Зорны спеў
Шрифт:
У рускім перакладзе гаворыцца: «...покорно вину сознавая, к смерти стремились — скорее веревку на шею». Гэта адпавядае гістарычнай праўдзе і звычаям часу. Ян Длугаш апісаў выпадак, як у часе Грунвальдскага паходу двое дружыннікаў Вітаўта абакралі касцёл. Князь загадаў ім павесіцца, і яны самі рабілі сабе шыбеніцу, яшчэ і падганялі адзін аднаго, каб хутчэй выканаць на сабе княжы прысуд.
Думаецца, што асучасніваць твор варта асцярожней, больш клопату праявіць, каб ачышчаць тэкст ад мнагаслоўнасці. Тут паказальны (праўда, залішне) польскі пераклад Яна Каспровіча.
Мне асабіста здаецца, што ў нас у мовазнаўстве і літаратуразнаўстве надта ўжо аксіяматычна трактуецца навукова абгрунтаваны прынцып, што паміж старажытнаю і сучаснаю беларускай мовай затрацілася сувязь. Вопыт Максіма Багдановіча, які стварыў такія цудоўныя рэчы, як «Апокрыф» ці «Апавяданне аб іконніку і залатару», на мове, блізкай да сярэдневяковай, гаворыць пра адноснасць гэтага разрыву. Не выключана, што інтэнсіўнае развіццё сучаснай беларускай літаратуры, узбагачэнне яе нацыянальна-стылёвай своеасаблівасці навядзе майстроў слова на неабходнасць больш грунтоўна асвоіць моўныя і вобразныя багацці старога пісьменства. Сімптомы, звястуючыя гэты працэс. я бачу ў стылёвым багацці перакладаў і філасофскіх вершаў Аркадзя Куляшова, у шэрагу твораў Максіма Танка, у прозе і паэзіі Уладзіміра Караткевіча і іншых пісьменнікаў. Не выключана, што працэс вобразна-стылёвага ўзбагачэння мовы беларускай паэзіі, які працякае цяпер, спародзіць прэцэдэнт для яшчэ адной рэдакцыі перакладу «Песні пра зубра». Я маю на ўвазе пераклад, які б шырэй выкарыстоўваў мову, сучасную Гусоўскаму, сёння, праўда, яна лічыцца безнадзейна ўстарэлай, але, дарэчы, Адам Міцкевіч называў яе паэтычнаю і блізкаю да жывой гаворкі беларускіх сялян XIX стагоддзя. Язэп Семяжон выкарыстоўвае архаізмы, але пераважна лексічныя, захаваныя ў паляўнічым жаргоне пэўнай мясцовасці. У другой рэдакцыі беларускага перакладу, падрыхтаванага Язэпам Семяжонам для выдання паэмы асобнаю кніжкаю, шмат чаго зроблена, каб прыдаць тэксту болып строгасці і, галоўнае, болып стылёвага каларыту даўніны. Так, прыведзены вышэй выраз пра выкананне Вітаўтавых прысудаў самімі асуджанымі гучыць у новай рэдакцыі болып прымальна: «Цяжкасць віны ўсведамляючы, з ціхай пакорай самі прыспешвалі час непазбежнае смерці». У тэксце эпілога-малітвы, дзе раней кідаліся ў вочы прастарэкасці і вульгарызмы, зараз чытаем:
Нашым князям, што ў сваіх міжусобіцах розум Нашай крывёй замуцілі, падай на пахмелле Мысляў і ўчынкаў цвярозасць, вярні раўнавагу Мудрых дзяржаўцаў, напомні пра іх абавязкі, Гэтак злачынна забытыя,— карай напомні! Свет вар'яцее, і ўсе міратворцы на словах — Гэта ваўкі пад ягнячым руном красамоўства. (80)Пры чытанні новай рэдакцыі перакладу толькі зрэдку вока можна спыніць на стылёва-спрэчным слове ці выразе накшталт «пырне раганосца» — у кантэксце твора гэта азначае проста сутычку зубра з аленем, а падтэкст слова «раганосец», які бянтэжыць чытача, перакладчык скінуў з разліку. Таксама парушаюць цэласнасць эстэтычнага ўспрымання дыялектызм «цюкае пушча», неалагізм-калька з рускай мовы «верхнікі», русізмы «чуйны скакун» замест конь, «арланы» замест груганы і некаторыя іншыя. Засталіся ў шэрагу выпадкаў і дыялектныя або гутарковыя словы, якія перакладчык надзяляе аўтарытэтам даўніны. Так, нанрыклад, воі у часы Вітаута на вайсковых занятках у якасці мішэняў падкідаюць — «хтосьці свой брыль ці магерку». Слова «брыль» магло быць у лексіконе тых часоў, а «магерка» (народная этымалогія — мадзярка) прыйшла ў беларускую мову пазней, у часы Стэфана Баторыя.
Зусім зразумела, што новая рэдакцыя перакладу, якія б істотныя змены ні парабіў аўтар, не можа стаць тым новым варыянтам перакладу, пра які гаварылася вышэй. Каб стварыць такі пераклад, трэба ўявіць сабе, як бы выклаў свой твор сам Гусоўскі на тагачаснай мове, калі б доктар Францыск Скарына запрапанаваў яму «ціснуць» паэму ў сваёй друкарні віленскай «рускім языком і словы». Канешне, рабіць пераклад на мову Скарыны сёння не мае сэнсу, гаворка ідзе пра адтварэнне каларыту тагачаснай мовы пры захаванні даходлівасці тэксту для сучаснага чытача.
На сённяшні дзень перакладчык выбраў у цэлым правільны шлях, ён аддаў твор Гусоўскага шырокаму чытачу, а што дзе-нідзе, можа, пяройдзена мера — не так важна, другая крайнасць была б горшым злом, бо многае ў паэме магло б застацца глухім і мёртвым.
«Песня пра зубра» належыць да тых твораў паэзіі, якія прынята зваць паэмамі жыцця. У кожнага пісьменніка можа быць толькі адзін такі твор, часам ён з'яўляецца адзіным, і, тым не менш, імя аўтара назаўжды прапісваецца ў пантэоне роднай літаратуры. Гусоўскі пісаў паэму свайго жыцця па заказу, пісаў спяшаючыся, пісаў на чужыне і на чужой мове, але ствараў ён яе ўсё маладое жыццё і не на чужыне, а ў родньда краі, разам са сваім народам — вось чаму народ аказаўся на яго голас як сапраўдны адрасат і ўладальнік гэтага твора, звернутага фармальна да пап, каралёў і вяльмож.
ПЕРШЫ ВЫРАЙ
У апошнія гады нашы літаратуразнаўцы нямала пішуць пра польска-беларускія літаратурныя сувязі. Калі пайсці ў думках за даследчыкамі і паглыбіцца ў факты, якімі яны аперыруюць, дык можа здацца, што з нашага боку было тут нават штосьці ад любові без надзеі на ўзаемнасць. Маладзейшая па рангу і веку літаратура заўсёды першая робіць прызнанні сваёй старэйшй сястры — гэта зразумела. Але праходзіць час, і ўлюбёны падлетак вырастае ў паўнацэннага партнёра па творчым супрацоўніцтве.
Пачынальнікі новай беларускай літаратуры зайздросна і захоплена глядзелі на вызваленчую барацьбу польскага народа, які, апынуўшыся ў падобных да нашых гістарычных абставінах, умеў больш дзейсна змагацца за сваё месца ў сусветнай гісторыі і ў XIX стагоддзі здабыў імя народа-паўстанца, ахвярнага барацьбіта «за вольнасць вашу і нашу». Гераічная трагедыйнасць нацыянальнага лёсу ўвасобілася ў польскай літаратуры. Адам Міцкевіч, Эліза Ажэшка, Уладзіслаў Сыракомля, Марыя Канапніцкая — славутыя песняры польскай долі-нядолі — абудзілі ў пачынальнікаў новай беларускай літаратуры пачуцці пабрацімства, роднасці лёсаў і душ. Паэзія Адама Міцкевіча, поўная гордай пакуты за мільёны прыгнечайых, уяўлялася ўзорам грамадзянскай стойкасці перад абліччам гістарычных выпрабаванняў. У польскіх песняроў-будзіцеляў беларускія паэты бачылі адвагу і смеласць быць нацыянальнымі, народнымі, рэвалюцыйнымі. Беларускія перадавыя пісьменнікі таксама тварылі пераважна ў аспекце гераічнага, паэтызавалі свабодалюбства, будзілі ў рахманай душы мужыка-беларуса чалавечую годнасць, патрыятызм і класавую свядомасць. Такой мне ўяўляецца прэлюдыя нашага літаратурнага пабрацімства.
Сёння беларускае літаратуразнаўства распрацоўвае праблему паскоранага развіцця нацыянальнай літаратуры ў XIX—XX стст., і слушна бачыць ва ўзаемасувязях паміж перадавымі кірункамі братніх літаратур тую сілу, якая паскорыла творчы рост нашага маладога, кволага колісь пісьменства. Адсюль і павышаная цікавасць да польска-беларускіх гістарычных і культурных сувязяў.
Зразумела, ідэя паскоранага даспявання мастацтва засталася б неабгрунтаванай прыдумкай, калі б творы класікаў і сучасных беларускіх пісьменнікаў не перакладаліся на мовы іншых народаў, у тым ліку на польскую мову. Цераз пераклады ўваходзіць нацыянальнае пісьменства ў скарбніцу сусветнай літаратуры, даказваючы на справе наяўнасць фарсіраванага росту.
У дарэвалюцыйную пару найвыдатнейшыя беларускія песняры не настойвалі на сусветным рэзанансе сваёй творчасці. Іх першым жаданнем было вырасціць паўнацэнную нацыянальную літаратуру, чулае, справядлівае і гордае сэрца народа. Нават Максім Багдановіч, самы еўрапейскі паэт на дарэвалюцыйным беларускім Парнасе, бачыў сваё прызванне ў тым, каб прышчапляць да радзімых дзічак чаранкі з сусветнага паэтычнага саду, а не раздаваць свету свае шчэпы. Канешне, усведамленне, што нацыянальная самабытнасць, і перш за ўсё яна, адкрывае мастацтву шляхі да агульначалавечай духоўнай сябрыны, у мастакоў было. Жыццё давала тады яшчэ адзіночныя, кволыя пацвярджэнні гэтага — першыя пераклады беларускіх вершаў на іншыя славянскія мовы. Сёння пацвярджэнні ідуць чарадой. Вось адно сярод найноўшых: у Лодзінскім выдавецтве выйшла анталогія беларускай паэзіі на польскай мове «Wiersze bialoruskie»28 . Складальнікам, рэдактарам, аўтарам прадмовы, каментарыяў і многіх перакладаў з'яўляецца вядомы беларускім чытачам польскі паэт, добры сябар нашай літаратуры Ян Гушча.
У прадмове складальнік эскізна падаў некаторыя асаблівасці нашай культуры і прасачыў карціны польска-беларускага жыцця-быцця. Аўтар шырока выкарыстоўвае працу дацэнта Варшаўскага універсітэта Юзэфа Галомбэка, які яшчэ ў 30-я гады з акадэмічнай аб'ектыўнасцю гаварыў пра важную ролю беларускай духоўнай культуры ў Вялікім княстве Літоўскім, адзначаючы, што «мовай княжага двара і ўраду была беларуская мова, якая да XVII стагоддзя захавала гэта прывілеяванае становішча...». Тут я мушу спыніць цытату, каб настроіцца на спакойны акадэмічны лад і добразычліва ўдумацца ў яе працяг: «...ва ўпамянутым стагоддзі літоўска-беларускія паны пачалі часцей гаварыць і пісаць па-польску, а беларуская мова засталася і захавалася надалей у простым народзе».
Знешне яно так і было: магнаты адракаліся ад роднага, а просты народ заставаўся самім сабой. Толькі ці было гэта адрачэнне простай прыхамаццю паноў? I ці ад сціплай інертнасці простага люду залежаў лёс нацыянальнай мовы і культуры? Здаецца, зашмат гэта будзе нават на буйную прыхамаць такога свавольніка, як Радзівіл — «Panie kochanku». Мне б таксама хацелася прыняць бесканфліктнасць польска-беларускіх узаемаадносін у мінулыя часы, намаляваную Юзэфам Галомбэкам. Я хацеў бы без засцярог прыняць і далейшыя разважанні Яна Гушчы пра тое, што затуханне і адраджэнне беларускай культуры і літаратуры — гэта нібыта натуральны лёс яе, абумоўлены геаграфічным становішчам на стыку дзвюх болып моцных культурных стыхій — польскай і рускай, але паважаны аўтар прадмовы сам не мог утрымацца на такой дабрадушна:ідылічнай пазіцыі. Ды і выхад у свет анталагічнага зборніка, складзенага Янам Гушчам і выдадзенага ў Лодзі, падрывае аўтарытэт геаграфічнага прынцыпу. Літаратурная геаграфія розніцца ад звычайнай.