Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Уліс з Прускі

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

— Не з гэтага трэба пачынаць! Нацыянальнае пытанне вялікага значэння не мае. На першым плане ў нас — сацыяльная перабудова грамадства. Мы — сацыялісты…

Памаўчалі, а потым Кляновік зноў паўтарыў:

— Як успомню таго салдаціка, дык, браце, і сляза навернецца. Не проста ўсё і ў Амерыцы! І расавай нянавісці хапае і іншага… Ку-клукс-клан, суды Лінча, сегрэгацыя…

— Тут так, — пагадзіўся Лявонка, — калі грошы ёсць — ты чалавек, а калі няма, дык ніхто твайго існавання і не заўважыць.

— Морганы і Ракфелеры ўсё прыбралі да рук! А нас тут лічаць смеццем, якое Еўропа выкінула ў Новы Свет. Мы для іх ніжэйшыя. Тут рабочы часам бядней жыве, чым у Расіі. У Расіі на Пуцілаўскім заводзе рабочы атрымлівае нават і дзвесце рублёў у месяц. А тут? Добра, калі пяць-дзесяць даляраў.— Прыгубіўшы партвейну, ён працягваў: — Але і ў Расіі рабочых прыціснулі. Пасля пятага года… Як што якое — за плот! Беспрацоўных там — процьма…

— Да гэтага часу не магу выслаць пану, у якога зямлю купіў,— як бы паскардзіўся Лявонка.

— Ты што? — Кляновік ажно падскочыў на сваім крэсле. — Высылаць пану грошы? Ашалець можна! — Яго абурэнню не было межаў.

А як жа? Я ж у яго пазычыў! Доўг, бачыш, мае ўласцівасць расці, калі яго дарэшты не выплаціць…

— Ну, брат, дзіўна ты разважаеш. Надта ты нейкі рассудачны. Прыйдзе час — зямлю раздадзім задарма!

Лявонка ўжо даўно прывык: дарма яму нічога не даставалася, таму падумаў, што таварыш агаварыўся.

— Як задарма?

— Задарма і пароўну.

Прускавец ажно рот раскрыў. Цяпер ужо ён мог сказаць: «Ашалець можна!» Але цёмна-шэрыя Кляновікавы вочы глядзелі смела і нават задзірыста. І тут, як і тады ў крэпасці, ён гаварыў так шчыра і пранікнёна, што нельга было не заслухацца.

— Пану свайму ты нічога не вінен, нават калі і пазычыў у яго. А ён табе — вінен! Абдурваў цябе і бацькоў тваіх усё жыццё…

Андрэй адкінуў плечы на спінку крэсла і, паманіўшы пальцам афіцыянта-негра, заказаў два куфлі таго ж імбірнага піва і, калі негр пайшоў выконваць заказ, блізка схіліўся над Лявонавым плячом, горача зашаптаў:

— Рэвалюцыйна-сацыялістычны рух набывае сёння вялікі размах па ўсім свеце! Лёс трэба браць ва ўласныя рукі!

Для большай пераканаўчасці Андрэй падняў свае здаровыя зграбныя рукі і патрос імі перад сабой. Вось, маўляў, гэтыя рукі і апроч іх няма нам на каго спадзявацца. Лявонка падумаў, што гэты чалавек сапраўды настойлівы і ўмее дабівацца свайго. «На Трахіма крыху падобны», — успомніў чамусьці свайго прускаўскага сябрука.

— Вы — сацыяліст?

Кляновік усміхнуўся.

— Дык што ж гэта такое — сацыялізм? Рэлігія новая, ці што?

Кляновік адмоўна пакруціў галавой.

— Не. Сацыялізм — гэта такое жыццё, парадак такі. Кожны ўносіць сваю долю працы, колькі ён можа ўнесці, а атрымлівае па патрэбах. Пры сацыялізме людзі будуць шчаслівыя, а значыць, і справядлівыя. А якая можа быць справядлівасць там, дзе аднаму належыць усё, а другому — нічога?.. Пасля адмены эксплуатацыі чалавека чалавекам дастаткова будзе працаваць дзве гадзіны ў дзень, а можа, і менш. Гэта — маё перакананне!

— Перакананне? — перапытаў прускавец.

— Так, кожны чалавек павінен мець сваё перакананне! — цвёрда адказаў Кляновік.

— Ну, а цяпер што вы робіце?

— За што мы змагаемся? Па-першае, за скарачэнне рабочага дня і павышэнне аплаты; па-другое, за страхаванне рабочых — хто пацярпеў ад няшчаснага выпадку, хваробы ці беспрацоўя; па-трэцяе, за пенсійнае забеспячэнне старых і калек, за забарону дзіцячай працы… За многае змагаемся. Дэтройтам мы пакуль што не задаволены. Сацыялістычны рух тут яшчэ адстае. Гэта не Чыкага. У Чыкага мы збіраем больш галасоў, чым дэмакраты! Тут да нас пакуль што не вельмі ставяцца…

Адчувалася, што ён ведаў настрой рабочых па ўсёй Амерыцы.

— Рэвалюцыянеры, брат, вялікія сябры! Для нас няма межаў і перашкод. Хто б ты ні быў — рускі, немец, француз, амерыканец, але калі мы з табой сацыялісты — мы сябры. Праўда, ёсць і здраднікі…

Яны нейкі час памаўчалі, потым раптам Кляновік сказаў:

— Цара мы павесім! — і ціха дадаў, гледзячы суразмоўцу ў вочы: — І іншым не будзе літасці!

Прускаўцу ажно заняло дых.

— Кіраваць будуць тыя, хто нічога не мае!

Тое, што гаварыў Андрэй, не месцілася ў галаве.

— Што ж для гэтага трэба?

— Згуртаванасць.

— Людзі ж не роўныя, адзін больш рухавы, другі — менш. Хто разумны — хто дурны? Як іх згуртуеш?

Кляновік паморшчыўся, як бы яму зуб забалеў ці што яшчэ.

— Гэта так. Але калі мы адчуем сябе адным класам, калі мы загарымся агульным пачуццём нянавісці і гневу, мы адчуем сваё адзінства. Гэта — галоўнае!

— Няўжо гэтак калі-небудзь будзе? — усумніўся Лявонка.

— Арганізаванасці нам яшчэ не стае, — прызнаўся прыяцель, уздыхнуў і прыгладзіў на галаве кучаравыя валасы. Раптам ён спыніўся і стаў глядзець некуды паверх Лявонавай галавы, у нешта ўслухоўваючыся. У вачах — мройлівасць. — Чуеш?

— Што?

— Музыку!

Лявонка прыслухаўся, але нічога не пачуў. Музыканты ў салуне якраз зрабілі перапынак — перасталі іграць. Прыяцель паглядзеў на яго з нейкім няўцямным шкадаваннем, як на блазна.

— Ведаеш? Мне яна начамі сніцца.

— Хто? Музыка?

— Рэвалюцыя!

— А калі ж гэта ўсё адбудзецца? — Прускаўцу перахапіла дых.

Кляновік заўсміхаўся:

— Дакладную дату, калі гэта выбухне, назваць цяжка, але к таму ідзе, — ён набраў поўныя грудзі паветра. — У мяне ўжо ў галаве, паверыш, гараць пажары!..

Тут яны абодва як бы знепрытомнелі.

Першы ачухаўся прускавец:

— А як жа потым?

— Што — потым? Галоўнае — уладу ўзяць, парадак навесці, па справядлівасці.

Прускавец ажно ўпацеў. Рашучасці яго новага знаёмага, здавалася, не было межаў.

— Цяжкая гэта, відаць, справа — рэвалюцыя?

Кляновік не паспеў адказаць. Да століка падышоў афіцыянт папярэдзіць, што салун хутка зачыняецца.

— Прыходзь заўтра на Дзірнборн, там мітынг мае быць. Беспрацоўныя вырашылі правесці, на раніцу назначылі,— сказаў Кляновік, калі афіцыянт адышоў.

— Які мітынг?

— Мітынг сацыялістаў. Заўтра ж Першае мая. — Кляновік устаў.— Я, браце, люблю сярод мас быць. Душой ажываю. Масы — гэта жыццё. Ну, будзь! Гуд бай!

V

З пахмелля шумела ў галаве, але пра мітынг Лявон не забыў. Апрануўшыся, выйшаў на вуліцу. Брудна-шэрыя хмары навісалі над горадам, чапляючыся за яго высокія цагляныя гмахі. Нейкае яшчэ бязлістае ці, можа, усохлае дрэва абсела чарада чорных птушак. Гэта былі звычайныя вароны. Радаваліся, відаць, вясне і ладзілі свае гульні.

Поделиться с друзьями: