Уліс з Прускі
Шрифт:
Горад блытаў пачуцці. Згубіцца ў гэтым стракатым і шматгалосным свеце прасцей простага, спакусаў тут шмат! Тут ён упершыню трапіў у кінатэатр — па палатне ходзяць жывыя людзі, хоць і нямыя. Захацелася наведаць царкву, — а можа, там дзядзька Васіль сустрэнецца? У нядзелю пайшоў, але, вядома, знаёмых сярод рэдкіх наведвальнікаў не ўбачыў. Адкуль ім быць? Адстаяўшы ранішнюю службу, вяртаўся дадому. На гарадскіх вуліцах і асабліва ў цэнтры — на Дзірнборне — панавала незвычайнае ажыўленне. Плошча кішэла людзьмі. Зычны гук труб і ёмкія ўдары барабана аддаваліся ўвушшу. Адбываўся парад у гонар Дня арміі. Ішлі прадстаўнікі ўсіх родаў войск, па баках рухаліся вайскоўцы на конях — як увасабленне амерыканскай кавалерыі часоў вайны за незалежнасць. Людзі стаялі на тратуары, многія трымалі ў руках невялічкія сцяжкі з надпісам «America», махалі імі. На высокім шчыце вісеў велізарны размаляваны плакат, вакол тоўпіліся людзі. Лявонка падышоў бліжэй. Выступаў прамоўца. Ён часта азіраўся на плакат, паказваючы пальцам на вясёлага салдата, намаляванага на ім, і нешта гаварыў, гаварыў.
— Армія — гэта для вас адзіны спосаб выратава-ання! Што можа быць ле-епш? — даносілася да прускаўца.
«А калі мне запісацца? Толькі ці запішуць…»
— Адзе-енне, абутак, харчы, ло-ожак ды яшчэ і жалаванне плацяць! — не стамляўся прамоўца.
«…Але ж тады ўжо пра вяртанне дадому не думай! Тады ўжо назаўсёды… І Ганну сваю страчу…» З гэтай думкай ён павярнуў галаву ўбок і ўбачыў нейкую палатку. Гэта была палатка Арміі выратавання. Над уваходам вісеў надпіс: «Сабакам і салдатам уваход забараняецца».
Ён міжвольна засмяяўся.
Цімоша заявіўся неяк нечакана. Як з неба ўпаў. Нязвыкла апрануты: жоўтыя, добра ўжо паношаныя туфлі, няпэўнага колеру плашч, паласатыя штаны, шыракаполы саламяны капялюш.
— Гэта ты, Цімоша? — Лявонка не паверыў сваім вачам.
— Я, я, а хто ж яшчэ? Гуд монінг! Ледзь адшукаў!
Радыя сустрэчы, землякі кінуліся абдымаць адзін аднаго.
— Даведаўся, што ты ў Дэтройце і вось, як бачыш, адшукаў.
— Як здароўе?
— Байкі [7] .
Цімоша зняў капялюш, скінуў плашч, і зноў стаў падобны на прускаўскага падлетка.
— Можа, паставіш куфель піва?
Па амерыканскай завядзёнцы, калі прыходзіць госць, на стале абавязкова павінна стаяць піва. Прускаўцы гэта ўжо добра ведалі.
— Я, брат, галодны, як воўк у панскім лесе, — паскардзіўся зямляк.
Лявонка кінуўся ў бліжэйшы салун, непадалёк, які трымаў знаёмы яўрэй з-пад Пінска, прынёс некалькі галет, намазаных маргарынам, невялічкі бачок нейкага густога супу, яблыкі, апельсіны, піва. Дастаў прыхаваную бутэльку партвейну. Разліў па шклянках.
7
— Так сабе (мясц.)
— Будзьма! — пажадалі адзін аднаму.
Выпілі, закусілі. Цімоша прыгледзеўся да земляка:
— А вусы табе ідуць.
Лявонка, смеючыся, падкруціў кончыкі.
— Можа, і мне завесці? Дзяўчатам гэта падабаецца. Га?
— Давай!
Ці мотаў лёс склаўся, як высветлілася, даволі сумна. Лявонка помніў, што у Нью-Йорку ён мыў посуд у рэстаране. Надаела — падаўся на Захад.
— Трапіў я, разумееш, пасля таго ў капальню, гэта значыць, у шахту… — пачаў Цімоша, аблупліваючы апельсін. — А ў шахце ведаеш як? То холад, то гарачыня. Там столькі гэтага чорнага пылу — вылазіш пасля змены чорны, як негр, на сябе не падобны. — Цімоша адкусіў ад апельсіна сакавітай мякаці.— Там, братка, сілікозам хварэюць, а хварэць, сам разумееш, не хочацца… Давялося кінуць.
Ён уздыхнуў, даеў апельсін, пальцы нервова забарабанілі аб стол.
— Уладкаваўся прыбіральшчыкам. Ездзіў на фургоне па вуліцах, найбольш па завулках і збіраў скрынкі са смеццем. А ведаеш, колькі яго тут! Ды і падлеткі жыцця не давалі. Бягуць ззаду і крычаць: «Сметнік! Сметнік!» Абрыдла! Прыйшлося мяняць работу. Некаторы час працаваў кур'ерам у адной саліднай фірме. Я ж усё-такі граматны, як-ніяк насіў паперы, накшталт паштальёна. Ідзеш, куды пашлюць. Спачатку гэта было нават цікава, а потым адолеў сум. Спазніўся разы два…
— О-о-о! Тут гэтага не церпяць… — паспачуваў Лявонка. — А як цяпер у цябе?
— Без працы… — уздыхнуў госць.
— Манкі бізнес! — Гаспадар яшчэ наліў партвейну. — Але не падай духам, неяк яно будзе…
— Цяжка тут!
— Затое свабода — рабі, што хочаш! — рагатнуў Лявонка і адразу пасур'ёзнеў.— Не тое, што ў нас, у Расіі. Ніякага табе паслаблення…
— Паслаблення і тут не даюць.
— А як Піліпко?
— Па-ранейшаму, відаць, у Нью-Йорку. Даўно ад яго нічога не атрымліваў.
Лявонка ўспомніў, як Піліпко першы займеў работу ў магазіне адзення.
— Я, калі падаўся на Захад, пакінуў яго ў рэстаране замест сябе — хоць галодны не будзе, думаю, — сказаў Цімоша. — Піліпко колькі часу папрацаваў, але звольніўся. Пайшоў на завод — там, вядома, больш плацяць. Але, як на тое, аб'явілі лакаўт, работы няма. Цяпер, мабыць, ізноў мые посуд. А як твае справы?
У Амерыцы не прынята пытацца ці гаварыць, хто колькі зарабляе, і Лявонка на гэты конт толькі і сказаў:
— У нас ва ўсіх справы прыкладна аднолькавыя…
— Як тут у вас у Дэтройце — можна што падшукаць?
— Трэба паспрабаваць. Заўтра я цябе на завод павяду — на той, дзе я раблю. Раптам пашанцуе…
— Трахім напісаў, што бацька наш памёр. Гэтай зімой…
Лявонка ўспомніў Дармідонта.
— Здаецца ж моцны быў…
Яшчэ налілі віна, выпілі не стукаючыся, памянулі нябожчыка.
— Я, брат, ужо і ў турме паспеў пасядзець — месяц далі за валацужніцтва, — нібы пахваліўся Цімоша. — Можа, ты мне пару даляраў пазычыш?
— Чаму ж не — пару даляраў дам! Я нядаўна трохі дадому паслаў.
— Зараблю — адразу вярну.
Начаваць ён застаўся ў земляка. Назаўтра разам пайшлі на завод.
Цімошу пашанцавала: уладкаваўся ў «Форд мотар-компані» на канвеер, дзе збіралі аўтамабілі. Плаціць абяцалі пятнаццаць даляраў у месяц. У адміністрацыі — хваліўся ён сябру — нават сказалі, што калі будзе добра працаваць, дык атрымае падвышэнне ў аплаце. А што яшчэ трэба эмігранту?!
Лявонка павіншаваў сябра, цяпер яны працавалі як бы разам.
Першы прыдумаў паточную вытворчасць аўтамабіляў на канвееры Форд. Паточная зборачная лінія на яго заводзе працавала і ў дзень, і ў ноч, бесперапынна. Цімоша ўстроіўся прыладжваць надколавыя крылы. Патрабаваліся спрытнасць і хуткасць. Хутчэй, хутчэй, хутчэй. Марудзіш? Не марудзь! Бо тады каленам пад зад і ідзі, шукай іншую работу. Усю змену — каля канвеера. Варта на імгненне якое адвярнуцца, як адразу ж пойдзе брак. Рабочыя стаялі блізка адзін ад аднаго, іх рухі даведзены да аўтаматызму. Цімоша стараўся не адставаць.
На яго форман глядзеў чамусьці асабліва строга, матляў галавой, прыспешваў:
— Хутчэй!
Побач з Цімошам стаяў амерыканец — ён за такую ж работу атрымліваў больш.
ІІІ
Пастаянна карцела перачытаць лісты, атрыманыя з дому. Здавалася, што не ўсё зразумеў, не да канца, нешта важнае стаілася паміж радкамі. Гэты ліст прыйшоў нядаўна:
«Дарагі Лявонка!
Мы пакуль, дзякаваць Богу, здаровы. Жывем, як і жылі. Грошы атрымалі — 15 даляраў. Вялікі табе дзякуй, сыночак. Справілі дзяўчатам тое-сёе з адзежы і абутку. Яны ўсе ў нас, дзякуй Богу, здаровенькія і прыгожанькія.