Зачараваныя смерцю
Шрифт:
Я аб сваім жыцці не шкадую. Добрае было жыццё. Я тысячы людзей уратаваў. Сорак два гады рабіў хірургам. А жонка мая — акушэр-гінеколаг. Удзень і ўначы нас людзі клікалі… І мы ішлі, ехалі… На калёсах, пешкі… Не было ў нас выхадных, не было свят… На Новы год прыйшлі госці, іх сустракае наша пяцігадовая дачушка: «У таты — востры апендыцыт, у мамы — вострае матачнае кровацячэнне… Вернуцца раніцай…»
А сёння мая дачка мне кажа:
— Вы з мамай жылі, як сляпыя. А я — вольны чалавек. Хай у крамах дарагая кілбаса, і я не заўсёды магу яе купіць, але я магу ўсё сказаць.
— Ты проста пры мне зневажаеш Леніна. Вось і ўсё. Вось уся твая вольнасць.
Яна — лекарка, і яны бастуюць, бо ім мала плацяць. Я не разумею, як можа баставаць лекар? Людзі ляжаць з інфарктам, з інсультам… Паміраюць… Мы ўсё жыццё, можна сказаць, бясплатна рабілі. За капейкі… Але ніхто не жыў дзеля сябе, нічога для сябе не вымагаў. Мы хацелі, каб наша Радзіма была багатая. Моцная. Каб яе ніхто не перамог.
Любенькая мая, мы яшчэ жывыя… Мы ўсё памятаем…
Не, гэтыя людзі, што зараз жывуць, ніколі б не перамаглі. Хіба можна ваяваць гэтак, як мы ваявалі, за шэсць дачных сотак, за «Мерседэс», за камерцыйны кіёск з чужым шакаладам? Так можна ваяваць толькі за Радзіму. У іх няма Радзімы. Унук мой… У вучэльні на кухара вучыцца. У яго мара — сваю кавярню адчыніць… З піражкамі, з бутэрбродамі. Быць багатым, мець шмат грошай. Вы чулі? А я ў ягоныя гады марыў лётчыкам стаць ці танкістам. Матросам. Стаць героем. А грошы мне патрэбны былі толькі на тое, каб купіць хлеба. Усё астатняе, чаго я хацеў, нельга было купіць за грошы. Нават за мільёны!
Цяпер у мяне таксама няма Радзімы. Маё мінулае — мая Радзіма…
Раней у школу нас запрашалі… У час свята — на трыбуну, у прэзідыум… Я апрану пінжак з узнагародамі… Жонка з вайны сваю гімнасцёрку зберагла… Цяпер мы анікому не патрэбны. Выміраючае племя… Дыназаўры… Нас баяцца… Як чумных… Я сам пайшоў у школу, дзе ўнук вучыўся. Там быў музей баявой славы. Я ўсё самае дарагое туды занёс: гімнасцёрку жончыну, свой хірургічны скальпель, ордэны і медалі… На дзвярах музея вісела іншая шыльда… Насланнё нейкае… Малое прадпрыемства… Кааператыў… Шафы рабілі…
— Так, — развёў рукамі дырэктар школы, — здаем у арэнду. Няма грошай, каб падручнікі купіць.
— А дзе музей? Дзе экспанаты? Дзе гімнасцёрка маёй жонкі? Яна пяцьдзесят гадоў яе зберагала…
— На складзе…
Няма Радзімы. Няма мінулага. Здалі на ўтыльсыравіну… Любенькая мая, а мы яшчэ жывыя… Усё памятаем…
Я хачу памерці камуністам, я хачу памерці савецкім чалавекам. На сваёй Радзіме. Я зачынюся дома ў сваім пакоі, і нам з жонкай здаецца, што нічога не памянялася, усё, як і раней. Трэба толькі зачыніць дзверы і не падыходзіць да тэлефона… І да тэлевізара…
У партыю я на фронце ўступіў, у васемнаццаць гадоў. Я білет свой не пакладу, не аддам, нават калі мяне паставяць да сцяны. Партбілет — гэта мая царква, мой Бог. Былі ў нас правадыры… Камандзіры… Клікалі нас: уперад, уперад!!! А самі назад, кінулі. Як яны спяць начамі? Што пішуць у сваіх мемуарах? За мяжой расказваюць? Я хачу, каб яны расказалі, як я дубасіў мыліцай па тэлевізары і крычаў: «Не быў я рабом! Не быў! Я быў камуністам! Я быў салдатам!» Я крычаў, пакуль мне не далі ўкол і не занеслі на насілках у палату…
Я хачу памерці камуністам, я хачу памерці савецкім чалавекам! (Плача.) Дайце адысці нашаму пакаленню, якое адзін раз жыло пры сацыялізме… У вайну…
Гісторыя чалавека, які ваяваў у дзевяноста першым там, куды можна купіць білет у любой касе аэрафлоту. Павел Стукальскі — наёмнік, 27 гадоў
З аповеду сябра Алега Бажко:
— Вы хочаце, каб я нармальнымі словамі гэта распавёў? Я па гэты бок, а ён? На смерць ніхто не хоча глядзець. Я бачыў яе сотні разоў і ўсё роўна кожны раз адварочваюся. Там, на вайне, я сабе гаварыў і гаварыў, убіваў ва ўсе клеткі свайго цела і мозга, калі мы паўзлі ў горы, і язык вывальваўся з рота, як у прыстрэленага сабакі, запхнуць яго назад мог толькі страх… Страх ад кулі… Я сабе гаварыў: не дай гэтай гнілазубай пачвары ўгаварыць цябе, не дай ёй узяць цябе соннага ці роспачнага. Гані яе і не азірайся, ніколі не кліч.
Эх, Пашка! Што яна яму нашаптала, калі ён дазволіў ёй павесці сябе ў ноч, у цемру? Ён, які лепш за ўсіх у нашай роце мог перарэзаць горла ад вуха да вуха, ударыць дакладна пад лапатку…
Так, я — наёмнік, я прадаю сваё ўмельства забіваць. Думалі: буду ўтойваць? Не буду. Раней у нас ніколі не было наёмнікаў, мы ганарыліся абаронцамі Айчыны… Пакіньце гэтыя казачкі старшакласнікам! Мужчынам падабаецца вайна, толькі яны ў гэтым не прызнаваліся, таіліся. Мы ўсё самі ад сябе хавалі. Ніводзін не ведае: хто ён на самай справе? А я не хацеў такую ж кватэру, як у суседа, такую ж машыну, такую ж шафу… І як самая вялікая мара — пуцёўка ў Сочы, да Чорнага мора, дзе лічыш кожны рубель. Я хацеў спазнаць свет, выпрабаваць сябе. Я на самай справе хацеў уведаць: хто я? Гэта, калі шчыра… Без хітрыкаў… Да дна… Тут стопар! (Запальвае. Маўчыць.)
Спачатку я трапіў у Афган. Марыў, прасіўся. Пісаў рапарт. Там, у Афгане, мы з ім сустрэліся… З Пашкам… Сышліся… Усё было падобнае: школа, вучэльня, работа на заводзе, мара пра інстытут… І пра дзяўчыну ў белым…
Калі я вярнуўся з Афгана, мая сястрычка вучылася ў пятым класе. Я прывёз ёй падарункі: прыгожыя лялькі (у нас гэткіх няма), жуйку, джынсы. Але ёй хацелася пахваліцца іншым:
— Ты — герой? Колькі ты «духаў» забіў? — спытала яна.
— Не ведаю… — Я быў заспеты знячэўку, мяне ўзялі абяззброенага дома.
— Я скажу сяброўкам, што шмат «духаў» забіў. Сто!
Сядзеў побач бацька, ставіла закусь на стол маці. Усміхаліся. Для іх гэта была нармальная гаворка. Я пачаў крычаць нешта вар'яцкае… Пра чужую краіну, пра тое, як смярдзяць вываленыя чалавечыя кішкі на сонцы… Пра тое, як у нас загінула трое хлопцаў-дзетдомаўцаў і іх не было куды адправіць… Труны павезлі ў дзетдом…
Я сапсаваў усім святочную вячэру. Тут — стопар! (Замаўкае.) І, наогул, калі б не Пашка, слова б вам не прамовіў… Ні вам, ні адзін аднаму праўды мы не гаворым. Караванчыкі бралі, аблёты… Пасля першай чаркі прыгадвалі смешнае, вясёлае. Як пад Джэлалабадам два тыдні ратавалі параненую малпачку. Пашка яе выцягнуў з-пад мёртвага афганца. Перавязалі лапу, на сабе па чарзе валаклі. А пра, тое, як расстрэльвалі палонных, маўчым. У дрызг п'яныя, ніводзін не абмовіцца… Намёку не зробіць, што памятае, як яны ў пыле валяліся… З босымі нагамі… А як пахне чыстая прасціна дома! Аж галава кружыцца. Але мужчыне падабаецца вайна… Старажытны інстынкт палявання… Забіваць людзі навучыліся раней, чым сеяць і араць. Страляеш, заманьваеш, высочваеш… Ён закопваецца ў зямлю, паўзе на чацвярэньках… Як звер… У паўзучага страляць лягчэй, чым калі ён ідзе на ўвесь рост, і ты бачыш твар, адзенне… Тады замінка, на нейкі міг…
Колькі забіў? Наіўнае пытанне. Можа, дваццаць, а можа, і больш… Спачатку лічыў, пасля кінуў. Гэта ж мая работа — ваяваць, а значыць — забіваць. Мне за гэта грошы плацяць. Але не дзеля адных грашовых знакаў я гэтым займаюся. Дзеля азарту… Як вам перадаць, што вастрыня адчуванняў, калі не ты страляеш, а ў цябе страляюць?! Ты адразу існуеш у гэтым свеце і ў тым, па абодва бакі. Жывёльная, шалёная радасць, калі бой скончыцца, а ты жывы. Ты можаш выпіць гарэлкі… Выпаліць цыгарэту… Ты можаш знайсці жанчыну… Мы прайгралі ў Афгане. Маглі сцерці гэтыя горы з зямлі, а пайшлі ні з чым. І ў падсвядомасці, у падкорцы сядзіць, што мы вайну прайгралі, але ніхто не хоча быць прайграўшым. Мы не даваявалі. Пасля Афгана я стаў рэкецірам… Ад палучкі да палучкі народ жыве. Варэнне варыць. Агуркі, памідоры восенню закручвае. Пуп трашчыць! А ў гэтых мільёны… Прыходзіш, як Робін Гуд, і забіраеш кавалак…
Прыехаў знаёмы з Нагорнага Карабаха:
— Што там?
— Афган.
Ну, калі Афган, значыць, мне туды. У касе Аэрафлоту ўзяў білет. Як у госці, на курорт… Адны ехалі загараць, другія ваяваць. Шмат вайны на ўскраінах былой імперыі. Аказваецца, усюды патрэбны тыя, хто ўмее страляць. І плацяць лепш, чым нам плацілі ў Афгане. За талерку бабовага супу мяне ўжо не купіш. І не трэба махаць чырвоным сцяжком! За ідэю я паміраць не пайду. Што ў нас змянілася? На барыкады ў жніўні ішлі адны, да ўлады прыйшлі іншыя. Камуністы сказалі, што яны не любяць камуністаў, і калі вам не даспадобы слова «камуніст», будзем называцца дэмакратамі. Я не стаміўся ваяваць, я яшчэ малады. Я люблю аўтамат, гэта — сябра. Але я стаміўся быць падманутым. Забіваць — таксама прафесія. Я — прафесіянал. Я раблю гэта лепш, чым што-небудзь іншае. За тыдзень любога хлапчука на баевіка вывучу ці, як пішуць у газетах, байца атрада самаабароны. Учора ён сядзеў на трактары, араў. Заўтра будзе страляць. Паспрабуй яго вярні на трактар… У калгас… Я яму такі гімн аўтамату праспяваю! Адчуванне зброі… Яно вабіць да сябе…