Жалезныя жалуды
Шрифт:
— А ў нас жа гасцююць нашы родзічы, — успомніў раптам Эдзівід. — Камарэча мы балотная, калі забыліся пра такое.
Даўспрунк пляснуў у ладкі і загадаў прыслужніку:
— Няхай прывядуць сюды Войшалка. І няхай прыйдзе князёўна Рамуне.
У Далібора няўлоўна ўздрыгнулі вейкі. Але ніхто з вясёлых п'юноў-застольнікаў не заўважыў, ды і не хацеў нічога заўважаць. Быў мёд, было віно, было гарачае мяса і была песня. Жанчыны таксама ўжо чакалі, каб адарыць пяшчотаю адважных мужоў, як толькі тыя выйдуць з-за стала. Што яшчэ трэба чалавеку, асабліва, калі наперадзе чакае цемра трывожных дзён, калі не можаш ведаць, на якім кроку і на якім уздыху ўвап'ецца ў тваю плоць смяротны метал?
Далібор чамусьці ўспомніў, як ішлі цераз ужо, халоднае балота, як абрываліся, нібы ў бездань, ногі. Аж пот на лбе выступаў і млосна рабілася, пакуль шукаў, ліхаманкава намацваў выратавальную кладку. Злева ў чэзлым кустоўі раптам нешта хруснула, і ўсе ўбачылі старога лася. Ен таксама прабіраўся на сухазем'е. Асабліва небяспечныя багністыя мясціны лось прапаўзаў на жываце, далёка перад сабой выкідваючы пярэднія ногі.
— Толькі ляжа зіма, стане цвёрдым балота, мы пойдзем у яго і голымі рукамі возьмем там Міндоўга, — сказаў Эдзівід.
У гэты час дзверы адчыніліся, і ў іх увапхнулі Войшалка са звязанымі рукамі. Сіняк, як трохрогая зорка, гусцеў пад левым вокам, рукаў кашулі быў парваны. Міндоўгаў сын з вялікай пагардай і дзёрзкай смеласцю глянуў на ўсіх, не ўтапіў позірк у падлогу, як робяць звычайна палонныя, асабліва, калі ведаюць, што іх прывялі не для таго, каб пагладзіць і пачаставаць. Пачаставаць, вядома, могуць, шпурнуўшы, як сабаку, абгрызеныя косткі са стала.
— Ну, што скажаш, варуцкі кунігас? — узяўшы рукі ў бокі, кпліва спытаў Эдзівід. — Вас жа там, на балоце, ужо два кунігасы, твой бацька і ты.
Эдзівід, а следам за ім і Таўцівіл зарагаталі. Даўспрунк, іхні бацька, а Войшалкаў дзядзька, маўчаў, кідаючы выпрабавальныя позіркі на пляменніка. Здавалася, ён адчувае нейкую няёмкасць.
— Развяжыце мяне, — не папрасіў, а запатрабаваў Войшалк.
— А вы з бацькам Рушкавічаў развязалі, калі рэзалі іх, як свіней? — выскачыўшы з-за стала, пабег да Войшалка Эдзівід. Быў Эдзівід шыракаплечы, але ў жываце і ў клубах занадта худы. «Юрлівы певень тлусты не бывае», — казалі пра яго, маючы на ўвазе незвычайную цягу княжыча да жанок.
Войшалк ганарыста маўчаў. Тут уставіў сваё слова і Таўцівіл.
— Чулі мы, што ты разам са сваёй маці, цверскай князёўнай, Хрысту дужа шчыра пакланяешся, а пра Пяркунаса забыўся, — сказаў ён. — Гавораць усюды, што ты малітвы дзень і ноч шэпчаш-паўтараеш. Ці не дазволіш і нам іх паслухаць?
Таўцівіл, як блазен, скрывіў ва ўсмешцы вялікі рот, адставіў нагу, трубачкай прыклаў да вуха далонь. І раптам Войшалк, пабялеўшы ў твары, пачаў ціхім голасам гаварыць.
— Прыхіні вуха тваё да мяне, Хрыста Бога майго Маці, ад вышыні многія славы тваея, Благавесная, і пачуй стагнанне канечне, і руку мі падаждзь.
Далібор уздрыгнуў — варуцкі княжыч казаў малітву на зыход душы:
— Не адвярні ад мяне многія шчадроты твая, не зачыні ўтробу тваю чалавекалюбівую, чыстая, але прадстань мі ныня і ў час судны памяні мя.
І хрысціяне, і паганцы прыціхлі, як знямелі, бо такія словы гаворацца раз у жыцці. Павісла маўчанне.
— Развяжыце яго, — загадаў Даўспрунк.
У гэты час увайшла Рамуне. Убачыўшы брата, засвяцілася ўся ад радасці, кінулася да яго, абняла.
— Братачка мой! Саколік! Войшалк памкнуўся ёй насустрач.
— Сястрыца! Зязюлечка!
Гэтыя самыя першыя і самыя шчырыя словы, што вырваліся адначасна з іхніх грудзей, не маглі крануць толькі камень. Чалавечае сэрца, якім ні быў бы чалавек, недзе ў самай сваёй жывой глыбіні заўсёды, можа, нават неўсвядомлена, адгукаецца на такія словы. У дадзеным жа выпадку асабліва павінна было ўстрапянуцца літоўскае сэрца, бо спрадвеку ў літоўскіх песнях-дайнах дзяўчына завецца зязюляй, а хлопец — сокалам або ястрабам.
Вырваныя з цёплага бацькоўскага гнязда, стоячы паміж ворагаў, яны, брат і сястра, моцна абняліся, ды так на нейкі міг і застылі, быццам явар і каліна, быццам дубок і бяроза. Што бушавала ў іхніх душах? Што праносілася ў іхняй памяці? Незваротныя дні малалецтва, сінія летнія рэкі, белыя пухкія воблакі, нястрашныя дажджы і бяскрыўдна-залатыя маланкі, увесь той агромністы, зялёны, сонечны свет, у якім калісьці жылі яны, даверлівыя маленькія людзі, што разам бегалі па расе, па кветках басанож, галяком, і ні кропелькі сораму не было ў вачах, бо былі яны тады дзецьмі, былі братам і сястрой.
Раптам Рамуне ўбачыла за сталом Далібора і, здалося, аж пахіснулася. У чорна-зялёных вачах прабегла спачатку здзіўленне, потым роспач і крыўда. І нарэшце лядок нянавісці зашкліў вочы. Дзяўчына цяжка ўздыхнула і адвярнулася.
— Вось і ўбачыліся, — ласкавым голасам сказаў Даўспрунк. — Сядай, Рамуне. Сядай і ты, братачада 30 Войшалк.
Але тыя стаялі. Даўспрунк разгублена зірнуў на сваіх сыноў.
— Не так з імі трэба гаварыць, — злосна прамовіў Эдзівід. — Яны — нашы палонныя. Дзе хто бачыў, каб палонны, як гаспадар, сядзеў за сталом?
30
Братачада — пляменнік, братаў сын.
Ен павярнуўся да Рамуне.
— Учора мы паслалі да твайго бацькі голуба. Засталося чакаць два дні. Калі твой бацька праглыне язык і не прышле ніякага адказу, гэтага, — ён паказаў вачамі на Войшалка, — зарэжам, як твае сямейцы зарэзалі Рушкавічаў. А цябе…
Эдзівід на нейкі міг змоўк, холадна ўсміхнуўся.
— У нас ёсць нямала маладых нежанатых конюхаў. Пры гэтых словах кунігас Даўспрунк вінавата і палахліва ўздрыгнуў, згорбіўся, уцягнуў галаву ў плечы і стаў падобны на вожыка, што звінуўся ў клубок. Таўцівіл у знак згоды з малодшым братам ківаў кароткай чорнай барадою. Далібор і ваявода Хвал маўчалі. Костка ж раптам наліўся гарачай крывёю, узняўся з-за стала і сказаў:
— У нас у Польшчы (а я сам — лях) да млодых прыгожых дзяўчат адносяцца з вялікай пачцівасцю. А яна ж, — Костка нізка пакланіўся Рамуне, — цурка 31 кунігаса Міндоўга. Можна ваяваць кунігасу супраць кунігаса, у нас таксама князі ваююць, але нельга ваяваць супраць безабаронных, тым больш дзяўчат і кабет.
Лях, прамовіўшы ўсё гэта і яшчэ раз пакланіўшыся Рамуне, з вялікай годнасцю сеў на сваё месца. Эдзівід са здзіўленнем і нечаканай для сябе нерашучасцю паглядзеў на Костку. У ягоным позірку так і крычала, так і рвалася аж пад столь святліцы пытанне: што гэта за дзіўная птушка заляцела за наш стол? Але ён змаўчаў.
31
Цурка (польск.) — дачка.
Рамуне з Войшалкам вывелі, і зноў пацякло віно.
— Не дасць адказу Міндоўг. Я яго ведаю, — з паныласцю ўздыхнуў Даўспрунк.
— Пачакаем два дні,— бадзёра ўзняў чару Эдзівід.
— Я яго ведаю, — вёў сваё Даўспрунк. — Мамыра мамыраю быў, калі мы, малыя яшчэ, без штаноў у лазню бегалі, але ўпарціна, якую свет не бачыў. Аднойчы знайшоў цэлае бярэмя грыбоў і, каб даказаць, што толькі ён адзін іх знайшоў, каб нікому з нас, братоў, ні кропачкі грыбарскай славы не перапала, паеў іх сырымі, пакуль ішоў з лесу дадому. Ледзь не памёр потым.