Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза
Шрифт:
Цяпер у мяне была больш сціплая мэта: аб'ехаць вакол выспы — і толькі. Я ўжо аднойчы пабываў на супрацьлеглым беразе, і адкрыцці, якія я там зрабіў, так зацікавілі мяне, што мне яшчэ тады захацелася агледзець усё ўзбярэжжа, якое мяне акружала.
І вось цяпер, калі ў мяне з'явілася лодка, я вырашыў, чаго б гэта ні каштавала, аб'ехаць сваю выспу морам. Перш чым рушыў у дарогу, я старанна падрыхтаваўся да свайго падарожжа. Я змайстраваў для свае лодкі невялічкую мачту і пашыў такі ж невялічкі ветразь з кавалкаў парусіны, якой у мяне было яшчэ дастаткова ў запасе.
Калі лодка была аснашчана, я выпрабаваў яе ход і ўпэўніўся, што пад ветразем яна ідзе даволі прыстойна. Тады я прыбудаваў на карме і на носе невялічкія скрынкі, каб захаваць ад дажджу і хваль правізію, зарады і іншыя неабходныя мне рэчы, якія я буду браць з сабой у дарогу. Для стрэльбы я выдзеўбаў у дне лодкі вузкі жолаб.
Затым я ўмацаваў раскрыты парасон, нахіліўшы яго так, каб ён быў якраз над маёй галавой і бараніў мяне ад сонца ўсё роўна як стрэшка.
Дагэтуль час ад часу я рабіў невялікія прагулкі морам, але ніколі не заходзіў далёка ад свае бухты. Цяпер жа, калі я меў намер агледзець межы свае маленькае дзяржавы і падрыхтаваў сваё судна для далёкага плавання, я занёс на яго палову казінай тушы, гліняны гаршчок падсмажанага рысу і ячменныя праснакі, якія я ўжо сам пёк.
6 лістапада я накіраваўся ў дарогу.
Праездзіў я куды больш, чым разлічваў. Справа ў тым, што хоць мая выспа і была сама па сабе невялікая, але калі я павярнуў да ўсходняй часткі яе ўзбярэжжа, перада мной узнікла непрадбачаная перашкода. У гэтым месцы ад берага адыходзіць вузкая града скал; іншыя з іх тырчаць з вады, іншыя схаваны ў вадзе. Града заходзіць міль на шэсць у адкрытае мора, а далей, за скаламі, яшчэ мілі на паўтары цягнецца пясчаная водмель. Такім чынам, каб абагнуць гэту касу, давялося даволі далёка ад'ехаць ад берага. Гэта было вельмі небяспечна.
Я хацеў нават павярнуць назад, таму што не мог з дакладнасцю вызначыць, як далёка мне давядзецца прайсці ў адкрытым моры, пакуль я абагну граду падводных скал, і баяўся рызыкаваць. І, апрача таго, я не ведаў, ці здолею павярнуць назад. Таму я кінуў якар (перад тым як адправіцца ў дарогу, я змайстраваў сабе нешта накшталт якара з абломка жалезнага крука, які я знайшоў на караблі), узяў стрэльбу і сышоў на бераг. Убачыўшы непадалёку даволі высокую горку, я ўзлез на яе, змераў на вока даўжыню скалістай грады, якая адсюль была добра відаць, і вырашыў рызыкнуць.
Але не паспеў я дабрацца да гэтай грады, як апынуўся на страшнай глыбіні і следам затым трапіў у магутны струмень марскога цячэння. Мяне закруціла, як у шлюзе вадзянога млына, падхапіла і панесла. Пра тое, каб павярнуць да берага ці звярнуць убок, не было чаго нават і думаць. Усё, што я мог зрабіць, гэта трымацца каля самага краю цячэння і старацца не трапіць у сярэдзіну.
Між тым мяне зносіла ўсё далей і далей. Калі б быў хоць невялікі ветрык, тады б я здолеў узняць ветразь. Але на моры стаяў поўны штыль. Я працаваў вёсламі з усяе сілы, аднак справіцца з цячэннем не мог і ўжо развітваўся з жыццём. Я ведаў, што праз некалькі міляў тое цячэнне, куды я трапіў, сальецца з другім цячэннем, якое абгінала выспу, і што, калі да таго часу я не здолею звярнуць убок, я беззваротна загіну.
А між тым я не бачыў ніякай магчымасці звярнуць.
Выратавання не было: мяне чакала верная смерць — і не ў марскіх хвалях, таму што мора было спакойнае, а з голаду. Праўда, на беразе я знайшоў чарапаху, такую вялікую, што ледзь здолеў падняць яе, каб узяць з сабой у лодку. Быў у мяне таксама добры запас прэснай вады — прыхапіў свой самы большы гліняны збан. Але што гэта азначала для няшчаснай істоты, якая трапіла ў бязмежны акіян, дзе можна праплыць тысячу міляў і не ўбачыць нават прыкмет зямлі!
Пра сваю пустэльную, закінутую выспу я ўспамінаў цяпер як пра зямны рай, і адзіным маім цяпер жаданнем было вярнуцца ў гэты рай. Я аддана прасціраў да яго рукі.
— О мая пустыня! Ты падаравала мне шчасце! — усклікваў я. — Мне ўжо ніколі цябе не пабачыць. О, што цяпер будзе са мною? Куды занясуць мяне бязлітасныя хвалі? Які ж няўдзячны я быў, калі наракаў на сваю адзіноту і праклінаў гэтую цудоўную выспу!
Цяпер ён для мяне быў такі дарагі і мілы, і мне было горка думаць, што я павінен ужо навек развітацца з надзеяй яго ўбачыць зноў.
Мяне несла і несла ў бясконцую водную далячынь. Але хоць я і адчуваў смяротны страх і адчай, я ўсё ж не паддаваўся гэтым пачуццям і веславаў з усяе сілы, стараючыся скіраваць лодку на поўнач, каб перасекчы цячэнне і абагнуць рыфы.
Раптам апоўдні пацягнуў ветрык. Гэта мяне падбадзёрыла.
Але ўявіце сабе маю радасць, калі ветрык пачаў хутка свяжэць і праз паўгадзіны зрабіўся ўжо добрым ветрам!
Да гэтага часу мяне адагнала ўжо далёка ад маёй выспы. І каб выпадкова ў тую пару ўзняўся туман, мне быў бы канец!
У мяне не было компаса, і калі б я згубіў з вачэй сваю выспу, я не ведаў бы, куды кіраваць шлях. Але, на маё шчасце, быў сонечны дзень і нішто не прадказала туману.
Я паставіў мачту, узняў ветразь і пачаў кіраваць на поўнач, каб выбіцца з цячэння.
Як толькі мая лодка павярнула з ветрам і пайшла насуперак цячэнню, я заўважыў у ім змену: вада зрабілася куды святлейшая. Я зразумеў, што цячэнне па нейкай прычыне пачынае слабець, тады як раней, калі яно было хуткае, вада ўвесь час была ўскаламучаная. І сапраўды, хутка я ўбачыў справа ад сябе на ўсходзе скалы (іх можна было адрозніць здалёку па белай пене хваль, што бурліла вакол кожнай з іх). Вось гэтыя скалы і запавольвалі цячэнне, перапыняючы яму шлях.
Неўзабаве я ўпэўніўся, што яны не толькі запавольваюць цячэнне, а яшчэ і разбіваюць яго на два струмені, з якіх галоўны толькі крыху адхіляецца на поўдзень, пакідаючы скалы злева, а другі крута паварочвае назад і накіроўваецца на паўночны захад.
Толькі той, хто з вопыту ведае, што значыць атрымаць памілаванне, стоячы на эшафоце, ці выратавацца ад бандытаў у тую апошнюю хвіліну, калі нож прыстаўлены да горла, толькі той зразумее маю радасць пры гэтым адкрыцці.
Маё сэрца білася ад радасці, калі я накіраваў сваю лодку ў адваротны струмень, што цёк назад, падставіў ветразь спадарожнаму ветру, які яшчэ больш пасвяжэў, і весела паплыў да выспы.
Каля васьмі гадзін вечара я падплыў да берага і, нагледзеўшы зручнае месца, прычаліў.
Немагчыма апісаць тую радасць, якая перапаўняла мяне, калі я адчуў пад сабою цвёрдую зямлю!
Якім мілым здалося мне кожнае дрэўца маёй цудоўнай выспы! З гарачай пяшчотай глядзеў я на гэтыя ўзвышшы і даліны, якія толькі ўчора яшчэ выклікалі сум і тугу ў маім сэрцы. Як я быў рады, што зноў убачу свае палі і гаі, сваю пячору і свайго адданага сабаку, сваіх коз! Якой прыгожай здалася мне дарога ад берага да майго будана.