Замежная фантастыка
Шрифт:
З чэлядзі засталіся толькі двое — слуга і служанка. Хама самааддана даглядала агіднага старога — таксама, як і ўсіх.
4
— Значыць, так… — сказаў начальнік будаўніцтва, які толькі што вярнуўся з сталіцы. — Давядзецца тужыцца і закончыць усе работы на два тыдні раней тэрміну. Я атрымаў ад міністра добры наганяй. Уся справа ў іншаземцах. Дэлегацыя пажадала прыехаць раней, чым было дамоўлена, і неадкладна агледзець будоўлю.
— Нічога не атрымаецца, — галоўны інжынер паціснуў плячамі.
— Павінна атрымацца. Нам даюць дадаткова некалькі дзесяткаў звышмагутных экскаватараў і атамных лапат, — начальнік зірнуў на наручны гадзіннік. — Па-мойму, міністр гарыць жаданнем устанавіць новы рэкорд у шасэйным будаўніцтве. Напэўна, у гэту самую хвіліну ў аэрапорце ўжо прызямляюцца транспартнікі-цыклопы. А ўжо адтуль абсталяванне нам як бачыш даставяць. На верталётах «Самсон».
— Дарэмна. Спешка тут не дапаможа, — запярэчыў адзін майстар. — Пракапаць тунель не жарт. Праходчыкі ідуць з двух бакоў, насустрач адзін аднаму, але ўсё роўна менш чым у дзесяць дзён не ўкладуцца. Гара, а не які-небудзь узгорачак. Ды дні чатыры на абліцоўку, бетанаванне, мантаж электроннага абсталявання.
— А мы не будзем капаць! — начальнік акінуў прысутных пераможным позіркам. — У праект унесены істотныя папраўкі. Не марнаваць жа столькі часу на тунель! Дык вось, тунеля не будзе! Мы ўзарвём гару!
— Што? Узрыў?.. Дык гэта ж… — галоўны інжынер пачаў быў гаварыць, але спалохана змоўк.
На роўным, як стол, полі недалёка ад будаўніцтва сеў верталёт. З яго гарохам пасыпаліся ўзброеныя салдаты.
— Вось якраз… — сказаў начальнік будаўніцтва, кісла жмурачыся ад яркага сонца і нясцерпнага металічнага бляску верталёта. — Узрыў… Гэта… — ён махнуў рукой. — Усё зробяць за нас. Вадародная бомба, бамбакрошка… Тэхніка на мяжы фантастыкі — пякельная машына для патрэб будаўніцтва. Гара знікне як дым… Радыяцыі не будзе, а калі нават і будзе, справу завершаць не людзі, а будаўнічыя аўтаматы.
Галоўны інжынер мімаволі зірнуў на гару. Прыгожая гара, цудоўная, дзіўная. Царыца сярод іншых гор. Уся пакрытая рэліктавымі соснамі. Ахоўвалася да гэтага часу як помнік культуры. І вёска каля яе падножжа — таксама помнік. Вёска, якая захавалася з старажытных часоў… У гэтую гару цяпер упіралася стужка скораснай шасэйнай дарогі. Зручная дарога. Шырыня сто метраў…
Блакітная стужка цягнулася здалёк. Ад аэрапорта далёка на поўдні, перасякаючы раўчукі і рэкі… А па ёй з мінімальнай хуткасцю трыста кіламетраў паімчацца аўтамабілі з электроннымі аўтавадзіцелямі…
Каля падножжа гары, парослай векавымі лясамі, цяпер варушыліся цыклапічныя экскаватары, узвышаліся вежавыя краны. І ўся гэтая машынерыя скрыгатала, хрыпела і раніла цішыню бяздушнымі механічнымі галасамі.
І раптам завыла сірэна. Як блізкая зарніца, сіняву неба прачарціў чырвоны сцяг. І тут жа машыны пачалі адступленне — адыход ад пазіцый, якія нядаўна заваявалі. Машыны саступалі месца другім, яшчэ больш магутным і дасканалым. Грукат выбухаў змоўк. У наступ пайшлі салдаты-мурашкі, адзетыя ў уніформу колеру хакі. А на чале арміі павольна рухаўся цягач, увенчаны ярка-чырвоным, як свежая кроў, цыліндрам. Ён поўз проста да дзіркі нядаўна пракапанага тунеля.
— Увага! Увага! — загаварыў гучнагаварыцель на цягачы. — Камандзір асобай ударнай групы просіць пацвердзіць, што вакол гары нікога не засталося…
— Навакол нікога няма, — адказаў начальнік будаўніцтва ў мікрафон. — Мясцовыя жыхары эвакуіраваны яшчэ да пачатку будаўнічых работ.
— Спадар начальнік! — усклікнуў раптам адзін малады інжынер. У хлопца ліхаманкава блішчалі вочы. З-за спіны выглядвала некалькі сялян, усе — вельмі старыя. — Людзі гавораць, што не ўсе эвакуіраваліся!
— Што? Як гэта не ўсе? — начальнік пабялеў.
— Адзін чалавек застаўся… Жанчына… Яна сказала, што тунель яе не цікавіць. Ну… ніякай ёй справы няма да тунеля… Яна жыве тут. Даўно ўжо. Цяпер перабралася яшчэ вышэй, амаль на самую вяршыню гары. Пра яе ніхто не ведаў. Вось толькі гэтыя старыя помнілі, што жыве тут, на гары, жанчына. Яны спрабавалі ўгаварыць яе перабрацца куды-небудзь, ды яна заўпарцілася…
— Яна што, вар'ятка? — начальнік будаўніцтва прыцмокнуў языком і націснуў на кнопку сігналу трывогі.
— Не ведаю… Можа, і вар'ятка. Але кажуць, маладая, прыгожая… Манахіня… здаецца…
— Так, так… — начальнік нахмурыўся. — Манахіня, маладая… Ударны атрад! — крыкнуў ён у мікрафон. — Увага! Прашу пачакаць, пакуль я не знайду гэтую жанчыну… Што? Ага, вядома… Сапёры кажуць, што могуць чакаць не болей дзвюх гадзін, інакш уся будоўля выйдзе з графіка.
У галаве маладога інжынера маланкай бліснулі схемы і планы, дыяграмы, графікі. ЭВМ распрацавала ў далёкай сталіцы графік будоўлі дакладна і падрабязна, як дыспетчар — расклад руху цягнікоў…
…Цік-так… цік-так… Гадзіннік цікаў. Хранометр адлічваў секунды і долі секунды. Незлічоныя шасцерні круціліся і цягнулі бясконцую стужку блакітнай дарогі — далей, далей, у нетры гары. З поўдня на поўнач. Ад цывілізаваных раёнаў — у глуш, у глухамань. Кіламетр за кіламетрам, крок за крокам. А цяпер стары графік ушчыльнены да мяжы. Старыя метады паляцелі к чорту. Тэрмін перасунуўся, праглынуўшы два тыдні. Шасцерні круціліся з вар'яцкай хуткасцю…
У начальніка пачырванеў твар. Гэта не жарты, чалавечае жыццё! Праклятая ўпартая баба! Будзь яна хоць тройчы манахіня, усё роўна ўзляціць на паветра разам з сваёй гарой, калі спрацуе вадародная бомба — перайначаная на новы лад пякельная машына старажытнасці…
— Усім верталётам — узлёт! — хрыпеў начальнік. — Знайдзіце яе! Звярніцеся да яе па радыё! Гучнагаварыцелі, гук! Рабочыя і служачыя, якія не прымаюць непасрэднага ўдзелу ва ўзрыўных работах, неадкладна ў гару! Мабілізаваць усе ўсюдыходы… Часу ў абрэз. За трыццаць хвілін да выбуху прагучыць сірэна, і тады ўсім адразу ж эвакуіравацца!..
Людзі кінуліся да ўсюдыходаў. Завылі маторы. Маленькія, вёрткія машыны з крайняй хуткасцю памчаліся па горных схілах.
А над гарою бязвоблачнае блакітнае неба. І ў ім віселі верталёты — сучасныя серабрыстыя стракозы з дзюралю. І голас іх гучнагаварыцеляў быў пранізлівы і трывожны, зусім не такі, як шалясценне празрыстых крылаў сапраўдных стракоз.
Паўтары гадзіны прайшлі. Яны былі бясконца доўгія і вокамгненныя, як уздых. Таму што трывога расцягвае час да бясконцасці і сціскае стагоддзі да секунды.
Завыла сірэна. Апошняя перад выбухам. Магчыма, гэтая злавесная птушка смерці — стары груган — крычала і плакала, прадракаючы бяду?..
Пошукавы атрад вярнуўся. Без вынікаў.
Начальнік, чырвоны, як вараны краб, расшпіліў каўнер кашулі.
— Можа, яна сама эвакуіравалася?.. Не чакаючы паўторнага запрашэння?.. Спадзяюся, ніхто з пасланых не застаўся на гары?
— Адзін… — сказаў нехта. — Але ён таксама вяртаецца…
З гары спускаўся інжынер. Нібы падганяючы яго, яшчэ раз заплакала сірэна. Звярынае выццё лягло непасільным грузам на чалавечыя плечы — пятнаццаць хвілін да выбуху. І яшчэ адзін крык — дзесяць хвілін да выбуху.