, газету выдавалі. «Новый Миръ», — можа, чуў?
— Не даводзілася. Тут некаторыя нашы хлопцы атрымліваюць газету з Вільна. «Наша ніва» называецца.
— Гэта не тое! — махнуў рукой Андрэй. — Давай яшчэ партвейну закажам.
Зноў паклікалі афіцыянта.
— Мне адзін чалавек казаў, што для Беларусі маюць даць аўтаномію, — Лявонка хацеў пачуць, як на гэта адзавецца Андрэй.
Той як бы нават усердзіўся: