Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Зачараваныя смерцю

Алексиевич Светлана Александровна

Шрифт:

Потым гэтая дзяўчынка паступіць на філасофскі факультэт Ленінградскага ўніверсітэта, па тым часе самы вальналюбны. Але пры ёй будуць баяцца расказваць палітычныя анекдоты: аднойчы яна заявіць, што пойдзе і данясе, бо смяяцца з нашых недахопаў могуць толькі ворагі…

Сляпая, амаль бязвінная гатоўнасць пайсці, данесці. Гэта было… Са мной было… Я баялася гэтай дзяўчынкі… Я сама дагэтуль баюся гэтай сталінскай дзяўчынкі… Людзі веры… Яны і праўда сляпыя… Як закаханыя… Інтэлектуалы і непісьменныя… У маёй бабулі замест абраза вісеў у рамцы партрэт Леніна, і ў бацькі, вайсковага інжынера, на стале стаяў бюст Леніна… Разбірайцеся, судзіце іх… Нас… Усіх… Містыка! Паўсядзённая містыка нашага жыцця…

«Добра, — спытаеце вы, — але ж нехта расказваў палітычныя анекдоты? Нехта, наогул, пляваў на ўсё?» Заўсёды ёсць людзі (іх больш), якія жывуць наўзбоч, і, вядома, іх таксама зацягвае агульная плынь, але не з той сілай. І ёсць дзейныя, моцныя натуры, яны палымяна, беззапаветна кідаюцца ў самую глыбіню — новай веры, новай ідэі. Лепшыя! Гэтая дзяўчынка была з іх, з лепшых. Вы ніколі не думалі аб тым, што ідэя зжэрла, разбэсціла і скалечыла лепшых? Вам адкрылася, вы ўбачылі яе крывавае аблічча, а мы глядзелі, любілі іншае — чуллівае, патэтычнае… Якое пакутлівае вызваленне… Катаванне… Плячо ў плячо, нас з'ядналі, згуртавалі — мы не маглі разляпіцца. Маналіт, блок! Божа мой! Ты там і не маеш сілы вырвацца, як матылёк у цэменце… Ты не можаш сябе адарваць. Хто ты? Ты толькі маналіт, без «я», з усімі. Калі я гэта ўсвядоміла? У пяцьдзесят гадоў… У вар'яцкім доме… О! Гэта вар'яцкая гісторыя, савецкі дэтэктыў…

Але быў яшчэ XX з'езд… Даклад Хрушчова… Бацька купіў раніцай газету і зачыніўся з ёй у сваім пакоі… Праз суткі выйшаў: «Ленін асудзіў бы тое, што адбылося пасля ягонай смерці. Калі б не памёр…» Праз нейкі час, месяц-два мінула, застрэліўся сусед. Паснедаў, пагаліўся… Стары чэкіст, яго ў нашым доме пабойваліся… Усе гадалі: чаго ж спалохаўся ён сам? Пасля я даведалася, што тады па краіне пракацілася хваля самагубстваў былых энкэвэдэшнікаў, тых, хто збаяўся ці асудзіў сябе сам…

Я забылася сказаць, што бацькі мае ўжо жылі ў Ленінградзе, я канчала ўніверсітэт… Гэта ўжо зусім іншы час, і мы іншыя. Мы пелі песні Акуджавы, чыталі самвыд, захлыналіся вершамі Еўтушэнкі, Вазнясенскага, Бэлы Ахмадулінай… Паэты выступалі на стадыёнах… Там, дзе сёння — Кашпіроўскі, Глоба — чараўнікі, хіраманты і прадказальнікі занялі месца паэтаў. Я захапілася біяграфіямі правадыроў, пісьмамі, мемуарамі, успамінамі. Мяне хвалявала іхняе жыццё. Дзяржынскі, Луначарскі, Бухарын… Памятаю пісьмы Дзяржынскага з турмы, светлыя, юначыя: як ён аддаў хвораму таварышу апошні швэдар (гэтыя дэталі тады гіпнатызавалі, праціналі). Аддаць апошняе, ахвяраваць! Хворы Ленін адправіў у дзіцячы прытулак масла, якое прыслалі яму сяляне… Галодная непрытомнасць Цюрупы, камісара па харчаванні… Вось яно, вялікае, чыстае, яно ж было, трэба толькі яго ачысціць, вярнуцца да вытокаў… Да пачатку… А там усё цудоўнае, высокае. Гэта было другое наша нараджэнне! Шчасце ад таго, што мы зноў нешта адолелі, перамаглі. Як пасля споведзі, амаль, сказала б я зараз, царкоўнае пачуццё… Пасля паявіліся п'есы Міхаіла Шатрова аб рэвалюцыі, іх забаранялі, за іх ваявалі, пра іх спрачаліся… (Запальвае.) Кідаю паліць, цыгарэты ад сябе хаваю… А за ноч сёння паўпачка… Не магла дачакацца ранку, калі вы прыйдзеце… Мне важней самой у сабе разабрацца, пахілілася нешта ў душы, не выпрамляецца. Бязлітаснае адчуванне паражэння… І нават не падману, а самападману… Дык пра што мы?

