Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка
Шрифт:
— Усяго шасцёркай. А ў нашым мястэчку было больш віхураў. Нават не віху раў, а смерчаў, — успомніў Арцін.
— Можа быць, разам з імі яшчэ хтосьці прылятаў? — услых падумаў кот.
— І што з гэтымі вусенямі цяпер рабіць? — спытаў Арцін. — Я спрабаваў іх адчапіць — нічога не атрымліваецца. Яны вельмі моцна да лісткоў прылепленыя. Можа, іх проста прыдушыць?
— Што ты, нельга! — абурыўся кот. — Пад шчасцядайнай шаўкоўніцай не павінна быць дрэнна аніводнай істоце! Тады шаўкоўніца насамрэч засохне. Бо вусені не вінаватыя ў тым, што яны вусені!
— Паглядзіце! — выклікнула Алеолла. — Яны смяюцца!
І праўда, вусені не проста жавалі лісты, а яшчэ безупынку смяяліся. А можа, і наадварот, яны смяяліся і заадно безупынку жавалі.
— Ад лістоў яны і смяюцца, як я ад ягад, — здагадаўся Арцін.
— У такім разе, я ведаю, што рабіць, — прамовіў кот, — трэба іх апырскаць слязой каменя. Яны перастануць смяяцца, а заадно і жаваць.
Алеолла дастала напарстак са слязой каменя.
— Не, спачатку мяне, — папрасіў Арцін. — А то раптам не хопіць.
— Хопіць, — паспрабаваў супакоіць яго кот, — пырскаць трэба зусім мала, а то замест безупыннай радасці на цябе бясконцая журба нападзе.
Кот абмакнуў у напарстак белы кончык свайго ярка-рудага хваста і ўзмахнуў ім — некалькі малюпусенькіх кропелек патрапілі на лоб, шчокі і рукі Арціна.
— Давай, выйдзі з-пад шаўкоўніцы.
Арцін выйшаў з-пад дрэва і расплыўся ў шырокай усмешцы.
— Хі-хі!
— Што, не дзейнічае? — занепакоілася Алеолла.
— Го-го-го! — зайшоўся Арцін.
— Няўжо... Міамурмарор! — у Алеоллы нагарнуліся слёзы.
— Дзейнічае. Супакойся. Гэта я так, спецыяльна пасмяяўся, — ужо без усякага смеху сказаў Арцін. — Я проста пажартаваў. Сам сабе пажартаваў.
— Слухай, ну і жартачкі ў цябе, — пакрыўдзілася Алеолла.
— Ты б так не жартаваў, калі б ведаў, што ёй і мне давялося паспытаць перш, чым прынесці табе гэтыя слёзы каменя.
— А што? — занепакоіўся Арцін.
— І гэта ўсё, заўваж, каб выправіць, тваю памылку, — сурова сказаў Міамурмарор.
— Распавядзіце, што з вамі адбылося.
Кот і Алеолла расказалі Арціну ўсё, што з імі здарылася ў горадзе Палац Садоў.
— Так што перад тым, як жартаваць, — прамовіў кот, — трэба ведаць, ці можа чалавек у гэтую хвіліну ўспрыняць твой жарт.
— Прабачце мяне. Ну, калі ласка, — папрасіў прабачэння Арцін.
— Ды што з цябе ўзяць, эх ты... — прабачыла яго Алеолла.
— Давайце вусеняў акропім, — прапанаваў кот.
Як толькі мікрапырскі патрапілі на чорна-бурых вусеняў, тыя перасталі жаваць, задумаліся — што ж з імі такое адбываецца. Потым спаўзлі з лістоў па празрыстай павуціне і нейкі час віселі ў паветры. Пасля хуценька пачалі закручвацца ў павуціну і ў такім кокане зноў сталі прыладжвацца да ліста.
— Што гэта яны з глузду з’ехалі? Можа, ты на іх занадта шмат слязы каменя напырскаў? — здзіўлена спытаў у Міамурмарора Арцін.
— Заўтра паглядзім, — спакойна адказаў Міамурмарор.
Сонца ўжо знікла за гарамі, і змрок агарнуў наваколле чорным халатам са срэбнымі дзірачкамі зорак.
Але ні заўтра, ні паслязаўтра нічога не змянілася. Арцін сур’ёзна занепакоіўся.
І вось раніцай пятага дня Алеоллу і Арціна абудзіў кот Міамурмарор. Ён прымаў сонечныя ванны. «Ванны самага ранняга сонца — найкарыснейшыя для птушак і катоў», — сцвярджаў вучоны кот.
— Алеолла! Арцін! Хутчэй прачынайцеся! А то ўсё прапусціце!
Спалоханыя юнак і дзяўчына ўскочылі і падбеглі да шаўкоўніцы.
Побач з кожным коканам сядзеў белы матылёк. Было падобна, што матылькі толькі нядаўна выйшлі на свет і сушылі свае белыя крылцы з шакаладнымі акрайцамі. Раптам падзьмуў вецер і ўсе шэсць матылькоў пырхнулі і паляцелі ў даліну.
— Паглядзіце! — узрадавалася Алеолла.
Ягады шаўкоўніцы зрабіліся вялікімі і белымі. І акрамя таго, сваёй формай яны нагадвалі тых вусеняў, толькі скурчаных. Ягады відавочна былі налітыя і сакавітыя.
— Слухай, мы іх назбіраем, — пачаў разважаць Арцін, — а мастак Дроздзіч пафарбуе іх чорнай і бардовай фарбай, ягады стануць падобнымі да сапраўдных чорна-бурых вусеняў. Мы пакладзём іх у яго слоік. Чаплі возьмуць, паядуць, дадуць Паляндре — самі атруцяцца, і Паляндра атруціцца. Тады мы зробім гаць — наносім галля — і пяройдзем Чорнае балота! Пройдзем да Імховага вострава і Чорнага церама ды вызвалім людзей!
— Правільна, добра прыдумаў, — пагадзілася Алеолла.
— Добра, добра. — упершыню падтрымаў Арціна кот Міамурмарор. — А вось гэта таксама можа спатрэбіцца.
Кот падчапіў сваім вострым кіпцюром тонкую павуцінку на кокане. Кокан, быццам шпулька нітак, пачаў раскручвацца.
— Слухайце, — узрадавалася Алеолла, — гэта ж той самы ядваб, з якога зроблены парасон Дроздзіча!
— Так, вусені яго робяць з лісця шчасцядайнай шаўкоўніцы, таму Паляндра і яе паслугачы не могуць яго заўважыць! — улавіў яе думку Арцін.
— Якія вы сталі разумныя. Вось што значыць павучацца ў вучонага ката, — пахваліў іх альбо сябе самога кот Міамурмарор. — Я ведаю, дзе ў Пячорным Горадзе ёсць майстэрня — там ткуць ядваб. Мы прыгатуем пахкага алею, а таксама назбіраем пладоў звычайных шаўкоўніц. Ослік нам дапаможа перавезці іх да майстэрні. Плады аддамо майстрам, а алей — Абдурахмону Улюкбабаю. Ён раздасць па кроплі ўсім жыхаркам горада — на парфуму. А майстры хутка зробяць з кожнага кокана чатыры ядвабныя накідкі. Пад імі Паляндра нас не заўважыць.
— Усё-такі, у нас найвучонейшы кот! — разам пахвалілі яго Алеолла і Арцін.
Як сказаў кот, так яны і зрабілі. Алеолла адціснула з ягад шчасцядайнай шаўкоўніцы сок, а з іх костачак алей. Адзін маленькі збаночак алею пакінула сабе, другі — жыхаркам Пячорнага Горада. Арцін і кот Міамурмарор назбіралі ў падарунак майстрам два вялікіх плеценых кашы звычайных шаўкоўніц, а потым адзін невялікі кош «шчаслівых» ягад — «пачастунак» для чорных чапляў і Паляндры. Кошыкі і збанкі загадзя пазычылі ў жыхароў Пячорнага Горада. Ні Алеолла, ні Арцін, ні кот Міамурмарор «шчаслівымі» ягадамі і іх сокам ужо не ласаваліся, таму што, як сказаў кот Міамурмарор, — «ягады — саспелыя, значыць, можна адчуць не пустое шчасце, а поўнае. А істоце, цалкам напоўненай шчасцем, цяжка кудысьці ісці, і, тым больш, пачынаць рызыкоўную для жыцця кампанію».
Сябры працавалі бадзёра і весела. Ослік з радасцю дапамог ім перавезці плады шаўкоўніц і іх сок у Пячорны Горад. Арцін і Алеолла пачаставалі яго смачнымі звычайнымі шаўкоўніцамі, хлебам, перапечкамі. Абдурахмон Улюкбабай вельмі дзякаваў Алеолле, што яна і для яго жыхарак прынесла чароўнага алею. Раней ён трохі пазайздросціў, што яна дала алей, як ён трапна назваў — «алей гумору», — жыхаркам горада Палац Садоў, але выгляду не падаваў. Цяпер ён вельмі ўзрадаваўся праўда неяк задуменна глядзеў на ката Міамурмарора, усё імкнуўся зразумець, каго нагадвае гэтая вусатая ўсмешка, але ніяк не мог здагадацца.