Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза
Шрифт:
Ад лесу, дзе я збудаваў сваю лодку, да вады было не больш за сто ярдаў, але лес стаяў у катлавіне, а бераг быў высокі, абрывісты. Гэта была першая перашкода.
Праўда, я адважна вырашыў яе знішчыць: трэба было зняць усю лішнюю зямлю такім чынам, каб ад лесу да берага ўтварыўся пакаты нахіл. Страшна ўспомніць, колькі сілы ўклаў я ў гэту працу, але хто пашкадуе свае апошнія сілы, калі гаворка ідзе пра тое, каб дабіцца волі!
Такім чынам першая перашкода была знішчана: дарога для лодкі гатова. Але гэта не дало вынікаў: колькі я ні біўся, я не мог зрушыць з месца маю пірогу, як раней не мог зрушыць карабельную шлюпку.
Тады я змераў адлегласць, якая аддзяляла пірогу ад мора, і вырашыў выкапаць канал: калі нельга было правесці лодку да вады, тады заставалася ваду прывесці да лодкі. І я пачаў быў ужо капаць, але калі прыкінуў у думках патрэбную глыбіню і шырыню маючага быць канала, калі падлічыў, за які прыкладна час здолее зрабіць такую работу адзін чалавек, то выявілася, што, каб давесці яе да канца, мне спатрэбіцца не меней дзесяці — дванаццаці год.
Нічога не зробіш, сціснуўшы зубы, давялося адмовіцца і ад гэтай задумы.
Я быў бясконца засмучаны, аднак тут жа разважыў, што брацца за справу, не разлічыўшы папярэдне, колькі часу і працы на яе спатрэбіцца, не ўзважыўшы, ці хопіць у цябе сілы скончыць яе, — неразумна.
За гэтым бязглуздым заняткам сустрэла мяне чацвёртая гадавіна майго жыцця на выспе.
Да гэтага часу большасць рэчаў, якія я ўзяў на караблі, або зусім у мяне ўжо знасілася, або канчала свой век. Карабельныя харчовыя запасы таксама былі ўжо на астатку.
Адразу ж за чарнілам у мяне скончыўся запас хлеба, дакладней не хлеба, а карабельных сухароў. Я эканоміў іх як толькі мог. За апошнія паўтара года я з'ядаў у дзень не болей аднаго сухара. І ўсё роўна да таго часу, калі я сабраў са свайго поля ўжо столькі збожжа, што яго можна было ўжываць і ў ежу, я амаль год не спытваў і крошкі хлеба.
Адзежа мая да гэтага часу канчаткова знасілася. У мяне былі толькі кашулі ў клетку (каля трох тузін), якія я знайшоў у куфэрках матросаў. Іх я насіў асабліва ашчадліва; на маёй выспе вельмі часта было так горача, што даводзілася хадзіць у адной кашулі, і не ведаю, што б я рабіў, каб у мяне не было гэтага запасу.
Вядома, у гэтым клімаце я здолеў бы хадзіць і голы. Але, калі на мне была адзежа, я лягчэй пераносіў спякоту. Ад пякучых промняў трапічнага сонца на скуры заставаліся пухіры, кашуля ж бараніла яе ад сонца, і, апрача таго, мяне ахалоджваў рух паветра паміж кашуляй і целам. Не мог я таксама звыкнуць хадзіць на сонцы з голай галавой; кожны раз, як толькі я выходзіў без шапкі, у мяне пачынала балець галава.
Патрэбна было найлепш выкарыстаць тыя запасы адзежы, якія ў мяне яшчэ заставаліся.
Перш за ўсё мне патрэбна была куртка; усе, якія ў мяне былі дагэтуль, я знасіў. Таму я вырашыў паспрабаваць перашыць на курткі матроскія бушлаты, якія ўсё яшчэ ляжалі ў мяне без патрэбы. У такіх бушлатах матросы стаяць зімовымі начамі на вахце.
І вось я ўзяўся за кравецтва! Кажучы шчыра, я быў даволі-такі няўдалы кравец, але, як там ні кажы, дзве ці тры курткі я ўсё ж сяк-так агораў.
На мой разлік, іх павінна было хапіць мне надоўга.
Пра першую ж маю спробу пашыць сабе штаны лепш і не казаць: скончылася яна сорамам і няўдачай.
Аднак неўзабаве пасля таго я вынайшаў новы спосаб апранацца і з таго часу не меў недахопу ў адзежы.
Справа ў тым, што ў мяне захаваліся шкуры ўсіх жывёл, на якіх я паляваў. Кожную шкуру я высушваў на сонцы, расцягнуўшы яе на жэрдках. Толькі спачатку я, не маючы практыкі, вельмі доўга трымаў іх на сонцы, і таму першыя шкуры былі такія каляныя, што іх нельга было выкарыстаць. Затое астатнія былі выдатныя. З іх я і пашыў перш за ўсё сабе вялікую шапку поўсцю наверх, каб яна не баялася дажджу. Футравая шапка была такая ўдалая, што я вырашыў з такога ж матэрыялу змайстраваць сабе яшчэ і поўны гарнітур, гэта значыць штаны і куртку. Штаны я пашыў кароткія, да каленяў, і вельмі прасторныя; куртку таксама зрабіў вольную, таму што і тое і другое патрэбна было мне не так для цеплыні, як для таго, каб бараніцца ад сонца.
Мой крой і шытво, кажучы шчыра, не варты былі добрага слова. Цясляр я быў ніякі, а кравец — і яшчэ горшы. І тым не менш, мая адзежа, пашытая ўласнаручна, служыла мне як не трэба лепш, асабліва калі мне здаралася выходзіць з дому ў дождж: уся вада сцякала па доўгай поўсці, і я заставаўся зусім сухі.
Пасля курткі і штаноў я надумаўся змайстраваць сабе парасон.
Я бачыў, як робяць парасоны ў Бразіліі. Там гарачыня такая страшэнная, што без парасона нельга абысціся. А на маёй выспе было не халадней, наадварот, бадай, нават яшчэ гарачэй, таму што ён бліжэй да экватара. Хавацца ад гарачыні я не мог, большую частку свайго часу я праводзіў пад адкрытым небам. Неабходнасць прымушала мяне выходзіць з дому ў рознае надвор'е, а часам і падоўгу блукаць пад дажджом і сонцам. Адным словам, без парасона я быў як без рук.
Доўга я калупаўся і многа часу адабрала ў мяне гэта работа, перш чым здолеў змайстраваць нешта крыху падобнае на парасон. Разы два ці тры, калі я думаў, што ўжо дасягнуў мэты, у мяне атрымлівалася такое непадабенства, што даводзілася зноў пачынаць усё спачатку. Але ў рэшце рэшт я ўсё ж дабіўся свайго і зрабіў даволі прыстойны парасон. Справа ў тым, што я хацеў, каб ён раскрываўся і закрываўся, — у гэтым вось і была ўся загваздка. Вядома, зрабіць яго нерухомым было вельмі лёгка, але тады давялося б насіць яго заўсёды раскрытым, а гэта было нязручна. Як я ўжо сказаў, я адолеў і гэту цяжкасць, і мой парасон адкрываўся і закрываўся. Я нацягнуў на яго казіныя шкуры поўсцю наверх: дажджавая вада сцякала па поўсці, як па нахіленай страсе, і самыя гарачыя сонечныя промні не маглі пранікнуць скрозь мой парасон.
З гэтым парасонам я не баяўся ніякага дажджу і не пакутаваў ад сонца нават у самае гарачае надвор'е.
Калі ён быў мне не патрэбны, я складваў яго і нёс пад пахай.
Так я і жыў на сваёй выспе, спакойны і задаволены.
Раздзел пятнаццаты
Рабінзон будуе другую лодку, меншых памераў, і спрабуе аб'ехаць вакол выспы
Мінула яшчэ пяць гадоў, і за гэты час, як я памятаю, не адбылося нічога асаблівага.
Жыццё маё ішло па-ранейшаму — ціха і спакойна, жыў я на старым месцы, і па-ранейшаму ўвесь мой час быў у працы і на паляванні.
Цяпер у мяне было ўжо столькі збожжа, што майго ўраджаю хапала мне на цэлы год; вінаграду таксама было ўдосталь. Але з гэтай прычыны мне даводзілася працаваць у лесе і ў полі яшчэ больш, чым раней.
Аднак галоўным маім клопатам было збудаванне новай лодкі. На гэты раз я не толькі зрабіў лодку, але і спусціў яе на ваду: я вывеў яе ў бухтачку па вузкім канале, які мне давялося выкапаць на працягу паўмілі.
Першую сваю лодку, як ужо ведае чытач, я зрабіў такога велізарнага памеру, што вымушаны быў пакінуць яе на месцы пабудовы, як помнік уласнай дурноце. Ён заўсёды нагадваў мне пра тое, што ў далейшым мне трэба быць больш разумным.
Цяпер я ўжо быў спрактыкаваны. Праўда, на гэты раз я збудаваў лодку амаль за паўмілі ад вады, таму што бліжэй не знайшоў адпаведнага дрэва, але я быў упэўнены, што здолею спусціць яе на ваду, бо бачыў, што справа, якую задумаў, гэтым разам была мне па сіле, і цвёрда вырашыў давесці яе да канца. Амаль два гады пайшло ў мяне на збудаванне лодкі. Мне так страшэнна хацелася атрымаць нарэшце магчымасць плаваць па моры, што я не шкадаваў ніякае працы.
Трэба, аднак, заўважыць, што будаваў я гэту новую пірогу зусім не для таго, каб пакінуць сваю выспу. З гэтай марай я даўно ўжо развітаўся. Лодка была такая малая, што не было чаго і думаць пераплысці на ёй сорак ці болей міль, якія ляжалі паміж маёй выспаю і мацярыком.