Дзеці красавіцкай адлігі! Наша смеласць ужо не смеласць, нашы ісціны ўжо не ісціны. Якія мы былі наіўныя: Ленін добры, Сталін благі… Пабудуем «камунізм з чалавечым абліччам»… Сама ідэя не падвяргалася сумненням, яна выдавала непарушнай, вечнай, як неба. Мы — авангард… Велізарная палаючая домна… І кожны з нас — часцінка гэтай палаючай, кіпячай лавы… Сядзець дома ў шыкоўнай кватэры?! Ніколі! Шчаслівае самаадрачэнне, апантанасць… Аддаць сваё жыццё дзеля чагосьці велічнага, не асабістага, а агульнага. Дзеля ўсіх! Паехала з Ленінграда пад выкрыкі сяброў: «Дурніца, пашкадуеш… Іншыя ўсімі праўдамі і няпраўдамі, ажно да фіктыўных шлюбаў, размеркаваліся ў Ленінград, а ты — куды?» У Менск, «самы сацыялістычны горад», як ахрысціў яго мой прафесар. Занесла ў ЖЭК ключы ад ленінградскай кватэры (памёр бацька, праз месяц пахавала маці — яна жыла жыццём бацькі, без яго ёй гэты свет быў незразумелы і не патрэбны). Я падабалася сабе! Патрэба ахвяраваць… Пакланяцца… У нас гэта ў крыві… Трэба быць Зігмунтам Фрэйдам, каб знайсці адлюстраванне… Ці то гэта ад нашай любві да рабства, ці да смерці, як вышэйшага сэнсу? Да беднасці, да аскезу…

Аб прыродзе нашых ідэалаў мы думаем мала, а яна нам да канца не зразумелая… Што там, на глыбіні падсвядомасці? Цютчаў сказаў, што Расею розумам спазнаць немагчыма. Яна па-за межамі розуму, свядомасці… У іншых вымярэннях… Дагэтуль ніхто не можа вытлумачыць, што гэта з усімі здарылася ў семнаццатым годзе. Пераварот? Успышка масавага бандытызму? Калектыўнае вар'яцтва? Але ж у той час многія людзі (інтэлігенцыя!) перажывалі гэта як шчасце… Свята! У нас у падсвядомасці жыве камунізм… Нам бліжэй рамантычнае, гераічнае і сумна там, дзе рэальнасць, прагматызм. Што робіць любімы герой расейскіх казак Іванка-дурачок? Майструе, будуе? Зусім не! Сядзіць на печы і чакае цуда: залатой рыбкі, якая выканае ўсе яго жаданні, ці красуні-царэўны, каб пабрацца з ёю… Мы ўсе чакаем цуда ці справядлівага цара… І зараз…

Наш стары дом гарыць… Адны — халодныя, спакойныя сведкі, глядзяць, як вогнішча глынае знаёмае, звычнае, але ўжо адлюбленае ці ніколі не любімае, ненавісную казарму, іншыя, якія любілі, ганарыліся сваім домам, кідаюцца ў агонь, у полымя і выцягваюць, што паспяваюць ухапіць, падабраць. На папялішчы кожны створыць свой вобраз і будзе даказваць, што дом такі і быў. Мы ўсё спальваем раней, чым зразумеем, таму заўсёды маем справу з міфамі і легендамі, а не з рэальнасцю.

Я думаю, што камунізм і фашызм закладзены ў прыродзе чалавечай. Дзве спакусы, яны ад чалавека ніколі не адступяцца. Угледзьцеся ў сябе смела і спакойна: вы і праўда рады, што вы, напрыклад, бедныя, а нехта багаты? Чужое няшчасце, чужы боль альбо смерць ці не прыносіць вам задавальнення або хоць бы прыхаванай радасці: гэта не са мною! Чалавек — бездань і неба адначасова…

Я спрабую сёння гаварыць пра гэта са сваімі студэнтамі. Але яны маўчаць…

У Менску я выйшла замуж, я пакахала. Мой муж быў вучоны, эканаміст. Быў… Ён памёр у сорак пяць гадоў, у мяне на руках… Мы жылі ў аднапакаёвай старой «хрушчоўцы», няма дзе схавацца, закрычаць, паплакаць. Я зачынялася ў ваннай і, каб не галасіць, каб у мяне не спынілася сэрца раней, чым у яго, ківалася з боку на бок з ўсёй сілы і білася галавой аб сцяну ці разбівала сабе рукі аб рабрыны батарэі. Галава закружыцца, кроў на руцэ, робіцца лягчэй: выходжу, усміхаюся, адцягваю яго ўвагу. Калі ён быў здаровы і нас прыніжалі, праследавалі, у яго вырвалася: «Хачу памерці!» Як захварэў, паміраў, я чула: «Хачу жыць!» У апошнія дні ён больш за ўсё хацеў жыць… Да ягонай хваробы мы гаварылі пра смерць, пасля сталі абыходзіць гэтую тэму. «Выкінь яд, — папрасіў ён за дзень да смерці. — Павер: неразумна ўсё. Недарэчна ляжаць у зямлі…» У яго былі два інфаркты…

Вясковы хлопец, з палескай глыбінкі… Дзяцінства — вайна, яму сем гадоў. Маці хлеб партызанам пякла, маглі расстраляць і хату спаліць. А за ім усё жыццё, як кляймо: жыў на акупаванай тэрыторыі, пад немцамі. Ва ўніверсітэт не дапусцілі… Паступіў у наргас, скончыў на «выдатна». На працу не бяруць, усюды трапіў пад графу: быў у акупацыі. Пасля страшнай крывавай перамогі яшчэ дзесяткі гадоў ваявалі з уласным народам: з тымі, хто вярнуўся з палону, каго гвалтоўна вывезлі ў Германію, хто не загінуў у канцлагеры, не згарэў у крэматорыі… Божа мой! А я выкладала марксісцка-ленінскую філасофію ў інстытуце… Партыя — гэта сумленне, годнасць… І сумненні ў галаву не прыходзілі… Кожная несправядлівасць успрымалася прыватным выпадкам, дзе быў канкрэтны віноўнік. Скажы мне хто-небудзь у той час аб віне ідэі, аб адказнасці ідэі? Вар'ят! Я ўжо не пабегла б даносіць, але назвала б яго вар'ятам, здраднікам. Якая б бяда ні здаралася на маіх вачах, я шукала вінаватага: гэта ён ці не ён… А тое, што ён — частка ідэі, атам гэтай ідэі, малекула, і ў іншых абставінах быў бы іншым чалавекам, мы не разумелі, ніхто. Вось адкуль цяпер не толькі ў мяне, а ў многіх адчуванне, што мы пражылі не сваё, а нечае жыццё. Маглі б быць іншымі людзьмі, іншай краінай… Калі б не гэтая ідэя… Я людзей не вінавачу (нават сваіх нядаўніх катаў), я вінавачу ідэю… Мне даказваюць, што ідэя нараджаецца ў чалавечай галаве. Але я ўсё роўна ненавіджу ідэю, а людзей, іхнія паводзіны магу сабе вытлумачыць. Што можа выбраць салдат у страі? Нічога. Кроч у нагу!

Мой муж быў таленавіты чалавек. Ён усё-такі абараніў кандыдацкую дысертацыю, напісаў доктарскую. Тут яму параілі: хочаш стаць прафесарам, пастаў побач са сваім прозвішчам яшчэ адно… Тады ўсе сакратары райкамаў, абкамаў пісалі і абаранялі вучоныя ступені. Было модна: сакратар райкама — кандыдат эканамічных навук… Раз намякнулі, другі… Не! Ну, калі не, дык ты доктарскую не абароніш. Кроч у нагу! Не друкавалі, не давалі чытаць лекцыі… Выяўляе буржуазныя погляды, антысаветчык… Эканоміка ніколі не была ў нас навукай, заўсёды — палітыка, вось і жывём так, што трусоў і шкарпэтак не хапае, а збожжа, жывучы на чарназёме, які немцы ў вайну адпраўлялі дадому ў пасылках, за золата купляем. Муж ужо быў хворы, мы з ім гуляем па парку, там фантан і вялікая кветкавая клумба… з чырвоных, белых, жоўтых бягоніяў словы: «Наша мэта — камунізм»… Нават кветкі не раслі проста так… Дзеля красы, дзеля радасці…

Калі мужа не стала, я дала клятву, што хай пасля смерці, але вярну яму добрае імя, апублікую яго артыкулы. Я яшчэ верыла: трэба ехаць у Маскву, напісаць у цэка партыі, там разбяруцца… Прыйдуць другія, разумныя людзі…

Не! Кроч у нагу!

…Гэта немагчыма перадаць, гэтае адчуванне, гэтае прыніжэнне. Калі вам робяць рэнтгенаскапію чэрапа пад выглядам праверкі гаймаравых пазух…

— Дзіўна, але я ў вас нічога не знаходжу, — кажа лекар.

— А што вы павінны знайсці? — наіўна пытаюся я.

Кладуць у бальніцу: «Трэба падтрымаць ваша сэрца». Хворыя выпадкова падслухалі і перадалі мне гаворку медсясцёр: «Пасля абеду Пашкевіч павядуць да псіхіятра. Дзеля яе выклікалі». Узнікае падазрэнне, адчуваю: штосьці не тое. Хутка апранаюся і спрабую ўцячы. Але на выхадзе ўжо пільнуюць, прыгразілі, што выклічуць міліцыю і завязуць у псіхлячэбніцу. Пад канвоем вяртаюць у палату. Тут разумею: мяне заманілі ў пастку…

Уначы ўсё ж уцякаю. У палаце ніхто з хворых не ўдаў, шэптам дапытваліся: «Гэта праўда, што вы пішаце скаргі ў ЦК КПСС? Кажуць, што вы шызафрэнічка…»

Поделиться с друзьями: