Жалезныя жалуды
Шрифт:
Далібор адчуваў, як пасталеў за апошні час. Ужо зусім не хацелася гуляць з Някрасам. Той дужа пакрыўдзіўся, калі старэйшы брат не захацеў бегчы разам з ім на вал, каб коўзацца па слізкай траве, але што паробіш. Пасля дарогі доўга спаў Далібор і, нарэшце прачнуўшыся, яшчэ раз канчаткова зразумеў сваю даросласць, калі пачуў, як маці гаворыць некаму пра яго: «Стаміўся. Спіць, як каваль».
Прачнуўшыся, ён адразу ж успомніў Рамуне, мяккую ўсмешку, светлыя валасы, незвычайныя чорна-зялёныя вочы. Ен зразумеў, што пакахаў прыгожую юную літоўку, і сэрца захлынулася ў халодным і адначасна салодкім суме: «А ці пакахае мяне яна? Ці спадабаюся я ёй?» Гэта было так важна ведаць, прычым ведаць неадкладна, зараз жа, бо кожны мужчына два разы нараджаецца на свет. Першы раз — для Бога і для сябе, другі раз — для жанчыны. Далібор хацеў паклікаць халопа Найдзёна, каб той занёс у вакольны горад і перадаў Рамуне сіняга шкла бранзалет. Ен чуў і ведаў, што мужчына павінен рабіць падарункі, а жанчына павінна з удзячнасцю іх прымаць. Але, падумаўшы, княжыч вырашыў такую важную і далікатную справу даручыць дружынніку Велю, свайму аднагодку, з якім вельмі сышоўся ў час паходу ў Варуту.
Бель зразумеў Далібора з паўслова.
Ен узяў бранзалет, любуючыся, пакруціў у руках, прыклаў да вока, каб паглядзець праз яго на сонца, нарэшце схаваў запазуху і сказаў:
— Я таксама насіў падарункі ў вакольны горад. І бранзалет насіў, толькі бяднейшы, чым твой.
— Каму ж ты насіў? — зацікавіўся Далібор.
— Жыве там Лукера, дачка залатара Івана.
— Тая, што да вешчуна на Цёмную гару ходзіць?
— Яна, — здзіўлена адказаў Вель. — Адкуль табе, княжыч, вядома такое?
— Ужо ж вядома, — задаволена прамовіў Далібор, убачыўшы разгубленасць на твары ў дружынніка. — Нясі бранзалет, аддай і скажы, што новагародскі княжыч прыслаў. І абавязкова запомні, што яна пры гэтым скажа або як гляне.
— У яе брат злосны. Нездарма ж яго воем шалёным завуць, — пачухаў патыліцу Вель.
— А ты зрабі так, каб Войшалк не ўбачыў.
— Зраблю, княжыч, і ніводная пчала і муха не даведаюцца.
Увечары князь Ізяслаў, правёўшы перамовы з Міндоўгам, выпіўшы з ім мёд і развітаўшыся да заўтрашняга дня, пад вялікім сакрэтам склікаў проста ў сваёй апачывальні самых блізкіх людзей, правераных часам на вернасць яму, князю, думцаў 34 . Прыйшлі ваявода Хвал, святы айцец Анісім, тысяцкі Раданег, пасаднік Ізот, баяры, купцы і залатары з вакольнага горада, і сярод іх такія вятшыя і багатыя срэбрам, як Сарока, Іван, Тугажыл.
34
Думец — дарадчык, радца.
Густа гарэлі свечкі, устаўленыя ў запоўненыя тлушчам кубачкі, якія нагадвалі сабой дзівосныя срэбныя кветкі. Райская птушка Сірын з жаночай галавой была вышыта залатым танюсенькім дротам на велізарным рамейскім дыване, што вісеў над князевым ложам. Ізяслаў быў апрануты ў лёгкую зялёную кашулю з адамашку. Рукавы ў кашулі на запясцях схоплены буйнымі бліскучымі запінкамі-жамчужынамі.
Думцы селі паўкругам на перасоўныя дубовыя лавачкі, па чалавеку на лавачку. Чаляднікі ўнеслі ў гліняных цёмных брацінах квас, у якім плавалі кавалачкі лёду, светлае піва.
— Свайго сына, княжыча новагародскага Глеба, я таксама запрасіў сюды, — сказаў думцам Ізяслаў. Далібор устаў і, як вучыў Костка, пакланіўся ўсім.
— Гэта не чужы прыхадзяка, а свой новагародскі княжыч, — паважна прамовіў, трасучы сівой калматай барадою, баярын Тугажыл. — Няхай глядзіць, слухае і розуму набіраецца.
— Баяры і купцы, чадзь старая і мной любімая, — пачаў Ізяслаў,— трэба нам парадзіцца, мудрасць і развагу сваю ўзяўшы ў дапамогу. Усе вы ведаеце, што ў Новагародак завітаў і ўжо атрымаў нашу вялікую ласку і пашаноту высокамаентны госць.
— А я, едучы з Турыйска, сёння ваўка ўбачыў,— не дужа пачціва ўставіў сваё слова залатар Іван, — воўк, дык воўк. Аж успомніў дзедаўскую прыкмету — убачыш ваўка, будзе на парозе госць. Прыехаў у Новагародак, а тут ужо Міндоўг з дружынаю.
Ізяслаў незадаволена зірнуў на залатара, а той хоць бы вусам варухнуў. Ведае, што за ім сіла, срэбра і золата. Новагародскія ж залатары-купцы аж у Рым і Брэмен свой тавар возяць. Іхняе Нёманскае сто 35 ў Полацку і ў Ноўгарадзе між мясцовых купцоў-багацеяў вялікую падтрымку мае.
35
Сто — купецкія арганізацыі, якія існавалі ў старадаўніх Усходнеславянскіх гарадах.
— Як будзем наконт Міндоўга рашаць, наконт яго сямейцаў і дружыны? — нахмурыўшыся, спытаў Ізяслаў.
— А што ваявода Хвал скажа? Ен жа быў у Літве, — пачуліся галасы.
Ваявода Хвал, разгладзіўшы вусы, што зіхцелі медна-жоўтым бляскам, сказаў:
— Вялікая фуртавіна 36 ў Літве. Рэжуцца між сабой кунігасы. Вось нават і Міндоўга выгналі з Варуты. Але ён моцны. У яго дружына, якіх я мала бачыў, хоць, як вядома вам, шмат дзе ваяваў.
— Калі выгналі з Варуты, няхай ідзе на самакорм'е і жыве, як смерд, сваёй працаю, — кпліва прамовіў Тугажыл.
36
Фуртавіна — непагадзь, бура.
Але з ганарлівым баярынам ніхто не пагадзіўся. Усе разумелі, што за Міндоўгам стаіць сіла, і патрэбна гэту сілу выкарыстаць з розумам. Не парокам-таранам павінна біць яна ў новагародскую браму, а стралой, пушчанай з магутнага лука, ляцець туды, адкуль ворагі пагражаюць Новагародку. Літоўскі меч трэба ўкласці ў новагародскія похвы.
— Думаю я, што з Міндоўгам і яго дружынаю нам неабходна заключыць рад 37 ,— сказаў баярын Сарока. — Мы дапаможам яму вярнуць сталец у Варуце і ўсёй Літве, ён разам з намі стане на Нёмане супраць татараў і лацінян.
37
Рад — дагавор, умова.
— Міндоўг — паганец, — запярэчыў айцец Анісім. — Дзе і калі хто бачыў, каб хрысціянская дзяржава, улюбёная Хрыстом-богам, садзілася, як з роўняй, за адзін стол з паганцамі? Яны адразу ж здрадзяць, бо жывуць, як звяры.
— Няпраўду кажаш, святы айцец, — міжволі вырвалася ў Далібора. — Паганцы такія ж самыя людзі, як і мы. Быў я ў Варуце, доўгі час жыў побач з імі. Яны не бязбожныя людзі, бо маюць сваіх багоў, якім з ахвотаю пакланяюцца. Толькі звяры не маюць багоў.
— Сын мой, — холадна прамовіў Анісім, — паганцы — ворагі роду чалавечага. Няўжо ты гэтага не ведаеш?
Але Далібора няпроста было збіць з тропу. Ен, калі адчуваў сваю праўду, мог казаць рэзкія, нават злыя словы.
— Не бачыў я на іхніх тварах звярынага поту, — вёў сваё княжыч. — Бачыў пот чалавечы і слёзы чалавечыя бачыў. Яны дзяцей сваіх берагуць і шкадуюць, як і мы, хрысціяне. І плачуць над дзецьмі сваімі, калі кладуць іхнія мёртвыя маленькія цельцы на памінальнае вогнішча.
— На вогнішча! — усклікнуў Анісім. — Не ў зямлю! Бо не вераць ва ўваскрэсенне з мёртвых.
Усе з вялікай цікавасцю сачылі за слоўным паядынкам іерэя і маладога княжыча. Князь Ізяслаў хмыкаў у вусы, хмурыўся, але пакуль што маўчаў. Апошнімі днямі хмурнасць гэта рэдка сыходзіла з ягонага твару.
— Варуцкая княгіня Ганна-Паята, дачка цверскага князя, праваслаўная, як і ўсе мы, — цвёрдым голасам казаў Далібор. — І сын яе Войшалк праваслаўны. Ды і сам Міндоўг, калі трэба для яго народа, трэба для Літвы, прыме веру хрысціянскую ад Усходу, гэта значыць нашу веру.
— Мудрыя словы гаворыш, княжыч, — аж ускочыў са свайго месца Сарока. — Давайце дамовімся так: рад з Міндоўгам мы возьмем толькі тады, калі ён паклоніцца Хрысту, зробіцца хрысціянінам, як яго жонка і сын.
— Хутчэй дуб лясны паверыць у святую тройцу, чым варуцкі кунігас, — крыва ўсміхнуўся Тугажыл.