Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Залатая дзіда

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

Патыліцу пякло агнём. Базыль не стрываў, азірнуўся: ззаду, выскаліўшы зубы, стаяў Бурхан.

Не, Базыль не закрычаў, хоць і хацелася яму крыкнуць на ўвесь свет. Ён ускочыў, сілком падняў Рамана, прытуліў яго да сябе.

— А-а-а! — усклікнуў Раман, калі заўважыў Бурхана. Бурхан падышоў бліжэй, прагаварыў:

— Мая душа захацела каля цяпельца пагрэцца. Няхай грэецца. І я разам з ёю пагрэюся.

— Няма яе тут! Няма! У балоце яна! Там яе шукай! — залямантаваў Раман.

— Няхай грэецца. Я таксама пагрэюся. Холадна мне. Ой, як холадна! — Бурхан стаяў, калаціўся, нібы сапраўды марозам праняло яго.

Базылю здалося, што на плечы наваліўся цяжар. "Няўжо Бурханава душа на мяне насела?" — прамільгнула ў галаве.

— Братка-а… — прагаварыў Раман. Бурхан працягнуў рукі да агня.

— Не пускалі мяне. Не хацелі, каб я тут пагрэўся. А маю душу пусцілі, месца ёй далі.

— Яна сама. Сама п-прыляцела, — сказаў Базыль.

— Сама?

— Але, с-сама прыляцела.

— Прыляцела. Яна доўга ляцела. Ёй цёпла, і мне цёпла. Ці не так?

— Так, — кіўнуў галавою Раман.

— Цьфу! — раптам плюнуў у агонь Бурхан і, крыкнуўшы: "Мая душа ўцякае!", ірвануў у лес.

Базыль з палёгкай уздыхнуў.

Лісіца ў пастцы

— Братка, адпусці маю руку, — папрасіў Раман.

Толькі цяпер да Базыля дайшло, што ён усё яшчэ трымае Рамана за руку. Неспадзявана з'явіўся Бурхан. Не думалася, што прывалачэцца да вогнішча. Бач, ягонай душы захацелася пагрэцца, холадна ёй стала. І сам тросся, нібы яго голым узімку на мароз з хаты выгналі. Сонейка свеціць, прыпякае, а яго ад холаду калоціць.

Базыль адпусціў Раманаву руку.

— Пойдзем адгэтуль, пакуль Бурханава душа да вогнішча не вярнулася. І ён за ёю прыпрэцца. Пабачыш, — заморгаў вачыма Раман.

Яны пайшлі па сцяжынцы. У Базыля цяпер было адно жаданне: як мага далей адысціся ад гэтага заклятага месца, якое аблюбавала не толькі Бурханава душа, але і Чарнабогавы слугі. Ды неўзабаве яны ўбачылі такое, ад чаго зноў вочы на лоб палезлі: каля сцяжынкі нерухома стаяла лісіца і глядзела на іх.

Базылю не раз прыходзілася бачыць лісіц. І не толькі ў лесе, але і на полі, на лузе, нават каля самай вёскі. Звычайна яны ўцякалі, заўважыўшы чалавека. А гэтая стаіць, што авечка, і пазірае.

— Чаго яна ўставілася на нас? — усклікнуў Раман.

— Не ведаю, — прамовіў Базыль. Раман тупнуў нагою:

— Э-э-э!..

Лісіца нават не ўздрыганулася. Усё гэтак жа нерухома стаіць і пазірае.

Раман пакруціў галавою:

— Яна нейкая зачараваная.

"Няўжо і гэтая зачараваная?" — падумаў Базыль. Ён, хоць і калацілася сэрца, падышоў бліжэй і ўбачыў на шыі лісіцы тонкую валасяную пятлю. Яна адным канцом была прывязана да стволіка асінкі. Яму адразу ўсё стала зразумела. Бегла небарака і трапіла галавою ў пятлю.

— Э-э-э!.. — зноў гукнуў Раман. Базыль спыніў яго:

— Не галёкай. Лісіца ўсё роўна не пабяжыць.

— Чаму?

— Пятля на шыі.

— Вунь яно што! — прамовіў Раман.

— Мусіць, лісіца нядаўна ў пятлю ўлезла, — сказаў Базыль.

— Без дапамогі не вылезе, — заўважыў Раман.

— Трэба вызваліць яе, — загарэўся Базыль.

— Хочаш пятлю з шыі зняць?

— Хачу. — Базыль асцярожна, каб не напалохаць лісіцу, падышоў да яе. А яна са злосцю глянула на яго, ашчэрыла зубы.

— Асцярожней! Укусіць! — папярэдзіў Раман. Базыль засунуў руку ў кішэню, намацаў у ёй вострую жалязяку. Нядаўна ён яе знарок на камені адтачыў. Такой жалязякай можна і лук зрабіць, і стрэлы да яго.

— Раман, ідзі сюды, — паклікаў ён брата. Раман падышоў.

— Чаго?

Базыль дастаў з кішэні завостраную жалязяку, працягнуў яму.

— Бяры.

Раман узяў яе, пакруціў, разглядваючы. А Базыль падняў з-пад куста кій, на канцы якога была рагулька — дзве галіны, якія разыходзіліся ў розныя бакі.

— Базыль, што ты хочаш зрабіць? — пацікавіўся Раман.

— Будзем лісіцу з палону выручаць.

Лісіца зноў завурчэла, ашчэрыла зубы. Раман адступіў убок.

— Ну й злосная! Братка, не лезь да яе. Дабром цябе прашу. Пакалечыць руку.

Базыль, рэзка павярнуўшыся, рагулькай з сілай прыціснуў галаву лісіцы да зямлі. Лісіца ўстрапянулася, імкнучыся вызваліцца.

— Раман, рэж пятлю!

Раман падскочыў да лісіцы, узяўся за валасяную пятлю і паласнуў па ёй завостранай жалязякай. Базыль адпусціў рагульку, і лісіца кінулася ў кусты.

— Ату-у!.. — наўздагон ёй галёкнуў Раман.

Базыль зірнуў на Рамана. Гараць у яго вочы, аж пабліскваюць.

— Ну й рванула лісіца! — прамовіў ён. — Аж праз галаву кульнулася.

— Хіба ж ты бачыў, што яна праз галаву кульнулася? — усміхнуўся Базыль.

Раман пачырванеў.

— Бачыў. За кустом праз галаву кульнулася.

Базыль не стаў спрачацца з братам, не стаў даказваць, што той махлюе. Галоўнае, што лісіцу з пятлі вызвалілі, добрую справу зрабілі.

— Братка, я ведаю, хто тут пятлю прывязаў,— сказаў Раман.

— Хто?

— Бардун.

Ці мог ён, Базыль, пагадзіцца з братам? Вядома ж, не. Хіба Бардун не ведае, што цяпер, у самым канцы вясны, лісіца ліняе, што з яе футра нават шапкі не пашыеш? Відаць, хтосьці проста так, дзеля забавы, ад няма чаго рабіць пятлю прывязаў. Можа, нават татары. Убачылі, што паблізу нара, і прывязалі пятлю.

— Братка, Бардун хацеў лісіцу злавіць, — сказаў Раман. Базыль усміхнуўся краёчкамі вуснаў.

— Канешне, лісіцу, а не мядзведзя. Ды толькі не Бардун.

— Ён! У яго быў мядзведзь, а цяпер няма. Для чаго ён мядзведзя трымаў? Га?

Базыль ніяк не мог даўмецца, чаму так заўзята даказвае брат. Далася яму гэтая лісіца ў знакі. Ну, можа, нехта вырашыў злавіць яе. Ну і злавіў бы. Тут трэба глядзець, каб татары не злавілі, трэба падумаць, як з Бардуновых лапаў вырвацца.

— Дык для чаго Бардун мядзведзя трымаў? — запытаў Раман.

— Каб весяліў яго, каб танцаваў перад ім, — неахвотна сказаў Базыль.

— Во! Во! — падхапіў Раман. — Мядзведзь яго весяліў.

Поделиться с друзьями: