Залатая дзіда
Шрифт:
— Чаго ж ты маўчыш? — усміхнулася дзяўчына-доля і раптам пачала памяншацца, раставаць на вачах, а на сцяжынцы з'явіліся Чарнабогавы слугі: лясун, карачун, чорт, ведзьмы, вадзянік.
— Прыйшлі? — спакойна сказаў Базыль. Чорт, задраўшы хвост, галёкнуў:
— Гэй! Падыходзьце сюды! Зараз будзем ягоную душу дзяліць! Усім па кавалачку!
Базыль адчуў, як нешта сціснулася ўсярэдзіне, зашчымела. Ён хацеў кінуцца наўцёкі, але зноў з'явілася дзяўчына-доля і махнула рукою:
— Ідзі да мяне. Ты ж абяцаў. Ідзі, не бойся. Усе твае прашчуры за мной ішлі.
— Не адолею я слуг Чарнабогавых. Мне трэба яшчэ падрасці, сілы набрацца, — з роспаччу сказаў ён.
— А яны хіба будуць чакаць, пакуль ты падрасцеш? — прамовіла дзяўчына-доля і зноў знікла.
На сцяжынцы Базыль нечакана ўбачыў Марысю. На яе шыі вісела вяроўка. Яна так паглядзела на Чарнабогавых слуг, што тыя пачалі адступацца. І Марыся чамусьці пабегла за імі, крыкнуўшы Базылю:
— Ратуйся! Цябе княжацкія дружыннікі шукаюць!
Ён нічога не зразумеў: "Якія княжацкія дружыннікі? Чаму яны тут, у нашым лесе? Чаму шукаюць мяне?" Раптам уздрыгнула, закалацілася зямля. На сцяжынку вылецелі коннікі ў паласатых татарскіх халатах і цёмнай хмарай панесліся на яго. "Зараз наваляцца, растопчуць капытамі," — прамільгнула ў галаве. Ён наставіў рукі. Коннікі спыніліся, як па загадзе невядомай сілы. Бліжэйшы з іх, падобны на Джавада, сказаў:
— Мы дружыннікі кіеўскага князя. А ты хто? Базыль глянуў яму ў вочы:
— Няпраўда. Ты Джавад. Я пазнаў цябе. Джавад падміргнуў сваім паплечнікам:
— Так, памяць у яго някепская. Я Джавад, але служу кіеўскаму князю. А ты хто?
— Я Ярыла, — сказаў Базыль. — Я нясу людзям вясну. У мяне ёсць ключы, якія адчыняюць зямлю да жыцця. Калі я еду на сваім белым кані, то пад яго капытамі расцвітаюць кветкі.
Джавад сцёбнуў траву бізуном:
— Годзе! Хто паверыць табе? Базыль не разгубіўся:
— А ты ў людзей папытай. Яны вераць у мяне, Ярылу. Яны славяць мяне, і не толькі мяне — і Перуна, і Дажбога, і Каляду.
— Не будзе больш гэтага, — прагаварыў Джавад. — Мы зробім так, што ніхто і ведаць не будзе, што ты быў на гэтай зямлі.
І Джавад, саскочыўшы з каня, стаў падкрадвацца да Базыля.
— А-а-а! — заенчыў Базыль.
Ачышчэнне агнём
Базыль сядзеў на сцяжынцы, а побач стаяў Раман.
— Братка, — прамовіў Раман. — Ты ведаеш? Ведаеш?
— Што?
— Мне ўяўлялася, што я Ярыла.
Базыль аж галавою пакруціў. Выходзіць, не толькі яму, але і Раману ўяўлялася, што ён Ярыла. Неяк не верыцца.
Няўжо яны спалі і адзін і той жа сон прыснілі? Ні разу ён, Базыль, не чуў, каб аднолькавыя сны сніліся. Можа, проста так сказаў Раман, можа, дзеля смеху?
— І што ж ты рабіў? — пацікавіўся Базыль у брата.
— Я ішоў па сцяжынцы і сустрэў багіню Лялю.
— Багіню Лялю?
— Ага. Пасля яна знікла, а з'явілася дзяўчына-доля, падобная на яе. Яна мяне за сабою клікала.
— Пасля Чарнабогавы слугі з'явіліся? — запытаў Базыль у брата.
— З'явіліся, каб ім пуста было. І лясун, і вадзянік, і чорт рагаты, і ведзьмы ў ступах. Ляталі, кружыліся, гігікалі.
— А татары не прыскакалі на конях? Не пагражалі, што ў рацэ цябе ўтопяць?
Цяпер Раман аж галавою пакруціў.
— Былі і татары. Джавад назваўся дружыннікам кіеўскага князя.
— Ён з каня саскочыў?
— Саскочыў. Ты хіба ведаеш?
— І мне такое ўяўлялася. І я быў Ярылам, па сцяжынцы ішоў.
— Праўда?
Базыль стукнуў сабе кулаком у грудзі.
— Праўда! Дальбог! Мабыць, заснулі мы. Вось і снілася нам.
— Не. Калі б заснулі, то прачнуліся б каля елкі.
— Каля якой елкі? — не зразумеў Базыль.
— Дзе ад дажджу хаваліся. Дзе смалісты пень. Базыль глянуў у адзін бок, у другі. І праўда, няма паблізу смалістага пня, са сцяжынкі не відаць яго. Выходзіць, не ляжалі, не спалі, а па сцяжынцы ішлі. Няўжо з заплюшчанымі вачыма? Мабыць, не, з расплюшчанымі. Калі так, то сапраўды сустрэлі Чарнабогавых слугаў. Вось табе і на! Усіх адразу. Такога, відаць, ні з кім не было. Бывае, што сустрэнецца чалавек з нячыстай сілай. Але ж не з усёй адразу. Ну, чорт спакусіць ці лясун напалохае. А тут нават ведзьмаў сабралася, што грыбоў у кошыку. Так, Чарнабогавых слугаў сустрэлі. І дзяўчына-доля тут была. Але чаму дружыннікі кіеўскага князя падобныя на татараў? Дый Марыся сюды прыйшла. Яна ж у палоне.
Базыль нагнуўся, зашаптаў Раману ў самае вуха:
— Зноў Бардун падстроіў. Нездарма крычаў: "Ідзіце па сцяжынцы! Ідзіце!" Памятаеш?
Раман вылупіў вочы.
— Памятаю.
— Вось мы і пайшлі,— сказаў Базыль.
— Пайшлі,— як рэха, адгукнуўся Раман. Базыль махнуў рукою.
— Ён хутка і ў нас душы забярэ, ён жа з нячыстай сілай звязаны.
— Канешне, звязаны. На тое ён і вядзьмак.
— Я не пра гэта хачу сказаць. Я пра іншае. Нячыстая сіла, відаць, і да нас прыляпілася. Трэба ад яе агнём ачысціцца. Агонь святы, ён ачышчае.
— Твая праўда, — прагаварыў Базыль. — Збірай галлё.
Яны назбіралі сухога галля, якое ляжала паабапал сцяжынкі, пасля Базыль наламаў тонкіх сухіх былінак, склаў іх стажком, укленчыў, дастаў крэсіва, паднёс яго да стажка з былінак і пачаў высякаць іскры. Неўзабаве па былінках заскакалі жоўтыя языкі полымя. Раман стаў падкладваць тонкія сухія галінкі. Агеньчыкі прагна абхоплівалі іх. Полымя ўсё разгаралася, і вось на сцяжынцы ўжо трашчала, бушавала вогнішча.
— Будзем скакаць цераз касцёр, як хлопцы і дзяўчаты на Купалле скачуць. Інакш не ачысціцца нам ад нячыстай сілы, — сказаў Базыль.
— Давай ты першы, — прапанаваў Раман.
Базыль разагнаўся і скокнуў цераз вогнішча, на імгненне адчуўшы, як яно абдало яго сваім гарачым подыхам. За ім пераскочыў Раман, потым яшчэ раз і яшчэ. Яны плячо ў плячо селі каля вогнішча, якое ўсё разгаралася, патрэсвала.
— Цяпер нячыстая сіла да нас не прычэпіцца, — прамовіў Раман. — Святы агонь не дасць. Можа, цяпер і Бардуновы чары спадуць? Як ты мяркуеш?
— Можа, і спадуць. Паспрабуем сысці са сцяжынкі. Трэба нам у вёску бегчы.
Базыль замаўчаў. Яму здалося, што нехта чужы стаіць ззаду і глядзіць проста ў патыліцу. У патыліцы аж пякло, бы ад пажарышча-полымя. Рупіла азірнуцца, але ён сядзеў прама, бо адчуваў: азірніся — і сустрэнешся з чужымі страшнымі вачыма.
"Хто ж стаіць за спінай? Хто ж глядзіць не адрываючыся? Няўжо Бардун? А можа, сам лясун, слуга Чарнабогаў? — думаў Базыль. — Сказаць Раману ці не? Што, калі той чужынец, пачуўшы, накінецца з крыкам? Раман ад аднаго страху здранцвее. Трэба непрыкметна адпаўзці ад вогнішча і даць лататы…"