Зорны спеў
Шрифт:
Не надта любіць ён фатаграфавацца, але ўгаварыць яго можна заўсёды, калі фонам для здымка выбераш жыта, нават сам запрапануе. Ёсць у мяне некалькі здымкаў яго з сябрамі ў жыце: на Любчаншчыне — з Паўлам Жалезняковічам, героем нарыса «Сэрца камуніста», на Навагрудчыне — з Уладзімірам Караткевічам, над возерам Нешчарда — з Алесем Адамовічам. Брыль рады выпадку брысці па жыце, прапускаючы паміж пальцаў казытлівыя маладыя каласкі, любіць вылузваць зярняты з падаспелага коласа — памятны ласунак пастухоўскага дзяцінства. Стомлены ў дарозе, Янка Брыль часта шукае месца, каб прылегчы недзе ля жыта і, лежачы наўзніч, глядзець, як на блакітным небе важна гойдаюцца залатыя каласы. Тут хутка праходзіць стома. Можа, спракаветнае хлебаробскае пачуццё ўнутранай бяспекі сыходзіць на чалавека: калі вырасла жыта, дык будзем жыць, перазімуем. Ля спелага хлеба бяспечна думаць пра нешта больш высокае, чым хлеб надзённы.
Бацька пісьменніка Антон Данілавіч пачынаў жыццё селянінам, але не змог утрымацца на пачацвераваным мужыцкім надзеле. Паехаў, як і многія загорскія мужчыны, у горад, на заработкі. Праўда, парваць сувязь з зямлёй-карміцелькай пабойваўся: маладая жонка заставалася ў вёсцы, гаспадарыла, гадавала дзяцей, чакала добрага ветру, што часам вяртаў мужа ў роднае гняздо з далёкай, загадкавай, апетай у дзявочай песні Адэсы. Разлуку абаім скрашвалі праца і мары пра дастатак. Маладзіца працавала зацята, як умеюць гэта валявыя мэтанакіраваныя натуры. Цяжкая праца рабіла яе суровай, а бясконцыя разлукі і трывогі — спагадлівай і пяшчотнай. Працы і клопатаў усё прыбаўлялася: старалася прыкупіць зямлі, расла сям'я, усё новыя абавязкі клаліся на яе нястомныя рукі.
Янка Брыль нарадзіўся ў Адэсе. Бацька працаваў тады правадніком класных вагонаў, няблага зарабляў. Самы меншы ў сям'і Янка, мабыць, стаў бы шаляніцаю, пестуном у старэйшых сясцёр, братоў і падстарэлых бацькоў, але час не любіў тады песціць нават дзяцей. Быў 1917 год, за ім прыйшлі трывожныя гады грамадзянскай вайны, а далей галодныя гады разрухі. Як на бяду, цяжка захварэў бацька. Вырашылі вяртацца ў Загора да сваёй зямлі.
Старэйшыя сыны Уладзік і Ігнат былі ўжэ сталымі людзьмі, яны выраслі на перадавых ідэях рускай літаратуры, адчувалі абавязак працаваць на карысць сацыялізма, яны не маглі змусіць сябе вярнуцца ў буржуазную Польшчу, у межах якой пасля Рыжскага міру апынулася ледзь памятная гэтым гарадскім інтэлігентам вёска. Старэйшыя сыны засталіся ў Савецкай Расіі і звязалі думкі ўсёй сям'і з загадкавай новай рэвалюцыйнаю краінай.
Вясёлы па натуры, яшчэ дужы, хоць і немалады, бывалы і дзелавіты Антон Данілавіч пачаў пакрысе абжывацца на гаспадарцы. Ён ужо прыкідваў, як бы збавіцца ад спадчыннага дзедавага цэпа, ад панараду на драўляных восях. У думках былі малацілкі, пружыноўкі, сячкарні: зямлі набіралася парадкам — і свая, і дваюраднага брата-чыгуначніка, што застаўся ў Адэсе,— братава як бы ў арэндзе, па даверанасці, да часу. Бацька ўголас марыў навучыць земляробству толькі старэйшага з траіх прыехаўшых з ім сыноў, Мікалая, а малодшых — Мішу і Янку — вучыць.
На жаль, смерць сустрэла яго амаль у самым пачатку гэтай новай і цяжкай дарогі. Удава спрабавала здзейсніць мары нябожчыка мужа: паслала малодшых у Навагрудскую польскую гімназію. Аднак задача аказалася вышэй яе сіл, бо ў часе крызісу земляробчыя прадукты страцілі ўсялякую цану. Пачуўшы, што маці захварэла, гімназісты кінулі вучобу, вярнуліся дамоў памагаць гаспадарыць.
Браты разумелі, з чым яны развітваюцца, але пачуццё абавязку перамагло, суцешылі сябе абяцаннем ісці да вяршынь чалавечага духу сцяжынамі самаадукацыі.
Нялёгка стаць пісьменнікам сялянскаму сыну, якому трэба да сёмага поту працаваць, жывучы ў глухамані. Але ў сапраўднага таленту патрэба тварыць, адкрываць новае і дзяліцца з людзьмі запаветнымі думкамі, імкненнямі — неадольная. Янка Брыль пайшоў за сваім прызваннем. Хоць і даводзілася яму працаваць звыш сіл, не мог ён паступіць інакш, бо адчуваў сябе адкрывальнікам такіх вялікіх ісцін, бес якіх не толькі блізкія яму людзі, але і ўсё чалавецтва не знойдзе дарогі да шчасця.
Заходняя Беларусь у 20-я гады кіпела рэвалюцыйнай і нацыянальна-вызваленчаю барацьбой, народныя масы ахоплівала жаданне з'яднацца ў адзіную сацыялістычную дзяржаву, здабыць свабоду, выйсці на гістарычны прасцяг. Грамадскасць не саромелася даваць заказы пісьменнікам, бо лічыла іх, перш за ўсё, свядомымі грамадзянамі. Дэмакратычная прэса патрабавала ад песняроў выкрываць і ганьбіць паднявольнае жыццё, ствараць вобраз ідэальнага грамадства, у якім усе людзі збратаюцца і зажывуць свабодна, шчасліва. Голас грамадскага сумлення і абавязку быў тады такім моцным, што пісьменнікі без слова прымалі заказ часу і з радасцю выконвалі яго, адчуваючы сябе разбуральнікамі старога і стваральнікамі новага свету.
Зразумела, што ўсвядоміць гэтую высокую місію кожны мастак павінен сам, сваім сэрцам і розумам. Тут не бывае торных дарог.
Янка Брыль, вярнуўшыся з гімназіі, якая здавалася яму цудоўным акном у свет навукі, хараства, культуры, меў усе падставы скардзіцца на жыццё. Але, асеўшы ў вёсцы і агледзеўшыся навокал, ён заўважыў, што яго ліхадзейка-доля была для многіх сябрукоў і аднагодкаў яшчэ зайздроснай. Ён атрымае ў спадчыну некалькі гектараў зямлі, і гэтага як быццам і хопіць, каб размясціць вясковае шчасце. Чулы юнак робіць папраўку ў свае маральныя самаацэнкі. «Ты не найгорш пакрыўджаны,— кажа яму голас сумлення,— глядзі, каб сам не пакрыўдзіў іншых». Маральная пільнасць скіроўваецца са знешняга свету на самога сябе. Як жыць сумленна ў гэтым свеце, каб не выклікаць зайздрасці, не рабіць зла?
Разам з братам Міхаілам Янка Брыль шукае адказу на пытанні-злыбяды ў Льва Мікалаевіча Талстога. Ён прагна чытае мастацкія, публіцыстычныя і філасофскія працы Талстога, шле пісьмы В. Ф. Булгакаву — былому сакратару яснапалянскага мудраца, знаёміцца з дзеячамі антываеннага руху ў буржуазнай Польшчы, бярэцца за культурна-асветную працу на сяле і, галоўнае, сур'ёзна і напорыста пачынае пісаць артыкулы, вершы, апавяданні. Брат яго Міша штудзіруе жывапіс, вучыцца маляваць. У хаце пасяляецца творчы дух.
Праўда, на сямейным Парнасе Янка іграе другарадную ролю: па-першае, ён — малодшы, па-другое, мастацтва слова менш прыкметнае, чым жывапіс. Карціну кожны бачыць адразу і дзівіцца з умельства мастака, які паклаў штрыхі і фарбы так, што на палатне з'яўляюцца рэчы і людзі, «як жывыя». Янка зайздросціў славе брата, а той трактаваў яго як свайго асістэнта. Калі суровая маці казала старэйшаму прынесці дроў ці вады, Міша паварочваў галаву ад мальберта і пераадрасоўваў даручэнне Янку, гаворачы, нібы ігумен паслушніку: «Ванька! Древес!» Калі ж Міша пачаў яшчэ і «вершы» пісаць, дык Янкава душа не вытрымала, і ён з крыўдлівай слязінай у голасе стаў прасіць старэйшага: «Ну, пакінь хоць гэта мне. Ты ж малюеш... Ну навошта табе?..» Той велікадушна згадзіўся...
Самадысцыпліна, маральная пільнасць здольных юнакоў паднімае іх аўтарытэт у ваколіцы. Да «Брылёвых хлопцаў» цягнецца моладзь, іх стараюцца пераймаць, але ўжо не зайздросцяць, адчуваючы на сабе, які нялёгкі гэта шлях — спалучаць працу з самаадукацыяй і творчасцю. Маральныя пошукі і самаўдасканаленне на пэўны час займаюць галоўнае месца ў жыцці і творчасці маладога пісьменніка. Але разбуджанае сумленне выводзіць юнака на прастор сацыяльных і нацыянальных праблем. Ад агульначалавечага да нацыянальнага і класавага — такі шлях духоўнага росту і станаўленнл таленту Янкі Брыля.
Асаблівасць развіцця светапогляду пісьменніка адлюстравалася ў змесце, тэматыцы і ідэйнай скіраванасці яго ранніх твораў.
У заходнебеларускім друку Янка Брыль дэбютаваў як аўтар вершаў і артыкулаў на гуманістычныя і маральна-этычныя тэмы. Абвостранае, набалелае сумленне падказвала аўтару змест і пафас першых апавяданняў «Марыля», «Праведнікі і зладзеі». Відавочна, такі ж характар насілі і іншыя апавяданні той пары. Іх назбіралася цэлая кніжка, але рукапіс яе так і загубіўся ў віленскага выдаўца, не дачакаўшыся ператварэння ў кнігу, хоць маці згадзілася аплаціць гэтую аперацыю з сямейнага бюдджэту.