Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Уліс з Прускі

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

— Засуха?

— Наадварот: халады, дажджом заліло, вымакла…

— Грошы пашлі, хоць трохі. Можа, будзе якраз дарэчы.

Некалі ён даў Лявонку дванаццаць даляраў і цяпер, напэўна, меў на ўвазе гэта. Але ж адзенне колькі каштавала, а рэшта ў салуне знікла.

Лявонка нічога не адказаў. Вечарам ён адпісаў ліст у Пруску. Апісаў сваё жыццё. Пра выпадак, які адбыўся з ім у Маршалтаўне, не паведамляў. Ды і крыўда паступова аціхала. Грошай, праўда, што з кішэні ўкралі, шкада было. Жыццё — на тое яно і жыццё — ставіла штодзённыя пытанні. Пытанне пра грошы, пра тое, як іх зарабіць, трывожыла пастаянна. Ці надыдзе той дзень, калі ён разлічыцца з прускаўскімі крэдыторамі — панам Падгурскім і дзядзькам Хведарам? Фермер плаціў слаба, прасіў пачакаць. А добра было б паслаць колькі даляраў калі не крэдыторам, дык хаця б сваім — маці, дзядулі… Сам гаспадар толькі што раіў зрабіць гэта.

Грошы, грошы, грошы…

Аднойчы, адчуўшы, што ў гаспадара добры настрой, Лявонка набраўся смеласці і звярнуўся да яго напрамую, без падрыхтоўкі:

— Дзядзьку Грыцько, — дзядзькам нечакана яго назваў,— ці не маглі б вы хоць крыху даць грошай упярод?

Містэр Бузук доўга маўчаў, не адказваў. Просьба была для яго, відаць, і нечаканай, і не надта прыемнай. Ажно ўпацеў.

— Дадому хочаш паслаць? Разумею, — гаспадар пачухаў патыліцу, — але з грашыма, дружа, прабач, я сам яшчэ банку не сплаціў таго, што пазычыў. Працэнты бяруць. Такая справа…

Адказ гаспадара не пакрыўдзіў прускаўца: «Што зробіш, кожны перш думае пра сябе». Ён ведаў, што ў мінулым годзе гаспадару ўдалося атрымаць ссуду і купіць некаторыя сельскагаспадарчыя машыны. Цяпер даводзілася аддаваць.

— Калі сплачу, — працягваў Грыцько, — можна будзе і самому пакласці пад працэнты! — І нібы прыгадваючы той выпадак, што адбыўся з работнікам у маршалтаўнскім сапуне, дадаў: — У Амэрыцы так: не пі, не куры, кладзі грошы ў банк і праз дзесяць гадоў разбагацееш. Грошы робяць грошы, — ён хлопнуў работніка па плячы. — Хіба той талент, які Бог даў мне, я павінен закапаць? Трэба ўкласці яго ў дзела! — У тоне гаспадара загучалі павучальныя ноткі.— Амэрыка кожнаму дае вялікія магчымасці. Вядома, калі пашанцуе.

— Для гэтага трэба спрыт мець! — пасміхнуўся Лявонка, што, відаць, не надта спадабалася фермеру, які строга глянуў на работніка.

— Працуй, заставайся цвярозым, не забывай пра Бога, і ты абавязкова даможашся поспеху, — сказаў ён, быццам аб'явіўшы свайму работніку вымову. — Разумны чалавек у Амэрыцы не будзе бедным.

Ён паглядзеў у бок шашы, дзе ля павароту на ферму стаялі карабы з садавінай і гароднінай — фірменнай прадукцыяй містэра Грыца. У гэты час Бузукі гандлявалі гуркамі і яблыкамі. Лявонка дапамагаў вывозіць карабы з яблыкамі і гароднінай на шашу. На кожным корабе — шыльдачка з назвай гатунку: «прэзідэнт», «бербенк», «Санта Роза», «болдуін», «уайнсапс»… Побач знаходзілася пустое вядро.

Надпіс на паперцы тлумачыў, што вядро яблык каштуе два даляры, а вядро гуркоў — тры. Тут жа стаяла скрынка для грошай. Праезджыя аглядалі тавар, знаёміліся з цэнамі, каму трэба — бралі, самастойна расплачваліся і ехалі далей, так і не пазнаёміўшыся з гаспадаром, якому не ставала часу ды і ахвоты прысутнічаць пры гэтым. Не было падстаў не давяраць.

Яблыкі былі настолькі вялікія і прыгожыя, што прыцягвалі погляд літаральна ўсіх, хто праязджаў паўз ферму. Найбольшым поспехам карысталіся гатункі «прэзідэнт», «бербенк», «Санта Роза». Лявонку асабліва падабаліся «болдуін» і «ўайнсапс». Пахлі гэтаксама, як на радзіме. Ён успомніў, як некалі разам з хлопцамі адвячоркам нарваў яблык у садзе ўрадніка Кастантага. Прыгадаліся яблыкі ў сене той ноччу ў Васілёвай клуні, калі ён быў там з Ганнай…

Відаць было, як нейкія праезджыя аглядалі карабы з таварам, выбіралі што па густу, нешта кідалі ў скрынку.

— Яблыкі — добрая рэч! — задаволена казаў Грыцько. — Па яблыку ў дзень — і дактары не патрэбны будуць!

— Вы б паветку пабудавалі! — параіў Лявонка. — Тавар быў бы пад дахам.

— Нічога, гэта — сезонны гандаль. Усё — свежае…

Надыходзіў час жніва. Жняярка ўжо стаяла пад паветкай, гатовая да адплыцця ў пшанічнае мора, і нарэшце яно пачалося. Грыцько ўскочыў на ногі ў пяць гадзін раніцы і адразу кінуўся будзіць работнікаў. Загрукаў у дзверы. Трэба ўставаць. Лявонка ўздыхнуў. Ноччу даймала духата, і ён увесь спацеў, вільготная прасціна прыстала да цела. Уздзеў джынсы, нацягнуў на плечы падцяжкі, спаласнуў халоднай вадою твар. На сняданак з'еў сандвіч — лусту белага хлеба з марынаваным гурком, сырам і каўбасой. Букер еў тое самае, але, як звычайна, у сваім хлевушку.

— Хэло, Букер! — павітаў ён сябра, калі той, заспаны, выйшаў на панадворак.

Негр, як звычайна, няўцямна засмяяўся, адкапыліўшы тоўстыя губы.

Пад кіраўніцтвам гаспадара яны запрэглі ў жняярку пару коней. На жалезнае сядло ўзлез сам містэр Грыц — напачатку не даверыў упраўляцца са жняяркай ні Лявонку, ні тым больш Букеру.

Выехалі на поле. Разы два ці тры містэр Грыц спыняў коней, даставаў баначку з алівай, пстрыкаў у той вузел, дзе змацоўваліся крылы жняяркі. Пачалася праца. Машына хадзіла па крузе, сутаргава махаючы крыламі і пакідаючы за сабой роўныя купкі пшаніцы. Лявонка, Букер і Іван вязалі іх у снапы.

«А мы жнём сярпамі і косамі і нічога не ведаем. Такой машыны нават у Падгурскага няма. Гэта ж за дзень столькі можна скасіць — ніякая каса не дакажа…» — гэтак сам з сабою разважаў прускавец.

Зрабіўшы колькі кругоў, гаспадар паклікаў яго да сябе:

— Сядай! Бяры лейцы…

Лявонка ўзяў у рукі лейцы, палез на месца гаспадара. Услед данесліся да яго словы:

— Глядзі, жняярка дарагая, я аддаў за яе дзвесьце пяцьдзесят даляраў!

Лявонка першы раз сядзеў на такой машыне, у жалезным сядле, моцна заціснуўшы ў руках лейцы. Твар ад гарачыні і напружанасці заільсніўся. Коні напорыста затупалі па крузе, зазвінелі вуздэчкамі.

Следам ішлі вязальшчыкі — Букер з Іванам. Жнівеньскае сонца смажыла без усякай меры. Чыстае неба і страшная гарачыня. Бліжэй да поўдня яна пераходзіла ў спёку, ад якой не схавацца нідзе. Лявонка адчуваў, як разагрэтае паветра, трапляючы ў лёгкія, абпальвала знутры. Хацелася піць.

Полудзень прынесла Анет. Лявонка праехаў адзін круг, другі, трэці, і спыніў коней. Дзяўчына, угадваючы яго жаданне, паднесла кубак халоднай вады, дастала з карзіны сандвіч.

— Уэл? — падала яго Лявонку.

Есці зусім не хацелася, але ён узяў сандвіч. Селі на ўскрайку зялёнага лужка — такія трапляюцца і на прускаўскіх палях. Там яны звычайна незаараныя — з пакалення ў пакаленне так вядзецца. Цешаць вока сваёй нечаканасцю сярод аднастайнасці шырокага поля. Містэр Грып сказаў, што восенню ён наважыўся разараць гэты лужок. У стаўленні яго да зямлі, падумаў прускавец, не было той трапяткой страсці, як у беларусаў.

Над іржышчам, за некалькі крокаў ад іх паказалася галоўка сусліка. Містэр Грыц пагразіў яму пальцам. Жывёлінка спалохана ўгнула галоўку, пакруціла носікам і знікла.

Зямля абавязана даваць прыбытак. Каб вытрымаць канкурэнцыю, фермер павінен максімальна павялічыць плошчу і ўраджайнасць, а выдаткі звесці да мінімуму.

— Горача, — паскардзіўся Букер, выціраючы далонню лоб.

Ад спёкі губы ў яго сталі яшчэ таўсцей і яшчэ больш вывернуліся. А што ўжо было казаць прускаўцу! Сорак градусаў у цяні — і каб хоць які ветрык! Аднак пад вечар спёка апала, і яны пачалі вазіць снапы. Лявонка стаяў на возе, укладваў снапы, якія яму падавалі Букер і Іван. І тут усім кіраваў, распараджаўся містэр Грыц, добра ведаючы сваю гаспадарскую справу. Стомленыя за дзень работнікі так і паснулі на абярэмку сена каля дзвярэй адрыны, дзе іх і разбудзіў Іван. Сон быў мілей, і Лявонка, адмовіўшыся вячэраць, падаўся ў свой павільён.

Поделиться с друзьями: