ЖАНРЫ

Замежная фантастыка

Альдани Лино

Шрифт:

— Хто ведае, хто ведае… — задуменна ківаў галавой мужчына. — Магчыма, надыдуць такія часы, калі нават з цябе не злітуецца бурлівы паток часу. І навакольны свет уварвецца ў тваю келлю ў абліччы здзічэлага разбойніка, які падобна зверу блукаў па дарогах…

— Няхай… Ці звяры, ці разбойнікі — што мне да іх? — яе голас спяваў, як сярэбраны званочак, а пальцы яе абрывалі ліставую капусту. — Калі знойдуць у маёй келлі што ўзяць — няхай бяруць. Я і сама аддам. А жыццё будуць патрабаваць, таксама аддам, не шкада. Усё роўна ж памру калі-небудзь. Не павінен чалавек скупіцца на падарункі. Табе я падарыла лона сваё, а іншаму, можа, падару жыццё…

І тады мужчына ўстаў, і працягнуў рукі, і павёў яе ў келлю. А на галерэю, якая караблём плыла ў сонечным патоку, прыляцелі птушкі нябесныя, збегліся малпы з бліжняга лесу і раскідалі насенне ліставой капусты, пакуль іх не напалохаў вокліч радасці Хамы.

А мужчына з сумам думаў, што сіла яго сыходзіць, што ён старэе…

І меў ён рацыю, калі гаварыў пра неспакойнасць смутнага часу. Міжусобіцы не сціхалі, правіцелі падаўлялі народ, народ бунтаваў, і кожны — крыўдзіцель і пакрыўджаны караў ні ў чым не вінаватую зямлю агнём і мячом. Вёскі гарэлі, і сяляне, якія ўзняліся з выгарэлай зямлі, ішлі бадзяцца па дарогах.

Аднойчы натоўп здзічэлых людзей, якія выпадкова праходзілі міма, уварваўся ў хаціну і збіў мужчыну да смерці, таму што ён не хацеў аддаць дзве дзяругі, што закрывалі ўваход у келлю.

Мужчына, некалі магутны воін, нядоўга супраціўляўся: быў ён ужо не малады і сіла яго згасла. Труп яго, раздзеты дагала, кінулі ў снег.

А Хамы не было — яна пайшла ў сяло па міласціну…

3

А потым…

Хама ўспамінала. Яе пальцы, якія прывыклі перабіраць ружанец, цяпер перабіралі пажоўклыя лісты паперы — памятныя нататкі пра былое.

А потым насталі ўжо зусім страшныя часы. Ода Набувага напаў на князя Асакуру. Услед за гэтым Тоетомі Хідресі пайшоў уціхамірваць паўночныя правінцыі. Як жа любяць мужчыны займацца забойствам, войнамі і праліваць кроў. Хіба ёсць у гэтым сэнс — адбіраць адзін у аднаго па чарзе землі і плаціць сваім жыццём за чужое жыццё?..

У памятных запісах было шмат імёнаў — усё, што засталося ад людзей, якія былі некалі цёплай і жывой плоццю. Добра, хоць імёны захаваліся — як бы іначай яна памінала іх у сваіх малітвах?

Кім яны былі, гэтыя людзі, што ўрываліся ў ціхую душу Хамы, падобна парывам ураганнага ветру? Военачальнікі і простыя воіны, майстры чайнай цырымоніі і простыя падарожныя, якія збіліся з дарогі. Іх прыводзіў да яе выпадак, і выпадак час ад часу выкрадаў яе са сцен келлі і пераносіў у які-небудзь замак, дзе яна рабілася чарговай наложніцай князя.

А потым на замак ішоў вайною другі князь і забіваў гаспадара, і Хама вярталася ў сваю келлю.

Былі і незвычайныя сустрэчы.

Аднойчы ў келлю прыйшоў чалавек, які таксама, як і Хама, прыняў манаства і насіў чорную расу і саламяны капялюш. Яны сядзелі на галерэі, і свет быў сярэбраны ад месяца і звонкі ад спеваў цыкад.

І гутарка ў іх была поўная і чароўная, як круглявы месяц, які каціўся па небе. Манах, надзіва дасведчаны ў майстэрстве вершаскладання, гаварыў павольна і спакойна, але ў яго голасе і ў позірку заўважалася нешта, што прымушала думаць, быццам перажыў ён глыбокае ўзрушэнне і ўбачыў на свае вочы зменлівасць свету. Сапраўды, чалавечы лёс не больш чым воля рукі гасподняй!

І Хама адчула каханне да мужчыны — гэта здаралася з ёю рэдка, вельмі рэдка, — і пры расставанні папрасіла што-небудзь на памяць. Ён сумна ўсміхнуўся, сказаў: «Ну што ж…» і напісаў на памінальнай таблічцы вершы ў стылі «дзеку», а пад імі дату і сваё імя.

— Прашу цябе, нікому не паказвай, — сказаў ён, і яны рассталіся.

Прайшло многа-многа гадоў. На свеце настаў мір. І так было ціха і спакойна навокал, што ў вёсцы ля падножжа гары сярод заможных сялян завялося нямала аматараў чайнай цырымоніі і нават паэзіі. Адзін такі аматар часта падымаўся на гару і прыходзіў у келлю Хамы на чайную цырымонію. Можа, пустэльніца абуджала ў ім невыразную цікаўнасць, а можа, ён і праўда глыбока паважаў яе хатні алтар — хто ведае, але толькі аднойчы гэты чалавек, асцярожна перабіраючы Хаміны рэліквіі, выпадкова знайшоў таблічку з вершамі невядомага манаха. Ён уважліва прачытаў і перачытаў вершы і здзіўлена ўсклікнуў:

— Не можа быць! Подпіс без сумнення належыць Акэці Міцухіда! Без сумнення… Паважаная пустэльніца, прашу вас, скажыце, як апынулася тут гэтая таблічка? Але дзіўна… Дата… на тры гады пазней, як Міцухіда загінуў у Хонадзі… Што? Вандроўны манах напісаў?.. Ха-ха-ха! Ну і спрытнюга! Ашукаў вас, пані пустэльніца, гэты багамолец Буды!

Ёй было ўсё роўна, ці наведаў яе келлю Акэці Міцухіда, ці вандроўны манах, які паставіў яго подпіс, ці яшчэ нехта. Якое гэта мела значэнне? Хіба не было той дзіўнай ночы і дзвюх душ, якія зліліся разам у сярэбраным і звонкім свеце, дзе ўладарылі месяц, цыкады і духмяныя начныя травы?..

А потым… Што ж было потым?.. Ды шмат рознага. Быў багацей з Эда, вялікі аматар жаночага цела, які пратаптаў сцяжынку да яе келлі. Доўга ён угаворваў Хаму ўступіць яго страсці і нарэшце ўсё ж такі звёз яе ў Эда і падарыў ёй дом.

Быў цясляр, прастадушны чалавек. Пажылі яны з ім сям'ёю як мае быць.

Але мужчыны рана ці позна паміралі. І кожны раз, адслужыўшы хаўтуры, Хама вярталася ў сваю келлю.

Ішлі гады. Змяняліся эпохі. Змянялася жыццё. Толькі адна Хама заставалася ранейшай.

— Пані… — ад саду да галерэі падышоў слуга. — Дыліжанс каля варот.

— Зараз іду…

Хама схавала ў маленькі скрутак памятныя запісы — маёмасць, з якой яна некалі прыйшла ў гэты дом і з якой цяпер адыходзіла, яшчэ раз, набожна склаўшы рукі, пакланілася таблічцы з імем нябожчыка і ўстала.

Гэты апошні яе муж быў вельмі багаты. Ён атрымаў у спадчыну ад бацькі цэлую флатылію, якая хадзіла ў кабатажнае плаванне, а з надыходам эпохі Мейдзі яшчэ больш разбагацеў на гандлі рысам. Хама спадабалася яму. Згвалціўшы яе, ён прымусіў яе пераехаць у Токіо, а калі ў яе адраслі валасы, зрабіў пустэльніцу сваёй афіцыйнай палюбоўніцай і падарыў асабняк.

У гэтага багацея было яшчэ шэсць палюбоўніц, і кожнай — свой асабняк. Законная жонка жыла ў раскошным доме, які называўся палацам, дзень і ноч аплакваючы здрадніка-мужа. Так яна і памерла — у слязах і раскошы. Дзве яго ўтрыманкі, прыхапіўшы каштоўнасці, збеглі з маладымі хлопцамі, і тады ён афіцыйна ажаніўся з Хамай. Вяселле, праўда, было сціплае, ніякіх гасцей не запрашалі.

Яго дачка ад першага шлюбу атрымала ў спадчыну бацькаву ліхую кроў — і аднойчы збегла з рыкшам і з таго часу пайшла па благой дарозе. Сын бадзяўся па прытонах і ўрэшце, згаварыўшыся з некалькімі гулякамі і гульцамі, якія праматалі ўсё, скончыў самагубствам. Аднак памёр толькі ён, тыя выжылі. Хамін муж і сам дрэнна скончыў: за хабар чыноўнікам сеў у турму, праз тры гады вярнуўся дадому паралізаваны, у каросце. За гэты час усё яго багацце сплыло, захаваўся толькі асабняк, які некалі называўся палацам, а цяпер пераўтварыўся ў сапраўдны дом з прывідамі.

Поделиться с друзьями: