Жалезныя жалуды
Шрифт:
Сіверт, слухаючы брыдкае выццё Морыца, напружана ўглядаўся туды, дзе стаяў сцяг Энгельберта — на белым полі залаты іерусалімскі крыж у чорным тэўтонскім крыжы. Манаху і самому хацелася, каб нешта спыніла палёт новагародскіх стрэл. І чаму марудзіць гэты тугадум? Паганцаў жа ў тры разы больш, чым хрысціян, і ўсе дарогі да адступлення адрэзаны.
— Кладзіся, святы айцец! — крыкнуў Морыц, тузануўшы Сіверта за рукаў.
Яны ўпалі ў гразь, у бруд, і ўпалі вельмі своечасова, бо над галовамі тонка свіснулі дзесяткі стрэл. Пранізаныя імі, валіліся на зямлю ландскнехты.
— Што робіць граф Энгельберт? — аж вішчаў Морыц. — Не здаецца і нас не абараняе! Пераб'юць жа ўсіх, як курапатак.
— А ты помніш, што казаў Марцін Голін? — спытаў у прыслужніка манах. — Не здавайцеся ў палон паганцам, бо на вогнішчах жыўцом спаляць.
Такія словы ўшчэнт даканалі беднага Морыца. Ен абхапіў галаву рукамі.
— Будзь пракляты той дзень, калі я паслухаўся бязносага Франца і прыехаў у Лівонію. Я так добра жыў у Вестфаліі. У мяне быў свой дамок, былі гусі.
Але вельмі мала часу заставалася на ўспаміны, бо стрэлы ляцелі ўсё гусцей, а баявы кліч ворагаў грымеў, здавалася, над самым вухам.
— Дык жа нам можна здацца новагараджанам, хрысціянам. Святы айцец, новагараджане ж людзей не паляць? — заенчыў Морыц. — Мы не рыцары. Мы божыя служкі. Нас яны павінны адпусціць у Рыгу або Вендэн.
— А я думаў, Морыц, што ты адважны воін, Рычард Ільвінае Сэрца, — знайшоў у сабе сілы для жарту манах.
— У мяне маё сэрца, і яно адно, — пакрыўдзіўся Морыц і раптам радасна закрычаў: — Бог пачуў нашы малітвы! Энгельберт спусціў сцяг!
Ен стаў на калені, замілавана сашчапіўшы рукі, сказаў:
— Дзякуй табе, нябесны ўладыка. Вярнуся ў Вестфалію і ў святым храме ў той жа дзень пастаўлю пудовую свечку за шчаслівае збавенне ад смерці.
Няшмат засталося ў жывых людзей Энгельберта. Рыцараў уцалела ўсяго чацвёра з пяцідзесяці. Сам Энгельберт, цяжка паранены, стагнаў, прыдушаны ўласным канём.
Да Сіверта з Морыцам і купкі ландскнехтаў прымчаўся на рыжым порсткім жарабку, прыкрытым скураной лічынай, чорнавалосы шыракаплечы асілак у надзіва багатым убранні. На ім быў кажух з грэчаскага алавіра, абшыты шырокімі залатымі карункамі, боты з зялёнай скуры, таксама шытыя золатам. Высокі жалезны шалом з наноснікам, з кальчужнай сеткай-барміцай, якая ахоўвала шыю і плечы, ззяў у яго на галаве. Ен асадзіў жарабка і зычным голасам праз тлумача сказаў:
— Я князь Далібор-Глеб Ваўкавыйскі. Вы мае палонныя.
— Мы твае, твае, хрысціянскі князь, — паспешліва залепятаў Морыц, бо ўбачыў, што рыцараў і іхніх збраяносцаў зганяюць у асобную кучу нейкія суровыя з выгляду воіны ў звярыных шкурах.
Іх пагналі на поўдзень, у глыб Літвы.
— Глядзі, Бачыла, нямецкі поп! — весела крыкнуў русабароды вой-ахоўнік свайму напарніку і тыцнуў пальцам у Сіверта.
— Поп? — здзівіўся зеленавокі вой, якога назвалі Бачылам. Ен паправіў на галаве медную шапку, сціскаючы ў руцэ кап'ё, падышоў да Сіверта.
— Ты поп?
Манах няўцямна пазіраў на новагараджаніна і не разумеў, чаго хоча ад яго гэты схізматык. Павісла маўчанне.
— Скажы яму хоць што-небудзь, святы айцец, — гарачліва шаптаў побач Морыц. — Кап'ё ў яго доўгае. Можа нас дваіх на кап'ё насадзіць.
Ен пачаў прыніжана ўсміхацца Бачылу, прыкладваючы рукі да грудзей і кланяючыся.
— Не круціся, як ліса пад бараной, — загадаў Морыцу Бачыла і зноў, ужо больш строга, спытаў у Сіверта: — Ты поп?
Манах зняў з сябе нашыйны крыж, высока ўзняў над галавой, заспяваў святы псалм.
— Так бы адразу і сказаў,— прамовіў Бачыла і крыкнуў: — Князь! Князь Глеб Ізяславіч! Мы нямецкага папа злавілі!
Пад'ехаў Далібор, уважліва глянуў на Сіверта. Пэўна, яму нешта спадабалася ў манаху, бо загадаў:
— Пасадзіце яго ў фурманку. Паедзе са мной у Ваўкавыйск.
Сіверта вывелі з гурту палонных. І тут следам кінуўся Морыц, заверашчаў, быццам з нажом падступілі да горла.
— Без мяне святы айцец прападзе!
— Чаго гэта ён? — здзівіўся Далібор.
— Гэта мой прыслужнік, — сказаў Сіверт. — Дазволь, кароль ваўкавыйскі, узяць яго з сабой.
«Хутка нямчыны да нявольніцтва свайго прывыкаюць», — у думках адзначыў сам сабе Далібор. — Наш чалавек, бывае, памрэ, а чужому няміламу небу так і не ўсміхнецца».
— Бяры з сабой свайго халопа, — дазволіў святару. Усё паварочвалася даволі ўдала. Сіверт з Морыцам маглі ўжо карміць магільных чарвей або, што яшчэ горш, гарэць на паганскім вогнішчы. Яны ж ехалі ў зручнай няцеснай фурманцы ў горад Ваўкавыйск, дзе ўладарыў князь Далібор-Глеб. Не бяда, што толькі зараз Сіверт упершыню пачуў пра гэты горад. Галоўнае — там жывуць хрысціяне, хоць і падначальваюцца яны не папу рымскаму, а канстанцінопальскаму патрыярху.
«Усё ў нашым жыцці падзелена на святло і цемру, — ціхамірна і журботна думаў Сіверт, едучы па дагэтуль невядомай краіне. — Як стаяць у Магдэбургскім саборы статуі пяці мудрых і пяці неразумных дзеў, так ёсць на зямлі і ў небе жыццё і смерць, цвіценне і тлен. Я — раб схізматыкаў і паганцаў, але ж мая душа належыць толькі Хрысту».
У сталіцы магутнай дзяржавы літоўцаў і русінаў Новагародку лёс палоннага манаха рэзка змяніўся. Князь Глеб Ваўкавыйскі заехаў адабедаць да свайго даўняга сябра князя Войшалка, які ад імя бацькі, кунігаса Міндоўга, правіў Новагародкам. Сам жа Міндоўг упадабаў Варуту і Кернаве і не любіў выязджаць з гэтых гарадоў. Але вайна прымусіла кунігаса надоўга сесці ў сядло і вельмі часта начаваць пад покрывам нябёс, а не ў сваім любімым нумасе. Ворагі ішлі з усіх бакоў. Спачатку кунігас нават смяяўся над валынска-нямецка-жамойцкім саюзам. «Сышліся мядзведзь, свіння і асёл», — казаў сваім бліжнім Міндоўг. Але гэтыя такія непадобныя жывёлы балюча кусаліся. А поруч з імі яшчэ стаялі яцвягі і пінскія князі. Праўда, піняне ішлі на Новагародак не па сваёй волі — гнаў Даніла Раманавіч, якому яны перад гэтым скарыліся. Хмурна было на душы ў Міндоўга. Надумаў ён сабраць у Новагародку раду з усіх падручных князёў і кунігасаў, з новагародскіх і літоўскіх баяр. Завярнуў перад радаю да сына, Войшалка, і ў яго сустрэў Глеба Ваўкавыйскага разам з дзіўным чалавекам, які нешта лапатаў па-нямецку.
— Хто гэта? — кісла зморшчыўшыся, спытаў Міндоўг.
— Дамініканскі манах Сіверт, — адказаў Далібор. — Узяты маімі воямі ў палон. Вялікай вучонасці святар і чалавек.
— Вялікай вучонасці? — засмяяўся Міндоўг. — А па-новагародску ці па-літоўску ён умее гаварыць?
Тлумач пераклаў Сіверту сказанае кунігасам. Дамініканскі манах сціпла ўталопіў у зямлю вочы, пакланіўся.
— Я навучуся, вялікі кароль. Я вельмі хутка навучуся вашым цудоўным мовам, бо ад нараджэння закладзена ў мяне Хрыстом незвычайная здольнасць да навучання.
Сіверт не спадабаўся Міндоўгу.
— Немца аддасі мне, — сказаў кунігас Далібору. — Дужа ў яго хітрыя вочы і слізкі язык.
І строга спытаў:
— А чаму твой бацька, князь Ізяслаў Свіслацкі, не прыехаў у Новагародак на раду?
— Князь Ізяслаў сядзіць у Свіслачы, я ж — у Ваўкавыйску, — нахмурыў бровы і прыкусіў губу Далібор.
— Даносяць мне верныя людзі, што ён з тэўтонцамі і ляхамі перанюхваецца, — пачаў закіпваць гневам Міндоўг, Ваўкавыйскі князь як анямеў, не сказаў на гэта ні слова.