Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Зачараваныя смерцю

Алексиевич Светлана Александровна

Шрифт:

У яе быў маленькі брат, яна яго спавівала, катала ў калясцы, ёй гэта дужа падабалася.

— Ты ведаеш, — казала яна, — я яго гэтак люблю! Калі глядзяць на нас, дык думаюць, што я яго мама.

Яна заўсёды сабе нешта прыдумвала, якую-небудзь незвычайную ролю.

У яе была бабуля, яны моцна сябравалі. Калі бабуля памерла, яна доўга плакала, смуткавала. Мінула ўжо некалькі тыдняў, я паклікала яе ў кіно, каб развесяліць.

— Бабуля — мой друг, — сказала яна. — Як жа я магу смяяцца, забаўляцца? Я хачу, каб яна ведала, як я яе люблю.

У яе былі маці і бацька, абодва — канструктары на вялікім заводзе. Але пра іх яна амаль нічога не расказвала. А я з таго часу памятаю толькі голас яе мамы, яе каманды: «Інга, урокі! Інга, на музыку! Інга, у цябе — англійская!» Пасля смерці бабулі іх дом зусім змяніўся, з яго знік пах смачных абедаў, святочных піражкоў, усюды цяпер валяліся старыя газеты, часопісы, ляжаў пыл. Харч купляўся на хаду, на бягу ў кулінарыі, каб хутчэй — на стол. Інга гаварыла, што яечня — любімая маміна страва — яе асабісты вораг. Бабуля памерла ад рака. Інга і характарам, і знешнасцю была вельмі на яе падобная, і ў яе на ўсё жыццё засталася боязь, што яна таксама памрэ ад рака. Памятаю, мы з ёй шмат разважалі: як гэта — людзі лятаюць у космас, ходзяць па Месяцы, а на Зямлі рана паміраюць, не могуць адолець хваробы? Дзеці шмат гавораць пра смерць, проста дарослыя пра гэта не ведаюць, а сябе маленькімі яны звычайна ўжо не памятаюць.

Я ніколі не задумвалася: якая я? Такая, як усе, ці не такая? Памятаю толькі, што малою прачыналася і хутчэй бегла да люстэрка: што там? Вядома ж, расчараванне — той жа нос і тыя ж вусны. Але гэта ў маленстве. А яна, мне здаецца, заўсёды адносілася да сябе, як да карціны ці скульптуры ўласнай работы, дзе яшчэ можна нешта дадаць, замаляваць ці нават перамаляваць, выдзеўбаць, адсекчы лішняе. Адна наша спрэчка. Тады ў газетах шмат пісалі пра смяротнае пакаранне. І ў нас была гаворка, што ніхто не мае права на чыёсьці жыццё, у чалавека над чалавекам гэтай улады няма. Яна з гэтым пагаджалася, але дазваляла сабе ўладу над сабой, над сваім жыццём. Бунтавала: «Як гэта не мне вырашаць? А каму?» Каму? Чакайце. Я спаймала слова, якое больш за ўсё да яе падыходзіць. Вось яно — бунт! Заўсёды на ёй нейкія неймаверныя капелюшы, нейкія неймаверныя штаны ці кофты экзатычнай даўжыні — яе дражнілі: «Дзесяць лішніх сантыметраў». А ў яе гэта называлася па-іншаму: «Дзесяць сантыметраў асобы!». Спала на падлозе. Навошта? «Я хачу ведаць, якая ў мяне ўлада над маім целам». Прынцыпова не спісвала і не слухала падказак: «Я не спяваю з чужога голасу». Праўда, гэта на самай справе была нетутэйшая птушка! І справа зусім не ў тым, што яна памерла і я гэтак цяпер пра яе думаю. Я заўсёды гэтак пра яе думала…

У сёмым класе памёр адзін наш хлопчык. Мы пайшлі на пахаванне ўсім класам, і я нічога не запомніла ў той дзень, акрамя яе. Як быццам гэта яе брат памёр, нехта вельмі-вельмі блізкі. Яна потым яго ніколі не забывала, успамінала. Я пасля да гэтага яшчэ вярнуся. Дык вось пра бунт. Калі ўсе вакол паўтараюць: я люблю гэта, я люблю гэта — мы ўсе любім гэта, а адзін адыходзіць убачок і кажа: «Чаму я павінен любіць гэта?» А гул стаіць аглушальны: люблю — люблю, любім — любім… Гэта яна называла «правам цагліны», а якое права ў цагліны — легчы ў сляпы падмурак, на тое месца, куды пакладуць. Не хачу!

Калі ласка, прыклад. Урок гісторыі:

— Цяперашняе пакаленне савецкіх людзей будзе жыць пры камунізме… — Адзін адбарабаніў, другі. Мы паўтаралі гэтыя словы ўслед за настаўнікам, не спрабуючы і не падазраючы, што можна ўнікнуць у клятвенны сэнс звычна загнаных у нашы галовы слоў: верыць хто-небудзь у такую хуткую светлую будучыню ці не?

— Я не веру, што буду жыць пры камунізме, — сказала адна Інга і атрымала двойку, а была выдатніцай.

Мы ўсе ўлюбіліся ў Наташу Растову, а яна назвала яе пладавітай самкай (я мяркую, з-за пратэсту захапляцца тым, чым захапляюцца ўсе), чым прывяла ў неапісальны жах нашу Лізавету, настаўніцу расейскай літаратуры, а клас — у захапленне. Яе не любілі — ёю захапляліся! У чатырнаццаць гадоў мы з ёй марылі пра машыну часу, куды б мы трапілі, калі б у нас паявілася чароўная магчымасць падарожнічаць у часе. Яна выбрала — вайну:

— Тады я была б патрэбная!

— Але ты загінула б. Першая! Такія адтуль не вярталіся.

— Але ўсё роўна я павінна была быць там. Толькі там!

Дзіўна! Яна была прыгожая, і зусім не як хлопец гранату на ўроку фізкультуры кідала: так кідаюць букет кветак са сцэны ў глядзельную залу.

Ужо два месяцы мінула, як яе няма, а я бясконца пра яе думаю. Шукаю прычыны, якіх няма, шукаю логіку, якой не можа быць…

Вось гэты выпадак яшчэ трэба расказаць. Абавязкова! Мы вяртаемся са школы, яна ўсю дарогу маўчыць, што на яе абсалютна не падобна, яна — гаваруха. Дадому ёй не хочацца, і мы кружым, па скверы, напэўна, гадзіны паўтары.

— Ты ведаеш, мая мама — забойца, — нарэшце вырвалася ў яе, — аказваецца, Алежык (гэта яе маленькі брат) выпадкова нарадзіўся. Яна хацела яго забіць, гэта ў дарослых называецца «аборт», а дактары ёй не далі.

Не паспяваю нічога адказаць, яна спяшаецца-спяшаецца выгаварыцца.

— Я чула, як яны з татам сварыліся. Яна нядаўна зноў некага забіла. Можа, яшчэ аднаго майго браціка ці сястрычку. Ты сабе ўяўляеш — забіць Алежыка!!!

Пачынаю цяпер здагадвацца, што яе надзвычай хвалявала тэма смерці, яна баялася смерці. А што, калі вучыцца ў медінстытут яна пайшла з-за бунту супраць самой сябе, супраць свайго страху? Гэта яе ўчынак. Калі нехта з хлопчыкаў ёй зняважліва кінуў: «Ты крыві баішся!» — яна на другі дзень прынесла ў школу нож і пры ўсіх паласнула ім сабе па руцэ. Пайшла кроў, яна глядзела на яе, пакуль хтосьці з дзяўчынак не заплакаў.

Яна мне не сніцца… Гэта мучае… А раптам пакрыўдзілася. Мой муж… Яго яна ніколі не кахала… Але ён яе кахае, я заўсёды ведала, што ён яе кахае…

У яе былі свае дачыненні з рэальнасцю. Вось тут яшчэ адна разгадка, я так мяркую.

— Лепш за ўсё падарожнічаць у думках, — пераконвала яна мяне. — Калі я прыязджаю туды, на тое месца, дзе ўжо была ў марах, у фантазіях, мне не так цікава, як цікава ў думках, у жаданнях.

Свой дом, а яна казала, што ў яе будзе адзіны муж і двое дзяцей — хлопчык і дзяўчынка, яна ўяўляла так: «З мэблі — адны кніжныя шафы, усё астатняе — кнігі, і больш нічога». Кнігі для яе былі другой рэальнасцю, і яна жыла, здзяйснялася менавіта ў ёй. Апошні школьны званок. Выпускны вечар. На ёй — белая сукенка, яна такая прыгожая! Ён танцаваў толькі з ёю… Яны кружыліся… Я гэта запомніла… Дзіўна! У мяне ўжо былі хлопчыкі, але іншыя, я пра яго ніколі не думала… Яна першая сказала:

— Вы былі б шчаслівай парай. А мне трэба, каб штодня — як пасля дажджу… Чыста і нанава…

Ёй хацелася цудаў, яна прагнула цудаў: вось яна некуды пойдзе, зазвініць тэлефон, прынясуць ліст — і нешта здарыцца нечаканае. Чыйсьці голас. І нехта яе знойдзе. У нас была свая школьная кампанія, дзе ўсё трымалася на ёй. Яна прываблівала, злучала нас сваёй фантазіяй, гэта было столькі фарбаў, такі жывапіс. Паток! Пераканала мяне паступіць у кансерваторыю, стаць скрыпачкай: «Тоненькая, у чорнай доўгай сукенцы будзеш стаяць на сцэне…»

Гэтак мы ўсе ўяўлялі жыццё…

Першы год Інга ў медінстытут не паступіла, пайшла працаваць санітаркай у бальніцу:

— Мне падабаецца прынесці хворым свежую бялізну, карміць з лыжачкі. Я ўсіх іх люблю! Скончу інстытут і паеду ў дзікую глыбінку, дзе буду лячыць усё — ад кашлю і бародавак да рака.

Яна прывучала сябе да болю, да пакут, але-але, прывучала, бо не вытрымлівала, не выносіла аднаго выгляду пакут. Знячэўку ўсплывае ў памяці, як мы выходзім пасля загараднай прагулянкі з электрычкі: у руках — завялыя ў духаце і штурханіне бяссільна сінія васількі, а ў слоіку з-пад соку — ашклянелы хрушч. І яе словы: «Мы іх забілі…» У яе адсутнічаў інстынкт самазахавання, засцярога ад болю. Дзеці спалілі ў двары ката, на дроце матляўся маленькі абвуглены шкілет, быццам дзіцячы, — яна там — пабачыць! На вуліцы аварыя, крык, натоўп, яна там — пабачыць! Я яе адцягваю: «Пойдзем, ну, не трэба. Я не хачу!» Яна, бы ўкапаная, стаіць, вочы прыжмураны. Яна падганяла сябе туды, заганяла, каб стаць моцнай, выкаваць непрабіўны панцыр, збудаваць прытулак з фантазіі і думак, што калі-небудзь навучыцца ратаваць, памагаць. Наіўна спрабавала спасцігнуць тое, што яшчэ ніхто не спасцігнуў: чаму чалавек павінен гэтак пакутаваць? Нават дзіця. У яго ж яшчэ аніякіх грахоў, аніякай віны, хай бы памёр, быццам заснуў. А ён крычыць, як звераня… Яму гэтак баліць… Завошта?

Гэтак баяцца болю і выбраць такі страшны спосаб?! Павесіцца… На вачах у свайго дзіцяці…

Я бясконца пра яе думаю… Яна была самая лепшая з нас. Як мы марылі!

— Інга, калі ты паверыш, што цябе кахаюць?

— Калі мяне возьмуць на рукі і пранясуць праз увесь горад!

Яго звалі Слава. Высокі, дужы. Ён нёс яе праз увесь горад. Прывозіў з поўдня першы бэз, калі ў нас яшчэ снег ляжаў у парках. Пісаў лісты на бяросце і прысылаў іх у вялікіх кардонных скрынках з-пад лялек. Прыгожа… Святочна… Як у садзе… Як яна хацела… Сядзець у белай сукенцы… І стол засланы белым абрусам… Яны пабраліся: яму — дваццаць пяць, ёй — дзевятнаццаць. Яна першая з нашага класа выйшла замуж. Усе дзяўчынкі ёй зайздросцілі. Яшчэ да вяселля мы былі з ёю на іпадроме, глядзелі скачкі, і ў нейкі момант у яе вырвалася: «Я хачу жыць з такім напорам, як яны імчацца! Інакш нічога не адчуеш!» Усё ў яе было з выклічнікамі: не люблю, а моцна люблю, не проста добры чалавек, а вельмі добры чалавек, не проста каханы, а вельмі каханы. Вельмі-вельмі-вельмі!!!

Поделиться с друзьями: