Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Залатая дзіда

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

— Дзядуля, — падаў голас Раман, — Марысю татары ў палон узялі. Нядаўна мы з Базылём бачылі, як яе Джавад вёў на вяроўцы.

Дзядуля глянуў на Базыля, паківаў галавою.

— Не ўбярог ты Марысю. А я спадзяваўся на цябе.

На вачах у Базыля выступілі слёзы. Так, ён, Базыль, згубіў сястрычку ў лесе. Але хіба ведаў, што яна адстане? Хіба ў лесе, у гушчары, адразу заўважыш, што адстала? Яны ж з Раманам вярнуліся, шукалі яе.

— Дзядуля, я… — пачаў ён. Дзядуля не даў дакончыць:

— Не трэба. Не апраўдвайся. І не крыўдуй на мяне. З горычы цяпер у мяне вырвалася. Тут не так ты, як я вінаваты. Не заўважыў я татараў. Марысю мы як-небудзь выбавім з палону. Дзесьці тут гэтыя нячысцікі. Джавад пахваліўся мне, што на нашу вёску яны нападуць, што шмат у палон набяруць.

Раман ускочыў, замахаў рукамі.

— І мы чулі, як Джавад казаў Марысі, што татку бізуном ссячэ. Калі б у мяне была дзіда, то я яму паказаў бы!

Дзядуля ўстаў, абапёршыся рукамі аб ствол.

— Ваяка ты, бачу. З дзідай на Джавада пайшоў бы! Раман шмаргануў носам.

— Я хацеў накінуцца на яго, але Базыль мяне не пусціў.

— І правільна зрабіў, што не пусціў. Базыль, ты казаў, што Бардун загадаў, каб вы ішлі па сцяжынцы. Так?

Базыль кіўнуў галавою.

— Так. Ён сказаў, каб мы тры павароткі мінулі. За трэцяй павароткай мы цябе і ўбачылі.

— Бардун за намі сачыў,— зашаптаў Раман. — Ён на нас нейкія чары напусціў. Мы не хочучы ішлі па сцяжынцы. Ён і цяпер сочыць за намі.

— Няхай сочыць, — прамовіў дзядуля. — Я яго зусім не баюся. Я даўно вывучыў ягоныя хітрыкі. Як-ніяк, разам раслі, разам гадаваліся. Я вось пра што думаю. Нездарма ён вам загадаў, каб ішлі па гэтай сцяжынцы. Чаму ж?

— Я ведаю, — сказаў Раман.

— Ведаеш?

— Ведаю. Ён хоча ў вёску вярнуцца. Нудна яму ў лесе. Гняце яго нуда. Вось і вырашыў такім чынам табе дапамагчы. Спадзяецца, што ты заступішся за яго перад грамадой. Ён хітры.

— Хітрасці ў яго хапае. Гэтага яму не пазычаць, — сказаў дзядуля. — А ў вёску ён не думае вяртацца. Ён ужо не прыжывецца сярод людзей. Дый людзі яго не любяць. Не ўклініцца ён у нашу грамаду. Нешта іншае задумаў. Прыйдзе час — разгадаем. Само наверх выплыве. Хадзем.

— А Марысю ратаваць? — пацікавіўся Раман. Дзядуля адказаў не адразу:

— Марысю мы выратуем, а цяпер трэба ісці ў вёску за падмогай.

Мядзведзь-пярэварацень

Яны паволі ішлі па лесе. Базыль вырашыў запытацца ў дзядулі пра тое, аб чым даўно думаў. — Дзядуля, — сказаў ён, — а татары даўно жывуць на нашай зямлі?

— Многія даўно, — прагаварыў дзядуля. — Нямала летаў прайшло, як яны тут прыжыліся. Пры князі Вітаўце ў нас пасяліліся. Адны кажуць, што князь іх палоннымі прыгнаў, другія — што запрасіў іх да сябе на вайсковую службу і яны ваявалі побач з беларусамі.

— Чаму ж цяпер на нас нападаюць? Чаму цяпер сталі ворагамі? — спытаў Базыль.

— Бывае, што і нашы, беларускія князі, адзін з адным ваююць, адзін аднаму чубы трасуць.

— Чаму ж яны так?

— З-за прагнасці. На чужое багацце квапяцца. Калі свайго мала, то чужое хочацца адабраць.

— Іх Чарнабогавы слугі штурхаюць на вайну, — уставіў сваё слова Раман.

— Чарнабогавы слугі шмат людзей на вайну паслалі,— сказаў дзядуля. — Вайна людзям не нясе дабра. Ад вайны душа ледзянее, застывае, як зямля пад лёдам.

Базыль задумаўся. Неяк дзіўна выходзіць. Калісьці поплеч ваявалі і польскія, і беларускія, і татарскія воі. У згодзе жылі. Чаму ж цяпер не так? Вось гэты Бурхан… Ягоны бацька, мажліва, разам з нашымі воямі ў бой хадзіў. Што ён сказаў бы Бурхану, калі б даведаўся, што ягоны сынок на дзяцей палюе? Відаць, не пахваліў бы… І тут Раман як крыкне на ўвесь голас:

— Мядзведзь!

І праўда, з густога ельніку, які яны ўжо міналі, вылез буры калматы мядзведзь. Ён устаў на заднія лапы і пайшоў проста на дзядулю. Дзядуля, шырока расставіўшы ногі, моўчкі глядзеў на яго. У Базыля перахапіла дыханне. Чаму стаіць дзядуля? Чаго ён чакае? У яго ж з сабою нават нажа няма. Няма чым абараніцца. Разарве яго мядзведзь.

— Дзядуля, уцякай! — гукнуў Базыль. "Э-э-э!.." — зароў мядзведзь.

Дзядуля, чаго Базыль ніяк не чакаў, кінуўся на мядзведзя і, размахнуўшыся, з усёй сілы рэзнуў яму па вуху. Мядзведзь перакуліўся на зямлю, задраў лапы. Дзядуля схапіў яго, прыўзняў і кінуў на кучу ламачча. Базылю здалося, што мядзведзь застагнаў, як чалавек.

Базыль не верыў сваім вачам: дзядуля расправіўся з самым дужым лясным зверам, нібы з якім-небудзь лядашчым зайцам! Няўжо гэты мядзведзь за зіму зусім знясілеў, аслабеў?

Мядзведзь ляжаў на кучы ламачча, дрыгаючы нагамі.

— Годзе табе качацца! — крыкнуў дзядуля. — Скідай шкуру! Дзяцей ты можаш напалохаць, а мяне на мякіне не правядзеш. Я твае звычкі добра ведаю.

"Чаму ж ён на мядзведзя крычыць, як на чалавека? Быццам той яго зразумее, — ніяк не мог даўмець Базыль. — Загадвае, каб шкуру скінуў. Хіба мядзведзь можа яе скінуць?"

— Чаго ляжыш? Уставай! — зноў крыкнуў дзядуля. Мядзведзь працягла застагнаў і, перакаціўшыся, устаў. Дзядуля рвануў рукою за шкуру і сцягнуў яе з галавы.

— Бардун! — піскнуў Раман.

Сапраўды, гэта быў Бардун. Ён стаяў і часта-часта дыхаў.

— Мядзведзь-пярэварацень! — плюнуў пад ногі дзядуля. Да яго падскочыў Раман.

— Дзядуля, як ты пазнаў, што гэта Бардун?

— Пазнаў. Я ведаў, што ён нас не пакіне. Мядзведжую шкуру на сябе нацягнуў. Цьфу!

Бардун тупнуў нагою.

— Думаеш, што твая ўзяла? Я з табою даўно хацеў сустрэцца.

"Дзядуля, яшчэ раз дай яму ў вуха", — хацеў крыкнуць Базыль, але стрымаўся.

— Ну і што? Што ты мне скажаш? — прагаварыў дзядуля. Бардун, як казёл, затрос барадою.

— Скажу! Канешне, скажу! Слязьмі заплывуць твае вочы, душа крывёю абальецца, у вушах цапамі застукае, колкамі грудзі праткне…

"Колькі ж у яго злосці! Колькі нянавісці! — жахнуўся Базыль. — Каб прымеў, то дзядулю зубамі грыз бы, як Бурхан нежывога мядзведзя. Добра яму дзядуля заехаў поўху. Пачухаецца сёння".

— Што ты мне хацеў сказаць, пярэварацень? — праз зубы працадзіў дзядуля.

— Я мог бы зрабіць так, каб ты адубеў. Ды не буду. Ты і без мяне адубееш. Нябось, пацямнела ў цябе ўваччу, калі даведаўся, што ўнучка ў палоне?

Поделиться с друзьями: