Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Залатая дзіда

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

Базыль да болю прыкусіў губу. Радуецца вядзьмак, што Марыся ў палоне. Відаць, чуў, калі Раман паведаміў пра гэта дзядулі. Хаваўся, у кустах стаяў. Можа, нават у мядзведжай шкуры.

Дзядуля падняў кулак, патрос ім:

— Пярэварацень, замаўчы! Бардун адступіўся назад.

— Маўчаць? Я во колькі маўчаў, жывучы ў лесе! Нарэшце выкажуся.

— Прарвала цябе? Ну, выкажыся. Паслухаю, пакуль ёсць цярпенне.

— Паслухай! Паслухай! Тваю ўнучку на вяроўцы вялі. І цяпер яна сядзіць на вяроўцы. Скуголіць…

Базыль заўважыў, як ураз пачырванеў дзядуля.

— А ты не заскуголіш?

— Я не заскуголю. Здох бы ты, калі б не я! Ведаеш, чаму я тваіх унукаў паслаў, каб цябе развязалі?

— Чаму?

— Я хацеў, каб яны… Хацеў, каб яны табе сказалі, што Марысю татары на вяроўцы трымаюць. Цяжка табе. Папа-мучышся… Як я ў лесе мучуся… Не, я не хачу, каб ты здыхаў. Хачу, каб мучыўся. Хачу, каб боль у сэрцы насіў… На вяроўцы твая ўнучка, на вяроўцы… Кхе-кхе-кхе…

Базыль думаў, што цяпер дзядуля не стрымаецца, дасць Бардуну поўху, але ён плюнуў, павярнуўся і пайшоў.

Сустрэча з бацькам

Базыля вельмі здзівіла, што дзядуля зусім не баяўся Бардуна: у злосці вядзьмак немаведама што мог зрабіць з ім. Таму Базыль не вытрываў, пацікавіўся:

— Дзядуля, ты не баішся Бардуна?

Дзядуля на хаду адламаў галінку, сцёбнуў ёю па траве.

— Бачылі, як злосць з яго перла? Раман замахаў рукамі.

— У яго галава траслася, як у індыка. І сам ён надзьмуўся, як індык. Я думаў, што яго разарве.

— Такога не разарве. Такі сам гатовы разарваць. Радуецца, што дзіця ў палоне. Няхай парадуецца. Яшчэ і сам на вяроўцы будзе сядзець. Пабачыць, як браць грэх на душу.

— Ты яго пасадзіш на вяроўку? — запытаў Раман.

— Без мяне знойдуцца дабрадзеі.

— Хто?

— Думаю, што татары. Швэндаюцца яны па ўсім нашым лесе. І на ягоную хаціну натрапяць, знойдуць яе. Думае, што пашкадуюць яго. Не. Бокам яму ўсё вылезе.

Базыль адчуў, як заказытала ў грудзях. Лепей не напамінаў бы дзядуля пра татараў. Кажа, што па ўсім лесе швэндаюцца. Што, калі зараз з кустоў выскачаць, наваляцца? Зноў дзядулю прывяжуць да сасны, а Рамана і яго, Базыля, разам з Марысяй у чужыя землі павядуць, у рабства там прададуць.

— Дзядуля, глядзі, каб на татараў не натрапіць, — папярэдзіў ен.

— Гляджу, прыглядаюся. Цяпер знянацку не захопяць. Дурань той, хто два разы аб адзін і той жа камень спатыкаецца. Тым больш што татары цяпер, як мне здаецца, схаваліся, адлежваюцца. Яны ж не двухжыльныя.

— Дзядуля, ты пра нас не думаў, калі стаяў, прывязаны да сасны? — прагаварыў Базыль.

— Чаму пытаешся?

— Там, на сцяжынцы, мне здалося, што бачу цябе. Як жывога, уявіў я цябе. Ты стаяў на полі, усыпаным вострымі камянямі. Ты не мог далей ісці, бо моцна параніў ногі.

— Я не толькі ногі, але і душу моцна параніў. Не удалося ўберагчы Марысю, — уздыхнуў дзядуля.

Уперадзе забялеў танкастволы бярэзнік. Нагадалася, як тут бег за дзяўчатамі Бурхан, як яны з віскам уцякалі. Дзе ж цяпер ён? Куды завяла яго душа?

— Зараз выберамся з лесу, — сказаў дзядуля.

— Дзядуля, чаму так шмат злыдняў на свеце? — прагаварыў паціху Раман.

— Чаму? — перапытаў дзядуля. — Паслухайце, што я вам раскажу. На Каляды, калі прыходзіць халодная зіма, нават пустэльныя балоты замярзаюць. Зюзя-зімавіца сваю ўладу ўсталёўвае, да людзей прыходзіць, завірухі, сцюжы з сабою прыносіць. Як стукне, як грукне кіем па пнях, дык такія маразы наваляцца, што і дрэвы, і платы трашчаць. Каго сустрэне ў дарозе, то стараецца дагнаць, каб замарозіць. Лютуе Зюзя, бо ведае, што прыйдзе вясна і прынясе цяпло.

— Дзядуля, чаму ты нам пра Зюзю напомніў? — запытаў Раман.

— Не здагадаешся?

— Не.

— І ты, Базыль, не скажаш чаму?

Бач, які хітры дзядуля. Сам не хоча казаць. Хоча, каб падумалі. Пра што ж раней пытаўся ў яго Раман? А-а, цікавіўся, чаму так шмат злыдняў на свеце. А дзядуля расказаў, як Зюзя-зімавіца шалела, праведаўшы, што вясна, што цяпло наступіць.

— Дык не скажаш, чаму? — напомніў Базылю дзядуля.

— Ты хацеў сказаць нам, што злыдні даўно на свеце з'явіліся?

— І гэта хацеў сказаць. Не за адзін год яны распладзіліся на нашай зямлі.

— Але ж злыдні не перамогуць добрых людзей. І наша Марыся ад іх выратуецца. Так, дзядуля?

Дзядуля не адказаў, бо яны, выйшаўшы з лесу, заўважылі коннікаў, якія імчаліся па балоце. Коннікі таксама ўбачылі іх і сталі. Ад іх аддзяліўся адзін і паімчаўся да лесу.

— Татка-а! — крыкнуў Раман. — Татка на Гнядым скача!

Ён хацеў кінуцца да бацькі, але дзядуля спыніў яго:

— Пачакай.

Бацька ўсё бліжэй, бліжэй, ужо чуваць, як нокае, паганяе каня. Нарэшце падскакаў да іх, рэзка таргануў Гнядога за вобруць.

— Татка, — усхліпнуў Раман і ўхапіўся рукою за стрэмя.

— Чаго ты? — з трывогай у голасе запытаў бацька.

— Татка-а…

— Дзе вы так доўга бавіліся? Нашы дзяўчаты казалі, што нейкі татарын цягаецца па лесе. Мы чакалі, калі вы прыйдзеце, а вас усё няма і няма. Не вытрывалі, едзем вось…

— У лесе цэлы атрад татараў,— вырвалася ў Базыля. — Яны схапілі дзядулю, прывязалі яго да хвойкі, а мы ўбачылі яго і развязалі. Мы…

Бацька, не даслухаўшы, перапыніў яго:

— Дзе Марыся?

— Бяда, сынку! — глуха прагаварыў дзядуля. — Схапілі нечысці Марысю. Не ўбярог я яе.

Бацька ўзняў угору дзіду.

— Адаб'ем!

— Сынку! — памкнуўся да яго дзядуля. — Будзьце асцярожныя. Татары, як мне здаецца, у Дуброву падаліся. Яны…

— Не выпусцім іх з лесу, — працадзіў праз зубы бацька і паімчаўся да мужчын-аднавяскоўцаў.

Дзядуля з дакорам прагаварыў:

— У гарачай вадзе купаны. Нават не даслухаў мяне. Моцна ўзяло яго за душу.

— Татка абавязкова вызваліць Марысю, — прамовіў Раман.

— На ведаю, не ведаю, — двойчы паўтарыў дзядуля. — Мусіць, мне яшчэ раз прыйдзецца сустрэцца з Джавадам.

— Чаму? — не зразумеў яго Базыль.

— Ат, рознае ў галаву лезе.

— Татка вызваліць Марысю! — усклікнуў Раман.

Па балоце птушкай слаўся Гняды, а бацька нешта крычаў, махаючы дзідай.

Раманавы загадкі і гульня ў "авечачку"

Бацька вярнуўся з лесу толькі як звечарэла. Маці ні на хвілінку не заходзіла ў хату, усё выглядала, прыслухоўвалася, часам паціху плакала, прыгаворваючы: "Ой, дзецят-ка-а!.." Нарэшце на вуліцы пачуўся тупат капыт. У паўзмроку паказаўся Гняды.

Поделиться с друзьями: