Замежная фантастыка
Шрифт:
На зыходзе другога месяца Том Вулф вярнуўся на Зямлю.
Ён вярнуўся ў полымі, як у полымі і адлятаў, крокамі волата ён перасек космас і ўвайшоў у дом Генры Ўільяма Філда, у бібліятэку, дзе на падлозе грувасціліся стосы жоўтай паперы, скрэмзанай алоўкам або спярэшчанай радкамі машынапісу; стосы гэтыя трэба было падзяліць на шэсць частак, з іх складаўся шэдэўр, створаны з неймавернай хуткасцю нечалавечай упартай працай, з пастаянным усведамленнем няўмольна мінаючых хвілін.
Том Вулф вярнуўся на Зямлю, ён стаяў у бібліятэцы Генры Ўільяма Філда і пазіраў на аграмадзіны, што былі спароджаны яго сэрцам і яго рукою.
— Хочаш усё гэта прачытаць, Том? — спытаў стары.
Але ён пакруціў масіўнай галавою, шырокай далонню адкінуў назад грыву цёмных валасоў.
— Не, — сказаў ён. — Баюся пачынаць. Калі пачну, захочацца ўзяць усё гэта з сабою. А мне ж няможна забраць гэта дадому, праўда?
— Няможна, Том.
— А вельмі хочацца.
— Нічога не зробіш, нельга. У той год ты не напісаў новага рамана. Што напісана тут, павінна тут і застацца, што напісана там, павінна застацца там. Нічога нельга змяніць.
— Разумею, — Вулф цяжка ўздыхнуў і апусціўся ў крэсла. — Стаміўся я. Страшэнна стаміўся. Нялёгка гэта было. Але і здорава! Каторы гэта сёння дзень?
— Шасцідзесяты.
— Апошні?
Стары кіўнуў, і нейкі час абодва маўчалі.
— Назад у тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмы, на могілкі, пад камень, — сказаў Том Вулф і заплюшчыў вочы. — Не хочацца мне. Лепей бы я пра гэта не ведаў, страшна ведаць такое…
Голас яго замёр, ён уткнуўся тварам у шырокія далоні, ды так і застыў.
Дзверы адчыніліся. Увайшоў Боўлтан з бутэлечкай у руцэ і спыніўся за крэслам Тома Вулфа.
— Што гэта ў вас? — спытаў стары Філд.
— Даўно знішчаны вірус, — адказаў Боўлтан. — Пнеўманія. Вельмі старажытная і надзвычай лютая хвароба. Калі містэр Вулф прыбыў да нас, мне, само сабой зразумела, давялося яго вылечыць, каб ён мог справіцца са сваёю работай; пры нашай сучаснай тэхніцы гэта было зусім лёгка. Культуру мікроба я захаваў. Цяпер, калі містэр Вулф вяртаецца, трэба будзе зноў прышчапіць яму пнеўманію.
— А калі не прышчапіць?
Том Вулф узняў галаву.
— Калі не прышчапіць, у тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмым годзе ён ачуняе і паправіцца.
Том Вулф падняўся.
— Дык як гэта? Папраўлюся, падымуся на ногі — там, у сябе, — буду здаровы, і магільшчыкі застануцца з носам?
— Правільна.
Том Вулф утаропіўся на бутэлечку, рука яго сутаргава тарганулася.
— Ну, а калі я знішчу гэты ваш вірус і не дамся вам?
— Гэтага ніяк нельга!
— Ну… а калі?
— Вы ўсё разбурыце.
— Што — усё?
— Сувязь рэчаў, ход падзей, жыццё, усю сістэму таго, што ёсць і што было, што мы не маем права змяніць. Вы не можаце ўсё гэта парушыць. Безумоўна адно: вы павінны памерці, і я мушу пра гэта паклапаціцца.
Вулф паглядзеў на дзверы.
— А калі я ўцяку і вярнуся без вашай дапамогі?
— Машына Часу ў нас пад кантролем. Вы не можаце выйсці з гэтага дома. Я вымушаны буду сілком вярнуць вас сюды і зрабіць прышчэпку. Я прадбачыў, што пад канец ускладненняў не мінуць, і зараз унізе напагатове пяць чалавек. Варта мне гукнуць… самі бачыце, гэта бескарысна. Ну от, гэтак лепей. Вось так.
Вулф адступіў, азірнуўся, паглядзеў на старога, у акно, абвёў позіркам прасторны пакой.
— Даруйце мне. Вельмі не хочацца паміраць. Ох, як не хочацца!
Стары падышоў да яго, сціснуў яму руку.
— А ты паглядзі на гэта так: табе ўдалося небывалае — выйграць у жыцця два месяцы звыш тэрміну, і ты напісаў яшчэ адну кнігу — апошнюю, новую кнігу! Падумай пра гэта — і табе будзе лягчэй.
— Дзякуй вам за гэта, — сур'ёзна сказаў Томас Вулф. — Дзякуй вам абодвум. Я гатовы. — Ён закасаў рукаў. — Давайце вашу прышчэпку.
І пакуль Боўлтан рабіў сваю работу, Вулф вольнай рукою ўзяў аловак і на першым лістку першай часткі рукапісу вывеў два радкі, потым зноў загаварыў:
— У адной маёй старой кнізе ёсць такая мясціна, — ён нахмурыўся, прыгадваючы: — «…пра вандроўкі вечныя і пра Зямлю… Хто валодае Зямлёю? І навошта нам Зямля? Каб вандраваць па ёй? Ці для таго нам Зямля, каб не ведаць на ёй спакою? Кожны, каму трэба Зямля, будзе мець яе, застанецца на ёй, супакоіцца на маленькім шматку і будзе ў цесным куточку яе вечна…»
Вулф хвіліну памаўчаў.
— Вось яна, мая апошняя кніга, — сказаў ён потым і на чыстым жоўтым лістку вялікімі чорнымі літарамі, моцна націскаючы алоўкам, вывеў: Томас Вулф — пра вандроўкі вечныя і пра Зямлю.
Ён схапіў стос спісаных лісткоў, на момант прыціснуў да грудзей.
— Хацеў бы я забраць яго з сабою. Быццам расстаешся з родным сынам!
Ён адклаў рукапіс, пляснуў па ім далонню, спехам паціснуў руку Філду і пакрочыў да дзвярэй; Боўлтан падаўся за ім. На парозе Вулф спыніўся, асветлены перадвячэрнім сонцам, вялізны, велічны.
— Бывайце! — крыкнуў ён. — Бывайце!
Грукнулі дзверы. Том Вулф знік.
Нарэшце яго знайшлі, ён плёўся па бальнічным калідоры.
— Містэр Вулф!
— Га?
— Ну і напужалі вы нас, містэр Вулф, мы ўжо думалі, вы зніклі!
— Знік?
— Дзе вы прападалі?
— Дзе? Дзе прападаў? — Яго вялі начнымі калідорамі, ён пакорліва ішоў. — Ого, каб я і сказаў вам, дзе… вы ўсё адно не паверыце.
— От і ваш ложак, дарэмна вы падняліся.
І ён апусціўся на белую смяротную пасцель, ад якой ішлі слабыя чыстыя павевы ўгатаванага яму канца, блізкага канца, што пахнуў бальніцай; ён толькі дакрануўся да гэтай пасцелі — і яна паглынула яго, ахутала бальнічным пахам і халоднай бальнічнай белізной.
— Марс, Марс, — шаптаў волат-асілак у цішы ночы. — Мая найлепшая, сама лепшая, сапраўды цудоўная кніга, яна яшчэ будзе напісана, будзе надрукавана, у зусім іншы год, праз тры стагоддзі…
— Вы занадта ўзбуджаны.
— Вы так думаеце? — прамармытаў Томас Вулф. — Дык гэта быў сон? Магчыма… Харошы сон…
Яго дыханне абарвалася. Томас Вулф быў мёртвы.
Мінаюць гады, на магіле Тома Вулфа зноў і зноў з'яўляюцца кветкі. І здавалася б, што ў гэтым дзіўнага, бо нямала ж народу прыходзіць яму пакланіцца. Але гэтыя кветкі з'яўляюцца кожную ноч. Нібы з неба падаюць. Вялізныя, колеру асенняга месяца, яны палымнеюць, іскрацца халаднаватымі падоўжанымі пялёсткамі, яны быццам белае і блакітнае полымя. А ледзь толькі павее перадранішні ветрык, яны асыпаюцца серабрыстым дажджом, пырскаюць белыя іскры і растаюць у паветры. Мінула ўжо многа, многа гадоў з таго дня, як памёр Том Вулф, а кветкі з'яўляюцца зноў і зноў…