Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка
Шрифт:
— І катоў, — дадаў Арцін.
— Ціха! — папярэдзіў мастак Дроздзіч. — Самі па сабе медзведзяняты па лесе не ходзяць.
Толькі Арцін дастаў з похваў меч, як па лесе пракацілася грознае рыканне. З гушчару прама на ката Міамурмарора выбегла агромністая, нібы ўцёс, мядзведзіца. Было відаць, як пад калматай скурай у яе скалынаюцца магутныя цягліцы. Кот, ні хвіліны не вагаючыся, ускочыў на ствол елкі і хутка ўскараскаўся яшчэ вышэй.
На дрэва ўлез і мастак Дроздзіч. Арцін выставіў наперад меч і адступіў назад.
Мядзведзіца абаперлася пярэднімі лапамі на ствол елкі, дзе засеў кот Міамурмарор, і зарыкала яшчэ гучней. Добра, што елка была тонкая — такой велічэзнай мядзведзіцы яна б не вытрымала. Суровая матуля гэта разумела, таму на дрэва не палезла, а пачала яго трэсці.
— Яна думае, што я рысь. — паскардзіўся ўсім, хто яго чуў, кот Міамурмарор.
Ён выпусціў кіпцюры, усадзіў іх у кару дрэва і закрычаў:
— Акыш, апсік, абрысь, я табе не рысь!
Аднак мядзведзіца не звярнула ніякай увагі на гэтыя воклічы і працягвала трэсці елку. Вогненна-руды кот, нібы вялізная вавёрка ў яе галінах, боўтаўся з боку ў бок.
Да сваёй матулі падышоў мядзведзік, задраў пысу ўверх і нечаканым баском рыкнуў на ката.
— Кіньце ім ягад шаўкоўніцы. — папрасіў кот Міамурмарор. — А то яны мяне з дрэва страсуць.
Арцін дастаў з паходнай торбы ягады звычайнай шаўкоўніцы і адну — шчасцядайнай.
— Можа, не трэба? — папярэдзіў мастак Дроздзіч.
— Ды што такой вялікай мядзведзіцы зробіцца?
Арцін кінуў звычайныя ягады медзведзянятку — той адразу страціў усякую цікавасць да «рудай рысі» на елцы. Носам адшукаў на зямлі ягады шаўкоўніцы і з задавальненнем стаў імі ласавацца.
А «шчаслівую» ягаду Арцін падкінуў прама да пысы мядзведзіцы. Яна наляту злавіла яе пашчай. Яшчэ раз паглядзела на ката на дрэве, потым развярнулася і ні з таго ні з сяго дала аплявуху медзведзянятку.
— Што такое? Гэта ж ягада шчасцядайнай шаўкоўніцы, — здзівіўся Арцін. — Я не думаў, што яна так раззлуецца.
— Гэта яна з любоўю. Паціху, каб ён ад яе больш далёка не ўцякаў.
Мядзведзіца і медзведзянятка павольна пакасалапілі ў гушчар.
— Гэта ж трэба, інтэлігентнага ката з дзікай коткай пераблытаць! — абураўся Міамурмарор ужо на зямлі.
Увечары пайшоў дождж. Ён не стаў нечаканасцю для прыяцеляў. Час ад часу кот залазіў на дрэвы, і не толькі для таго, каб чарговы раз пазнаць, адкуль даносіцца малочны пах. Мастак Дроздзіч падаваў яму свой парасон, кот раскрываў яго і аглядаў, што робіцца на даляглядзе.
Набрынялую хмару кот прыкмеціў даўно. Пакуль яна падышла, яны паспелі пабудаваць з густых лапак елак надзейны будан.
— Як я і меркаваў, гэтыя цені, ляцяць прама і нікуды не паварочваюць, — сказаў мастак Дроздзіч.
— Так што твой нос, — пажартаваў Арцін, — нам не надта быў патрэбны.
— Патрэбны, не патрэбны... Ты, між іншым, хацеў нас у Чорнае Балота завесці! — насупіўся кот.
— Мы туды ўсё роўна прыйдзем.
Раніцай, калі дождж прайшоў, кот зноў ускараскаўся на дрэва, пры гэтым ён, як звычайна, захапіў парасон мастака Дроздзіча.
— Гэй! — крыкнуў кот Міамурмарор з дрэва. — У мяне дзве навіны. Дрэнная і добрая. З якой пачынаць?
— З дрэннай, — прапанаваў мастак Дроздзіч, — каб пасля было суцяшэнне.
— Значыць так, малаком больш не пахне. Дождж змыў усе кроплі.
— Вось і спадзявайся на гэтага ката, — прабурчаў Арцін.
— Але я ведаю, куды паляцелі Алеолла і Бедалдай, — упэўнена паведаміў кот.
— Што ты бачыш? — разам спыталі яго мастак Дроздзіч і Арцін.
— Там, адкуль прыйшла хмара, я бачу скалу, на ёй стаіць замак нейкі незразумелы. Падобны да вялікага чорнага дыямента.
— А няўзброеным вокам, гэта замак бачны? — спытаў мастак Дроздзіч.
— Якім гэта яшчэ няўзброеным вокам?
— Я маю на ўвазе, без майго парасона?
— Бачны як чорная жамчужына. І гэта пры тым — маім каціным няўзброеным вокам, — ганарліва адказаў кот Міамурмарор. — А калі глядзець вашым вокам, то ён наогул падаваўся б макавым зернем.
— Добра, злазь з дрэва. Значыць, да таго замка ісці па лесе тры тыдні альбо нават больш, — падлічыў мастак Дроздзіч.
Тым часам Арцін заняўся вогнішчам — бо трэба было падсілкавацца і прасушыць вільготную вопратку.
ДАСПЕХІ НА МУРАХ
Мастак Дроздзіч не памыліўся — праз тры тыдні кампанія падышла да падножжа скалы, якая з усіх бакоў на сотні вёрст была акружана дрымучымі лясамі. Над скалой узвышаўся замак. Яго муры былі складзены з тысяч адпаліраваных пліт металічнага колеру. А можа, гэта і былі жалезныя пліты? Сонечны промень адбіваўся ад іх у дзясятках розных кірункаў. За мурамі ўзнімаўся вузкі пік скалы, вакол якога можна было заўважыць круглы зубчасты балкон, створаны альбо рукамі людзей, альбо майстравітым чараўніком.
— Што гэта за таямнічы замак? Хто-небудзь пра яго нешта чуў? — спытаў Арцін.
— Я сапраўды не ведаю, — сказаў мастак Дроздзіч, — хадзілі чуткі, што ў самім віры лесу, дзе зараджаецца смуга, аблокі і хмары, ёсць скала, на якой стаіць замак. А ў ім жыве Уладар Навальніц.
— А я чуў, — пачаў кот Міамурмарор, — што да нейкага навальнічнага замка гадоў сто таму адпраўлялася вялізнае войска з Залатога Горада. Шапталіся, што гэтае непераможнае дагэтуль войска бясследна знікла.
Скала, ля падножжа якой стаялі сябры, падавалася непрыступнай. Але ж толькі не для ката. Арцін і мастак Дроздзіч адразу ж прыступілі да працы — яны скруцілі з лыка вяроўку. Доўгую-доўгую.
І рабілі наступным чынам: кот Міамурмарор узбіраўся на скалу, надзейна абвязваў вяроўкай які-небудзь выступ альбо цяжкі валун, а потым па гэтай вяроўцы караскаліся мастак Дроздзіч і Арцін.
Неўзабаве яны падняліся да ўзроўню замка. Перад імі былі высокія змрочныя муры — цалкам стромыя — яны прыгняталі сваімі гіганцкімі памерамі. Але больш бянтэжыла іншае — пад мурамі замка ляжалі груды чалавечых костак і чарапоў. Чыстых, белых і бліскучых. Іх даўно абскублі дзікія птушкі, абмылі воды дажджоў, адпаліравалі градзіны і паднятыя ветрам пясчынкі. Сям-там сярод чалавечых парэшткаў трапяталі кавалачкі амаль сатлелай вопраткі. Па ўсіх мурах замка — вышэй, ніжэй — былі панавешаныя, нібы «прылепленыя» суперклеем, воінскія даспехі: жалезныя шаломы, налакотнікі, панцыры, кальчугі. У некаторых з іх можна было заўважыць чалавечыя шкілеты. Побач з даспехамі на мурах «вісела» зброя: шчыты, мячы, наканечнікі стрэл і дзід.