ЖАНРЫ

Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка

Мінскевіч Серж

Шрифт:

— Не замінай. потым. Алеолла дзесьці побач. і Бедалдай таксама. Стоп!

Кот Міамурмарор развярнуўся, падышоў да нішы ў сцяне.

— Капаем! Тут!

— Што там? — моцна расхваляваўшыся, спытаў мастак Дроздзіч.

— Алеолла і Бедалдай. — адказаў кот і пачаў капаць пярэднімі лапамі.

— Няўжо яны закапаны?

Арцін з мастаком у трывозе кінуліся дапамагаць кату.

— Вось, — сказаў кот і пацягнуў з пяску шлейку футарала Бедалдая, — Арцін вазьмі. Ідзём далей.

Міамурмарор зноў выставіў наперад свой чуйны нос і трушком пабег па сцюдзёнай падлозе падземнай галерэі. Мастак Дроздзіч імкнуўся паспяваць за ім, а вось Арцін адразу ж адстаў — ён цягнуў на сабе свае рэчы, каменную сякеру і яшчэ футарал з сякерай Бедалдая.

— Мяне пачакайце! — крыкнуў юнак.

— Паспяшайся, я іду па следзе, — кот літаральна бег за сваім носам.

— Вось яны! — нарэшце абвесціў Міамурмарор.

Ён спыніўся побач з уваходам у пячорны пакой, адхінуў дыван, з-пад якога біла святло.

Нягледзячы на сваю ношу, Арцін так ірвануў наперад, што абагнаў мастака Дроздзіча, нырнуў пад дыван і першым апынуўся ў пячорным пакоі.

— Алеолла! — крыкнуў ён.

— Так, — не адрываючы погляд ад стала з касцямі для гульні, адказала будучая яснапанна.

— Не марудзь, — прабучэў Бедалдай на Алеоллу. — Кідай хутчэй.

— Алеолла, гэта ж я! Арцін! — нічога не разумеючы, выклікнуў будучы віцязь.

— Я ведаю, — Алеолла сабрала косці ў руку.

У пячорны пакой увайшоў кот Міамурмарор, а за ім — мастак Дроздзіч.

— «Шэсць», давай «шэсць», — напружана прашаптала Алеолла і кінула кубік.

Хутка паглядзела на тое, што ёй выпала, і зласлівым голасам сказала:

— Вось. «чацвёрка»!

— Усё зразумела, — уздыхнуў кот.

— Што гэта з імі? — устрывожыўся мастак Дроздзіч.

— Алеолла! Ты што? — Арцін падбег да стала і накрыў далонню кубік.

— Гэй, Арцін! — нахмурыўшы бровы, грозна прагаварыў Бедалдай. — Мая чарга кідаць.

Арцін з раздражненнем адкінуў у бок косць. Кубік закруціўся, прыскокнуў, пакаціўся да Бедалдая і спыніўся.

Што там? — нечакана спытаў Арцін.

— Нічога, — буркнуў у адказ Бедалдай. — «Двойка».

— А што павінна быць? — у азарце спытаў Арцін.

— Спачатку — «шасцёрка», — адначасова пачалі тлумачыць Бедалдай і Алеолла, — потым «пяцёрка», потым «чацвёрка».

— Зразумела, — загарэліся вочы ў Арціна, — я кідаю пасля Алеоллы.

Юнак зняў з плеч футарал, паклаў яго ля сцяны і, забыўшыся пра ўсё, сеў на тапчан, які стаяў каля стала.

— Арцін, ты што? — абурыўся мастак Дроздзіч.

Але ніхто, акрамя ката Міамурмарора, не жадаў яго чуць.

Бедалдай кінуў косць, Арцін і Алеолла ў запале падхапіліся з тапчана за ку­бкам.

— Што адбываецца?! — мастак Дроздзіч сам хацеў забраць кубік, але раптам, ні з таго, ні з сяго кот Міамурмарор страшна прашыпеў. Дроздзіч хутка прыбраў руку.

— Паслухайце мяне, — папрасіў кот. — Ні Алеола, ні Бедалдай, ні Арцін нас ужо не будуць слухаць, а нам трэба разабрацца, што гэта за кубікі. Забярыце ў іх косць і кідайце мне.

— Кінуць косць табе?

— Так, а што? Хіба косць можна кідаць толькі сабакам?

— Не. Ну.

— Толькі будзьце ўважлівыя, кідайце сваю косць для гульні так, каб яна зачапіла мой вус. Я хачу прамацаць яе, адчуць, што ў яе ўсярэдзіне, і зразумець, які ў ёй сакрэт.

— А калі і мяне «зацягне»? Мне ж нельга, бо я павінен вандраваць па белым свеце.

— Не зацягне. А калі зацягне, дык я выцягну, — упэўнена прамовіў кот Міамурмарор.

— Добра, — пагадзіўся мастак Дроздзіч. — Паспрабуем.

— Эх. «чацвёрка», — ледзь не застагнаў ад прыкрасці Бедалдай.

Алеолла ўжо хацела сабраць кубікі, як раптам мастак Дроздзіч заявіў:

— Стоп! Стоп! Цяпер мая чарга!

Разам з Міамурмарорам яны падышлі да стала. Мастак Дроздзіч узяў кубік, а кот паклаў галаву на стол, заплюшчыў вочы, заткнуў лапамі вушы, затаіў дыханне, каб засяродзіцца толькі на дотыку.

Як і дамаўляліся, мастак кінуў кубік так, што той кутком зачапіў вус ката. Міамурмарор тузануў губой, чхнуў і адкрыў вочы:

— Усё ясна.

— Што ж мне выпала? — шумна занепакоіўся мастак Дроздзіч і стаў вачамі шукаць кубік.

— Ды якая розніца.

— Не, я хачу ведаць, — заўпарціўся мастак Дроздзіч.

— Мастака таксама «засмактала», — адзначыў для сябе кот Міамурмарор.

— Пасуньцеся, — рэзкім, змененым голасам загадаў Дроздзіч, груба праціснуўшыся паміж Алеоллай і Арцінам, ён сеў на тапчане. — Гуляем далей!

— Нічога, нічога, — прамуркатаў кот Міамурмарор.

Ён узяў футарал з сякерай Бедалдая і засунуў яго далей пад стол. Ніхто з гульцоў, якія сядзелі на тапчане, нават гэтага не заўважылі — настолькі ўсе яны былі захоплены гульнёй.

— Стоп! — раптам люта прарыкаў кот, ён зласліва бліснуў зялёнымі вачамі цюкнуў кіпцюрамі па стале і нахабным тонам прахрыпеў:

— Цяпер кідаць буду я!

— Добра, добра, — паддаўся такому напору Бедалдай. — Не кіпяціся, браце.

Кот двума лапамі ўзяў адзін кубік і пачаў трэсці. Міамурмарор не заўважыў, як хтосьці ўвайшоў у пакой, але ён гэта пачуў, праўда і вухам не павёў — і працягнуў трэсці кубік.

Ну-ну, давай кідай, а мы паглядзім, — падахвоціў яго маг Ніціч.

Кот, не абарочваючыся, адказаў:

— Калі ласка, глядзеце, — і кінуў косць.

Кубік каціўся нядоўга — адразу ж спыніўся. Выпала «шэсць». Кот кінуў наступны кубік. Выпала «пяць», затым «чатыры», «тры», «два», «адзін».

— Раз. — хорам вымавілі Бедалдай, Алеолла, Арцін і мастак Дроздзіч.

— Брава-брава, — з іроніяй запляскаў у ладкі маг Ніціч. — Але так павінна адбыцца шэсць разоў запар.

— Калі ласка, — абыякава вымавіў кот Міамурмарор.

Ён сабраў кубікі і пачаў зноў кідаць. «Пірамідка» штораз паслухмяна выпадала.

— «Пятая» пірамідка, — лічылі ўсё, акрамя мага Ніціча.

І вось кот пачаў кідаць шостую «пірамідку». На кубіках паслухмяна выкідваліся «шэсць», «пяць», «чатыры», «тры», «два». Калі Міамурмарор узяў кубік у лапы і кінуў — у пячорным пакоі ўсталявалася мёртвая цішыня. Вочы ўсіх, хто сачыў за гульнёй глядзелі на кубік у лапах ката.

Міамурмарор кінуў яго на стол, той, ціха грукочачы гранямі, пакаціўся і раптам, як чымсь спынены, застыў. На верхняй грані была адна белая кропка.

Поделиться с друзьями: