Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка
Шрифт:
— Не толькі мяне, — паправіла Алеолла, — а ўсіх нас: мяне, віцязя Арціна і ката Міамурмарора.
— Добра, — трохі зычлівей усміхнулася верхаводзіха.
— Ты што! — прахрыпеў верхавода. — Алей увесь вынюхаем, а грошай не атрымаем!
— Не слухай яго, дзяўчынка, — ласкава прамовіла верхаводзіха. — Я вас адпушчу.
Яна падышла да Алеоллы.
— Патрывай, мая маленькая, мая добранькая дзяўчынка, — дзікунка вызваліла яе рукі ад вяровак.
— Ой, як балюча, — прызналася Алеолла.
Яна аддала чароўны алей верхаводзісе. Тая хуценька закаркавала збаночак коркам, які быў вяровачкай прывязаны да збанка.
Верхавода акуратна ўзяў вызваленыя рукі Алеоллы, паглядзеў на чырвоныя паскі, пакінутыя вяроўкамі.
— Бедная, бедная мая.
І нечакана зноў накінуў на іх вяроўку і туга зацягнуў.
— Што гэта! Мы ж з вамі дамовіліся! — ускрыкнула Алеолла. — Вы абяцалі нас адпусціць!
— А навошта нам цяпер вас адпускаць, калі алей і так ужо ў нас? — скрывіла рот верхаводзіха.
— Мы ж ліхадзеі, а значыць, людзі несумленныя. Мы сваё слова ніколі не трымаем, — гэтым разам крыва ўсміхнуўся верхавода.
— А чаго тут радавацца — таго, хто не трымае сваё слова, ніхто не паважае, — сказаў ім кот Міамурмарор.
— Ого, кот умее размаўляць! — усклікнуў верхавода.
— Значыць, прадаць яго можна даражэй, — узрадавалася верхаводзіха. — Можа, як цуд заморскі — за сотню золтанаў!
Раптам з лесу раздаўся голас аднаго з ліхадзеяў:
— Гэй, верхавода, на рацэ ладдзя! Нейкі купец плыве!
— А аховы ў яго шмат?
— Не, чалавек дзесяць!
— Дык бярыце чаўны ды вадаступы, і нападайце!
— Э-е-ёй! — зароў ліхадзей. — Нападаем!
— Вы нягоднікі, — гнеўна сказаў Арцін, — калі я вызвалюся, вам не здабраваць!
— Наўрад ці ты калі-небудзь вызвалішся, хлопча, — абыякава адказаў яму верхавода.
— Гэй, верхавода! — з лесу зноў гукнуў той жа ліхадзей. — Купец уцёк, мы яго не змаглі дагнаць! Але на рацэ з’явіліся яшчэ дзве ладдзі: адна з таварамі, а другая — з купцом і яго дружынай. Нападаць?
— Не, няздара! Крычыце купцу, што ў нас тавар маецца! Хай падплываюць для перамоў! — крыкнуў у адказ верхавода, а чацвёрцы вартавых, якія стаялі побач з палоннымі і трымалі булавы на плячах, загадаў:
— Вядзіце гэтых да берага!
Звязаных Арціна, Алеоллу і ката Міамурмарора — павялі да ракі.
У пясчанай водмелі гайдалася на хвалях ладдзя. На ёй спусцілі чырвоны ветразь з эмблемай жоўтага сонца. За бортам стаяла пяцьдзясят ваяроў у кальчугах, са шчытамі і мячамі ў руках.
— Дабрыдзень, слаўнаму купцу, — пакланілася яму верхаводзіха. — У нас для вас ёсць выдатны тавар. Ці не жадаеце паглядзець?
Ліхадзеі падштурхнулі сваіх палонных бліжэй да вады.
— Дзяўчына прыгожая, чыстая — за дванаццаць золтанаў. Хлопец — віцязь — моцны... яго — за дзесяць. І кот — заморскі цуд — умее размаўляць. Сто золтанаў!
— Кот умее размаўляць? — здзівіўся купец.
— Так.
— А які ў яго характар?
— Мой характар — гэта мой характар, — буркнуў кот. — І ён вас не датычыцца.
— Ого! — развёў рукамі купец. — Насамрэч цуд заморскі!
— Ну, як, дзесяць плюс дванаццаць і плюс сто за ката... колькі разам будзе? — задумаўся верхавода.
— Сто дваццаць, — сказаў купец.
— Не, — прахрыпеў верхавода, — сто дваццаць восем.
— Я згодзен — за ўсіх даць. сто дваццаць адзін золтан.
— Мала, — крыкнула верхаводзіха. — Сто дваццаць сем.
— Сто дваццаць два, — адгукнуўся купец
— Сто дваццаць шэсць
— Сто дваццаць пяць.
— Дамовіліся, — пагадзілася верхаводзіха.
— Вядзіце іх да ладдзі, — купец адлічыў грошы, паклаў іх у мяшочак і кінуў ліхадзеям.
— Стойце! Адпусціце іх!
На бераг на вараным кані выехаў кат Бедалдай у сваёй катаўскай вопратцы — у чырвонай туніцы, у чырвоным каптуры, які закрываў увесь твар, і толькі вузкія шчэлкі для вачэй цямнелі на ім. У руцэ Бедалдай трымаў сваю жахлівую двухвострую сякеру. Ліхадзеі, якія выскачылі было яму насустрач, убачыўшы Бедалдая і яго сякеру, задрыжалі. Ад аднаго толькі выгляду ката, які размахваў жудаснай зброяй, ва ўсіх злыдняў адразу звяло шыі. Усе ліхадзеі сцяліся, згорбіліся, адступілі і кінуліся ўрассыпную — хто ў лес, хто ў раку.
Бедалдай саскочыў з каня і з сякерай наперавес пайшоў на тых, хто падштурхоўваў палонных да ладдзі.
— Гэй, ты хто такі?! Я купец Галідон! — прароў з ладдзі купец. — А гэта мае рабы, мая ўласнасць! Я купіў іх і вязу прадаваць!
— Ніякія яны табе не рабы, яны са мной падарожнічаюць! А я Бедалдай — кат хана Ісмірая!
— Хто? Кат? — купец Галідон разгубіўся, а затым махнуў рукой.
Дружыннікі выскачылі з ладдзі і з аголенымі мячамі пайшлі на Бедалдая. Той імк-
ліва прабіўся скрозь уцякаючых ліхадзеяў да палонных і разрэзаў іх путы. Алеолла тут жа схапіла за рукі верхаводзіху, кот Міамурмарор ўчапіўся кіпцюрамі ў карак верхаводзе, а Арцін вырваў у яго з рук дубіну і рынуўся на дапамогу Бедалдаю.Арцін і Бедалдай, адчайна б’ючыся, загналі ўсю дружыну купца ў раку. Незвычайная сякера ката на адлегласці, нават не датыкаючыся з ворагам, магла наносіць удары, адкідваць назад, варта было толькі Бедалдаю на таго замахнуцца.
Сам купец Галідон падняў ветразь на ладдзі і паплыў далей ад месца бітвы.
— Як вы можаце людзьмі гандляваць?! — крыкнуў яму ўслед Арцін.
— І вучонымі катамі! — дадаў кот Міамурмарор.
— Запомні, Галідоне, — гучна прамовіў Бедалдай, — не спрабуй нават нос паказваць ва ўладанні хана Ісмірая! Ён цябе адразу ж пасадзіць у вязніцу!
Купец Г алідон імкнуўся як мага хутчэй адплысці, а яго мокрыя дружыннікі па пояс у вадзе цяжка цягнуліся за ім па пясчанай мелі.
Потым Бедалдай заняўся верхаводам і верхаводзіхай — моцна звязаў іх. Яны на ўвесь лес крычалі:
— Ліхадзеі! Ліхадзейчыкі, на дапамогу! Вас шмат, а іх усяго чацвёра!
Але ніхто нават не спрабаваў ім дапамагчы. Ліхадзеі былі так напалоханы зброяй ханскага ката, што без аглядкі ўцяклі.
— Ніхто не будзе рызыкаваць сваім жыццём, каб вызваліць злыдняў, — сказаў кот Міамурмарор, — людзей, якія не трымаюць слова, ніхто не паважае.
— Адпусцеце нас, — узмалілася верхаводзіха, — мы вам чым хочаце паклянёмся, што не будзем больш нікога рабаваць, прадаваць...
— Яшчэ разок вам нагадваю, — сказала Алеолла, — вы самі пахваляліся, што ніколі не трымаеце сваё слова. Як жа вам можна верыць? — яна забрала ў верхаводзіхі свой збанок з чароўным алеем. — Мы аддадзім вас мясцоваму князю, ён і вырашыць, што з вамі рабіць.
— Не трэба, калі ласка! Князь пакляўся нас на ўсё жыццё пасадзіць у падзямелле свайго замка.
ЖЫЦЦЁВАЯ ПАЗІЦЫЯ СТРЫЕЧНАГА БРАТА
Вечар заліў неба шэрым колерам. Сябры вывелі палонных ліхадзеяў на паляну побач з зямлянкай. Арцін і Бедалдай расклалі вогнішча, каб прыгатаваць ежу і пагрэцца.