ЖАНРЫ

Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка

Мінскевіч Серж

Шрифт:

— Ну, ты і зіркасты! — захапіўся мастак Дроздзіч. — А я думаю, што гэта там такое — кажух не кажух?

— А калі гэты дым сабраць разам, — працягнуў Міамурмарор, — напрыклад у мяшок, то ён зможа падняць у паветра яшчэ каго-небудзь. Гэты бурдзюк, думаю для маёй вагі якраз падыходзіць. А веерамі-мяцёлкамі вы будзеце рабіць вецер і тым самым падганяць бурдзюк разам са мной да таго берага.

— Не ведаю, калі б можна было лётаць на пары альбо дыме, — Арцін з сумненнем прыўзняў адзін куток вуснаў, — людзі ўжо даўным-даўно сталі б паднімацца да аблокаў і будаваць на іх гарады. Але калі ты ўсё-такі вырашыш ляцець на бурдзюку,то мы дамо табе адзін канец вяроўкі, а іншы зачэпім тут, высока, за зубец замкавай сцяны. На той бераг мы спакойна зможам з’ехаць па вяроўцы.

— Правільна, — пагадзіўся мастак Дроздзіч, — а цяпер за справу.

Сябры хутка расклалі вогнішча з сухіх галінак і чароту. Чарот моцна дыміў, і было добра відаць, як дым запаўняе скураны бурдзюк. Нарэшце, калі шчыльны гарачы дым напоўніцу расправіў, як выявілася, даволі аб’ёмісты бурдзюк і прымусіў падняцца ўверх, яго перавязалі моцнай аборкай. Кот Міамурмарор лапамі і зубамі ўчапіўся ў яго бакі і, да здзіўлення Арціна, пачаў павольна ўзлятаць.

— Вядома, такога лёгкага ката дым падніме, — вымавіў будучы віцязь. — А вось, цікава, мядзведзя дым змог бы падняць?

— Мядзведзям на бурдзюках лётаць нельга, — сур’ёзна сказаў кот Міамурмарор, — яны тады змогуць прыкінуцца хмарай і беспакарана красці ў лясных пчол мёд.

Ветру не было, паколькі ўсю прастору вакол акружалі муры. Кот вісеў над водмеллю і нікуды не ляцеў.

— Ану, пачалі! — скамандаваў мастак Дроздзіч.

Разам з Арцінам яны прыняліся з усіх сіл дзьмуць ротам у бок процілеглага берага, махаць веерамі-мяцёлкамі, зробленымі з чарота, а кот распушыў свой агніста-руды хвост.

Павольна, але надзейна Міамурмарор паплыў па паветры да іншага берага.

Рыбы пару разкоў высоўваліся з вады, але скакаць за катом не наважваліся. Магчыма, шэры бурдзюк падаваўся ім воблакам, а кот са сваім аранжавым хвастом — сонечным промнем.

Міамурмарор дасягнуў процілеглага берага рова, а сябры без здарэнняў спусціліся да яго на вяроўцы.

XXII

О, ШЧАСЛІЎЧЫК!

З пячоры ля падножжа скалы цякла падземная рачулка, цурчала па камянях і спускалася ў роў. З глыбіні пячоры чуўся шум вадаспаду. Сябры пайшлі пад зводы пячоры, пакрочылі ўздоўж вузкага пясчанага беражка, вельмі вільготнага, наскрозь прасякнутага вадой. Так што кот Міамурмарор папрасіўся на плячо да мастака Дроздзіча. Праз дзясятак крокаў сцены скалы звузіліся, не пакінуўшы месца для беражка. Арціну і мастаку Дроздзічу давялося абуваць вадаступы. На гэтым участку рачулкі плынь паскаралася, так што сябрам даводзілася чапляцца за слізкія выступы пячоры, сям-там парослыя лішайнікам.

Вада была проста ледзяная — ісці па ёй прыкра і цяжка. Добра, што хоць вялізных рыб тут не вадзілася.

Неўзабаве паказаўся вадаспад. Вада прарэзала сабе дарогу скрозь шэры камень і падала ўніз у раку. На вадаспадзе стаяў млын. Вада цяжкім ручаём лілася на вялікае ^ кола. Падавалася, што млын працуе ўхаластую, бо ніякага перадатачнага механізма не заўважалася. Толькі ў сярэдзіне гэтага кола круцілася перавязаная аборкамі вялікая шэрая глыба. Навошта гэта было трэба — ні Арцін, ні мастак Дроздзіч, ні кот ' Міамормарор не ведалі.

— Глядзіце, — паказаў Арцін угару на млын, — бачыце, там пад’ёмнік?

Над самім вадаспадам на аброцы-тросе вісеў вялікі драўляны кошык — у ім маглі змясціцца, як мінімум, чатыры чалавекі.

— Ну, што ж. Я пайшоў, — сказаў кот Міамурмарор.

Ён спрытна ўскараскаўся па стромкай скале, скокнуў з каменнага выступу на пад’ёмнік. Схапіўшыся дзвюма лапамі, пацягнуў драўляны вагір, які стрымліваў шпулю з накручанай на яе лінай, і кошык апусціўся ўніз.

Арцін і мастак Дроздзіч улезлі ў яго, а кот, які застаўся наверсе, іншым вагіром падвёў шпулю да драўлянай зорачкі-шасцярні, якая круцілася разам з колам млына. Шпуля ўчапілася сваімі зубцамі за зубцы шасцярні-зорачкі, закруцілася і пачала накручваць ліну. Кошык падняў Арціна і мастака Дроздзіча наверх.

За млыном пачыналася пячорная галерэя. Сябры разумелі, што шлях прывядзе іх у падзямеллі ўнутры гары, таму яшчэ на водмелі, перад ровам, зрабілі з сухога дрэва і смалы паходні. Цяпер яны падпалілі іх і адправіліся ў цямрэчу.

Галерэя была даволі незвычайная — яе праціналі жалезныя трубы.

Я чуў, — паведаміў мастак Дроздзіч, — што ў Мераміры з такіх труб зроблены водаправоды для гарадскіх фантанаў.

— Так, і ў горадзе Палац Садоў таксама. Па іх цячэ вада ў фантаны — падтрымаў кот Міамурмарор. Ён прыклаў вуха, прыслухаўся — а ў гэтых нешта шыпіць.

— Загадкавае падзямелле, — прамовіў Арцін. — І нідзе ні душы.

— Я вось неяк больш спадзяюся сустрэць тут не душу, а жывога чалавека, — прагаварыў мастак Дроздзіч. — Будзьце ўважлівыя, хутка могуць з’явіцца і вартаўнікі.

— А можа, іх тутака няма, — з сумненнем у голасе пачаў разважаць кот Міамурмарор. — Калі цябе атачае дрымучы лес, непрыступная сцяна, роў з шаблязубымі рыбамі, а потым яшчэ і стромыя скалы — якія ўжо тут вартаўнікі. Няма чаго дарма людзей мурыжыць. Можа, у іх ёсць справы больш важныя.

Галерэя паднімалася ўверх квадратнай спіраллю, а потым і зусім ператварылася ў заблытаны лабірынт.

— Ідзём ціха. Трымаемся разам. Не губляем адно аднаго з віду, — перайшоў на шэпт мастак Дроздзіч.

Лабірынт складаўся з разгалінаваных калідораў і тупікоў. Чырвонымі стрэлкамі мастак Дроздзіч адзначаў на сценах пройдзены маршрут.

— Тут сёе-тое цікавае, — паведаміў ён сябрам, калі ў чарговы раз маляваў пэндзлікам чырвоную стрэлку, — падаецца, хтосьці пакідаў знакі сажай ад паходні.

— Ну-ну, — падышоў кот і моцна пацягнуў носам паветра. — Сажа свежая. І я адчуваю, што тут была Алеолла.

— Ура! — шэптам выкрыкнулі Арцін і мастак Дроздзіч.

— Ідзіце за мной, — Міамурмарор выцягнуўшы наперад нос, пачаў красціся ўздоўж сценкі.

Арцін і мастак Дроздзіч асцярожна пайшлі ўслед за катом.

— Так, так, — гаварыў сабе пад нос Міамурмарор, — сюды, сюды.

Раптам ён шмыгнуў пад тоўсты дыван, які вісеў на сцяне. Арцін і мастак

Дроздзіч зазірнулі ў пакой-пячору.

Кот Міамурмарор на падушачках лап падкраўся да чалавека, які сядзеў за ста­лом, абнюхаў ягоную спіну.

— Маё царства. маё царства... я вялікі цар Ранэон... мне падпарадкоўваецца ўсё. усё. — мармытаў чалавек. — Раз, два, тры... — ён кінуў на стол косць для гульні.

— Назад, — прашаптаў кот сваім прыяцелям і, адступіўшы да выхаду, пакінуў пячорны пакой.

Міамурмарор упэўнена пайшоў далей па калідоры, Арцін і мастак Дроздзіч пакіравалі за ім.

— Хто гэта? — прашаптаў кату на вуха Арцін.

Поделиться с друзьями: