Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Зачараваныя смерцю

Алексиевич Светлана Александровна

Шрифт:

Усё жыццё працавалі, будавалі сацыялізм. А цяпер кажуць, што сацыялізм скончыўся.

Цягнікі грымяць-грукочуць. Чужыя людзі, што вам трэба? Старасць — журба…

Прынёс ён з работы вялікую скрынку з чырвоным бантам. Паказаў.

— На пенсію праводзілі. Урачыста. Гадзіннік падаравалі. На сцяну павешу: цік-так, цік-так…

— Адпачнеш, Саша. Нагарбаціліся мы. Досыць. — Кажу гэтак і бачу, што невясёлы ён, бязрадасны. Ой які невясёлы! Раніцай цяпер яму бегчы няма куды…

Два месяцы пасядзеў на лаўцы. Сумны. Няголены.

Сядзіць і маўчыць. Апошні тыдзень слова нікому не сказаў. Ката пакліча. За-мо-о-оўк чалавек перад смерцю… Толькі глядзеў на ўсё…

Хаджу-хаджу, азірнуся: здаецца, ён ідзе, за спінаю стаіць… Азірнуся — нікога… На сорак першы дзень яго дачка стала тут жыць. З Магадана прыехала з дзецьмі, без свайго кутка мучылася. Стары барак, а ўсё ж свой дом. Маладая, думае, што часова. А можа, як і мы, на ўсё жыццё…

Чужыя людзі, што вам трэба? Не дапрошвайце, не дапытвайце… Аднолькавай смерці няма… Чуеце, як цягнікі грукочуць…

Гісторыя пра тое, што, калі знойдзеце ў сябе пад падушкай шматок гальштука і курыныя косці, гальштук можна павесіць на крыжы пры дарозе, а косці аддаць чорнаму сабаку. Тамара Сухавей — афіцыянтка, 29 гадоў

— …Малая была я, прыйшла са школы, лягла, а раніцаю не ўстала з пасцелі. Павезлі да доктара — няма дыягназу. Тады кінуліся бабак шукаць, шаптуху. Далі нам адрас, паляцелі па тым адрасе. Бабка кінула на карты і кажа маці:

— Прыйдзеце дадому, распарыце падушку, на якой дачка спіць, там знойдзеце шматок гальштука і курыныя косці. Гальштук павесьце на крыжы пры дарозе, а косьці аддайце чорнаму сабаку. Дачка падымецца і пойдзе. Свякроў заваражыла.

Нічога добрага, прыгожага я ў жыцці не бачыла, і труцілася, і вешалася…

Я сама з вёскі, прыехала ў горад, усіх баялася. Але ўсе едуць у горад, і — я. Старэйшая сястра тут жыла, яна мяне забрала: «Паступіш у вучэльню, станеш афіцыянткай. Ты прыгожая, Томка. Знойдзеш сабе мужа-вайскоўца. Лётчыка!»

Першы муж у мяне быў кульгавы, маленькі. Сяброўкі адгаворвалі: «Навошта ён табе? Ён хворы, хутка памрэ. Да цябе такія хлопцы заляцаюцца!» А я з дзяцінства любіла фільмы пра вайну, дзе жанчыны чакаюць сваіх мужыкоў з фронту, хоць бы які вярнуўся — без ног, без рук, але жывы. Да нас у вёску аднаго прывезлі без абедзвюх ног, дык жонка яго па двары на руках насіла. А ён піў, пакасціў. Паваляецца, яна яго падыме, у ночвах памые і пасадзіць на чыстую пасцель…

Я не разумела, што такое — каханне, я і цяпер не ведаю, што гэта такое, я яго пашкадавала, прылашчыла. Мы прыжылі з ім траіх дзяцей, і ён пачаў піць, ганяўся за мной з малатком…

Ужо другім дзіцем хадзіла, калі з вёскі прыйшла тэлеграма: «Прыязджай на пахаванне. Маці». Цыганка перад гэтым мне на вакзале наваражыла:

— Чакае цябе далёкая дарога. Пахаваеш бацьку і будзеш доўга плакаць.

Не паверыла. Бацька быў здаровы, спакойны. Маці п'янствавала, з раніцы ляжыць, а ён і карову падоіць, і бульбы наварыць — усё сам. Ён моцна яе кахаў, яна яго прываражыла: яна нешта ведала, нейкае зелле.

Сяджу ля труны, плачу, суседская дзяўчынка мне шэпча:

— Цётка Тома, баба дзеда чыгуном забіла, а мне сказала, каб я маўчала, яна купіць кіло шакаладных цукерак.

Мне стала страшна, і калі ў хаце нікога не засталося, усе пайшлі, распранула бацьку і шукала на ім сінякі. Сінякоў не было, толькі на галаве — вялікая рана. Паказала маці. Яна заявіла, што гэта ён дровы калоў, а палена адляцела, ударыла. Сяджу ля яго ўсю ноч і адчуваю, што ён хоча мне нешта сказаць… А маці не адыходзіць ад нас, цвярозая сядзіць. Яна нас адных не пакідала, пакуль мы яго не закапалі.

Родная маці, яна мяне нарадзіла… Прадала яна хату, хлеў спаліла, каб страхоўку атрымаць, і прыкаціла да мяне ў горад. Тут знайшла сабе другога. Ён сына з нявесткай выгнаў, а ёй кватэру адпісаў. Яна іх прычароўвала: нешта ведала, нейкае зелле. А мой за мной з малатком ганяўся, пакуль галаву два разы не праламаў…

Нічога добрага, прыгожага я ў жыцці не бачыла…

Прыходжу на работу пабітая, заплаканая, а трэба ўсміхацца, кланяцца. Дырэктар рэстарана паклікаў у кабінет: «Мне тут тваіх слёз не трэба. У самога жонка спаралізаваная дома другі год ляжыць…» — і лезе да мяне пад спадніцу.

Маці з айчымам двух гадоў не пажыла. Званок:

— Тамара, памёр Рыгоравіч. Прыходзь, памажы хаваць. Павязем у крэматорый.

Мне зрабілася так страшна, што я знепрытомнела. Ачомалася, трэба ісці. А ў галаве думка дзяўбе: раптам гэта яна яго забіла, каб адной у кватэры застацца, піць, гуляць? Га?! Яна забіла і хоча хутчэй завезці ў крэматорый, спаліць? Пакуль яго дзеці збяруцца і старэйшы сын, маёр, з Германіі прыедзе, жменька попелу застанецца, сто грамаў у белай вазачцы. Ад ўсяго гэтага ў мяне спыніліся месячныя, два гады нічога не было. Як яны зноў пачаліся, я прасіла дактароў:

— Выражце мне ўсё жаночае, зрабіце аперацыю. Я не хачу быць жанчынай! І каханкай, і жонкай, і маткаю!

Родная маці, яна мяне нарадзіла… Я хацела яе любіць… У яе маладой косы былі доўгія, чорныя… Прыгожая…

Як яна памірала, як яна не хацела паміраць… Ёй было пяцьдзесят дзевяць гадоў: выразалі адну палавіну грудзей, праз паўтара месяца — другую, а яна завяла сабе маладога каханка. Паклікала нас з сястрой:

— Вязіце да шаптухі… Ратуйце!

Яна не верыла гэтым бабкам, нікому не верыла. Як нам яе ратаваць? А ей горш-горш, малады за ёй ходзіць, з-пад яе выносіць, мые. Яна не думала паміраць.

— Але калі, — кажа, — памру, усё пакіну яму. І кватэру, і тэлевізар.

Сястра прыгразіла:

— Заб'ю, калі яму пакінеш. Заб'ю!

Я іх мірыла, плакала. Маладая мама была красуня…

Павезлі мы з сястрой яе да бабкі, на руках з машыны вынеслі. Бабка памалілася, расклала карты.

— Так? — пытаецца і падымаецца з-за стала: — Забірайце! Я яе лячыць не буду…

Маці нам крыкнула:

— Выйдзіце, я хачу адна застацца!

А бабка нас не пусціла з хаты, на карты глядзіць і пераказвае:

— Я яе лячыць не буду, бо яна не аднаго ў зямлю паклала. А нядаўна, як яшчэ на нагах была, хадзіла, у царкве дзве свечкі надламала… Тваю і тваю… — паказвае на нас з сястрой.

Маці:

— За здароўе дзяцей сваіх…

Бабка:

— За спачын ты іх паставіла. Смерці дзецям прасіла. Думала, што калі іх Богу аддасі, дык сама застанешся. У заклад.

Пасля гэтага я баялася сядзець з маці адна ў кватэры. Узяла з сабой сваю старэйшую дзяўчынку, а маці шалела, калі тая есці прасіла: яна памірае, а нехта есць, нехта жыць будзе. Парэзала нажніцамі новае пакрывала на ложку, абрус са стала, каб нікому не засталося, калі яе не будзе. Я вадзіла яе ў туалет, выносіла, мыла. Яна не саромелася, яна на падлогу, у пасцель… каб я прыбірала. Не хацела паміраць… Помсціла…

Поделиться с друзьями: