ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:

1943

* * *
Душа мая — ніт, пераплецены з лёсам зялёных палеткаў і вёсак ў далінах, душа мая — кветкі і сум на пакосах, і ястраба шпоны, і ўзлёт галубіны. Душа мая — голас забытых, бяздольных, што рвецца да сонца з калечаных путаў, душа мая — з песняў шырокіх і вольных, душа мая — з бою, а шлях мой — з пакутаў.

1943

Егіпет? Егіпет!

Досыць! Алах ўжо губляе пакорных.

Болей не страшны крывавы капрыз.

Ля пірамідаў народнага гора

будучыня ўстае, як сфінкс.

Пад святлом іскрамётных надзеяў

рассыпаецца ў попел страх,

ажывае, ўстае, маладзее

на зямлі сваіх продкаў фелах.

Каб не стала зямля пустыняй,

каб не плакаў фелах ля магіл,

Праметэі ўстаюць маладыя,

разліваецца шчодра Ніл.

1956

* * *
Вымыў дожджык вербам косы над ракою, шумны іх палошча вецер малады, міла гладзіць сонца ласкавай рукою — сушыць на галінках мокрыя сляды. Ля ракі крутое сцежачка, як змейка, ураджаем вісяць росы на траве, мые сонца ў хвалях залатыя вейкі, жаўручок згубіўся ў яснай сіняве. Вось, здаецца б, рукі расцягнуць над полем, быццам сёстры — вербы стройныя абняць, так ісці дарогай, роднаю да болю, над крутою рэчкай новы дзень вітаць.

1958

* * *
Неба сягоння цвіло, быццам мак, Вясёлкаю фарбаў зямлю малявала, можаш вярнуцца дамоў, як жабрак, якому капейкі ў жыцці не хапала. Не запытаем падаркаў ў цябе. Не збаімося дзіравай кішэні. Грошы, як лісце на зжоўклай вярбе, іх не збярэш, не ўтрымаеш у жмені. Многа тут бачылі розных паноў, за нас з табою грашыма багатшых... Ты з сэрцам кахаючым рвіся дамоў, яго ў нашых сёлах так мала хто бачыў., Ты волю да чынаў з сабой прынясі, розум, і знанні, і яснасць сумлення. Няхай жа народу ўсё гэта дасць сын, калі ужо маці замоўкла ў цярпенні. Калі б неба макамі зноў зацвіло і мне захацелася заўтра памерці, хачу, каб, як макі, кахала, жыло маё у табе беларускае сэрца.

1958

Ягады
Аднойчы з сінімі вачыма, стрункая, як чарот, збірала ягады дзяўчына то у збанок, то ў рот. «Глядзі, збанок будзе няпоўны, дзяўчына без турбот.» Смяецца: «Ягады ўсё роўна аднойчы ў год». І клала жменькаю пароўні, салодкія, як мёд, каралі ягадаў цудоўных то у збанок, то ў рот. Аднойчы рожавай вясною на яснае чало, як трэпет сэрца пад рукою, каханне надышло. «Не йдзі, дачушка, на гулянне і стужкі не ўплятай.» «Пайду. Адно ў жыцці каханне, адзіны май.». Пяяла моладзь, млеў гармонік каханнем давідна. Гулялі хлопцы неўгамонна, бо маладосць адна.

1959

Жалейка
Хлопчык маленькі, сшыток, алавік, а побач дзядуля белы. — Паможаш? — пытае. Пяро не прывык трымаць я ў руках няўмелых. Я ў гэтым не майстра, мой ўнучак малы, чытаць і пісаць не умею: я пасвіў каровы, авечкі, валы, араў я зямельку і сеяў. Мяне не вучылі, я быў мужыком; калі было з гэтага сумна, я, ўзяўшы жалейку, выходзіў тайком ў шырокае поле, за гумны. I скардзіўся гоням, траве і лясам на лес свой, цяжкі аж да смерці, і толькі не граў на жалейцы панам — чужым не кране яна сэрцаў. Задумаўся хлопчык, нашчадак дзядоў, вякі засяваючых гоні, ўздыхнуў ад трывожачых дзедавых слоў, ад казак сівых на сутонні. — Я гэтых часоў не шкадую нічуць,— сказаў ён, — я рад, што я ў школе. Адно толькі, дзеду... хацеў бы я чуць — як плача жалейка у полі.

1960

* * *
Едзем ноччу, а снег, як дым, проста пер’ямі з крылаў хмар. Не тулі кажухом сваім, я люблю, калі вецер у твар. Лейцы коням вальней пусці, не спыняй іх задорны бег. Дай адчуць мне яшчэ ў жыцці і свабоду, і ўзлёт, і снег.

1960

* * *
Дзень яшчэ дагарэць не паспеў, як пад голлямі ценем гарбатым прыйшоў вечар і ціхенька сеў на парозе забытае хаты. Быццам старац, які занямог, і яму замест лустачкаў хлеба пакаціліся зоры да ног з бесканечна ласкавага неба. Дзіўнай казкай прайшла маладосць і жыццё па цярнёвай дарозе, і я сёння як быццам бы госць на забытым на родным парозе. Мо таму, што лягла на мурог бурым насцілам цемень густая, мо таму, што у ціхіх дзвярох роднай хаты ніхто не вітае.

1961

* * *
Іду адна, а прада мною — ноч, шырокі шлях, няздзейсненыя мары. Густая цемень сцелецца ля ног, і партызаніць месяц бледны ў хмарах. Каля дарогі дрэвы сталі ў строй шыракаплеча і непераможна. Дзесь у сяле сабакі між сабой, як часам людзі, сварацца бязбожна. Сяло не спіць, гараць агні здалёк, за імі дом мой, там ніхто не свеціць... Страсае ціха росы на пясок зусім нямы мой спадарожнік — вецер. Шляхі вайны. Па іх іду ўсю ноч. Разведчык-месяц з хмараў выглядае, а росы, росы сыплюцца ля ног, з вачэй ці з траў, я і сама не знаю...

1962

* * *
Усю ноч аж да ранка пад напевы трысця ловіць хваляй Зальвянка адгалосы жыцця. Калі вецер патопіць семя зор у вадзе, забяжыць сюды хлопец і дзяўчына зайдзе. То пасядуць на бераг, злучаць рукі без слоў. То кахаюць і вераць, то расходзяцца зноў. А Зальвянка, як маці, ловіць невадам хваль і глыбока хавае і каханне і жаль. Ўмее слёзы уцерці, знае гоечы лек. Злучыць вусны і сэрцы, злучыць рукі навек. I мяняюцца песні, і мінаюць гады. Маладосць адплывае з быстрай хваляй вады. Толькі казкі не гінуць пра кахання дзянькі. Застануцца ўспаміны не для любай ракі. Забяжыць сюды хлопец, прыйдзе сівы дзядок, покуль жыць будзе Зэльва, наш малы гарадок.

1963

* * *
Прыпала сонца прагнымі губамі да ручайка і п’е, і п’е ваду. Па сцежачцы праз мокры луг з грыбамі ў спякотны дзень адна дамоў іду. Праворуч важна перайшлі каровы, налева бусел замахаў крылом. І веру я, што ў гэты дзень ліпнёвы я зноў іду ў забыты родны дом.

1963

Зямля
Дарога полем, вузкая, сярод пяску і траў. I рэкі, дзе над русламі народ наш асядаў. I гоні пладавітыя, адвечных пушчаў след. Там, недзе пад блакітам, другі адкрыўся свет. Мільёны міль паветраных, ніякага жылля. Адтуль такой маленькаю здаешся ты, Зямля... Дарогай найшырэйшаю, што вокам не абняць, лятаюць найсмялейшыя, каб думы зор спазнаць. Лятаюць недасягнена, высоты ўмеюць браць, каб зноў губамі прагнымі прыпасці, цалаваць. I за пачыны смелыя, за мілі высаты узяць з рук кветкі белыя, што ўзгадавала ты! Далоні сціснуць братнія, на ногі моцна стаць і лаўры, ў небе зжатыя, табе, Зямля, аддаць.
Поделиться с друзьями: