Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка
Шрифт:
— Эх, Арцін, гэта ты бачыш у гэтых вусенях толькі два колеры, а мы, мастакі, у любым прадмеце вакол нас заўважаем сотні адценняў самых розных колераў.
— А мы, каты, уначы можам адрозніць сотні адценняў аднаго толькі шэрага колеру! — пахваліўся кот Міамурмарор.
Перафарбаваць плады шаўкоўніцы для такога мастака, як Дроздзіч, было нескладана, таму неўзабаве тыя ягады пазнаць было немагчыма. Знешне яны сталі цюцелька ў цюцельку, як вусені-ўсмуткі, што ляжалі ў пузатым слоіку мастака Дроздзіча.
— Ого, выдатна,— пахваліў працу мастака Арцін.
— Не адрозніш! — захоплена прамовіла Алеолла.
— Добра, — нават сказаў Бедалдай.
— Калі, вядома, іх не нюхаць, — дадаў кот Міамурмарор.
— Значыць так, — пачаў распавядаць свой план Арцін, — цяпер мы кладзём гэтыя перафарбаваныя ягады шчаслівай шаўкоўніцы ў твой слоік і ўсе разам адпраўляемся да Чорнага Балота. Ты, як заўжды, ставіш слоік на балотную купіну. Чорныя чаплі па звычцы прылятаюць, забіраюць слоік, высыпаюць з яго сапраўдных вусеняў разам з перафарбаванымі ягадамі ў казанок. Паляндра, як звычайна, у гэтым казанку варыць сабе і чаплям поліўку. Затым яны ўсе разам наядаюцца гэтай поліўкай і спакойненька атручваюцца... А мы тым часам з дапамогай вадаступаў без усялякіх праблем перабіраемся да церама, вызваляем людзей, а кот вызваляе жывёл.
Не паспеў Арцін дагаварыць, як неба раптам пацямнела, і па ім пайшлі чорныя віхуры.
— Ай-ай-ай, хутчэй пад парасон! — крыкнуў мастак Дроздзіч. — Чорныя чаплі лятуць!
Але пад яго парасон шмыгнуў толькі кот Міамурмарор. А ўсе астатнія — Алеолла, Арцін і Бедалдай — хутка дасталі са сваіх торбаў накідкі, накрыліся самі і коней сваіх прыкрылі.
Чорныя віхуры праляцелі паблізу.
— Нічога сабе! — зноў здзівіўся мастак Дроздзіч, гледзячы на сваіх захутаных у накідкі прыяцеляў.
— Мы ў Пячорным Горадзе трохі чароўнага ядвабу раздабылі, — растлумачыла Алеолла. — А ты, чаму сваю накідку не дастаў? — спытала яна ў ката.
— Ну, нам, катам, лягчэй куды-небудзь шмыгануць, чым сябе ў нешта, захінуць. Я наогул насіць вопратку не вельмі люблю.
— Накідкі — гэта вельмі добра, — сказаў мастак Дроздзіч, — а я ўсю дарогу галаву сабе ламаў, як жа мы ўсе пад маім парасонам змесцімся!
— Давай, залазь да мяне, — Арцін заскочыў на свайго каня і паказаў мастаку Дроздзічу на сваё сядло. Гэта было разумна і справядліва — Алеолла ехала на кані з катом Міамурмарорам, а ў Бедалдая за спінай была вялізная цяжкая сякера ў масіўным футарале. Так што пасунуцца і саступіць трохі месца мог толькі Арцін.
Мастак Дроздзіч здолеў сяк-так забрацца ў сядло да будучага віцязя. Яго конь ад дадатковага цяжару спачатку трохі прысеў, але хутка прывык і выпрастаўся.
— Наперад! — паспрабаваў падбадзёрыць усіх мастак Дроздзіч. — На бітву з Журботнай Каралевай!
Сябры хутка, але не ва ўвесь апор, каб берагчы коней, паскакалі наўпрост да Чорнага Балота.
Мастак Дроздзіч выдатна ведаў дарогу, бо яму прыходзілася раз ці два, а мо і тры разы на год прыходзіць да гэтага жудаснага месца: то ўвесну град наляціць — паб’е ўсе ўсходы, і ўвесь год людзі галадаюць. То засуха надыдзе, альбо, наадварот, дажджы на месяцы зацягнуцца — тады працы ў Дроздзіча не абярэшся. Малюй - суцішай людзей. Мяняй усмуткі на ўсмешкі. У такія часы не адзін слоік чорных вусеняў-усмутак даводзілася несці да Чорнага Балота, а цэлых два ці тры.
— Нам засталося ўсяго два дні дарогі, — паведаміў мастак Дроздзіч.
ВЯРХОМ НА СЯКЕРЫ
Лета ў той год выдалася шыкоўнае. Доўга стаяла сонечнае надвор’е. Бывала, пракатваліся кароткачасовыя навальніцы. Пасля іх расліны ажывалі, рунелі сакавітыя травы, моцай набіраліся лясы.
Раптам у небе прамільгнуў цень. Ён праляцеў так імкліва, што ніхто з прыяцеляў не паспеў нават дастаць ядвабную накідку. За першым ценем праімчаў другі, потым — трэці.
Сябры амаль адначасова нацягнулі павады, спынілі коней і трывожна паглядзелі ў неба.
— Зноў чорныя чаплі? — насцярожыўся Арцін.
— Дый непадобна, — наморшчыў лоб мастак Дроздзіч, але на ўсякі выпадак зняў з пляча свой парасон, каб калі што — як мага хутчэй яго раскрыць.
— Яшчэ адзін! — усклікнула Алеолла.
У адрозненні ад чорных віхур, гэтыя незразумелыя цені ляцелі на вялікай хуткасці па прамой і ўсе ў адным кірунку.
— Пяць, шэсць, сем, — падлічваў кот Міамурмарор.
— Ды іх тут цэлая чарада, — Арцін паклаў руку на дзяржальна мяча.
— І ўсе ляцяць кудысьці ў адну кропку, — востры зрок ката Міамурмарора вызначыў характар палёту ценяў.
— Можа, гэта невядомыя людзям птушкі? — задумалася Алеолла.
Раптам заўсёды нямы Бедалдай здзіўлена буркнуў:
— Што гэта?
Усе паглядзелі на ката — той, азірнуўшыся назад, нешта шукаў вачамі. Бедалдай раптам адчуў, што футарал, у якім знаходзілася яго цяжкая сякера, ні з таго ні з сяго перастаў адцягваць яму спіну. Кат падумаў, што, можа быць, абарваліся шлейкі, на якіх футарал трымаўся. Аднак, шчыльна зачынены на ўсе зашчапкі, футарал быў на месцы, але цягнуў цяпер не да зямлі, а наадварот, кудысьці ў неба.
Над дарогай прамільгнула яшчэ тры цені запар. У гэты момант футарал яшчэ мацней пацягнуў ката ўверх, нібы нацягнулася нябачная моцная нітка, кімсьці прывязаная менавіта да яго сякеры.
Бедалдай, каб праверыць, што адбываецца, саскочыў з каня, зняў футарал з пляча, зазірнуў у яго — усё быццам было ў парадку — сякера на месцы. Ён закрыў і зашпіліў футарал.
У гэты момант пранеслася яшчэ чатыры цені. Футарал з сілай ірвануўся з рук ката. Бедалдай, каб не ўпусціць яго, заскочыў на футарал, нібы на спіну каня, і адчуў, што праз імгненне не па сваёй волі ўздымецца ў паветра. Аднак кат не адважваўся парушыць свой абавязак і кінуць сякеру, па гэтай жа прычыне ён не мог пакінуць без свайго нагляду і Алеоллу. Калі футарал пралятаў побач з канём будучай яснапанны, Бедалдай адной рукой абхапіў яе, і тут жа іх абодвух падкінула ў неба. Футарал, а дакладней сякера, што была ў ім, паімчалася ў тым жа напрамку, дзе знікалі на даляглядзе цёмныя цені.
— Вось дык на табе. — працягнуў у здзіўленні кот Міамурмарор.
Сваім пухнатым хвастом ён заўсёды адчуваў за сабой Алеоллу, а цяпер яго хвост вольна зваліўся на занадта вялікае для ката сядло.
Над галовамі прыяцеляў, што засталіся на дарозе, прамільгнула яшчэ некалькі ценяў.
— Наперад! Давайце за імі! — закрычаў Арцін і рэзка з усёй моцы прышпорыў каня.
Белы конь з двума вершнікамі, Арцінам і мастаком Дроздзічам, паімчалі па полі, па лузе...
Кавунова-паласаты берэт Дроздзіча споўз яму на вочы. Ён нічога не бачыў і толькі мацней трымаўся за Арціна, каб не зваліцца.
Бяда была ў тым, што за лугам узвышаўся вялізны лес, які літаральна праз дзесяць крокаў станавіўся густым і дрымучым. Конь Арціна стаў, як укапаны, перад калючай сцяной елак і соснаў.
— Усё, не праедзем! — з горыччу сказаў Арцін.
Раптам да яго і мастака Дроздзіча даляцеў разгублены крык ката Міамурмарора:
— Стой! Стой! — кругамі па лузе хутка скакаў яго гняды.
Конь быў завялікі для ката. Міамурмарор смешна расцягнуўся на сядле, ухапіўшыся пярэднімі лапамі за аброць. Кот растапырыў пальцы на задніх лапах і ўсімі кіпцюрамі ўпіўся ў бакі каня, ад чаго той панёсся яшчэ хутчэй. Калі конь праносіўся непадалёк ад адзінокай сасны, Міамурмарор выгнуўся і скокнуў на галіну. На дрэве ён сябе адчуваў значна бяспечней, чым на спіне ў ліхога каня.