Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Зорны спеў

Калеснік Уладзімір

Шрифт:

Дарожныя запісы Янкі Брыля або цалкам уваходзяць у творы, або становяцца штуршком для стварэння карціны прыроды, ці ключом да якогасьці чалавечага характару, ці, нарэшце, проста штрыхом, рысачкай. Найбольш цэльным пашанцуе стаць самастойнымі творамі-мініяцюрамі, што мяжуюць паміж навелай, вершам і афарызмам.

Гэты першы «палявы» этап работы пісьменніка мае ў сабе шмат імпрэсіўнасці, ён цякучы, зменлівы, эфемерны, тут непазбежны выпадковасці, суб'ектыўнае перабольшванне і заніжэнне. Але, мне здаецца, этап гэты вельмі важны, бо толькі яго інтэнсіўны і плённы ход гарантуе будучаму твору свежасць, багацце фарбаў, шчырасць інтанацыйнага гучання. Я хачу падкрэсліць, што ў Янкі Брыля першыя вобразныя ўяўленні не маюць той закончанасці, пра якую казаў Радэн, яны характарызуюцца напружанасцю і зменлівасцю. Мажліва, таму, што пісьменнік увекавечвае не момант, а працэс. Толькі рэдкім задумам шанцуе канчаткова скласціся ў структурныя сістэмы на першай стадыі творчай апрацоўкі і пераліцца на паперу гатовымі творамі. Ды і то гэта пераважна творы дробных жанраў, для якіх эмацыянальная свежасць, зыркасць ды інтанацыйная шчырасць — дастатковыя паказчыкі мастацкасці. Мне вядома ўсяго некалькі «паўнаметражных» апавяданняў, напісаных экспромтам, гэта: «Мой зямляк», «Казачок», «Ліпа і клёнік», «Галя».

Памяць Янкі Брыля эмацыянальнага тыпу з музычна-інтанацыйнай арыентацыяй. Колькі я памятаю, ён усё скардзіцца, што не запамінае твараў людзей, а толькі мову. Значная частка запамятанага і запісанага — ужо толькі сырэц, накіды, штрыхі настрояў і думак, гаваркія словы, якім, каб стаць кампанентамі будучага твора, трэба пабываць у творчай кузні або, як сказаў бы Гегель, прайсці другую стадыю ачышчэння духам, у часе якой імпрэсіі, эскізы, схопленыя з лёту, адбіраюцца, асэнсоўваюцца, шліфуюцца, аблушчваюцца са шкарлупін выпадковасці, падганяюцца і складваюцца ў сістэму твора, сугучную папярэдняй задуме, падмацаванай светаадчуваннем і эстэтычным ідэалам. Вядома, сама задума не даецца ў гатовым выглядзе, яна таксама вырастае з завязі, наліваецца сокамі, выспявае ў рабоце ў працэсе вобразнага мадэліравання матэрыялу. Не выключана, што рост задумы можа часам перайначыць папярэдняе аўтарскае ўяўленне і намер. У працэсе працы канкрэтызуецца мэта зносін з чытачом, а значыць і задума. Ёсць на гэтым этапе і небяспека збіцца з папярэдняй унутранай задумы. Цяпер трэба, хоць гэта неймаверна цяжка, праявіць волю, бо чым бліжэй канец работы, тым цяжэй нешта змяпіць, а найцяжэй перарабляць ужо апублікаванае. Там, сапраўды, спатрэбіцца падняцца над сабою, гэта значыць, праявіць самакрытычнасць сапраўды бязлітасную.

Покуль мастацкі твор складаецца ва ўяўленні, нават покуль заносіцца фрагменцікамі ў блакнот, ён фактычна яшчэ не твор. Мастак яшчэ радуецца без трывог, калі будзіць свае лятункі-мары і сам адзін плыве на крыллях мар у краіну ідэалу. Цяпер яму лёгка і проста адагнаць выпадковы або неадпаведны вобраз, сапхнуць у забыццё, цяпер можна дазволіць выплысці на паверхню свядомасці вобразам-«анархістам», якія нагадваюць камень, пушчаны жэўжыкам у царкоўны звон, толькі для таго, каб пачуць пратэстуючы бас металу. Тут многае дазволена, тут няма яшчэ абсалютнай строгасці, тут эксперыментатарства, тут і зухаўство, тут і забаўка. Але ў меру набліжэння да настольнага перыяду кругі фантазіі становяцца ўсё больш строгімі, покуль не стануць настолькі яснымі, што здадуцца мастаку абцыркляванымі. Тады прыйдзе трывога: пачынаецца самы адказны этап у рабоце. Успрынятыя вобразы не хочуць знікаць. Яны «бамбардзіруюць» памяць, спрабуюць сілком прарвацца ў твор. Вось чаму мастак піша напружана і шпарка, каб не збіцца з тропу, не згубіць каларыту і структурных абрысаў задумы ў калейдаскопе дэталей.

Мастацкі твор заўжды сплаў знешняга жыцця з унутраным жыццём мастака, дыялектычная еднасць адлюстравання і самавыражэння. А рашаючы момант у стварэнні дыялектычнай еднасці гэтых двух светаў — застольная праца над творамі. Тут, у сваёй кузні, мастак паўторна распальвае жыццёвыя факты і «загатоўкі» вобразаў, каб у творчым агні і кіпенні атрымаць сплаў знешняга і ўнутранага свету і зафіксаваць яго ў кампазіцыі. Толькі гэтыя пераадоленыя і пераўтвораныя пачуцці стануць сапраўдным эстэтычна дзейсным вобразам.

Другі этап работы мае ў Янкі Брыля таксама пэўныя асаблівасці. Мне здаецца, адна з іх абумоўлена калектывізмам яго натуры, патрэбаю дзяліцца думкамі і ўражаннямі, раіцца з другімі людзьмі. У студэнцкія і аспіранцкія гады мне даводзілася, на правах сябра, быць слухачом вусных варыянтаў Брылёвых твораў, а асобныя фрагменты рамана «Птушкі і гнёзды» я чуў у вусным пераказе не раз. Але ўжо гэты раман быў першым творам, які Янка Брыль не чытаў уголас знаёмым, а пасля амаль перастаў чытаць і іншыя творы — дае сяму-таму пачытаць рукапіс, ды і ўсяго.

Прынята лічыць, што мастакі ў перыяд выспявання задум бываюць замкнёнымі, баяцца, каб не выладаваць творчага запалу на расказванне: часта збываюць журналістаў агульнымі фразамі: «Нешта пішу, хваліцца не сціпла». У Янкі Брыля быў час, калі расказванне твора сябрам і знаёмым складала састаўную частку творчага акта, гэта быў своеасаблівы перавал паміж так сказаць «палявым» і «настольным» перыядам у рабоце. Перавал гэты мастак ператвараў у творчую пляцоўку. Я прыкмеціў, што чым інтэнсіўней працякаў працэс выношвання, тым эфектыўней ішла настольная праца. Творы, асабліва сярэдніх жанраў, якія перад напісаннем ён расказваў, а ў часе пісання некалькі разоў прачытваў слухачам, выйшлі больш зладжаныя, кампазіцыйна і эстэтычна цэльныя. I хай уявіць чытач, як здзівіўся я, калі зусім нядаўна, у 1974 годзе, Янка сказаў, дзелячыся планамі на зіму: «Ёсць задума трох апавяданняў, працую адначасна над усімі, а пра што яны, баюся, брат, расказваць, каб не размагніціцца». Я думаў над гэтаю метамарфозаю і прыйшоў да высновы, што ў структуры найноўшых твораў Брыля — і апавяданняў, і нарысаў, і мініяцюр — усё большае месца займае думка, філасофскі роздум. А гэта такі кампанент, для афармлення якога падыходзіць пісьмовая мова, ён патрабуе, каб яго чыталі і нават перачытвалі вачыма, для сябе, калі хочуць грунтоўна засвоіць. Ці не ў адпаведнасці са зместам і структурай твораў змяняюцца і прыёмы работы, нават характар творчага працэсу, псіхалагічны змест яго. А можа, гэта толькі часовыя адхіленні ад старых нормаў?

Настольная праца ў Янкі Брыля звычайна ідзе шпарка, але праходзіць напружана, часам капрызна.

Вось працуючы над эсэ пра Індыю, адкуль Я. Брыль вярнуўся з блакнотам нататак і перапоўненым уражаннямі сэрцам, ён востра перажывае прылівы і адлівы творчай заўзятасці. Я адчуваю сябе крыху вінаватым: адарваў, мабыць, сваім прыездам чалавека ад работы. Брыль супакойвае. Справа, аказваецца, у тым, што ён колькі дзён чытаў «Адкрыццё Індыі» Джавахарлала Нэру і не пісаў. У гутарцы прызнаецца, што не хоча пісаць у такім стане, калі здольны толькі рэгістраваць факты: «А затым мы паехалі ў самы паўднёвы штат Індыі, сталіца яго — Бангалор,— і г. д.». Ён кажа, што знарок у клубе Саюза пісьменнікаў паслядоўна расказаў слухачам пра сваю паездку, разладаваўся. каб цяпер не спакушацца прыёмамі летапісання, храналагічнай кампазіцыяй. Мастак пачаў эсэ на хвалі прыўзнятага пачуцця, хоча і завяршыць твор на гэтым узлёце. Як толькі спадае настрой, Брыль перастае пісаць і бярэцца вычытваць рукапіс перакладаў адной польскай кнігі. Пераклад ляжыць на краі стала. «Нічога, зраблю, выцягну,— адсапнуўшы, гаворыць ён: пра эсэ.— Я ўжо бачу рэч у цэлым. Засталося яшчэ два вузлы завязаць: дзеці Індыі і музыка, потым сустрэча з сынам Мікалая Рэрыха і заключны акорд».

Ён чытае мне кавалак пра гасцяванне ў магараджы, а потым расказвае фацэтную сітуацыю, якую бачыў, сутыкнуўшыся з работай членаў індыйскага таварыства па навуковым планаванні сям'і. Сапраўды, пацешна гучаць адкрытыя нагаворы проста на вуліцы стэрылізавацца... Я пытаюся:

— Чаму ж ты пра гэта не напісаў?

— Тут не лажыцца,— тлумачыць Брыль.— Ёсць, ведаеш, унутраныя законы кампазіцыі, трэба, каб матэрыял сам лажыўся, кусок пры куску, а так будзе стракацець. Выбіваецца гэта з танальнасці. Я адчуваю, хоць дакладна вытлумачыць не бяруся. Тут сёмае пачуццё падказвае, што і дзе ляжа. I не абавязкова, каб усё гарманізавала. Могуць быць і кантрастныя мясціны, але яны павінны адцяняць асноўную танальнасць, а не выпірацца наперад. Гэтым эпізодам трэба знайсці іншае месца...

Драўляны двухпавярховы асабняк Дома творчасці пачацвертаваны на пакоі так, што большасці яго часовых жыхароў прыходзіцца па адным пакоі з верандай. Брылёў пакой на другім паверсе. Светлы — два акны, стол, два ложкі, шафа.

За вокнамі гараць лямпачкі на высокіх слупах, адкідаюць чорныя цені гонкія сосны. Высока, там, над нашым другім паверхам, зліваюцца з чарнатой неба іх зацярушаныя снегам кроны. Здаецца, што нехта знарок стварыў гэта маўклівае, чыста сузіральнае хараство, каб яно не брала на сябе ўвагі людзей, якія з'ехаліся ўвекавечыць хараство перажытага. Але, аказваецца, не засталіся каралішчавіцкія сосны толькі дэкарацыяй. Казаў Я. Брыль, што ў гэтым пакоі напісаў раздзелаў пяць рамана «Птушкі і гнёзды», пачынаючы з таго, дзе вобраз сосен навявае герою ўспаміны пра радзіму, пра песні ў вёсцы.

Вось гэтыя сосны, што стаяць як намаляваныя, баючыся абтрэсці з галін снегавы пух, навеялі тую паралель, далі рух мастацкаму ўяўленню, распалілі думку.

Яшчэ ўсё ноч. Ціша. Чую, варочаецца Янка на ложку.

— Не спіш?

— Багатаму не спіцца...

— То ўставай і працуй.

— Табе святло не перашкодзіць?

— Не, я ж рана лёг, выспаўся.

Брыль устае, глядзіць на гадзіннік — палова шостай. Размінаецца, нібы масіруе рукі, грудзі, умываецца — і за стол.

— Ну, як казала ў нас адна бабуля: «Божачка мой, божачка, ёсць у мяне пяць грошау, пашлі мне, госпадзі, яшчэ пяць. Куплю свайму парасятку лёку».

Прадаўжаецца праца над эсэ пра Індыю. Пазаўчора Я. Брыль зрабіў 15 старонак рукапісу, учора дзень прынёс менш спору ў хату: шмаг часу пайшло на нашы размовы. Напісаў учора мала, таму і не спалася, таму і «просьба да бога» паслаць хоць пяць грошаў...

Дома ведаюць яго звычку працаваць да ўпаду, таму малодшая дачка, Наташа, бацькава «сакратарка», перадаючы патрэбныя для работы кнігі, часопісы і частку перапісанага на машынцы тэксту, паклала ў пакунак маленькую пластмасавую казу — маўляў, знаем, што жывеш і працуеш аскетычна, як Гандзі, спачуваем, але няма рады. Ён любіць жарты і сам умее пажартаваць, нават цяпер, у час напружанай працы. Учора раненька зайшлі ў пакой да Ніла Гілевіча (гаспадар паехаў у Мінск чытаць лекцыі завочнікам і прапанаваў нам свой лыжны рыштунак), Брыль глянуў на рукапіс, што ляжаў на стале ў Нілавым пакоі, узяў аловак і напісау: «Божа, пашлі яму натхненне!» Падпісаўся, і мы з Сяргеем Грахоўскім таксама. Або прыносіць стос чыстай паперы (свая выйшла) і кажа: «Пятро Васілеўскі пазычыў. Казаў — вернеш рукапісам».

Поделиться с друзьями: