Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Зорны спеў

Калеснік Уладзімір

Шрифт:

Некаторыя крытыкі дакаралі пісьменніка за аслабленне канфлікту ў аповесці пра калектывізацыю, але ніхто не здагадваўся, што гэта было вынікам журналісцкай дакладнасці адлюстравання. Янка Брыль не выдумаў такога канфлікту, ён яго выбраў з жыцця, і не для таго, каб аблягчыць сабе жыццё —- людзям. На той паслаблены канфлікт, які ён намаляваў, папрацавалі два пакаленні рэвалюцыянераў перад вайной, а ў вайну — партызаны. Так што папракаць пісьменніка можна хіба за тое, што замала пераўтвараў жыццёвы працэс, пераносіў рэпартажнае адлюстраванне ў мастацкі твор і незнарок падвышаў абагульняючыя мажлівасці дакладных, але не зусім паказальных фактаў, узятых у сваім раёне, а раён быў перадавы, «не тыповы».

У пяцідзесятыя гады назіраюцца станоўчыя зрухі ў творчых адносінах Янкі Брыля да рэчаіснасці. Яны абумоўліваліся перш-наперш развіццём самой рэчаіснасці ў кірунку дэмакратызацыі і гуманізацыі чалавечых адносін. Пазіцыя мастака ў гэты час стала непрымірымай да маральнай знячуленасці, а гуманізм яго больш патрабавальным.

Пра блізкасць Янкі Брыля да народнага асяроддзя сведчыць той факт, што яму бадай што першаму з ліку беларускіх празаікаў удалося выявіць паварот у развіцці міжчалавечых адносін у нашым грамадстве, абвешчаны XX з'ездам КПСС. У гэтым наватарскі дух аповесці «На Быстранцы», якая нарадзілася з унутранай патрэбы мастака падказаць грамадству, што гуманістычныя прынцыпы, якія яно дэкларуе, не скрозь і не ўсюды пацвярджаюцца справамі. Моладзь, інтэлігенцыя, што так шчыра любіць свой край, глыбока пранікаецца святлом нашых ідэй, раптам бянтэжыцца, адчувае нейкую разгубленасць пры сутыкненні з праўдай фактаў, якую нясуць простыя людзі — калгаснікі. А гэта ж інтэлігенты з народа, людзі адукаваныя, сумленныя, ды і бывалыя — у мінулым партызаны, дык чаму ж ім так няёмка, чаму цяжка гаварыць з землякамі? Як перамагчы гэтае чужанне? Пісьменнік не даў гатовага адказу, ды і нельга патрабаваць ад яго вырашэння праблемы, якая знаходзіцца ў кампетэнцыі ўсяго грамадства. Мастак апеліруе да грамадскай думкі: пара вызваляцца ад пасіўнасці, знячуленасці і самапахвальбы, трэба глянуць праўдзе ў вочы. пранікаць у глыбіню жыцця, да яго чалавечых крыніц. Там крытэрыі. Шчыры сігнал пісьменніка выдаўся ў 1954 годзе заўчасным. Але ён быў актуальны. Мастак ішоў ад непасрэднага жыццёвага вопыту, кіраваўся творчым прынцыпам праўдзівасці, таму перамог і стаў прадвеснікам аднаўлення натуралыгых функцый літаратуры як сродку пазнання жыцця, яго гуманістычных каштоўнасцей. Янка Брыль умацаваў права пісьменніка быць не ілюстратарам гатовых ісцін, а даследчыкам сучаснасці і разведчыкам будучыні.

Напісаныя ўслед за «Быстранкай» апавяданні «Прывал», «Субардынацыя» ўзмацнілі крытычныя ацэнкі перажыткаў і заган, якія даймалі простага чалавека, атручвалі яму жыццё. Сатырычна-памфлетная манера не надта ўласціва таленту Янкі Брыля, аднак ён лічыў у тую пару сваім грамадзянскім абавязкам ачышчаць атмасферу ад бюракратычнай чэрствасці, тупой самазадаволенасці. Гэтыя перажыткі перашкаджалі партыі аднаўляць ленінскія нормы паводзін. Характэрна, што адначасова з сатырычнымі апавяданнямі Янка Брыль пісаў творы гераічнага плану — гэта апавяданні «Маці», «Memento mori», мастацкія нарысы «Сэрца камуніста» і «Партрэт старэйшага таварыша», у якіх ён узрушана і ўзнёсла расказвае пра гераізм чалавека з народа. Сціплы, непрыкметны чалавек неяк натуральна і хораша становіцца героем, калі толькі трапляе ў гераічныя абставіны.

У гэтую пару пісьменнік прывучае сябе да большай маштабнасці бачання, да шырыні ахопу падзей. Перадваеннае жыццё, ваенныя і пасляваенныя гады — усё звязвае творчая фантазія ў адну плынь, мастак вядзе героя да поўнага раскрыцця яго лёсу. У аповесцях «Апошняя сустрэча», «Галя» і шэрагу апавяданняў выкарыстана катэгорыя гістарычнага часу для мастацкага пазнання і ацэнкі чалавечых характараў. Паказ чалавека, уключанага ў плынь гісторыі, назіранне за яго самаразвіццём на працягу дзесяткаў гадоў павышае мажлівасці мастацкага сінтэзу, робіць болып важкай ацэнку. Час фармуе героя, герой па-свойму ўвасабляе плынь часу. Зразумела, што чалавеку не магчыма быць гатовым, закончаным ідэалам; добра, калі ён заўжды хоча ім быць, калі ідзе да вяршынь ідэалу праз перашкоды, захапленні і расчараванні, узлёты і зрывы, калі ўмее стаць героем у вырашальныя моманты жыцця або калі знаходзіць сілу прызнаць і выправіць дапушчаную памылку. Чалавек не можа быць іншым, бо ён жывы і ён жыве. Рух вобразаў-характараў у ранніх творах пісьменніка часта перадаваўся апісальна, цяпер ён робіць гэта заглыблена, у плане псіхалагічнага сінтэзу, як і належыць дасведчанаму чалавеку і мастаку.

Не толькі творы для дарослых, але і апавяданні для дзяцей — «Зорка на спраяогы», «Сняжок і Волечка», «Жыў-быў вожык», «Ветэрынар» — закранаюць падзеі, далёкія па часе, але сугучныя па гуманістычным каларыце. Жыццё паўстае ў іх як з'ява мнагапланавая, а чалавек — як істота, якая заслугоўвае і прызнання, і патрабавальнай спагады, і зразумення. Янка Брыль імкнецца не пераступіць той мяжы, за якою спачуванне можа стаць патураннем; ён мужна асуджае заганы, якіх дараваць нельга (апавяданне «Глядзіце на траву»). У імя ідэалаў чалавечага братэрства, на якіх стаіць свет сацыялізма, трэба быць справядлівымі ўсім і кожнаму. Героі Брыля праходзяць складаныя жыццёвыя кругі, гэтыя людзі памыляюцца і вяртаюцца да саміх сябе. Праўда, памылкі могуць стаць і сцяною і пропасцю, якая аддзяляе людзей, адлучае іх ад шчасця, бо шчасце мажліва толькі пры поўным зліцці чалавека з ідэалам нашага часу. Імкненне да ідэалу, да ўдасканалення пісьменнік з асаблівай любасцю выяўляе ва ўчынках яшчэ зусім маленькіх дзяцей. Яго цешыць, што гарадскі хлопчык Юрка затужыў недзе на чарнаморскім курорце па свойскіх жывёлах, па роднай прыродзе, якую нібы ілюстраваную кнігу гартаў, а цяпер яму так захацелася яе прачытаць. Другі хлопчык, герой апавядання «Зорка на спражцы», перажывае наіўны парыў грамадзянскай салідарнасці, ён ідзе «на падмогу» партызану. Нараджэнне вышэйшых чалавечых пачуццяў, маральных і патрыятычных ідэалаў часта з'яўляецца крыніцай глыбокай радасці, паэтычнага захаплення, якім свецяцца апавяданні Брыля для дзецей і пра савецкіх дзяцей.

Пошукі важкіх праблем, асваенне новых жанраў і прыёмаў пісьма, якія вёў пісьменнік у 50-я гады, абудзілі ў яго рашучасць зноў прыступіць да рамана. Трывога і адказнасць за праўдў веку прывялі мастака да няздзейсненага, ён крытычна агледзеў свае набыткі, і сумленне зноў спынілася на адкладзенай колісь тэме фашызму.

Апублікаваны раней цыкл апавяданняў «Ты мой лепшы друг» — толькі штрыхі таго, што ведаў і меўся сказаць пісьменнік пра зараджэнне і небяспеку карычневай чумы. Апавяданні гэтыя не зусім дэмантавалі аповесць «Жывое і гніль», адкуль іх павысмыкваў аўтар. Аповесць легла ў аснову рамана «Птушкі і гнёзды».

Паездкі ў 50—60-я гады за мяжу, блізкае знаёмства з жыццём Польскай Народнай Рэспублікі, дзе грамадская думка была асабліва чулай да сімптомаў адраджэння фашызму ў Заходняй Еўропе,— усё гэта дапамагло Янку Брылю глыбей адчуць актуальнасць таго жыццёвага матэрыялу, які захоўваўся ў дамашнім архіве і ў памяці. Тут, мабыць, дарэчы сказаць пра асабістае жаданне Янкі Брыля абнародаваць нарэшце біяграфію свайго пакалення, вынесці на грамадскі суд жыццё сумленных савецкіх людзей, чые складаныя дарогі да Радзімы нярэдка бянтэжылі суайчыннікаў, непакоілі адказных работнікаў, выклікалі перастраховачныя меры, крыўдныя і абразлівыя для чалавечай годнасці. Праўдаю мастацкага слова пісьменнік імкнуўся ўмацаваць маральна-палітычную згуртаванасць нашага народа, які ўзбагаціўся новым асэнсаваннем сваёй гісторыі на знамянальных партыйных з'ездах. Часта лічаць, нібыта права на аўтабіяграфічныя творы дае толькі шаноўны ўзрост і ўласцівая гэтаму ўзросту прыўзнятасць над дробнымі амбіцыямі, будзённаю таўкатнёй і над паказною ўяўнай сціпласцю. У гэтым жа выпадку пісьменнік атрымліваў паўнамоцтвы свайго пакалення і заказ ад самой сучаснасці.

У лірычным прадспеве да свайго рамана — «біяграфіі адной душы», аўтар сціпла агаварыў сваю ролю: «Кніга напісана не па праву заслуг і пакут. Толькі па праву любасці да Чалавека — які ён ёсць, які ён будзе або павінен быць»62.

* * *

У назве рамана Янкі Брыля — старадаўні вобраз-сімвал. Чатыры з паловай стагоддзі таму назад, выдатны гуманіст Францыск Скарына ўвёў гэты вобраз у прадмову да першай беларускай кнігі: «Птицы, летающие по воздуху, ведають гнезда своя...— тако ж и люди, и где зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають». Скарына зведаў гэтыя пачуцці пералётных птушак, калі ездзіў па навуку ў Польшчу і Італію, калі друкаваў у чэшскай Празе сваю «Библию руску», а потым вёз яе на радзіму, рызыкуючы трапіць на зубы фанатычным пратэстантам ці на касцёр каталіцкай інквізіцыі. Быццам рэха паўтарыла цераз стагоддзі гэтую адвечную ісціну пра птушкі і гнёзды ў рамане Янкі Брыля: «Птушка і тая з чужых краін дамоў ляціць, а гэта ж чалавек!» (321) У чалавека сувязь з радзімай мацнейшая, чым птушыны інстынкт. Гэта па сабе ведае земляроб з-пад Любчы Змітрук Саладуха, адзін з тых трох мільёнаў беларусаў, якія нават не спазналі на сабе сапраўднага клопату радзімы. Улады буржуазнай Польшчы адзелі Змітрука ў салдацкі мундзір, далі ў рукі вінтоўку і паслалі на вайну; так па злой чужой волі ён стаў палонным фашысцкай Германіі, выгнаннікам, бяспраўным нявольнікам, дармовым парабкам баўэраў і бюргераў. «Каб таму, браце, рукі адсохлі, хто гэты свет зрабіў такім дурным,— скардзіцца і абураецца іншы палонны Уладзік Бутрым.— I людскія і нелюдзі — на ліха яны мне, немцы? За якія грахі я павінен ім тут адрабляць?» (78) З Бутрымам дружыць галоўны герой рамана Алесь Руневіч. Думкі і пачуцці палонных ахоплены спачатку адным жаданнем — дадому, да родных гнёздаў, да новага жыцця. У верасні 1939 года гісторыя вярнула іх сем'ям радзіму. Вольная радзіма, Савецкая Беларусь парывае іх сэрцы. Палонныя дачакацца не могуць той шчаслівай мінуты, калі Радзіма назаве і іх сынамі, дапаможа вярнуцца дамоў, яны ўцякаюць з лагераў, цягнуцца, як птушкі па зорах, да родных гнёздаў, іх тропяць жандарскія аўчаркі, іх шлюць у штрафныя роты, а яны ізноў спрабуюць дапяць свайго! Руневіч з Бутрымам таксама рвануліся. Тры тыдні брылі яны праз палі, лугі і пералескі, узяўшы напрамак па зорах на ўсход. I таксама папаліся. Сябры гатовы паўтарыць усё ад пачатку, яны яшчэ не разумеюць, што такія стыхійныя ўцёкі — благое выйсце з іх цяжкой жыццёвай сітуацыі. Неўзабаве, аднак, фашысты размеркавалі палонных па нацыянальнай прыналежнасці і адправілі на вольнае пасяленне. Уцёкі, здавалася б, сталі лягчэйшымі, але на самай справе — немажлівымі: уцякач з вольнага пасялення, калі б яго злавілі, трапіў бы не ў штрафную роту таго ж лагера для палонных, а ў лагер смерці як палітычны вораг трэцяга рэйха. Падаўшы дакументы ў савецкае паспрэдства, заставалася адно — чакаць рашэння.

Да іх ужо падбіраюцца няпрошаныя апекуны. Буржуазныя нацыяналісты, што схаваліся ад гневу свайго народа пад крысо «вялікай Нямеччыны», называюць сябе землякамі, закідваюць вуды ў натоўп змардаваных няволяю людзей. Палонныя шукаюць выйсця. Ініцыятыўная група вырашае звярнуцца за парадай і дапамогай у Савецкае пасольства. Дэлегатам едзе Алесь Руневіч. У пасольстве раяць прасіць Савецкі ўрад прысвоіць ім савецкае грамадзянства, тады яны законным шляхам вернуцца дамоў. Усё тут проста, але нялёгка. Рознымі хітрыкамі пароблены фотаздымкі, употай запоўнены анкеты, напісаны заявы, засталіся яшчэ толькі нейкія дробныя фармальнасці. Палонныя сняць радзіму, жывуць прадчуваннем свабоды, рыхтуюцца стаць дастойнымі яе сынамі. Але Германія вераломна напала на СССР. Спачатку была надзея на хуткую перамогу Чырвонай Арміі, потым сэрцы апякаў боль нашага адступлення. Ізноў ажыў, падказаны адвечнай цягай птушак да гнёздаў, план уцёкаў. На гэты раз вырашылі ўцякаць арганізавана, прадумана — раствараючыся невялікімі групамі ў масе цывілыіых пасажыраў, якія, хоць была вайна, ездзілі з Германіі ў акупаваную Польшчу, а тым больш у Прусію.

Алесь Руневіч і яго сябры вярталіся на радзіму антыфашыстамі. Яны пазналі ворага, смяротна ненавідзелі яго, прагнулі расплаты з ім. Уцёкі ўдаліся, у эпілогу мы бачым галоўнага героя партызанам.

Эпілог рамана, як мне здаецца, спакусіў крытыкаў некалькі спрошчана трактаваць вобраз Руневіча: ён, маўляў, не стаў змагаром у Германіі, але ж вяртаецца на радзіму, каб тут разам са сваім народам змагацца супраць фашыстаў. Усё гэта як быццам слушна, бяда толькі ў тым, што такая канцэпцыя вобраза ўзнікла дзеля апраўдання героя, узнікла як антыпод іншай аднабаковай і тэндэнцыйнай канцэпцыі. Практычны чалавек часта разумее слова «барацьба» як знешнюю праяву фізічнай сілы, волі, адвагі. Для гераічных былінных часоў гэта слушна. Толькі Алесь Руневіч жыў доўга ў супярэчлівай негераічнай рэчаіснасці. Змаганне ў супярэчлівым грамадскім асяроддзі складаная рэч. Прыгадаем хоць бы крылатае выслоўе Маркса пра рэвалюцыю, якая спачатку адбылася ў галовах філосафаў, а потым на барыкадах.

Герой рамана Янкі Брыля змагаецца не толькі дома ў партызанах, ён змагаецца нават да пачатку дзеі рамана, адно змаганне ідзе часта на нябачным фронце свядомасці — гэта змаганне за сваю душу і душы сяброў, таварышаў. Духоўнае поле барацьбы мае не менш небяспекі і гераізму, чым партызанскі лес, дзе герой сеў на баявога каня. Скразною тэмай рамана якраз і з'яўляецца барацьба на гэтым унутраным фронце змагання, таму і называе мастак сваю кнігу «біяграфіяй душы».

Стаць антыфашыстам! Можа, камусьці гэта здаецца лёгкаю, стыхійнаю справай росту, якая і не варта пісьменніцкай увагі. Усе мы, маўляў, антыфашысты ад нараджэння... Аднак жа ўрокі гісторыі вучаць і іншаму. Даваенныя анкетныя дадзеныя ў шэрагу фашысцкіх паслугачоў былі як быццам нармальныя. Іх надзенне выглядае анкетным казусам. Раман Янкі Брыля, мне здаецца, і сцвярджае, як свайго роду подзвіг Руневіча, выпрацоўку ім антыфашысцкага светапогляду і дэманстрацыю антыфашысцкіх пазіцый, выхаванне словам і прыкладам сяброў, палонных. Здзейсніць усё гэта Руневічу дапамагала маральная падрыхтоўка, якую ён прайшоў у працоўнай сялянскай сям'і і ў роздумах над творамі Льва Талстога і класічнай літаратуры. Многае з таго юначага кодэксу давялося перагледзець. «Такіх не проймеш духоўнай вышэйшасцю,— з горыччу асэнсоўвае Алесь адну сваю сутычку з нацыстам.— Пры іх побач з імі ён быў бы жалю варты — твой юначы пацыфізм!..» (315) Ідзе ў Алеся працэс актывізацыі натуры, часцей і часцей выходзіць герой на арэну практычнага змагання.

Поделиться с друзьями: