Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Жалезныя жалуды

Дайнеко Леонид Мартынович

Шрифт:

Валасач спакойна ўзняў вочы, усміхнуўся Рамуне і Войшалку, прамовіў, як заўсёды, з нейкаю загадкаю.

— Людзі зменлівыя, як воблакі. Ты быў у Варуце?

— Быў,— не сцішваў гневу Далібор. — Навошта хлусіў? Адказвай.

— Хацеў, каб ты сустрэўся з Міндоўгам, бо роўны роўнага шукае. Хацеў і хачу, каб не высеклі тэўтонскай сякераю і татарскай шабляю нашы карані. Хачу, каб Новагародак і Літва звязаліся ў адзін вузел, які нікому ніколі не развязаць. Толькі так уцалее наш род і дзеці-млекасосцы будуць карміцца матчыным малаком, а не дымам і попелам. Хіба ты не хочаш гэтага ж самага, княжыч?

Вяшчун, як хітрая рыбіна, выслізгваў з рук, а сваімі словамі, бляскам апантаных вачэй браў проста за сэрца.

— Зямлю еў… Кляўся, — ужо больш памякчэлым голасам гаварыў Далібор.

— Калі я ем зерне і ягадзіну, якія вырастаюць з зямлі, чаму я не магу з'есці жменьку самой зямлі? — усміхнуўся Валасач. — Усё было зямлёй, і ўсё зноў стане зямлёю. Ты кажаш, княжыч, што я нахлусіў табе пра Міндоўга. Ну што ж, хай карае мяне ва гэта Пярун. Але здаецца мне, што ты можаш стаць родзічам слаўнага кунігаса.

Пры апошніх сваіх словах вяшчун уважліва паглядзеў на Рамуне. Літоўская князёўна не ўсё зразумела з таго, аб чым ён казаў, і запытальна зірнула на Далібора. Той раптам засмяяўся.

— Зноў хлусіш. Пэўна, не можа твой язык і дня паляжаць за зубамі без хлусні.

Але адчувалася, што ён задаволены.

— Раскажу я вам, маладзёны, пра старца Кукшу, які да мяне сядзеў пад гэтым дубам, — жвавым голасам пачаў Валасач. — Вялікай мудрасці быў чалавек. І ўсё зрабіў, што дастаслаўнаму мужу трэба зрабіць на сваім зямным вяку. Нарадзіў сына, пасадзіў дрэва, збудаваў дом, перапісаў на пергамен кнігу. Заставалася забіць змяю. Пайшоў Кукша туды, дзе змеі водзяцца. У камяні, у пясок сыпучы. Адшукаў нару змяіную, адшукаў змяю. Узяў у рукі вялізную булыгу, каб распляскаць змяі-гадзюцы галаву. І не змог. Зразумеў, узняўшы булыгу, што кожнаму жывому стварэнню дадзена небам жыццё, і толькі неба, толькі Пярун, уладар нябесны, можа ўзяць гэта жыццё. Задумаўся Кукша, глыбока задумаўся і сеў пад святым зялёным дубам, каб да скону жыцця зямнога бясконцую думу думаць. І ведаеце, як ён памёр?

Усе маўчалі, слухалі:

— Варыў у пушчы святы мёд, пітво Перуну рыхтаваў. Шмат кадоўбчыкаў ліповых нарабіў, расставіў іх на паляне пад сонцам. А лікам дванаццаць было тых кадоўбчыкаў. Сам жа пайшоў да катла, у якім мёд кіпеў, памешваў мёд апалонікам дубовым. Зварылася пітво, і разліў яго Кукша ў кадоўбчыкі. Перад тым жа як Перуну ахвяру-трэбу прыносіць, ліць мёд на залатыя яго вусы, вырашыў сам пакаштаваць. Глынуў з кожнага кадоўбчыка па кроплі. І памёр. Ведаеце, чаму памёр стары Кукша? У кожны кадоўбчык запаўзло якраз перад тым, як ён мёд разліваў, па гадзюцы. Звярнуліся клубком і грэліся на сонцы. Зрокам слабы быў Кукша, не разгледзеў. Вось і ўвесь мой сказ, маладзёны. Пашкадаваў Кукша змяю, і змяя ж яго забіла.

— Трэба было б цягнуць цябе, Валасач, у вір з каменем на шыі,— сказаў на развітанне Далібор, — але я гэта яшчэ паспею зрабіць.

— Як жа я ўбачу цябе ў княжай шапцы? — засмяяўся вяшчун. — Спачатку стань князем, а потым ужо можна і ў вір мяне валачы.

VI

Калі памаладзіў зямлю першы сняжок, прыбег у Новагародак Міндоўг са сваёй дружынаю. У крыві прыбег, у вялікім адчаі. Князь Ізяслаў Васількавіч урачыста сустрэў кунігаса. Білі бубны, спявалі трубы. Залататканы кілім разаслалі надворныя халопы перад уваходам у княжы церам.

Ізяслаў разам з княгіняй Мар'яй, разам з Даліборам, Някрасам, Войшалкам і Рамуне стаяў на высокім ганку церама, дзе балясы былі выразаны-вытачаны з дубовых сукоў у выглядзе пераплеценых чалавечых рук. Ізяслаў хваляваўся. Калі Міндоўг рашуча ступіў нагою на кілім (пацёртыя скураныя боты былі ў балотным брудзе), новагародскі князь пайшоў яму насустрач, усміхаючыся, шырока раскрыліўшы рукі для абдымкаў. Яны сустрэліся якраз на самай сярэдзіне кіліма, там, дзе была выткана рагатая турава галава, моцна абняліся. Абодва знялі шапкі, і халодны вецер гуляў валасамі — русымі ў Ізяслава, цёмнымі, нават чорнымі, у Міндоўга.

— Вітаю слаўнага кунігаса Літвы, — звонкім, каб усе чулі, голасам сказаў Ізяслаў, хоць Міндоўг быў пакуль што толькі варуцкім кунігасам, ды і Варута належала ў гэты самы час Даўспрунку з сынамі.

— Вітаю слаўнага новагародскага князя, вітаю магутны Новагародак, — прамовіў у сваю чаргу Міндоўг.

Як вядзецца спрадвеку, госць паднёс гаспадару свае дарункі. Асабліва спадабаліся ўсім залатыя і срэбныя літоўскія аздобы, якія кунігасавы слугі з паклонам уручылі княгіні Мар'і. Мноства на дзіва прыгожых фібул, бляшак, званочкаў, нейкіх лісцікаў, і ўсе лёгкія, зіхоткія і шумлівыя. Любяць прыгажуні-літоўкі насіць на сабе такое. Павернецца, крутнецца літоўка, і зашуміць, зазвініць на ёй уся гэта прыгажосць, і здаецца, не жанчына стаіць перад табой, а раскашуецца пад вясновым ветрам аблітая срэбным дажджом бяроза.

І ўсё ж дарункі былі, калі параўноўваць з мінулымі, зусім нядаўнімі сонцаваротамі, беднаватыя. Усе бачылі гэта. Сам Міндоўг страшэнна перажываў, сказаў Ізяславу:

— Прабач, брат мой новагародскі, што з пустымі рукамі прыйшоў я да цябе. Але клянуся Пяркунасам: вазьму Літву, пакараю сваіх ворагаў, і маё багацце будзе тваім, і мой хлеб будзе тваім хлебам.

Супала так, што пасля кунігасавых слоў у вакольным горадзе ў храме Барыса і Глеба ўдарылі ў звон. Святы айцец Анісім, які таксама прысутнічаў пры сустрэчы, незадаволена зморшчыўся. Атрымлівалася, што Хрыстос, адзіны і ўсемагутны, вітаў Пяркунаса, вітаў, як роўнага сабе. Званару ж было строга загадана не спяшыць і не спазняцца, а біць у звон дакладна тады, калі будзе гаварыць новагародскі князь-хрысціянін. «Пачакай, — з гневам падумаў святы айцец, — накладу заўтра ж на разяваку эпітымію, і трыццаць дзён і начэй будзеш стаяць на пакаяннай малітве».

Пасля новагародскіх князя і княгіні Міндоўг з вялікім хваляваннем прывітаў сваіх дзяцей, Войшалка і Рамуне, а таксама Далібора і Някраса.

— Жывыя, — абняўшы дзяцей, сказаў кунігас. — Добра, што вы жывыя. Ідзіце хутчэй да маці сваёй, бо вочы з-за вас выплакала.

Тыя адразу ж пабеглі да маці, што з малалеткамі Руклюсам і Рупінасам, з чэляддзю, з дзеўкай-векавухай Варварай, прывезенай з Цверы, чакала ў абозе, які прыпыніўся на торжышчы ў вакольным горадзе. Князевы дзеці, што б пра іх ні казалі абгаворшчыкі або зайздроснікі, у большасці сваёй таксама любяць мацярок, бо матчыну душу ні за срэбра, ні за футры сабаліныя не купіш. Кожнаму чалавеку самім небам даецца такая душа-зорка, як толькі народзіцца ён.

Някрас, дужа ссумаваўшыся па старэйшым браце, накінуўся з роспытамі.

— Ну як, шмат цікавага ўбачыў? У літоўскай пушчы начаваў?

Вочы ў яго аж гарэлі.

— Убачыў шмат чаго, — усміхнуўся Някрасу Далібор. — І ў пушчы быў, і ў Варуце, і на ловах. Ды што там ловы? Я, братка ты мой, чалавека ў сечы забіў.

— Чалавека? — Някрас аж адступіў крок назад.

— Чалавека. Літоўца. Каб не я яго, дык ён мне б галаву мачугай раструшчыў. Мячом я, як Костка вучыў, секануў.

Някрас з найвялікшай павагаю і захапленнем глядзеў на брата. Пакуль ён тут, у Новагародку, завостранай трысняговай палачкай-каламам, якую прывезлі з Візантыі, выводзіў пад наглядам святога айца Анісіма літары-казюркі на пергамене, старэйшы брат вастрыў меч аб чужыя шыі, бачыў такое, што можа ўбачыць толькі мужчынскае вока.

Далібор жа, заўважыўшы нясцерпны, нейкі галодны бляск у братавых вачах, раптам зразумеў, якім дарослым зрабіўся за гэтыя дні і ночы сам і якім зялёным дзіцянём застаўся брат. Гэта і ўзрадавала яго, і засмуціла. Ен стаў воем, ён забіў уласнай рукою ворага, на ім — жывая чалавечая кроў. Дзеля гэтага і нараджаюцца на свет князі. Караць, заваёўваць, ахоўваць — вось княжы хлеб. Але, першы і, пэўна ж, не апошні раз забіўшы чалавека, ён, Далібор, пасягнуў на божы запавет, у якім сказана: «Не ўбій». Колькі суровасці ў дарослым жыцці! Колькі болю і страт! А Някрас, малодшы, прыгожанькі, як дзяўчына, брат ляціць на злом галавы ў гэта зманлівае і прывабнае, быццам павуціна, жыццё, каб хутчэй ублытаць у яго свае крылы. І ў той жа самы час застаецца горкім дзіцянём. Яму б яшчэ ў жмуркі гуляць, прывязваць зялёных жаб да хвастоў церамных кошак. Вось і зараз, трохі астыўшы ад радаснай сустрэчы з братам, прапанаваў: «Пабеглі, пакатаемся з вала. Там дужа слізкая трава вырасла».

Поделиться с друзьями: