Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Жалезныя жалуды

Дайнеко Леонид Мартынович

Шрифт:

Кіраваліся ў бок Новагародка. Цяжка даводзілася коням, але іх не шкадавалі. Потым, калі скончыцца гэты шалёны бег, калі расправіць светлыя крылы новы дзень, на лугах сваёй радзімы адпачнеш, здарожаны конь.

Ускочылі на лясістую выспу. Туманам было заліта ўсё ўнізе, як малаком.

— Пагоня, — азірнуўшыся назад, сказаў Вель. Далібор выхапіў з похваў меч. Лязо было ў светлай ранішняй расе. «Як там Рамуне? — адразу ж занепакоіўся новагародскі княжыч. — Толькі б не адстала». Ды ён не ўбачыў юную літоўку. Затое прыкладна за вярсту ад сябе ён убачыў конную лаву яе супляменнікаў. Яны крычалі, размахвалі мячамі, сякерамі і яркімі паходнямі.

— Не дагоняць. Коні ў іх карузлікі,— упэўнена сказаў Бель.

Праз некаторы час большая частка літоўцаў спынілася. Яны пачалі разварочваць коней. Толькі чалавек трыццаць з вялікай ярасцю працягвалі пагоню. Гэта быў гарачы Эдзівід і ягоныя сябрукі. Эдзівід пакляўся, што памрэ, але верне назад Рамуне. Ен, шалеючы, біў каня і крычаў:

— Войшалк! Палахлівы Міндоўгаў сын! Спыніся! Я хачу, каб ты паспытаў, які салодкі мой меч!

Тут і там выглядваў Далібор Войшалка з Рамуне і пакуль што не знаходзіў. Цяжка было на поўным лёце каня ў густым кустоўі разгледзець чалавечы твар. Мокрыя галіны лупцавалі, шлёгалі па твары, і ён, як усе, імчаўся, заплюшчыўшы вочы, бо можна было вярнуцца ў Новагародак бязвокім.

Нарэшце вырваліся на травяністую пустку, якая была ўсцяж засыпана слізкімі ад расы, дробнымі камянямі. Конскія капыты зашчоўкалі па гэтых камянях. І тут адзін з коней грузна спатыкнуўся, падламаўшы нагу. Светлавалосы хударлявы вершнік цераз галаву кульнуўся з яго.

— Рамуне! — закрычаў Далібор.

Сэрцам ён адчуў, здагадаўся, што гэта з ёй здарылася бяда. Ен прытрымаў, развярнуў свайго каня, памчаўся да яе. І ўбачыў Войшалка. Варуцкі княжыч ужо саскочыў на зямлю, трымаў сястру на руках. Вочы ў яе былі заплюшчаны. З цяжкасцю яна расплюшчыла, разляпіла іх, убачыла брата з Даліборам і вінавата ўсміхнулася.

— Дзе мой конь? — спытала яна.

Конь ляжаў побач. Пачуўшы голас гаспадыні, жалобна заржаў, спрабаваў узняцца, але не змог.

— Адбегаўся, — сказаў Войшалк.

На вачах у Рамуне нагарнуліся слёзы. Але яна, пасаромеўшыся Далібора, змахнула іх кулачком.

Пагоня тым часам наблізілася. Ужо быў відзён заліты гневам і потам твар Эдзівіда. Новагародскія дружыннікі, прамчаўшыся з паўсотні сажняў, заўважылі, што Далібор і Войшалк з Рамуне адсталі, і пачалі разварочваць коней.

— Войшалк! — як тур, крышыў на сваім шляху кустоўе, крычаў Эдзівід. — Пакаштуй майго салодкага мяча!

Твар у Войшалка перасмыкнуўся, пацямнеў ад гневу. Ен быў не з тых людзей, што прапускаюць міма вушэй знявагу. Як воласу перагарэць, ускочыў ён у сядло, пакінуўшы Рамуне з Даліборам.

— А ў мяне горкі меч! — закрычаў ён. — Хто мяне шукае?! Я — Міндоўгавіч! Хто хоча ўбачыць, якога колеру мая кроў?

Яны сутыкнуліся, сышліся грудзі ў грудзі на сыпкім рыжым пяску, з якога тырчаў сівы ад расы бадыльняк. Эдзівід кінуў свайго каня насустрач праціўніку, люта рассек паветра шырокім мячом. Войшалк сустрэў яго ўдарам сякеры і адразу ж ледзь не вывернуў, ледзь не выбіў з рукі меч.

— Хочаш маю сястру ў наложніцы?! Вазьмі! — зноў ударыўшы сякерай, закрычаў Войшалк. — Але спачатку пакажы тое, што мужчына беражэ больш за ўсё і чым адмыкае жанчыну! Кажуць, што ў цябе дужа маленькі той ключ! Пакажы свой ключык, Эдзівід!

Варуцкі княжыч здзекліва зарагатаў. Эдзівід аж сшалеў ад такой чорнай абразы, сек і сек мячом.

Месца паядынку-двубою ўжо абкружылі новагараджане і літоўцы, гарачліва сціскаючы зброю, каб пры першай магчымасці самім рынуцца ў сечу. Але старадаўні звычай патрабаваў стаяць збоку і чакаць, пакуль сякуцца між сабой вожы 33 . У каго першага свісне з раны кроў, той прайграў. Ну і, вядома, прайграў той, у каго хрусне, як арэх, чэрап і душа адляціць з мёртвага цела ў завоблачную нябесную дзяржаву.

33

Вож — правадыр, важак.

Далібор, падтрымліваючы Рамуне, дапамагаў ёй сесці на свайго каня. Замілавана глядзеў на яе і краем вока сачыў за паядынкам. Рамуне неадрыўна пазірала на брата. Можна было па яе вачах, стоячы спіной да байцоў, здагадацца, як ідзе паядынак. Вочы цьмелі, рабіліся зусім чорныя — значыць, адступаў пад ударамі Эдзівіда Войшалк. Святлінка ўспыхвала ў вачах — значыць, брат цясніў ворага.

Нарэшце Войшалк магутным ударам аглушыў, выбіў Эдзівіда з сядла. Той, матлянуўшы рукамі, гоцнуўся ў пясок, узараны конскімі капытамі. Аж, здалося, каменьчыкі запішчалі пад Эдзівідам.

Новагараджане і Войшалк з Рамуне адразу ж пусціліся ў дарогу. Літоўцы саскочылі з коней, укленчылі каля Эдзівіда. Калі ён і дыхаў, то на адну няпоўную наздрыну.

— А я думала, княжыч, што ты здрадзіў Міндоўгу, майму бацьку, і за Даўспрункам, як хвост, павалокся, — сказала Рамуне, хітравата пазіраючы на Далібора. Яна ехала на ягоным кані, Далібору ж аддаў каня Найдзён. Сам халоп, трымаючыся за стрэмя гаспадара, бег трушком побач. Гарошыны поту скочваліся са шчок, нават з вушэй. Але не шкадуюць людзей, народжаных на рваным рыззі і пад саламянай страхою, тыя, што ядуць свой хлеб зямны на золаце і на срэбры.

— Новагародак — саюзнік Міндоўга, а не яго ворагаў,— з урачыстасцю і важнасцю ў голасе прамовіў Далібор. — Як жа я мог пайсці супраць Новагародка? Кунігас Міндоўг (і Новагародак гэта ведае) лепшы, вартнейшы чалавек на Літве.

Рамуне, відно па-ўсяму, было прыемна слухаць такія словы. Шчокі ў яе заружовіліся, як прыхоплены сонцам летні яблычак. Яна ўжо з большай прыхільнасцю пазірала на Далібора. Чорна-зялёныя вочы святлелі. А княжыч, рассмеліўшыся, казаў далей:

— Даўспрунк, вядома, кунігас таксама не без галавы. Але ў адным ён дужа прайграе Міндоўгу.

— У чым? — хуценька павярнула галоўку, як птушка з гнязда, Рамуне. Нездарма мудрацы кажуць, што доўгавалосыя дочкі Евы, дзе б яны ні нарадзіліся, на Літве ці на Русі, хочуць ведаць усё і больш за ўсіх, нават больш за бога-тварца.

— У яго няма такой прыгожай дачкі,— адказаў Далібор.

Рамуне весела засмяялася і яшчэ больш, мяркуючы па іскрыстых вачах, упадабала новагараджаніна.

Ехалі, не спыняючыся, цэлы дзень. Ды колькі таго восеньскага дня — жменька. Цурболіў ціхі дожджык. Хмары плылі над лясамі, як шэры бясконцы дым. Здавалася, далёка адсюль бушуюць нябесныя пажары, і ўвесь прысак, усю сажу прыганяе вецер у Панямонне. Перад самым вечарам прарэзалася ў небе пранізліва блакітная шчыліна. Расстайнае летняе цяпло было ў ёй. Далібор бачыў, як уважліва і ўсхвалявана глядзіць Рамуне на гэту жывую яркую палоску. І сам глядзеў туды.

Пераначавалі ў лесе, а на золку зноў рушылі ў дарогу. Перад тым як ехаць на новагародскі дзядзінец, Далібор завярнуў на Цёмную гару. З Рамуне і Войшалкам пайшоў да святога дуба.

Валасач сядзеў усё на тым жа месцы, пад лёгкай паветкай, што тулілася да дубовага камля. Цяпельца міргала, круцілася клубком каля ягоных ног. Вяшчун, неадрыўна пазіраючы на ружовыя пялёсткі полымя, ламаў на дробныя кавалачкі сухое сучча, карміў агонь. Вочы былі шчаслівыя.

— Ты хлус, ілгун, — пагрозліва сказаў Далібор. — Калелая цябе бярэ, вось ты і лезеш да агню. Навошта схлусіў пра Міндоўга? Навошта кляўся, што мы з ім адзінакроўнікі? Адказвай, пёс.

Поделиться с друзьями: