ЖАНРЫ

Замежная фантастыка

Альдани Лино

Шрифт:

«Том, — у дрымоце думаў ён з бяссільнай пяшчотай так стары бацька звяртаецца да любага, даўно страчанага сына, — Том, дзе ты цяпер? Прыходзь, мы табе дапаможам, ты абавязкова павінен прыйсці, ты нам гэтак патрэбен! Мне гэта не па сіле, Том, і нікому з нас, цяперашніх, не па сіле. Калі я ўжо сам не магу з гэтым справіцца, дык хоць памагу табе. У нас ты можаш жартам забаўляцца з ракетамі, Том, вось табе зоркі — прыгаршчы каляровых шкельцаў. Бяры ўсё, што душа пажадае, у нас усё ёсць. Табе будуць да густу наша гарэнне і нашы вандроўкі — яны створаны для цябе. Мы, цяперашнія, — нікчэмныя пісакі, Том, я ўсіх перачытаў, і ніводзін не варты цябе. Я адолеў вялікае мноства іхніх твораў, Том, і нідзе ні на момант не адчуў Прасторы — для гэтага нам патрэбен ты! Дай жа старому тое, да чаго ён імкнуўся ўсё жыццё, бо, Бог таму сведка, я заўсёды чакаў, што або сам я, або хто другі напіша нарэшце сапраўды вялікую кнігу пра зоркі, — і чакаў дарэмна. Які ты ні ёсць сёння ўночы, Том Вулф, пакажы, на што ты здольны. Гэтую кнігу ты рыхтаваўся стварыць. Крытыкі кажуць — гэтая цудоўная кніга ўжо склалася ў цябе ў галаве, але тут жыццё тваё абарвалася. І вось трапіўся выпадак, Том, ты ж яго не прапусціш? Ты ж паслухаешся і прыйдзеш да нас, прыйдзеш сёння ўночы і будзеш тут раніцай, як я прачнуся? Гэта ж праўда, Том?»

Павекі Філда стуліліся; замоўк язык, які ліхаманкава лепятаў усё тую ж настойлівую просьбу-мальбу; заснулі вусны.

Гадзіннік прабіў чатыры.

Ён абудзіўся ясным цвярозым ранкам і адчуў у грудзях прыліў хвалявання, якое ўсё нарастала і нарастала. Ён баяўся міргануць — раптам тое, што чакае яго дзесьці ў доме, кінецца наўцёкі, грукне дзвярамі і знікне назаўсёды. Ён прыціснуў рукі да худых старэчых грудзей.

Удалечыні… крокі…

Адны за другімі адчыняліся і зачыняліся дзверы. У спальню ўвайшлі двое.

Філд чуў іхняе дыханне. І ўжо распазнаваў хаду. У аднаго дробныя акуратныя маленькія крокі, нібы ў павука, — гэта Боўлтан. Поступ другога выдае чалавека рослага, мажнага, грузнага.

— Том? — усклікнуў стары. Ён яшчэ не расплюшчваў вачэй.

— Гэта я, — пачуў ён нарэшце.

Ледзь толькі Філд убачыў Тома Вулфа, вобраз, што быў створаны яго ўяўленнем, лопнуў па ўсіх швах, як занадта цесная апратка на вялікім не па ўзросту дзіцяці.

— Дай я на цябе пагляджу, Том Вулф! — зноў і зноў паўтараў Філд, вылазячы з пасцелі. Яго калаціла. — Ды падыміце ж шторы, дайце на яго палюбавацца! Том Вулф, няўжо гэта ты?

Вялізны, тоўсты Том Вулф пазіраў на яго зверху ўніз, растапырыўшы цяжкія рукі, каб не страціць раўнавагі ў гэтым незнаёмым свеце. Ён паглядзеў на старога, абвёў вачамі пакой, вусны яго ўздрыгвалі.

— Ты якраз гэтакі, як цябе апісвалі, Том, толькі большы.

Томас Вулф засмяяўся, зарагатаў на ўсё горла — парашыў, мабыць, што звар'яцеў або бачыць нейкі недарэчны сон; ступіў крок да старога, дакрануўся да яго, азірнуўся на прафесара Боўлтана, абмацаў свае плечы, ногі, асцярожна пакашляў, прыклаў далонь да лоба.

— Гарачкі болей няма, — сказаў ён. — Я здаровы.

— Вядома, здаровы, Том!

— Ну і ночка! — сказаў Том Вулф. — Цяжка мне давялося. Я думаў, ніводнаму хвораму на свеце не бывала гэтак кепска. Раптам адчуваю — плыву — і падумаў: ну і гарачка ў мяне. Адчуваю — мяне кудысьці нясе — і падумаў: усё, паміраю. Падыходзіць да мяне чалавек. Я падумаў — пасланец Божы. Узяў ён мяне за рукі. Чую — электрычнасцю пахне. Узляцеў я некуды ўгору, бачу — медны горад. Ну, думаю, з'явіўся. Вось яно, царства нябеснае, а вось і брама! Адубеў я з галавы да пят, быццам мяне трымалі ў снезе. Смех бярэ, трэба мне нешта рабіць, а то зусім рашу, што з глузду з'ехаў. Вы ж не Пан Бог, га? З выгляду нешта не падобны.

Стары засмяяўся.

— Не-не, Том, я не Бог, толькі прыкідваюся. Я Філд. — Ён зноў засмяяўся. — Гэта ж трэба! Я гавару так, нібыта ён можа ведаць, хто такі Філд. Том, я Філд, фінансавы туз — кланяйся ніжэй, цалуй у руку. Я Генры Філд, мне падабаюцца твае кнігі. Я перанёс цябе сюды. Падыдзі бліжэй.

І стары пацягнуў Вулфа да шырознага люстранага акна.

— Бачыш у небе агні, Том?

— Ага, сэр.

— Феерверк бачыш?

— Бачу.

— Гэта зусім не тое, што ты думаеш, сынку. Сёння не чацвёртае ліпеня. Не як у твой час. Цяпер у нас кожны дзень — свята незалежнасці. Чалавек абвясціў, што ён вольны ад Зямлі. Улада зямнога прыцягнення даўным-даўно скінута. Чалавецтва перамагло. Вунь тая зялёная «рымская свечка» ляціць на Марс. А той чырвоны агеньчык — ракета з Венеры. І яшчэ — бачыш, колькі іх? — жоўтыя, блакітныя. Гэта міжпланетныя караблі.

Том Вулф глядзеў на ўсе вочы, быццам хлапчук-велікан, зачараваны шматкаляровымі агнявымі цудамі, што зіхацяць і кружаць у ліпеньскім змроку, і загараюцца, і разрываюцца з аглушальным трэскам.

— Які цяпер год?

— Год ракеты. Глядзі! — Стары дакрануўся да нейкіх раслін, і ў яго пад рукою яны раптам расцвілі. Кветкі былі нібы белае і блакітнае полымя. Яны палалі, іскрыліся халаднаватымі падоўжанымі пялёсткамі. Чашачкі іхнія былі футы два ўпоперак і холадна сінелі, быццам асенні месяц. — Гэта кветкі з Месяца, — сказаў Філд. — З таго боку Месяца. — Ён злёгку дакрануўся да іх, і яны асыпаліся сярэбраным дажджом, пырснулі белыя іскры і расталі ў паветры. — Год ракеты. Вось табе адпаведная назва, Том. Вось чаму мы перанеслі цябе сюды: ты нам патрэбны. Ты адзіны чалавек, які здольны саўладаць з Сонцам і не ператварыцца ў нікчэмную жменьку попелу. Мы хочам, каб ты забаўляўся з Сонцам, як з мячыкам, — з Сонцам, і з Зоркамі, і з усім, што ўбачыш па дарозе на Марс.

— На Марс? — Томас Вулф азірнуўся, схапіў старога за плячо, нахіліўся, недаверліва ўзіраючыся яму ў твар.

— Так. Ты ляціш сёння ў шэсць.

Стары ўзняў ружовы білецік, які, здавалася, аж трапятаў у паветры, і чакаў, калі Том здагадаецца яго ўзяць.

Было пяць гадзін.

— Так-так, вядома, я вельмі цаню ўсё, што вы зрабілі! — усклікнуў Томас Вулф.

— Сядзь, Том. Перастань бегаць з кутка ў куток.

— Дайце дагаварыць, містэр Філд, дайце мне закончыць, я павінен выказаць усё да канца.

— Мы ўжо столькі гадзін спрачаемся, — зняможана прамовіў Філд.

Яны прагаманілі ад ранішняга сняданка да полудня і ад полудня да вячэрняй гарбаты, пераходзілі з аднаго пакоя ў другі (а іх было тузін) і ад аднаго доваду да другога (а іх было дзесяць тузінаў); абодвум рабілася то горача, то холадна, то зноў горача.

— Усё зводзіцца вось да чаго, — сказаў нарэшце Томас Вулф. — Я не магу тут заставацца, містэр Філд. Я мушу вярнуцца. Гэта не мой час. Вы не мелі права ўмешвацца…

— Але…

— Мая работа была ў самым разгары, а сваю лепшую кнігу я яшчэ не пачынаў — і раптам вы хапаеце мяне і пераносіце на тры стагоддзі наперад. Паклічце прафесара Боўлтана, містэр Філд. Няхай ён пасадзіць мяне ў сваю машыну, якая яна там ні ёсць, і адправіць назад у тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмы год, там мой час і маё месца. Больш мне ад вас нічога не трэба.

— Няўжо ты не хочаш пабачыць Марс?

— Яшчэ як хачу! Але я ведаю, гэта не для мяне. Уся мая работа пойдзе прахам. На мяне наваліцца лавіна ўражанняў, якія я не здолею змясціць у мае кнігі, калі вярнуся дадому.

— Ты не разумееш, Том, ты проста не разумееш.

— Цудоўна разумею, вы эгаіст.

— Эгаіст? — перапытаў стары. — Так, вядома, і яшчэ які! Дзеля сябе і дзеля іншых.

— Я хачу вярнуцца дадому.

— Паслухай, Том…

— Паклічце прафесара Боўлтана!

— Том, я вельмі не хацеў табе казаць… Я спадзяваўся, што не давядзецца, што ў гэтым не будзе патрэбы. Але ты не пакідаеш мне выбару.

Стары працягнуў руку да завешанай сцяны, адсунуў заслону і адкрыў вялікі белы экран, потым пачаў круціць дыск і набіраць нейкія лічбы; экран замігцеў, ажыў, агні ў пакоі павольна згаслі — і перад вачамі ўзніклі могілкі.

Поделиться с друзьями: