ЖАНРЫ

Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка

Мінскевіч Серж

Шрифт:

— Вось малайцы якія, — узрадаваным голасам сказаў Ром Ончар. — Перадайце па змене, каб самую смачную ежу і ўсё такое прыносілі да іх, — загадаў ён сваім віцязям.

— Ясна! — адказалі тыя хорам.

— Алеоллу пазней, калі падрасце, мы, вядома, выпусцім, — пачаў разважаць услых маг Ніціч. — А то калі цяпер адпусціць, пойдзе да Паляндры. Толькі дарма галаву складзе.

— Вядома, нават на нашых шчытах да гэтай Паляндры падляцець немагчыма, — сказаў адзін з віцязяў.

— Так, Чорнае Балота — месца прапашчае, — пагадзіўся другі.

— Плюхнешся брухам у багну... «Магнітычныя» струмені гэтае балота агінаюць, — сказаў трэці.

— А яна, такая танюткая, яшчэ туды валачэцца, — прабасіў чацвёрты.

— Вядома, хай пакуль падрасце, — нізкім голасам прамовіў пяты.

— Вось і я пра тое, — пагадзіўся з імі маг Ніціч.

— А праз пару гадоў яна такой прыгажуняй стане, — летуценна прамовіў Ром Ончар. — Можа, і не захоча нікуды сыходзіць. Абярэ каго-небудзь з нашых малайцоў сабе ў мужы. Застанецца жыць у нашым замку. А што, замак выдатны, з усімі выгодамі...

Пасля гэтых слоў віцязі падцягнуліся і выпрасталі плечы. Выпрастаў плечы ды падцягнуўся і сам маг Ніціч. Віцязі паглядзелі на ягоныя плечы, параўналі са сваімі і ледзь не пырснулі са смеху.

— Ну-ну, — прамовіў Ром Ончар, сам выпрастаў плечы, узняў рукі і паказаў біцэпсы.

Віцязі, збянтэжыўшыся, апусцілі вочы.— Добра, потым паглядзім, хто ёй спадабаецца. А гэтага Бедалдая выпускаць нельга! — шумна ўздыхнуў Ром Ончар. — Нават калі ён і нармальны хлопец, то хто-небудзь у яго сякеру падманам альбо яшчэ як-небудзь выкрадзе. І што тады? Чорны джын заўсёды будзе паляваць за гэтай сякеркай.

— Так, трэба агледзець увесь лабірынт і знайсці сякеру! — сказаў маг Ніціч.

— Выконваць! — пацвердзіў ягоны загад Ром Ончар.

— Ясна! — хорам адказалі віцязі.

Яны разбрыліся па лабірынце, і маг Ніціч, і Ром Ончар таксама пачалі пошукі...

Увечары віцязі паведамілі — ніхто з іх сякеры Бедалдая так і не знайшоў.

XXI

МАЗГАВЫ ШТУРМ

— Ну што? — спытаў кот Міамурмарор. — Калі няма ўваходу, то паўзём далей.

— Як гэта паўзём? — задраў угору галаву Арцін. — Муры стромыя.

— А як мы на скалу паўзлі? — пытаннем на пытанне адказаў кот.

— Правільна думаеш, — зразумеў задумку Міамурмарора мастак Дроздзіч, — што б мы без цябе рабілі!

— Я заўсёды казаў, што мы, каты, без вас, людзей, абысціся зможам. А вось вы, людзі, без нас — ніколі.

Кот Міамурмарор абматаўся вяроўкай, акінуў уважлівым поглядам «прымагнічаныя» да сцяны замка шчыты, мячы і шаломы.

На адным з такіх шаломаў, над даспехамі, усярэдзіне якіх бялеў чалавечы шкілет, сядзеў вялізны крумкач і чорным бліскучым вокам зіркаў то на Міамурмарора, то на Арціна, то на мастака Дроздзіча.

Кот прымерыўся да муру і спрытна палез па «прылепленых» латах. Крумкач хрыпла каркнуў, саскочыў з шалома, залапатаў крыламі і падняўся на зубец замка.

Кот Міамурмарор не стаў звяртаць на яго ўвагі — «птушка кату не перашкода» — падахвоціў ён самога сябе і працягнуў «штурмаваць» замак.

— Вось які чэпкі, — пахваліў ката мастак Дроздзіч.

— А што яму, кату, — трошкі зайздросцячы, сказаў Арцін, — калі абарвецца — усё роўна прызямліцца на лапы.

— Так-так, — адказаў кот, — я заўсёды казаў, што мець лапы зручней за рукі.

Кот Міамурмарор ні разу не сарваўся — ён яшчэ знізу дакладным позіркам

выверыў найлепшы шлях, каб «развешаныя» па сцяне ўзоры зброі аказваліся як мага бліжэй адзін да аднаго. Яму досыць было правільна і выверана перастаўляць лапы і чапляцца кіпцюрамі. Дый хвост дапамагаў трымаць раўнавагу. На вышыні прыкладна ў палову муру мячы, шчыты, булавы і баявыя сякеры скончыліся, і кот перайшоў на наканечнікі дзід і стрэл — тронкі даўно спарахнелі, а жалезныя наканечнікі засталіся. Яны лягчэй, іх выстрэльвалі ўверх на сцяну, таму і былі «прылеплены» да гэтай самай сцяны нашмат вышэй, чым цяжкае ўзбраенне.

Нарэшце, кот строс з сябе вяроўку і, трымаючыся кіпцюрамі левай лапы за прымагнічаны вышэй за усіх наканечнік арбалетнай стралы, правай лапай раскруціў над галавой ласо і спрытна закінуў яго на зубец сцяны.

Крумкач, які сядзеў над Міамурмарорам, незадаволена каркнуў і паляцеў за мур, пэўна, ён чакаў сабе спажывы, спадзяваўся, што кот зваліцца і разаб’ецца. А кот усё не падаў і не падаў.

Па вяроўцы Міамурмарор хутка ўскараскаўся на сцяну і агледзеўся. Затым з ганарлівым выглядам размяўся, выгнуў спіну, выцягнуў наперад пярэднія лапы, пры гэтым растапырыўшы на іх кіпцюры, і салодка пазяхнуў.

Яго сябры зразумелі, што вартавых няма. Хутчэй за ўсё, на замак ніхто даўно не нападаў, таму на сцяне перасталі выстаўляць дазор.

Кот Міамурмарор скінуў вяроўку ўніз. Па ёй узлез спачатку мастак Дроздзіч, а затым — Арцін.

Сябры прагуляліся па сцяне і здзейснілі «кругасветнае» падарожжа вакол вузкай скалы, што, здавалася, калола неба. Зубчастая сцяна, збудаваная з адпаліраваных пліт шэрага жалезняку, стаяла цалкам асобна ад скалы — проста перакрывала праход да яе. А паміж скалой і сцяной быў выкапаны і запоўнены вадой шырокі роў. Ніякага спуску да яго відаць не было.

— Пэўна, для выхаду на гэтую сцяну выкарыстоўвалі вяровачныя лесвіцы і падвясныя масты, — выказаў здагадку мастак Дроздзіч.

Насамрэч, насупраць сцяны, на скале бачыліся прыкметы гаспадарання — можна было заўважыць высечаныя прыступкі, спіральныя сцежкі, рукатворныя пячоркі, якія служылі назіральнымі пунктамі. Цяпер там было бязлюдна.

— Калі ў гэтай скале хтосьці і жыве, то іх павінна быць не вельмі і шмат, — прамовіў кот.

— Часам якасць замяняе колькасць, — задумаўся мастак Дроздзіч. — Можа, жыхарам гэтай скалы не вельмі трэба турбавацца пра ўласную ахову.

— Вось гэта і насцярожвае, — папераджальным тонам прамовіў кот Міамурмарор.

— Добра. Па паветры мы лётаць не ўмеем. Трэба спускацца да рова, — зрабіў выснову Арцін.

Першым, як звычайна, па вяроўцы, зачэпленай адным канцом за зубец на сцяне, спусціўся кот Міамурмарор, потым — Арцін, а пасля і мастак Дроздзіч.

Трое сяброў апынуліся на вузкай пясчанай водмелі, пад самым мурам. На водмелі густа рос чарот, асака, нейкія кусты, тырчалі тонкія дрэўцы, большасць з іх была чэзлай ці наогул сухой.

Поделиться с друзьями: