Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза
Шрифт:
Быў ужо вечар, калі я дабраўся да свайго ляснога лецішча. Я пералез цераз плот, лёг у цень і, адчуваючы страшэнную стому, неўзабаве заснуў.
Але якое ж было маё здзіўленне, калі мяне абудзіў нечы голас. Так, гэта быў чалавечы голас! Тут, на выспе, быў чалавек, і ён моцна крычаў сярод начы:
— Робін! Робін! Робін Круза! Бедны Робін Круза! Куды ты трапіў, Робін Круза? Куды ты трапіў? Дзе ты быў?
Змучаны доўгім веславаннем, я спаў такім моцным сном, што не адразу здолеў абудзіцца, і мне доўгі час здавалася, што я чую гэты голас у сне.
Але крык настойліва паўтараўся:
— Робін Круза! Робін Круза!
Нарэшце я прачнуўся і зразумеў, дзе я. Першым маім пачуццём быў жахлівы страх. Я ўсхапіўся, дзіка азіраючыся вакол, і раптам узняў галаву і ўбачыў на агароджы свайго папугая.
Вядома, я адразу ж здагадаўся, што гэта ён і выкрыкваў гэтыя словы: дакладна такім жа жаласным голасам я сам часта казаў пры ім гэтыя словы, і ён добра іх завучыў. Сядзе, бывала, мне на палец, наблізіць дзюбу да майго твару і пачынае паныла паўтараць: «Бедны Рабінзон Круза! Дзе ты быў і куды ты трапіў?»
Але нават упэўніўшыся, што гэта быў папугай, і, разумеючы, што, апрача папугая, тут няма каму быць, я яшчэ доўга не мог супакоіцца.
Я зусім не разумеў, як ён, па-першае, трапіў на маё лецішча, па-другое, чаму ён прыляцеў менавіта сюды, а не ў іншае месца.
Але таму, што ў мяне не было ніякага сумнення, што гэта ён, мой верны Попка, я паклікаў яго і працягнуў яму руку. Гаманкая птушка адразу ж села мне на палец і паўтарыла зноў:
— Бедны Рабінзон Круза! Куды ты трапіў?
Попка нібыта радаваўся, што зноў бачыць мяне. Пакідаючы будан, я пасадзіў яго на плячук і панёс з сабою.
Непрыемныя прыгоды маёй марской экспедыцыі надоўга адбілі ў мяне ахвоту плаваць морам, і многа дзён успамінаў я пра тую небяспеку, якая пагражала мне, калі мяне несла ў акіян.
Вядома, добра было б мець лодку на гэтым баку выспы, бліжэй да майго дома, але як прывесці яе адтуль, дзе я пакінуў яе? Абагнуць маю выспу з усходу — толькі ад аднае думкі пра гэта ў мяне сціскалася сэрца і стыла кроў. Што там робіцца, на другім баку выспы, я не меў ніякага ўяўлення. А што, калі цячэнне і з таго боку гэтакае ж імклівае, як і з гэтага? Хіба не можа яно шпурнуць мяне на ўзбярэжныя скалы з той жа сілай, з якою другое цячэнне зносіла мяне ў адкрытае мора? Адным словам, хоць на пабудову гэтай лодкі і спуск яе на ваду я паклаў і нямала сілы, аднак я вырашыў, што ўсё ж лепей застацца без лодкі, чым рызыкаваць праз яе жыццём.
Трэба сказаць, што цяпер я ўжо добра налаўчыўся ва ўсіх ручных работах, якіх патрабавалі ўмовы майго жыцця. Калі я адразу апынуўся на выспе, я не ўмеў трымаць сякеры ў руках, а цяпер, пры выпадку, я мог бы палічыцца неблагім цесляром, асабліва калі ўзяць у разлік тыя абставіны, што ў мяне было зусім мала інструментаў.
Я і ў ганчарнай справе (зусім нечакана!) зрабіў прыкметны крок наперад: наладзіў станок з кругам, які круціўся. Таму работа мая стала і больш хуткай і лепшай: цяпер замест нязграбных вырабаў, на якія не хацелася глядзець, у мяне атрымліваўся зусім прыстойны посуд даволі правільнай формы.
Але ніколі я, здаецца, так не радаваўся і не ганарыўся сваім вынаходніцтвам, як у той дзень, калі мне ўдалося зрабіць люльку. Вядома, мая люлька мела першабытны выгляд — са звычайнай абпаленай гліны, як і ўсе мае ганчарныя вырабы, і атрымалася яна не вельмі прыгожая. Але яна была дастаткова моцная і добра прапускала дым, а галоўнае — гэта была ўсё-такі люлька, пра якую я столькі марыў, таму што прывык курыць з вельмі даўняга часу. На нашым караблі былі люлькі, але, перавозячы адтуль рэчы, я не ведаў, што на выспе расце тытунь, і вырашыў, што не варта іх браць.
Да гэтага часу я заўважыў, што мае запасы пораху пачынаюць прыкметна змяншацца. Гэта надзвычай устрывожыла і засмуціла мяне, таму што новага не было дзе ўзяць. Што ж я рабіць буду, калі ў мяне выйдзе ўвесь порах? Як я тады буду паляваць на коз і птушак? Няўжо да канца сваіх дзён я застануся без мясной стравы?
Раздзел шаснаццаты
Рабінзон прыручае коз
На адзінаццатым годзе майго жыцця на выспе, калі порах у мяне пачаў канчацца, я пачаў сур'ёзна думаць, як бы знайсці спосаб лавіць дзікіх коз жывымі. Больш за ўсё мне хацелася злавіць матку з казлянятамі.
Спачатку я ставіў сілкі, і козы нярэдка траплялі ў іх. Але мне ад гэтага было мала карысці: козы з'ядалі прынаду, а потым разрывалі сілкі і зусім спакойна ўцякалі на волю. На жаль, у мяне не было дроту, і сілкі даводзілася рабіць вераўчаныя.
Тады я вырашыў пакапаць воўчыя ямы. Ведаючы мясціны, дзе козы хадзілі часцей за ўсё, я выкапаў там тры глыбокія ямы, накрыў іх пляцёнкамі ўласнаручнай работы і паклаў на кожную пляцёнку ахапак каласоў рысу і ячменю. Хутка я ўпэўніўся, што козы наведваюць мае ямы: каласы былі з'едзены і вакол былі відаць сляды казіных капытоў. Тады я прыдумаў сапраўдныя пасткі і на другі ж дзень знайшоў у адной яме вялізнага старога казла, а ў другой трох казлянят: аднаго самца і дзвюх самак.
Старога казла я выпусціў на волю, бо не ведаў, што з ім рабіць. Ён быў такі дзікі і злосны, што ўзяць яго жывога было немагчыма (я баяўся зайсці да яго ў яму), а забіваць яго не было патрэбы. Як толькі я падняў пляцёнку, ён выскачыў з ямы і прыпусціў з усіх ног наўцёкі.
Пазней мне давялося ўпэўніцца, што голад утаймоўвае нават ільвоў. Але тады я гэтага не ведаў. Калі б я прымусіў казла пагаладаць дні тры-чатыры, а потым прынёс яму вады і крыху каласоў, ён бы ўціхамірыўся і быў бы спакойны не горш за маіх казлянят.
Козы наогул вельмі разумныя і паслухмяныя. Калі з імі добра абыходзіцца, іх зусім не цяжка прыручыць.
Але, паўтараю, у той час я гэтага не ведаў. Выпусціўшы казла, я падышоў да тае ямы, дзе сядзелі казляняты, выцягнуў іх усіх траіх па адным, звязаў разам вяроўкаю і ледзьве прывалок іх дадому.
Даволі доўга я не мог прымусіць іх есці. Апрача малака маці, яны яшчэ не ведалі іншай ежы. Але калі яны добра выгаладаліся, я кінуў ім некалькі сакавітых каласоў, і яны памалу ўзяліся за ежу. Неўзабаве яны прывыклі да мяне і зрабіліся зусім ручныя.
З таго часу я пачаў разводзіць коз. Мне хацелася, каб у мяне быў цэлы статак, таму што гэта быў адзіны сродак забяспечыць сябе мясам да таго часу, калі ў мяне скончыцца порах і шрот.
Гады праз паўтара ў мяне ўжо было не менш дванаццаці коз, лічачы з казлянятамі, а яшчэ праз два гады мой статак вырас да сарака трох галоў. З цягам часу я збудаваў пяць загароджаных загонаў; усе яны злучаліся паміж сабой варотцамі, каб можна было пераганяць коз з аднаго лужка на другі.
У мяне цяпер быў невычарпальны запас казінага мяса і малака. Кажучы па шчырасці, калі я толькі браўся разводзіць коз, я нават і не думаў пра малако. Толькі пазней я пачаў іх даіць.