Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Жалезныя жалуды

Дайнеко Леонид Мартынович

Шрифт:

— Пачынаю правяраць, як вы любіце святы агонь і як ён вас любіць. Ты! — паказаў ён пальцам на крайняга злева светлабародага паганца. — Гавары, дзе табун. Маўчыш? Падсмаліце малойчыку пяткі над агнём.

Збраяносцы схапілі паганца, узнялі, прывязаўшы да пік, над вогнішчам. Ен закрычаў ад болю.

— Гавары, дзе табун, і я адпушчу цябе, і дам лепшага каня, — падышоў да паганца Голін. — Ты паедзеш дадому на кані.

Канявод крычаў, курчыўся ад болю, але не казаў ні слова.

— Гэтага святы агонь не любіць, — засмяяўся Голін. — Бачыце, як ён нагамі дрыгае. Давайце сюды наступнага.

Яшчэ адзін паганец заенчыў над агнём. Так, па чарзе, абсмалілі, абпяклі ўсіх чатырох. Але трымаліся яны мужна. Адзін, самы старэйшы на выгляд, нават смяяўся з рыцараў, ганьбіў іх абразлівымі словамі. Голін зразумеў, што ён стараецца ў гэту цяжкую смяротную часіну падтрымаць сваіх маладзейшых і, пэўна, слабейшых аднародцаў. Гаваруну заткнулі рот, натаптаўшы ў яго ляснога моху. З яшчэ большай лютасцю ўзяліся за астатніх. Адчайнымі крыкамі і хрыплымі стогнамі напоўнілася лясная паляна. Сіверт не мог стрываць гэтага. Пайшоў у глыб лесу, каб не чуць чалавечага енку, пачаў тварыць святую малітву.

— Я вас зламлю! — скрыгатаў зубамі Марцін Голін. — Такія, як вы, раздзіралі цвікамі Хрыстову плоць. За яго раны вы абмыецеся ў мяне крывавымі слязьмі.

Катаванні ўзмацніліся. Кожны з рыцараў, хто жадаў, прымаў у іх удзел: хвастаў паганцаў дрэўкам пікі, сыпаў на голыя грудзі гарачае вуголле, церусіў соль над ранамі. Ужо нават забыліся, дзеля чаго ўсё гэта пачалося, ужо не за схаваных коней цягнулі з няшчасных жылы, а за тое, што ў іх іншы бог, іншая мова.

— Спыніцеся! — крыкнуў нарэшце Сіверт Голіну, бо не мог пазіраць на жахлівае чырвонае месіва, у якое ператваралася чалавечая плоць. — Хрыстос дараваў сваім ворагам, даруйце ж і вы, яго рабы і дзеці. Гэтыя людзі паганцы, і мы, хрысціяне, абавязаны вызваліць іх з дзікага рабства дзікай веры. Але, каб зняць з шыі ярмо, не абавязкова адсякаць галаву. Не бічы і не жалезы, а слова патрэбна, святое слова. Дайце мне пагаварыць з імі.

Голін, стаміўшыся і знерваваўшыся, дазволіў манаху пагутарыць з палоннымі. Сіверт напаіў кожнага вадой, адагнаў прагных да крыві мух і камароў. Потым ласкавымі словамі суцешыў усіх, пачаў навучаць, угаворваць і пераконваць, як навучаюць клапатлівыя маці малых дзяцей. Паганцы, хоць на нейкі міг пазбегшы пакут, уважліва слухалі яго. У некаторых у вачах іскрыліся слёзы. Манах бачыў гэта, і яшчэ больш разгараўся ягоны імпэт, хацелася, каб ад спагадных усёдаравальных слоў заплакалі не толькі знявечаныя паганцы, але і рыцары, дрэвы, птушкі на дрэвах. «Слова перамагае ўсё, — расчулена думаў Сіверт. — Яно як бальзам і як меч».

Але самы старэйшы з палонных, часта міргаючы разбітым вокам, якое заплывала крывёй, сказаў:

— Ты скончыш гаварыць, і яны зноў пачнуць лупіць скуру з мяне і маіх таварышаў. Ты добра гаворыш, і бог твой, калі верыць табе, добры. Але наш бог лепшы. Чуеш? Наш бог лепшы, бо гэта бог нашых дзядоў і нашага народа. Чаму твой бог, калі ён такі чалавекалюбівы і ўсёмагутны, не зробіць, каб вось гэты звер, — паганец зірнуў на Голіна, што стаяў побач з Сівертам, — ператварыўся ў камень або струхлелы корч?

Тлумач з ландскнехтаў пераклаў словы паганца Марціну Голіну. Рыцар пачырванеў ад гневу, паклаў цяжкую руку на плячо Сіверту, злосна выдыхнуў:

— Хопіць, святы айцец. Ты ж вучыш нас, што ёсць рай, чысцец і пекла. Так? Дык вось я для іх не на тым, а на гэтым свеце, у гэтым лесе, на гэтай паляне, устрою пекла. Адыдзі ўбок, святы айцец.

Немагчыма перадаць словамі тое, што пачало рабіцца. Чалавечае цела распырсквалася чырвонымі шматкамі. Выццё і крык стаялі над зямлёй. На галаву старэйшаму з паганцаў рыцары надзелі карону — вянок з галля і падпалілі галлё. Вогненнагаловы паганец паўтараў адно:

— Наш бог лепшы.

Пэўна, такія словы нейкім чынам змяншалі боль.

«Божа, прыляпі мой язык да гартані маёй, — ліхаманкава думаў Сіверт, адышоўшы як мага далей ад страшнай паляны. — Не дай мне зараз не тое сказаць і не тое крыкнуць». Ен затыкаў вушы рукамі, шыўся галавой у густы зялёны хмыз.

Праляцела ноч. Марцін Голін не скрануў атрад з месца, бо рашыў чаго б ні каштавала вырваць у паганцаў прызнанне. Зноў успыхнулі вогнішчы, пачуліся стогны і крыкі.

Недзе пасля абеду Голін, які ўласнаручна катаваў палонных, заўважыў, што адзін з іх, самы маўклівы і самы буйнацелы, усё цяжэй пераносіць пакуты. Слёзы градам цяклі ў яго з вачэй. Голін даў знак рыцарам, і ўсе пачалі катаваць толькі буйнацелага, наляглі з такой ярасцю, што аж косці ў бедалагі трашчалі. Паганец не вытрымаў, закрычаў:

— Не магу болей!

— Цярпі,— прахрыпеў яму скрываўленымі губамі самы старэйшы з палонных. — Цярпі, Гірстаўме. Хутка ўсяму канец. На тым свеце мы апусцімся ў прахалодную раку, паплывём па ёй, і Лаўма, распусціўшы свой пояс, усміхнецца нам.

— Не магу… Скажу, — прашаптаў у нейкай гарачцы-ліхаманцы Гірстаўме, і вочы былі туманныя ад болю. — Даруйце мне, калі можаце… Скажу, дзе стаяць нашы коні…

— Але ж там твая жонка, дзеці! — гнеўна ўскрыкнуў ягоны сябра па няшчасцю і пакуце. — Там і нашы сем'і.

— Не магу, — апусціў галаву на грудзі Гірстаўме і заплакаў.

Тады астатнія трое паганцаў пачалі пляваць на яго, праклінаць самымі лютымі словамі. А ён паўтараў толькі адно:

— Не магу…

— Глядзіце, багі, глядзіце, продкі, на адступніка, — сабраўшы рэшткі сіл, прыўзняўшыся на локцях, сказаў старэйшы з паганцаў.— Ен пашкадаваў сваё нікчэмнае жыццё. Але няхай усё чуюць нябёсы: з гэтага часу на нашай зямлі няма Гірстаўме, няма і ніколі не было.

— Няма і ніколі не было, — як рэха, паўтарылі два астатнія палонныя, адсоўваючыся ад Гірстаўме.

Марцін Голін загадаў забіць усіх, падараваўшы жыццё аднаму Гірстаўме, які ляжаў на прыціхлай паляне і плакаў. Неўзабаве рыцары прыгналі вялізны табун коней і купку жанчын з дзецьмі. Коней вырашылі прадаць рыжскім купцам, жанчын і дзяцей Голін адпусціў. Жонка Гірстаўме падбегла да мужа, пачала змываць з яго кроў. Дзеці, трое белагаловых хлопчыкаў, стаялі непадалёку, спалохана пазіралі на бацьку. Гірстаўме нешта сказаў жонцы, і яна разам з сынамі хуценька пашыбавала ў лес, пэўна, у сваю вёску, каб прыгнаць фурманку і забраць напаўжывога мужа. Якраз хлынуў лівень, загрукатаў гром. Сінія бізуны маланак узвіліся над зямлёй. Рыцары і Сіверт разам з імі пахаваліся ў паходныя шатры. Адзін Гірстаўме застаўся ляжаць пад дажджом, падставіўшы знявечаны твар грымотнаму небу. Сіверт бачыў, як паганец шырока разяўляе рот, нібы выкінутая на бераг рыбіна, і прагна глытае нябесную ваду.

Калі ж супакоілася неба і ўсе вышлі з шатроў, Гірстаўме ўжо не было на паляне.

— Дзе ён дзеўся? — спытаў Сіверт у Морыца.

— Жонка забрала і павезла дадому, — упэўнена адказаў той. — Хоць і пакалечаны, а ўсё ж будзе жывая душа пад бокам.

Так усе і забыліся пра Гірстаўме, але неўзабаве прыехала на фурманцы жонка, з вялікім плачам пачала яго шукаць. Сіверт пахадзіў каля вогнішчаў, уважліва прыглядваючыся да падпаленай травы, і ў адным месцы заўважыў як бы баразёнку, што вяла ў лес. Манах здагадаўся, што гэта поўз Гірстаўме. Разам з ягонай жонкаю ён пайшоў па гэтым кволым, дзе-нідзе заплямленым крывёю следзе. Відно было, з якой страшэннай напругаю поўз паганец, падмінаючы сваім цяжкім непаслухмяным целам траву, ломячы мокрае кустоўе. Ен узадраў, нібы ралам, шэры пясок на невысокай выдме, што навісала над лясным азерцам. Баразёнка прывяла да чорнай, як дзёгаць, вады, на якой нерухома ляжалі першыя жоўтыя лісты з бяроз і асін. Чалавечыя белыя ногі тырчалі з вады.

Поделиться с друзьями: