Залатая дзіда
Шрифт:
Цяпер няма каму яго весяліць. Ён вырашыў злавіць лісіцу, каб яна яго весяліла.
— І танцавала б перад ім, як мядзведзь?
— Перад ім, калі яму захочацца, не толькі лісіца, але і куры заскачуць. Певень першы ў танец пусціцца.
Бач, Раман лічыць, што гэта Бардунова работа. Лічыць, што Бардун хацеў, каб лісіца яму служыла. Мажліва, хацеў. Мядзведзя ж не кожны навучыць танцаваць. А Бардун змог. Як бы там ні было, а няма чаго тут стаяць. Можа, і цяпер Бардун за кустом сядзіць, цікуе за імі. Можа, бачыў, як лісіцу выпусцілі. Ну і няхай бачыць. Усё роўна не выйдзе па-ягонаму. Яны. Базыль і Раман, не паддадуцца яму.
— Думаеш, што не затанцуе перад Бардуном лісіца? — усё дапытваўся Раман.
— Гэтая не затанцуе, — сказаў Базыль.
— Гэтая не затанцуе, — пагадзіўся Раман. — Гэтая ўцякла.
Яны пайшлі па сцяжынцы. У Базыля было такое адчуванне, што ідуць на край свету. Нямала сцяжынак ён абышоў — і адзін, і са старэйшымі, і са сваімі сябрамі. Адна сцяжынка прыводзіла ў вёску, другая — на сунічную паляну, трэцяя — на луг, чацвёртая — на рэчку. А гэтая куды прывядзе? Ці дасць яна нейкую надзею? Ён ішоў як не сваімі нагамі. Здавалася, што нейкая чужая сіла вядзе яго, штурхае ў плечы, прымушае ісці па сцяжынцы. Але ж сцяжынка павінна скончыцца. Не бясконцая ж яна. Кожная сцяжынка дзесьці пачынаецца і дзесьці канчаецца. Можа, спадуць Бардуновы чары, калі яна скончыцца?
— Братка, табе не здаецца, што Бардун за намі сочыць, што вачэй з нас не спускае? — запытаў Раман.
— Не.
— Няма яго тут?
— Няма, кажу табе.
— А мне здаецца, што і цяпер ён на мяне глядзіць. Яны мінулі паваротку. "Гэта трэцяя", — падумаў Базыль
і ўбачыў чалавека, прывязанага вяроўкаю да сасны (яна расла пры самай сцяжынцы). На галаву гэтага чалавека была нацягнута белая світка, якая затуляла ягоны твар.
— Хто гэта? Каго прывязалі? — усклікнуў Раман. Базыль стаў адступацца назад, усё паўтараючы:
— Не бойся, не бойся, не бойся…
Ён зусім не адчуваў, што дрыжаць рукі, што калоцяцца плечы, нібы ў Бурхана, калі той жаліўся, што яму холадна.
— Уцякайма! — крыкнуў Раман і пабег у кусты. Базыль кінуўся за ім.
Сутрэча
Базыль дагнаў Рамана, спыніў яго.
— Куды ты?
— Братка, баюся…
— Раман, у мяне ўсе жылачкі трасуцца.
— Я ведаю, хто там прывязаны, — прамовіў Раман.
— Хто?
— Бурхан.
— Бурхан?
— Ён. Яго прывязалі Чарнабогавы слугі. Не даспадобы ім, што Бурхан бегае за сваёю душою. Яны ягоную душу ў балота завалаклі.
Базыль абапёрся спінаю аб хваіну. Раман кажа, што Чарнабогавы слугі прывязалі Бурхана, а ягоную душу сабе забралі. Што праўда, то праўда: розныя нячысцікі адзін перад адным стараюцца, да сябе цягнуць грэшную душу. Бурханава душа, як відаць, чорная ад грахоў. Яна для Чарнабогавых слугаў — добрая знаходка. Яны яшчэ паб'юцца за яе. Няўжо сапраўды Бурхан прывязаны? Але ж Бурхан у паласатым халаце, а ў таго, прывязанага да сасны, белая світка, нацягнутая на галаву. А можа, не? Можа, здалося, што світка? Трэба запытацца ў Рамана. Мажліва, ён памятае.
— Раман, — прамовіў Базыль, — у таго чалавека што на галаве: світка ці татарскі халат?
— Світка.
— Ты добра памятаеш?
— Запомніў. Світка.
— А на нагах што?
— Лапці на нагах! Дальбог лапці! Братка, гэта не Бурхан. Гэта… Гэта…
— Наш дзядуля? — дакончыў за Рамана Базыль.
— Дзядуля! Гэта дзядуля Піліп! Гэта ягоная світка! Дальбог!
У Базыля спярша сціснула, заняло ў грудзях, пасля адпусціла, разлілося гарачай хваляй. Няўжо сапраўды дзядуля да сасны прывязаны? Калі так, то, выходзіць, татары яго прывязалі. Жывы ён. Мёртвага вяроўкаю не прывязалі б. Выходзіць, схапілі тады, калі наваліліся на яго з усіх бакоў; не сталі забіваць, вырашылі пакараць па-іншаму. Спадзяваліся, што сканае, прывязаны да сасны. Не думалі, што хто-небудзь так хутка яго знойдзе.
— Братка, гэта дзядуля! Я табе казаў, што ён жывы. Трэба яго развязаць.
Базыль падышоў да сасны, паклікаў:
— Дзядуля!
Ані слова ў адказ.
— Можа, гэта не дзядуля? — прамовіў Раман. — Калі б быў дзядуля, то азваўся б.
— Дзядуля! — зноў паклікаў Базыль.
— Ён варушыцца! — тоненька піскнуў Раман.
І праўда, чалавек у белай світцы варухнуў галавою.
— Братка, варушыцца! Варушыцца!..
Базыль ступіў некалькі крокаў уперад, сцягнуў світку і ўбачыў знаёмы маршчыністы твар. У роце ў дзядулі была нейкая белая ануча. Ён стаяў, звесіўшы галаву.
— Дзядуля-а! — рвануўся да яго Раман.
Базыль адпіхнуў яго, выняў з дзядулевага рота анучу, кінуў яе на зямлю.
— Мой дзядуля! Мой! — усё, паўтараў, усё цягнуўся да дзядулі рукамі Раман.
— Унучак, — прашаптаў дзядуля. Раман абхапіў яго рукамі.
— Дзядуля! Міленькі! Цябе не замучылі? Цябе не білі? Табе не баліць? Ты будзеш з намі?
Базыль дастаў з кішэні завостраную жалязяку і асцярожна, каб не параніць дзядулю, разрэзаў вяроўку. Дзядуля асеў на зямлю, абняў Рамана. Раман лёг на ягоныя калені, абхапіўшы рукамі за шыю.
— Вы ўсё-ткі ўцяклі ад татараў? — прагаварыў дзядуля.
— Яны нас даганялі, але не дагналі. Мы цераз балота ад іх уцяклі,— сказаў Базыль.
— Мы Бардуна ў лесе сустрэлі,— паведаміў Раман. Дзядуля падняў галаву.
— Якога Бардуна?
— Нашага ведзьмака. Вы яго з вёскі прагналі, а ён у лесе хаціну пабудаваў і Жыве ў ёй, — растлумачыў Базыль.
— І мядзведзь з ім жыў,— падхапіў Раман. — Мядзведзя татарын Бурхан шабляй засек. А Бардун у Бурхана душу адабраў. Цяпер Бурхан за ёю па ўсім лесе бегае.
— Не трашчы, — перапыніў яго дзядуля. — Няхай Базыль расказвае. Дзе вы сустрэлі Бардуна?
Раман, не зважаючы, запытаў:
— Дзядулька, хто цябе прывязаў?
— Татары, каб на іх немач!
— Чаму яны на тваю галаву світку нацягнулі?
— Хацелі, каб свету белага не бачыў, каб у цемры паміраў, трасца ім у бок!
— Джавад так загадаў? Той самы галоўны татарын, які захацеў, каб ты з Ак-Бугаем біўся?
— Не балбачы, — зноў перапыніў яго дзядуля. — Базыль, дзе вы сустрэлі Бардуна? Раскажы. Мне ўсё трэба ведаць.
І Базыль пачаў расказваць. Потым дзядуля запытаў:
— Марысі з вамі не было?
Базыль са здзіўленнем паглядзеў на яго. Няўжо ж ён не бачыў Марысю? Яе ж татары ўзялі ў палон. І дзядуля быў у іхніх руках. Сам жа казаў, што яны яго прывязалі да сасны. Чаму ж пра Марысю пытаецца?
— Хіба ты не бачыў Марысю? — звярнуўся ён да дзядулі.
— Пасля таго як вы ў лес пабеглі, болей не бачыў яе.
Вось яно што! Татары асобна Марысю трымалі. Не хацелі, каб бачыў яе дзядуля. Як сказаць дзядулю, што татары Марысю злавілі? З чаго пачаць?