ЖАНРЫ

Замежная фантастыка

Альдани Лино

Шрифт:

— Што вы робіце? — рэзка спытаў Вулф, зрабіў крок уперад і ўтаропіўся на экран.

— Я зусім гэтага не хацеў, — сказаў стары. — Глядзі.

Могілкі ляжалі перад імі ў яркім святле летняга поўдня. З экрана дыхнула гарачым пахам летняй зямлі, разагрэтага граніту, свежасцю ручая, што цурчаў дзесьці непадалёку. У голлі дрэва пасвіствала нейкая птушачка. Сярод надмагільных камянёў пакалыхваліся пунсовыя і жоўтыя кветкі, экран рухаўся, неба паварочвалася, стары круціў дыск, усё павялічваючы і нібы набліжаючы малюнак… і вось пасярод экрана вырасла змрочная гранітная глыба — яна расце, набліжаецца, запаланяе ўсё, яны ўжо нічога больш не бачаць і не адчуваюць, і ў цемнаватым пакоі Томас Вулф, узняўшы вочы, чытае высечаныя на граніце словы — раз, другі, трэці, і, задыхнуўшыся, перачытвае зноў, бо гэта яго імя:

ТОМАС ВУЛФ

і дата яго нараджэння і дата смерці, і ў халодным пакоі пахне духмянай зялёнай папараццю.

— Выключце, — сказаў ён.

— Даруй, Том.

— Выключце, ну! Не веру я гэтаму.

— Гэта праўда.

Экран пачарнеў, і пакой накрыў паўночны купал неба; пакой зрабіўся склепам, ледзь адчувалася апошняе дыханне кветак.

— Значыцца, я ўжо не прачнуўся, — сказаў Томас Вулф.

— Так. Ты памёр тады, у верасні тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмага.

— І не дапісаў кнігу.

— Яе надрукавалі другія, яны паставіліся да яе вельмі беражліва, зрабілі за цябе ўсё, што трэба.

— Я не дапісаў сваю кнігу, не дапісаў!

— Не бядуй гэтак.

— Вам лёгка казаць!

Стары ўсё не запальваў святла. Яму не хацелася бачыць Тома гэтакім.

— Сядзь, сынку.

Маўчанне.

— Том?

Ніякага адказу.

— Сядзь, сынку. Хочаш чаго-небудзь выпіць?

Уздых, потым сцяты рык, быццам застагнаў паранены звер.

— Гэта несправядліва, несумленна! Мне трэба было яшчэ столькі зрабіць!

Ён глуха зарыдаў.

— Перастань, — сказаў стары. — Паслухай. Выслухай мяне. Ты яшчэ жывы — так? Тут, зараз — ты жывы? Ты дыхаеш і ўсё адчуваеш, праўда?

Томас Вулф адказаў не адразу:

— Праўда.

— Дык вось, — у цемры Філд падаўся ўперад. — Я перанёс цябе сюды, Том, я даю табе яшчэ адну магчымасць. Лішні месяц ці недзе каля гэтага. Думаеш, я цябе не аплакваў? Я прачытаў твае кнігі, а пасля ўбачыў надмагільны камень, які трыста гадоў тачылі вецер і дажджы, і падумаў — гэткага таленту не стала! Гэтая думка проста не давала мне жыць, павер. Не давала жыць! Я не шкадаваў грошай, абы толькі знайсці нейкую дарогу да цябе. Ты атрымаў адтэрміноўку — праўда, кароткую, дужа кароткую. Прафесар Боўлтан кажа, што, калі вельмі пашанцуе, мы здолеем пратрымаць каналы Часу адкрытымі два месяцы. Ён будзе трымаць іх для цябе два месяцы, але не даўжэй. За гэты час ты павінен напісаць кнігу, Том, тую кнігу, якую марыў напісаць, — не-не, сынкў, не тую, якую ты пісаў для сучаснікаў, яны ўсе памерлі і ператварыліся ў прах, гэтага ўжо не зменіш. Не, цяпер ты створыш кнігу для нас, для тых, хто жыве цяпер, яна нам вельмі-вельмі патрэбна. Ты пакінеш яе нам дзеля самога ж сябе, яна будзе ва ўсіх адносінах вышэйшай і лепшай за твае ранейшыя кнігі… ты ж напішаш яе, Том? Можаш ты на два месяцы забыцца пра той камень, пра бальніцу — і пісаць для нас? Ты напішаш, праўда, Том?

Пакой павольна запоўніла святло. Том Вулф стаяў і глядзеў у акно — вялізны, масіўны, а твар бледны, стомлены. Ён глядзеў на ракеты, што праносіліся ў няяркім вечаровым небе.

— Я спачатку не зразумеў, што вы для мяне зрабілі, — сказаў ён. — Вы мне даяце яшчэ крыху часу, а час для мяне даражэй і патрэбней за ўсё, ён мой сябар і вораг, я заўсёды з ім ваяваў, і аддзякаваць вам я, мабыць, магу толькі адным спосабам. Хай будзе па-вашаму. — Ён запнуўся. — А калі я скончу работу? Што тады?

— Вернешся ў бальніцу, Том, у тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмы год.

— Інакш немагчыма?

— Мы не можам змяніць Час. Мы ўзялі цябе ўсяго на пяць хвілін. І вернем цябе на бальнічны ложак праз пяць хвілін пасля таго, як ты яго пакінуў. Такім чынам, мы нічога не парушым. Усё гэта ўжо гісторыя. Тым, што ты жывеш зараз з намі, у будучым, ты нам не пашкодзіш. Але калі ты адмовішся вярнуцца, ты пашкодзіш мінуламу, а значыцца, і будучаму, там шмат што перакруціцца, будзе хаос.

— Два месяцы, — сказаў Томас Вулф.

— Два месяцы.

— А ракета на Марс ляціць праз гадзіну?

— Ага.

— Мне патрэбны папера і аловак.

— Вось яны.

— Трэба збірацца. Да пабачэння, містэр Філд.

— Шчасліва, Том.

Шэсць гадзін. Заходзіць сонца. Неба чырванее, нібы віно. У прасторным доме цішыня. Горача, але старога прабіраюць дрыжыкі, і вось нарэшце з'яўляецца прафесар Боўлтан.

— Ну як, Боўлтан? Як ён сябе адчуваў, як трымаўся на касмадроме? Ды гаварыце ж!

Прафесар усміхаецца.

— Ён проста асілак — гэтакі велікан, любы скафандр для яго занадта малы, давялося тэрмінова рабіць новы. Шкада, вы не бачылі, што гэта было: ён усё-ўсё абышоў, усё абмацаў, да ўсяго прынюхваецца, нібы вялізны сабака, гаворыць несціхана, а вочы круглыя, ненажэрныя, і ад усяго прыходзіць у захапленне — ну сапраўдны хлапчук, дый годзе!

— Дай Бог, дай Бог! Боўлтан, а вы і праўда пратрымаеце яго тут два месяцы?

Боўлтан насупіўся.

— Вы ж ведаеце, ён не належыць нашаму часу. Калі энергія тут хоць на момант аслабне, Вулфа адразу прыцягне назад у мінулае, як папяровы мячык на гумцы. Паверце, мы ўсімі спосабамі стараемся яго ўтрымаць.

— Гэта неабходна, зразумейце! Нельга, каб ён вярнуўся, не закончыўшы кнігі! Вы павінны…

— Зірніце! — перабіў Боўлтан.

У неба ўзляцела серабрыстая ракета.

— Гэта ён? — спытаў стары.

— Ён, — сказаў прафесар. — Гэта Вулф ляціць на Марс.

— Брава, Том! — загарланіў стары і затрос кулакамі над галавой. — Дай ім перцу!

Ракета патанула ў вышыні, яны праводзілі яе вачамі.

Да апоўначы да іх дайшлі першыя старонкі. Генры Ўільям Філд сядзеў у сябе ў бібліятэцы. Перад ім на стале гудзеў апарат. Апарат паўтараў словы, што былі напісаны далёка з таго боку Месяца. Ён выводзіў іх чорным алоўкам, дакладна аднаўляючы паспешлівыя каракулі Тома Вулфа, якія ён нагрымзоліў за мільён міляў адгэтуль. Ледзьве дачакаўшыся, каб на стол лёг стосік папяровых лісткоў, стары схапіў іх і ўзяўся чытаць, а Боўлтан і слугі стаялі і слухалі. Ён чытаў пра Прастору і Час, і пра палёт, пра вялікага чалавека ў вялікай дарозе, пра доўгую поўнач і пра холад космасу, і пра тое, як згаладалы чалавек з прагнасцю паглынае ўсё гэта і патрабуе яшчэ і яшчэ. ён чытаў, і кожнае слова было поўна гарэння, і грому, і тайны.

Космас як восень, пісаў Томас Вулф. І гаварыў пра пустэльны змрок, пра адзіноту, пра тое, які маленечкі закінуты ў космасе чалавек. Гаварыў пра вечную восень, якая ніколі не канчаецца. І яшчэ пра міжпланетны карабель, пра тое, як пахне метал і які ён навобмацак, і пра пачуццё высокага лёсу, пра няўрымслівае захапленне, з якім нарэшце адрываешся ад Зямлі, пакідаеш за сабою ўсе зямныя задачы і журботы і імкнешся да задачы куды больш цяжкай, да журбы куды больш горкай. Сапраўды, гэта былі цудоўныя старонкі, і яны гаварылі тое, што абавязкова трэба было сказаць пра Сусвет і чалавека і пра яго малюпасенькія ракеты, якія згубіліся ў бязмежжы космасу.

Стары чытаў, пакуль не ахрып, за ім чытаў Боўлтан, потым астатнія — да глыбокай ночы, калі апарат перастаў пісаць і ўсе зразумелі, што Том ужо ў пасцелі, там, у ракеце, якая ляціць на Марс… мабыць, ён яшчэ не спіць, не, яшчэ доўга ён не засне, так і будзе ляжаць без сну, быццам хлапчук напярэдадні адкрыцця цырка: яму ўсё не верыцца, што ўжо збудаваны вялізны, чорны, увесь аздоблены каштоўнымі камянямі балаган, і паказ пачынаецца, і дзесяць мільярдаў зіхатлівых акрабатаў гайдаюцца на туга напятых дратах, на нябачных трапецыях Прасторы.

Поделиться с друзьями: