Замежная фантастыка
Шрифт:
— Эге-ге! — крыкнуў начальнік. — Спяшайся! Давай хутчэй у сховішча! — потым ён угледзеўся ў твар маладога інжынера. — Што з табою?
Той плакаў.
— Ты бачыў яе? Знайшоў? — Начальнік схапіў яго за руку. — Кажы!
Малады інжынер апусціўся на падлогу. Халодны бетон. Шэрыя сцены сховішча. І слёзы на запаленых чырвоных вачах.
— Я знайшоў яе, — сказаў ён.
— Ну і?.. Чаму ты не прывёў яе? — спазма сціснула горла начальніку. — Яна ж цяпер не паспее! Ды як жа мы?! Знайсці чалавека і не вывезці?! Ты адкажаш за гэта!
Інжынер пакруціў галавой.
— Не атрымалася, нічога не атрымалася… Гара загіне, і яна разам з ёй…
— Эх, вы!.. Моладзь зялёная! — адзін майстар са злосцю плюнуў. — Не маглі ўгаварыць… Сілаю прывялі б. Па мордзе надавалі б, ці што, але прывялі… Людзі што скажуць…
Інжынер апусціў галаву.
— Яна… Я знайшоў яе амаль на вяршыні… У келлі. Маленькая-маленькая келля. З бамбукавых жэрдак… А вакол — лес. І кветкі ў агародчыку. Дзівосныя, такіх няма больш на свеце — проста ў келлі, з падлогі, б'е крыніца. Яна пачаставала мяне чаем. Пустэльніца, дачка гары, з тварам прыгожым і маладым, як кветка сакуры… Колькі ёй гадоў… Можа, дваццаць, а можа, трыццаць, але ўжо ніяк не болей… Яна сядзела каля маленькага століка для сутраў. Мы пілі чай…
— Які дурань! — прастагнаў начальнік. — Падумаць толькі — яны пілі чай! І гэта ў такі час!.. Мы тут павар'яцелі, а ён…
— Яна вельмі доўга жыла, — працягваў інжынер, не звяртаючы аніякай увагі на начальніка. — Вы чулі калі-небудзь легенду пра Хапяку-бікуні, пустэльніцу, якая пражыла васемсот гадоў на свеце. Вельмі старая легенда. Яна нарадзілася на поўначы Японіі… Маладая дзяўчына з'ела рыбу, але гэта была не рыба, а русалка. І русалка падарыла ёй сваю вечную маладосць. І яна назаўсёды засталася маладой і стала пустэльніцай.
— Ты што — звар'яцеў? — майстар паглядзеў на маладога інжынера з адкрытай насмешкай. — Ці не хочаш ты сказаць, што гэтая ненармальная і ёсць сястрыца Хапяку-бікуні? Трэба ж, вучоны, а верыць у падобнае глупства! Ды калі Хапяку і жыла калі-небудзь на свеце, то ўжо даўным-даўно памерла…
— Вы нелагічныя! — раздражнёна запярэчыў інжынер. — І калі не верыце ў Хапяку-бікуні, як жа вы можаце гаварыць, што яна памерла?.. Гэтая пустэльніца незвычайная жанчына. Яна расказвала мне пра падзеі пяцісотгадовай даўнасці так, быццам гэта было толькі ўчора. І намякнула, што яна і ёсць Хапяку-бікуні. Не верыце? А чаму? Хіба няма людзей, што вельмі доўга жывуць на свеце? Колькі хочаце прыкладаў, і не толькі ў Японіі, але і ва ўсім свеце. Якая, па сутнасці, розніца — сто гадоў пражыць ці васемсот…
— Добра, дапусцім, усё так і ёсць, — сказаў нехта. — Але калі яна пражыла так доўга, чаму б ёй яшчэ не пажыць? А цяпер, выходзіць, яна вырашыла памерці.
— Чаму? — малады інжынер на хвілінку змоўк. У яго апусціліся плечы. — Яна сказала чаму. Праўда, жыла яна доўга, і жыццё не было ёй цяжкае. Калі б ёй надакучыла, яна магла б у любы час пакончыць з сабою. Але… Бікуні сказала: «Жыццё маё было цяжкае, але не было цяжарам. Людзі знікалі. Усе мае мужчыны паміралі адзін за адным. Свет мяняўся. Але свет дагэтуль захоўваў мудрасць». А яшчэ яна сказала, што цяпер сама стала часткаю мінулага, бо не засталося на свеце нічога нязменнага і прырода памірае і не хоча больш клапаціцца пра сваіх сяброў. Навошта жыць, калі памяць вяне, як кветка восенню, і жывая плоць робіцца легендай?
— Так… — начальнік глыбакадумна хмыкнуў. — А час ідзе.
Малады інжынер уздрыгнуў і ўзняў галаву.
— Скажыце мне, хіба няма на свеце нічога такога прыгожага, што трэба было б захаваць? Ці так ужо патрэбна нам гэтая дарога? Што яна такое — бяздушная даніна часу звышхуткасных аўтамабіляў, уступка пасажырам, якія мерацца імгненна перанесціся з аднаго пункта ў другі… Заплюшчыш вочы — і няма поўдня, ты на поўначы… А далей што? Моднае ж старэе. Пройдзе дзесятак гадоў, і гэтая дзіўная дарога, цуд сучаснай тэхнікі, стане вельмі старой бабулькай. На яе ніхто і глянуць не захоча… Хіба нельга правесці дарогу ў абход гары?.. Горы ж гэта плоць прыроды, адна з яе частак, прыгожых і велічных. Нашы прадзеды любілі гэтую гару і прапрадзеды, прапрадзеды іх прапрадзедаў… Дык навошта ж, навошта? Што гэта — вартыя жалю ўступкі ЭВМ? Даніна прымітыўнай геаметрыі, якая не выносіць хвалістай лініі?..
Грымнуў выбух, і столь сховішча свінцовай хмарай навісла над людзьмі. Нехта войкнуў. Шэры вецер прайшоў над галовамі, быццам мора ўсхвалявалася недзе, быццам з чорнай бездані ўзняўся ўраган і заплакаў над чалавечым лёсам.
Гара разбухла, на імгненне павялічылася ў два разы і абвалілася ў бяздонне барвовага кіпячага катла.
І ў клубах дыму мільгануў марскі бераг, і калючы, узняты на дыбкі бурай, пясок, і край чорнага кімано, які мог паспрачацца сваёй чарнатой з горам навакольнага свету, і кончык белай хусткі, белай, як сон і забыццё. І пяшчотныя пялёсткі ружы, якая не вяне нават у непагадзь, мільганулі ў іх. Ці ружа была гэта ці раптоўны блік святла на шчацэ маладой дзяўчыны — хто ведае?..
А экскаватары ўжо ўгрызаліся ў мёртвае цела зямлі, і вежавыя краны ўзнімалі над ім свае халодныя сталёвыя іклы.
Станіслаў Лем
Здарэнне
Анэль не вярнуўся а чацвёртай, але ніхто таго нібыта і не заўважыў. Каля пяці пачаў церушыцца змрок, і Піркс, не так заклапочаны, як здзіўлены, хацеў спытаць у Круля, што гэта можа азначаць. Аднак устрымаўся — ён не быў кіраўніком групы, і такое пытанне, хоць і справядлівае і цалкам бяскрыўднае, магло выклікаць сапраўды ланцуговую рэакцыю ўзаемных дакораў. Ён добра ведаў падобныя сітуацыі, бо паўтаралася гэта не раз, асабліва калі калектыў быў такі вось выпадковы, як гэты. Тры чалавекі і зусім розных прафесій — у самым сэрцы гор на нікому не патрэбнай планеце выконвалі заданне, якое, бадай, усе, як і ён сам, лічылі бязглуздым. Іх прывезлі сюды на малым старым гравістаце, які мусіў тут і застацца, бо варты быў ужо толькі на злом; разам даставілі і разборны алюмініевы барак, крышку прыбораў і радыёстанцыю, настолькі зношаную, што больш было з ёй клопату, чым карысці. За сем тыдняў яны павінны былі зрабіць «агульную рэкагнасцыроўку», нібы гэта было мажліва. Піркс не стаў бы гэтым займацца, разумеючы, што справа ідзе толькі пра павелічэнне радыуса даследаванняў разведвальнай групы ды яшчэ пра адну лічбу ў рапартах, якімі нашпігоўвалі інфармацыйныя машыны на Базе, што магло мець нейкае значэнне хіба што пры дзяльбе сродкаў, людзей і магутнасцей на наступны год. Вось дзеля таго, каб на стужках памяці з'явілася гэта разбітая на дзірачкі лічба, яны сядзелі амаль пяцьдзесят дзён у пустынным месцы, якое пры іншых абставінах, мажліва, і было б зваблівым, хоць бы як мясцовасць, прыдатная пад альпінізм. Аднак альпінісцкія раскошы былі сурова забаронены, і сама большае, што мог дазволіць сабе Піркс, гэта падчас сейсмічных і трыянгуляцыйных замераў маляваць у сваім уяўленні першыя трасы альпіністаў.
Планета не мела нават сваёй назвы, акрамя як Ёта дроб 116, дроб 47 Праксімы Вадалея. З усіх тых, якія Піркс калі-небудзь бачыў, яна была найбольш падобная на Зямлю: з малым, жоўтым сонцам, салёным акіянам, бурачкова-зялёным ад працавітых водарасцяў, што насычалі атмасферу кіслародам, і вялікім, трохлапым кантынентам, пакрытым першабытнай расліннасцю. Планета была б прыдатная пад каланізацыю, калі б не тая акалічнасць, што сонца яе было тыпу новаадкрытай разнавіднасці УП, няўстойлівае, з нераўнамерным выпраменьваннем, а паколькі астрафізікі наклалі сваё вета, то хоць чарговая ўспышка на Новай магла адбыцца толькі праз сто мільёнаў гадоў, розныя планы асваення гэтай зямлі запаветнай даводзілася закрэсліць.
Піркс часам шкадаваў, што дазволіў сябе ўгаварыць на гэту экспедыцыю, але не было тое шкадаванне цалкам шчырае. Так альбо інакш, а ён мусіў бы тырчаць на Базе тры месяцы, бо трапіць у Сонечную сістэму раней было немагчыма; ён меў перспектыву адседжвацца ў кліматызаваных падземных садах Базы і да дурноты ў галаве глядзець тэлеперадачы (былі гэтыя забавы дзесяцігадовай даўніны), таму ён ахвотна згадзіўся на прапанову начальніка, які рады быў, што можа ўслужыць Крулю — не было ніводнага свабоднага чалавека, а інструкцыя забараняе пасылаць у экспедыцыю толькі дваіх. Такім чынам Піркс зваліўся касмографу нібы з неба. Зрэшты, Круль не выявіў захаплення ні адразу, ні пазней; спачатку Піркс думаў нават, што той ацэньвае яго ўчынак як «вялікапанскі капрыз», калі ён з камандзіра карабля згадзіўся стаць звычайным разведчыкам; падобна было, што Круль адчуваў затоеную крыўду. Але гэта не была крыўда, проста Круль, адмераўшы ўжо палову жыцця (яму пераваліла за сорак), стаў зласлівы, нібы яго нічым іншым, акрамя палыну, ніколі не кармілі. А паколькі ў такім ізаляваным ад свету калектыве нічога нельга схаваць і людзі з усімі сваімі заганамі і вартасцямі робяцца адразу празрыстымі, як шкло, Піркс хутка зразумеў, адкуль бралася тая задзірыстасць у характары Круля, увогуле вытрыманага, нават цвёрдага чалавека, бо ён меў ужо звыш дзесяці гадоў пазазямной службы. Проста Круль стаў не тым, кім хацеў, а тым, кім мусіў стаць, бо для выпеставанай у марах работы не падыходзіў. А ў тым, што калісьці ён хацеў быць не касмографам, а інтэлектронікам, Піркс пераканаўся пазней, назіраючы, якім катэгарычным станавіўся Круль у размовах з Масенам, як толькі гаворка заходзіла пра інтэлектронныя тэмы («інтэлектральныя» — казаў Круль у адпаведасці з прафесійным жаргонам).
Масену не хапала, на жаль, паблажлівасці, а мажліва, проста матывы Круля яго зусім не цікавілі, ва ўсякім разе, калі той настойваў часам на нейкім памылковым рашэнні, Масена не абмяжоўваўся толькі пярэчаннем, а з алоўкам у руцэ раскладваў Круля на лапаткі з дапамогай бездакорных матэматычных разлікаў і дабіваў Круля з такім задавальненнем, нібы стараўся даказаць не сваю праўду, а тое, што Круль — самаўпэўнены асёл. Але гэта было не так. Круль быў не самаўпэўнены, а толькі занадта ўражлівы, як і кожны, хто мае больш амбіцый, чым здольнасцей.