Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Зорны спеў

Калеснік Уладзімір

Шрифт:

Бой на пабярэжжы Балтыкі, двойчы паўтораныя ўцёкі з палону, бунт у нямецкім маёнтку, пагроза расстрэлу, штрафная каманда, турма і, нарэшце, партызанскі лагер — падзей хапіла б на прыгодніцкі раман. Аднак аўтар даў чытачу нешта іншае і нешта большае — прыгоды душы, мажліва, не менш значныя і каштоўныя ў грамадскіх адносінах.

Падзагаловак «Кніга адной маладосці» выражае асаблівасць задумы твора, у якім усё гуртуецца вакол лёсу аднаго героя. У нас у руках кніга-роздум пра шляхі маладых людзей, якім было не проста ўзняцца да пазіцыі антыфашыстаў. Роздум гэты ўзмацняецца адкрытым лірызмам, рамантычнаю марай і вострай усхваляванай публіцыстычнасцю, палемікай, сатырай. Мне здаецца, кнігу Янкі Брыля можна назваць інтэлектуальным раманам, па стылі гэта свайго роду раман-паэма, з уласцівай гэтаму паэтычнаму жанру актыўнасцю пазіцыі аўтара. Напружаны гуманістычны пафас твора скіраваны на ўзвышэнне чалавека і ачалавечанне свету.

Сутнасць мастацкага даследавання жыцця заключаецца ў здольнасці выбарачна-збіральнага бачання і ацэначнага адчування. У памяці пісьменніка, якая па самой сваёй прыродзе з'яўляецца «памяццю сэрца», адкладваюцца характэрныя і ў той жа час незвычайныя па сіле адчуванні і ўражанні. Урэзваючыся ў свядомасць, яны сутыкаюцца паміж сабою, выцясняюць адно другога, затым найбольш важкія сярод іх западаюць у глыбіню душы, томяць душу, покуль мастак не дасць ім выйсця ў словах, вобразах, творах. Нават самыя цяяшія, пякучыя ўражанні, становячыся вобразамі, аблягчаюць сэрца мастаку, даюць месца для новых перажыванняў. У Янкі Брыля-раманіста працэс даспявання і ўвасаблення задумы цягнуўся, як мы бачылі, доўга і праходзіў розныя этапы. Вышэй вызначаючы ідэю аповесці «Жывое і гніль», я адзначыў характэрны для яе маральна-этычны падыход і ацэнку фашызму, у рамане ж «Птушкі і гнёзды» ідэйны абсяг значна шырэй: фашызм і чалавек, фашызм і культура, фашызм і вайна, а таксама на новым узроўні старая праблема — фашызм і народ. Апошняя праблема засталася галоўнай.

Народ — гэта сіла, здольная перамагчы фашызм. Такі агульны вынік духоўных пошукаў мастака. Але, зразумела, справа не ў тэзісе, а ў пранікнёнасці і эстэтычнай пераканаўчасці вырашэння праблемы. Чаму народ і фашызм маюць несумяшчальнасць крыві, чаму фашызм лёгка распальвае грубыя інстынкты натоўпу, але не можа авалодаць душою народа? Адказваючы на гэтае і іншыя пытанні, мастак прымушае нас шмат перажыць і перадумаць, частыя трагічныя ўзрушэнні здымаюцца тут настроем узнёслай скрухі, малітоўным здзіўленнем перад багаццем жыцця і мажлівасцямі чалавека.

Мастацтва пазнае сутнасць жыцця пры дапамозе чалавека, чалавечага лёсу, характару. Чым багацей асоба, якая канцэнтруе ў сабе жыццёвую плынь, тым болып глыбокае і паўнакроўнае адлюстраванне рэчаіснасці ў мастацкім творы. Янка Брыль паставіў на пярэднім плане вобраз Алеся Руневіча, свайго аднагодка, маладога вясковага хлопца з чыстым вясёлым сэрцам і фантазіяй мастака. Паколькі асноўны герой па прыродзе мастак, дык і эстэтычнае даследаванне жыцця працякае ў творы як бы на двух узроўнях: спантаннасць пачуццяў шчырага, уважлівага, сумленнага юнака, прыхільніка маральна-філасофскіх ідэй Л. М. Талстога дапаўняецца канцэптуальнасцю мыслення, уласцівай ужо сталаму савецкаму пісьменніку, у якога — матэрыялістычнае светаразуменне, сучаснае ўяўленне пра эстэтычны ідэал, свой стыль і манера пісьма. Цікава адзначыць, што вобразы жыцця, якія ўзнікаюць у свядомасці Руневіча, носяць агульны характар, гэта вобразы-прынцыпы, даведзеныя ледзь не да ўмоўнасці сімвалаў, сам жа аўтар дапаўняе той юначы сінтэз аналізам на сённяшнім узроўні, ён як бы раскрывае, расшыфроўвае тыя сімвалічныя малюнкі, што ўзнікалі ва ўяўленні палоннага юнака ці прыходзілі да яго як успаміны-лятункі. У працэсе гэтай аўтарскай інтэрпрэтацыі зместу эмацыянальных сінтэтычных вобразаў паглыбляецца ідэйна-эстэтычнае ўспрыманне і ацэнка рэчаіснасці. Праўда, пісьменнік не ментар свайму герою, ён старэйшы друг, які ўмее захаваць некранутымі колішнія думкі і пачуцці Алеся, радуючыся сугучнасці іх са сваімі сённяшнімі.

У свядомасці Руневіча фашызм асацыіраваўся з разбушаваным натоўпам, тупым вахманам і хіжымі «казённымі вачыма».

Павадкі здзічэлага натоўпу Руневіч пабачыў у першы ж дзень палону, на турэмным двары, куды іх, жаўнераў польскага войска, загналі пераможцы. Цвяляцца эсэсаўцы, бушуюць малойчыкі з гітлерюгенда. Ударамі ботаў пад бакі яны паднімаюць змардаваных людзей, ставяць у шарэнгі і штурханцамі ды лаянкай заганяюць у турэмныя камеры. Асабліва агідным было для Алеся беспакаранае нахабства падлеткаў. Другі раз Алесь адчуў на сабе агідны юр натоўпу, калі ехаў у вагоне вузкакалейкі. Эсэсаўцы, якія занялі асобную частку вагона, пачалі гарлапаніць ваяўнічыя фашысцкія маршы. I гэтая оргія агрэсіўнасці была жахлівай, як масавае шаленства. Трэці выпадак — фольксфэст, «народнае гулянне». П'яная табала вайсковых і цывільных, старых і маладых мужчын буяніць, шалее, пагражае разваліць цэлы свет. Усе тры карціны напластоўваюцца адна на другую, Руневічу робіцца нязносна, ён пакутуе, ненавідзіць і пратэстуе кожнай клетачкай душы. Усё ўнутры ў яго пераварочваецца, яму сорамна і брыдка прысутнічаць пры выбухах цёмнай сілы ў натоўпе. Асабістыя ўспрыманні героя аўтар пашырае на ўвесь фашызм як сацыяльную з'яву, фашызм — гэта здзічэнне ўласніцкага грамадства, закон і розум заменены тут культам сілы і ўлады. Гэты культ мае свае рытуалы, якія асвячаюць манію ўладарніцтва, агрэсіі, разбою. Фюрэр у гэтых рытуалах замяняе бога.

Антыподам натоўпу з'яўляецца арганізаваная маса. У пачатку рамана мы бачым лагер ваеннапалонных салдат — шталаг, у ім кішыць разнамоўная табала людзей, калі можна так сказаць, чалавечы сырэц у стане нейкай касмічнай туманнасці. Алесь Руневіч глядзіць на гэтую стракатую мешаніну з унутранай дапытлівасцю: яна інтрыгуе хлопца нябачанай разнастайнасцю нацыянальных і расавых прыкмет, вабіць экзотыкай. Палоннаму нумар 133 нават прыемна загубіцца ў натоўпе і спакваля назіраць, слухаць, параўноўваць і думаць, «што ёсць жа на гэтым шалёным свеце куток, дзе любяць, нябось, і цябе» (27). Сноўдаючыся па шталагу, герой, як толькі ўмее, адганяе тугу і сумоту, чакае добрых вестак, перамен, нейкіх збавенных падзей. I недарма. У чалавечай стыхіі, дзесьці ў глыбінях, тлеюць грамадскія пачуцці, вось яны разгараюцца агеньчыкамі, і перад здзіўленым Руневічам адбываецца цуд нараджэння калектыву: самадзейны аркестр польскіх матросаў дае канцэрт у гонар палонных англічан, таксама матросаў, якія мужна абаранялі Нарвік. Руневіча расчуліла гэтая сцэна салдацкай салідарнасці, ушанаванне мужнасці. Залезшы на страху барака, ён слухае, як самадзейны аркестр іграе знаёмую мелодыю «Галубкі», і думае пра гераізм і герояў, пра нацыянальную годнасць, пра ганебны недахоп гэтай годнасці ў некаторых землякоў са шталага. Узнёслыя, радасныя настроі пераходзяць у смутак, боль і тугу па радзіме. Збліжаючыся з далёкімі, незнаёмымі людзьмі, ужываючыся ў іх настроі, палонны хоча глыбей зразумець самога сябе, усвядоміць сваю чалавечую вартасць, сцвердзіць сябе, сваю асобу, але яго намаганні нібы хада па лёдзе, юнак не знаходзіць счаплення з зямлёй, і гэта абвастрае духоўную драму.

Руневіч шукае выйсця, ён спрабуе аб'яднаць землякоў знаёмаю з маладых год ідэяй самаадукацыі. Гэты занятак супакойвае: землякі, якія раней былі проста натоўпам, цяпер набываюць нейкі воблік мэтанакіраванай грамады. Аднойчы згуртаванасць масы палонных беларусаў праявілася ў дзеянні. Яны выступілі з пратэстам супраць здзекаў скнарлівага адміністратара маёнтка пана Штундэра. Па збегу выпадкаў Алесь Руневіч быў аб'яўлены завадатарам «путчу». Збіты прыкладамі вахманаў, пастаўлены пад расстрэл, «памілаваны» адпраўкай у штрафную роту, юнак вытрымлівае гэтае выпрабаванне, ён удзячны калектыву, які маральна падтрымаў яго, і Алесь узвышаецца ў сваіх уласных вачах. Ён па-свойму шчаслівы, што ўзяў віну і пакуту на сябе і пастаяў за праўду.

Яшчэ больш моцны калектыў ваеннапалонных узнікае на шклозаводзе Баераў. Гэты калектыў ставіць больш высокую мэту: рыхтаваць палонных да вяртання ў СССР. Яны рашаюца вярнуцца пісьменнымі людзьмі і свядомымі грамадзянамі, каб не было ім сорамна перад новай сацыялістычнай радзімай. Руневіч і тут становіцца ініцыятарам вучобы, ён сам вучыць малапісьменных землякоў, хоць даводзіцца зносіць здзеклівыя прыдзіркі вахмана. Адчуўшы сябз настаўнікам, Алесь Руневіч смела змагаецца з нацыяналістычнымі агітатарамі, якіх засылае да іх, палонных-беларусаў, так званае «беларускае прадстаўніцтва» паляваць на «беларускія душы» яго вучняў. Руневіч перамагае і адчувае ўжо не слодыч пакуты за ўсіх, як тады ў маёнтку, а радасць пераможцы. Гэтую радасць раздзяляюць з ім і сябры няволі.

Такім чынам, Алесь Руневіч — гэта юнак са здаровымі і багатымі грамадскімі пачуццямі, калектывіст па схільнасцях і выхаванні. Асабістая абаяльнасць, адукаванасць і ініцыятыўнасць міжвольна выводзяць яго наперад у масе ваеннапалонных, ускладаюць абавязак быць правафланговым не толькі па росту.

Параўноўваючы функцыянальнае прызначэнне масавых сцэн, калі арганізавана дзейнічаюць палонныя, са зборышчамі натоўпу, дзе шалеюць фашысцкія фанатыкі, можна прадоўжыць агульныя разважанні: у калектыве асоба ўсведамляе сваю годнасць і грамадскую вартасць, а ў натоўпе яна разбэшчваецца і дзічэе. Каб заімпанаваць зборышчу на турэмным двары жорсткасцю, нейкі лейтэнант-эсэсавец зрывае акрываўленыя бінты з галавы палоннага паляка-касінера. У фінальнай сцэне фольксфэсту п'яны мардаты фельдфебель залез з нагамі на святочны стол і пад рогат натоўпу пачаў акрапляць прысутных і ежу, дэманструючы «культ натуры» ў дзеянні. Лейтэнант, фельдфебель, вахан — усё гэта ва ўспрыманні Алеся Руневіча абломкі звыраднелага антысвету — фашызму. Паказаўшы фашыстаў завадатарамі натоўпу, пісьменнік тонка выявіў сацыяльна-псіхалагічныя карэнні і сутнасць гэтага звыраднення.

Напружаная ўспрымальнасць Руневіча вылучае з акаляючай яго рэчаіснасці яшчэ трэці эстэтычна мінусавы вобраз-сімвал: «казённыя халодныя вочы». Вобраз гэты вузейшы, чым папярэднія, але таксама ёмісты, змястоўны. Сімвал гэты ўведзены ў канцы дзевятага раздзела, і яму даецца роля кампазіцыйнага вузла, пры дапамозе якога падводзяцца вынікі даследавання фашызму. Халодныя вочы і халодны стальны кінжал належаць канваіру, які суправаджае палонных чырвонаармей-цаў. Алесь Руневіч па аналогіі прыгадвае літаральна такія ж вочы Рудзі Драгайма, салдата-адпускніка, якога сантыментальная і набожная маці называла птушаняткам. Такія ж вочы былі і ў лётчыка, які ашукаў і зганьбіў наіўную шчабятуху Марыхен. «Якіх толькі зверстваў, чаго яны толькі не могуць бачыць спакойна, тыя прагныя і халодныя вочы?.. Кроў і слёзы людзей, і старых, і жанчын... На ўсё глядзяць яны з усмешачкай вышэйшасці...» (315) Гэта, напэўна, ацэнка не Руневічава, а Брылёва, сучасная ацэнка, выснаваная на падставе выкрытых сёння фашысцкіх зверстваў. А Руневіч тады, звяртаючыся ў думках да ўладальніка халодных і жорсткіх вачэй, да нацыста-звышчалавека, заяўляе: «Я цяпер ведаю, што цябе пройме. Толькі сапраўдная сіла — з зарадам святой чалавечай нянавісці!..»

Адказ на пытанне, адкуль жа бяруцца гэтыя людзі-аўтаматы з казённымі вачыма, людзі, якім варта толькі сысціся разам і яны тут жа ўтвараюць дзікі агрэсіўны натоўп, адказ мы знаходзім, знаёмячыся з побытам і норавамі нямецкіх мяшчан, бюргераў і баўэраў, каўбаснікаў і фабрыкантаў, наглядчыкаў і адміністратараў. Для вясковай і гарадской разнавіднасцей мяшчанства як сацыяльнага асяроддзя ўласціва агульная псіхалогія: яны — механічныя грамадзяне, вернападданыя, нявольнікі славутага «парадку». Псіхіку мешчаніна пісьменнік прасочвае ў зухаватым прыгажуне Хельмуце, што можа адзін раз паказырыцца салдацкаю «салідарнасцю» з палоннымі, за якімі наглядае, можа і падтрымаць іх пратэст супраць адміністратара маёнтка Штундэра, які абражаў годнасць былых салдат, трактуючы іх як жывёлу. Але гэтаму фанабэрыстаму зушку нічога не значыць перамяніцца, перакуліцца ў абаронцу інтарэсаў Штундэра і, пахваляючыся перад натоўпам вясковых разявяк сваёю бязмежнай уладай, разыграць расстрэл завадатара. Мяшчанствам навылет пратухлі вахманы, якія канваіруюць і вартуюць палонных. Гэта настолькі стандартныя людзі, што часам здаецца, быццам у рамане дзейнічае адзін вахман у розных сітуацыях і ў розных масках. Толькі вострая ўспрымальнасць Алеся робіць іх запамінальнымі. Сімвал веры гэтых людзей — парадак, яны слугі парадку, нявольнікі прускай дысцыпліны. Астаючыся сам-насам з палоннымі, канвойны можа часам выказаць і незадаволенасць вайною, ён хацеў бы, каб яна скончылася хоць заўтра, але пры адной умове: «Орднунг муст абэр зайн!.. Хто ж пакарае праклятую Англію?» (147)

Поделиться с друзьями: