Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Зачараваныя смерцю

Алексиевич Светлана Александровна

Шрифт:

Адчынілі акно… На першым паверсе… Бэз пахне… Яна дыхае-дыхае ім, не надыхаецца…

— Прынясі, — папрасіла, — галінку.

Я прынесла. Яна ўзяла яе ў рукі, а тая тут жа ссохла, лісточкі скруціліся.

Тады яна да мяне:

— Дай за руку тваю патрымацца…

А мяне тая бабка папярэдзіла, што чалавек, які рабіў зло, доўга памірае, пакутліва. Трэба ці столь разбіраць, ці ўсе вокны ў хаце выняць, інакш душа яго не выйдзе, з цела не падымецца. А руку даваць нельга — хвароба перакінецца.

— Навошта табе мая рука?

Яна маўчыць. Стаілася.

Яна да канца мне не паказвала, дзе яе адзенне ляжыць, у якім хаваць. Грошы. Я баялася, што ноччу яна нас з дачкою задушыць падушкамі. Вочы прыжмуру, а сама пазіраю: як гэта душа з яе вылеціць? Якая яна? Куды падымецца?

Дзень ляжыць, два, перастала гаварыць. Я пабегла ў краму, папрасіла суседку пасядзець з ёй, папільнаваць. Тая ўзяла яе за руку, і тады яна памерла… У апошнюю хвіліну нешта крыкнула, няўцямнае…

Я сама яе мыла, апранала. Прыйшлі яе сяброўкі, укралі тэлефон, новыя талеркі. Прыехала мая сярэдняя сястра з вёскі. Маці ляжыць… Яна ёй, мёртвай, вочы адкрывала…

— Навошта ты маці мёртвую чапаеш?

— А памятаеш, як яна ў дзяцінстве з нас здзекавалася. Я яе ненавіджу.

— У яе валасы былі доўгія, чорныя…

— Дурная! Ты ўсё па зорках скачаш.

Малою я сніла сны, што па зорках скачу. З адной зоркі на другую, як па каменнях у рацэ.

Дзяліць рэчы пачалі яшчэ ўначы, яшчэ не пахавалі, труну не вынеслі. Старэйшая сястра плакала, а сярэдняя пакавала тэлевізар, швейную машынку, залатыя завушніцы з мёртвай зняла. Назаўтра крэміравалі і завезлі урну ў вёску, паклалі маці побач з нашым бацькам. Ёсць той свет ці няма? Недзе ж яны сустрэнуцца…

Старэйшая сястра выйшла другі раз замуж і паехала ў Казахстан. Я яе любіла, я быццам адчувала, маё сэрца падказвала:

— Не выходзь за яго замуж, — чамусьці другі яе муж мне не спадабаўся.

— Ён добры, я яго шкадую.

Мы з ёй на пахаванні маці гаварылі, сядзелі, і ён з ёй па-добраму, ласкава, я нават пазайздросціла. Праз дзесяць дзён атрымліваю тэлеграму: «Цёця Тома, прыязджайце. Памерла мама. Аня». Гэта — дзяўчынка яе, адзінаццаць гадкоў, яна тэлеграму прыслала.

Ён яе забіў, ён яе нагамі, кулакамі забіў і згвалтаваў мёртвую. На рабоце сказаў, што жонка памерла, яму далі тысячу рублёў, ён іх аддаў дачцэ, а сам з'явіўся ў міліцыю з пакаяннем. Дзяўчынка зараз у мяне жыве, вучыцца не хоча, яна запалоханая, і ў яе нешта з галавой, нічога не запамінае.

Яму прысудзілі — дзесяць гадоў. Ён яшчэ да дачкі вернецца…

…З першым мужам я развялася і думала, што ніколі больш замуж не выйду. Я стала баяцца мужчын… Як сястру забіў… Мяне жартам хто абдыме, я вырываюся. Крычу. Як я другі раз выйшла замуж, сама не ведаю. Ён вярнуўся з арміі кантужаны, паранены. Дэсантура… Цяльняшку не здымае… На Каўказе ваяваў, толькі не разабраўся, з кім: там жа ўсе свае людзі жывуць. Савецкія. Хто ў яго страляў? У каго ён страляў? На мінах падрываліся… Са сваёй маці ён у суседнім пад'ездзе жыў. Выйдзе вечарам у двор з гармонікам, грае. Заўсёды што-небудзь жаласнае.

Прыйшоў да мяне. Сталі мы жыць. Павітаюся з кім-небудзь з суседзяў, пастаю ў двары…

— Ну што, ужо змовіліся?

— Саша, ты што!

— Я цябе, сучку, ведаю! Шкадоблівая! Усе вы…

Вып'е, тады ласкавы, мяккі. Цвярозы скрыгоча зубамі, яму трэба ці ўдарыць, ці пакрыўдзіць, каб хто-небудзь плакаў, крычаў. Тады яму добра. Дзяцей б'е, самы маленькі яго любіць, лезе да яго, а ён яго падушкай. Дык той зараз, як ён заходзіць у хату, хуценька бяжыць у свой ложак і — спаць, вочкі заплюшчвае, каб не білі, ці ўсе падушкі пад канапу хавае.

Вып'е, і адзін аповед: як ехалі яны на бэтээрах… Першая машына падарвалася… А ён ехаў на другой… Я раней яго слухала і плакала, а цяпер… Гармонік ягоны нажом прапарола, чуць не магу… Ён раніцай прачнуўся: хто? Я яму сачыніла, што ён сам, па п'янцы… Не паверыў — бутэлькай з-пад піва мяне па галаве…

Ноччу ляжу, ён храпе. Думаю: ён мяне ўсё роўна заб'е, лепш я сама сябе заб'ю. Днём пазычыла ў суседкі воцатную эсенцыю, агуркі на зіму закручвала, устала, адкаркавала гэтую бутэльку і выпіла… Ён прачнуўся. Я па падлозе поўзаю, з мяне дым верне… Дзеці закрычалі. Выклікалі «хуткую»…

Нічога добрага, прыгожага я ў жыцці не бачыла… Мне паміраць не страшна… Наведаў учора ў бальніцы, п'яны:

— Я дыван прадаў… Дзеці галодныя…

Мой дыван! Я год на яго грошы збірала, па дзесятачцы адкладвала. У чарзе за ім стаяла. А ён за тры дні прапіў… Дзеўкі з маёй работы прыбягалі:

— Ты глядзі, Тома, каб ён там п'яны дзяцей не пазадушваў, яны плачуць. А гэтую старэйшанькую, адзінаццаць гадкоў, ад сястры, сама ведаеш…

Калі я вярнуся дадому і ён не прынясе назад дыван… З блакітнымі кветачкамі, як зорачкамі… Два на тры… Ён прыйшоў да мяне з ручніком і з лыжкай… У адной цяльняшцы… Паранены, кантужаны… Я хацела яго на руках насіць… Як у кіно… Калі я вярнуся і ён не прынясе назад дыван…

Я ніколі не думала, што магу чалавека забіць…

Гісторыя сталінскай дзяўчынкі, пры якой баяліся расказваць палітычныя анекдоты, і пра тое, як у пяцьдзесят гадоў яна перастала верыць у вар'яцкім доме ў камунізм. Наталля Пашкевіч — выкладчык, 55 гадоў

— Два гады я насіла з сабой яд… І мой муж… У любы момант… Мы дамовіліся: калі нас загоняць у тупік — жыць не будзем. Зламанымі, прыніжанымі мы жыць не будзем. Сяброўка робіць у аптэцы… Я доўга яе прасіла… Я не прызнавалася, навошта, дзеля чаго… Яна дастала нам мыш'як…

Мне здаецца, быццам я пражыла некалькі жыццяў, прынамсі — тры, і я — гэта тры розныя чалавекі: першы, другі… Трэці — гэта я зараз. Зусім розныя людзі, з адным імем, з адной біяграфіяй, але яны адзін аднаго не пазналі б, не зразумелі б, яны б нават адзін аднаго ненавідзелі. Пра каго апавядаць, калі я, як вялікая матрошка: выцягнеш адну — шукай у ёй другую. Судзім сёння адно аднаго, спяшаемся: гэты быў прававерны камуніст, як ён мог пакласці партбілет? А гэты стаць вернікам, хадзіць у царкву? Выкінуць у смеццеправод збор твораў Леніна — падмануў! (Сустракала і такіх…) Маліцца новым Багам… Так, можна! Я ў гэта веру… Я гэта ведаю… Іншым разам здаецца, што я пражыла не сваё, а чыёсьці жыццё… На мастацкай выстаўцы неяк іду — карціна: бэз, лаўка і жанчына ў доўгай сукенцы… Стаю і не магу адысці…

Была дзяўчынка… Дзяўчынка з далёкага Петрапаўлаўска-на-Камчатцы, цяпер — вялікі горад, а тады — раскіданыя вайсковыя пасёлкі з адной расейскай школай у цэнтры. Яна любіла кнігі Мікалая Астроўскага і Жуля Верна. Марыла жыць у семнаццатым годзе, каб удзельнічаць у рэвалюцыі, бачыць жывога Леніна, ці ў дваццаць першым — дваццаць другім стагоддзях, калі зорныя караблі паляцяць да далёкіх планет. Як і іншыя хлопчыкі і дзяўчынкі, мы ўсе тады былі аднолькавыя. Я магу сказаць, што, пакуль жыў Сталін, мы ўсе былі аднолькавыя. Мой шаснаццацігадовы пляменнік нядаўна мне сказаў: «Абрыдзеў ваш Сталін! Пра Івана Грознага чытаць буду, а пра Сталіна не хачу». Неўзабаве цікавасць да яго застанецца толькі ў нас, у сталінскага пакалення. Ахвяра і кат аднолькава асуджаны, як сіямскія блізняты. Патрэбна хірургічнае ўмяшальніцтва… Каб адлучыць маю дзяўчынку ад таго сакавіцкага дня, калі яна вярнулася са школы і ўбачыла заплаканых бацькоў: «Сталін памёр!» (Але-але, зноў і зноў Сталін, пра якога вы чуць ужо не можаце, а вынь яго з нашага жыцця — нічога не застанецца, ніякага сэнсу, нават страшнага.) На вуліцы мяцеліца, мароз (у такія дні дзяцей звычайна адпускалі, зачынялі школу), але яна ставіць у кут партфель і ідзе назад. Не паабедаўшы. Як гэта сёрбаць суп, калі ён памёр? Ён!! Усю дарогу плача — сем кіламетраў, ужо двойчы тым днём пройдзеныя. Ніхто не клікаў, ніхто не загадваў, усе чысцютка вучні і настаўнікі вярнуліся ў школу. Людзі ішлі туды, дзе яны працавалі, у бібліятэкі, клубы, каб быць разам. Ланцужком брылі назад, трымаючыся за вяроўку, — у завіруху згубіш след, заблудзішся і замерзнеш. І на наступны дзень яна запомніць доўгія чорныя стужкі людзей на чыстым снезе… І жалобную музыку… І, як сігнал з космасу (так гэта далёка), голас маскоўскага дыктара: «Гаворыць Масква! Гаворыць Масква!..»

Поделиться с друзьями: