Званы ў прадоннях азёр
Шрифт:
Што тут яшчэ? Вось алтар Маці Божай, зноў жа разьблёны і залочаны, мае два абразы. Малы на блясе, слабаваты, а вось вялікі, на дрэве, гэта XVII стагоддзе. Гэта напэўна.
На трэцім алтары досыць старая і досыць цікавая карціна на палатне: святое сямейства і голуб у ззянні над імі. Яе някепска было б вывучыць знаўцу, як, урэшце, і многае з таго, што мы бачылі.
Другі алтар з левага боку ад галоўнага — адна з найбольш тут цікавых з'яў. Не кажучы ўжо пра незвычайна тонкую разьбу, пра галоўны стары абраз, дзве бакавыя, з жыцця святога Францішка, дужа старыя работы. Есць нават рысы XVII стагоддзя, але, можа, гэта намераны архаізм ці стылізацыя або проста прыхільнасць глухога кута да крыху спозненай моды. I ўсё адно гэтая архаічная кампазіцыя, гэтыя порцікі фантастычнай, небывалай архітэктуры — усё гэта прыўкрасна.
Разьблёныя рэчы касцёла таксама розныя, Ад спавядальнікаў мясцовых, вырабу школы рамёстваў, у Пінску недзе ў трыццатых гадах, але зробленых з густам і без таго, каб яны парушалі агульны настрой і тон інтэр'ера, і да амбона разьблёнага, штукі велічнай, высакароднай, пышнай і, сказаў бы я, нават велікапышнай.
Словам, усё гэта — веліч, усё гэта — мастацтва, усё гэта — наша. I таму, што гэта ўвогуле душа продкаў нашых, майстроў. I таму, што гэта веліч нашай гісгорыі.
XX. Адзін на палескіх шляхах
Тут, у Пінску, шляхі нашы разыходзіліся. Хлопцы павінны былі вяртацца ў Мінск, а я вырашыў усё ж перасячы Палессе да канца, прайсці апошні адрэзак шляху і такім чынам прыдаць падарожжу характар завершанасці.
I вось мы развіталіся на набярэжнай, я ўскінуў на спіну пляцак і, махнуўшы ім рукою, рушыў над вадка-залатой, злёгку туманнай ракой. Ранішняе паветра яшчэ не страціла ласкавай свежасці, нібы з бронзы кутыя, высіліся ў ім францысканскія вежы, з якіх ляніва планіравалі першыя галубы.
Чакалі дарогі, мяккі пыл на іх, прыдарожныя крамы, задушна-залатая спёка дня, жоўтае хваляванне баркуна на ўзмежках і коршакі ў сляпучых, цяжкіх аблоках.
Я ехаў аўтобусамі і спадарожнымі машынамі, ішоў пешшу, перапраўляўся цераз рэчкі і каналы, закідваў вуды ў спакойныя завадзі і абрываў кручкамі гарлачыкі, урэчнік і расіцу. Сузор'е Рэшата ўначы мігцела нада мной і рыбы, тлустыя ад ашыткаў, непаразумела глядзелі з-пад вады на маё вогнішча.
Ноч. Туман устае над нізінамі. Аднекуль песня. I ўжо значна менш у яе палескага, а хутчэй мяккі косаўскі акцэнт. Калісьці я чуў такую у Быцені. Але як пранізліва, як прытомна і журботна гучыць яна між гэтых дрэў, над гэтымі рэкамі і туманамі!
I з-пад лесу і з-пад гаю Цёмна хмара выступае. Барлак ногі падымае, Усю радзіму праклінае. "Ты, радзіма, ты, радзіма, Нашто ж мяне парадзіла?"Спакой. Туман. Тужлівы крык савы.
I зноў дзень. I зноў ноч. Але вечныя туманы над нізінамі. I вечна гучыць уначы — здалёк і на дне душы — незабыты звон з прадонняў. Кліча Князь-возера, і адказвае яму Белае, і захлынаецца ў маленні Бабровіцкае, заклікаючы возера Пагост.
Звон амаль нячутны. Нібы з даўняй музычнай скрынкі. Нібы нешта мяккае чапляецца за меладычныя голкі на валку, і залатыя пчолкі лётаюць вакол званочкаў і часам ціха ўдараюць па іх.
…Мне здалося, што адзін з гарадоў ужо ўсплыў, калі я праходзіў паўз пяціярусную, трыццаціметровую, сямісотгадовую Камянецкую вежу, і я канчаткова ўпэўніўся ў гэтым, у тым, што сёе-тое ад іх засталося і на зямлі, каб мы памяталі іх і сумавалі па іх, калі я выходзіў васільковымі палямі да Чарнаўчыц.
Срэбна плылі і хваляваліся вербы, зелена плыло высокае жыта, беллю і чырванню пераліваліся над ручаінамі рамонкі і смолкі. Сцежка нырала ў палях, і залатыя парушынкі пчол завіхаліся над малінавымі шарамі канюшыны. Над усім гэтым раскашаваннем грувасціліся беласнежныя вежы аблокаў, а першыя ярусы іхнія былі шызыя, як дзікі камень.
А паміж палёў і аблокаў, нібы злучаючы іх, стаяла белая будыніна ў сакавітых зялёных шатах. Нібы ўломак снежнага горада, які праваліўся да сэрца зямлі. I я рушыў ёй насустрач, ведаючы, што яна не адштурхне мяне, бо я нясу ў сэрцы дабро і мір.
XXI. Адраджэнне
Кажуць, што першая культавая пабудова з'явілася тут ў XIII стагоддзі на месцы паганскага капішча. А тое, мабыць, існавала з першага пасялення людзей у гэтых мясцінах. Стагоддзі сплывалі, мяняліся і цяклі плямёны па твары зямным. Тыя, даўнія, нават імёны якіх не зберагліся, пра якія мы нават не ведаем, хто яны былі такія. Готы ў другім стагоддзі ішлі тут да цеплыні, да далёкага Чорнага мора, якое вабіла іх гарачай сінню і чуткі аб якім дайшлі невядомым чынам на іхнюю туманную поўнач. Ішоў авангард воінскіх атрадаў з узброенымі, грубымі, як зубры і як гоцкія сагі, мужчынамі, а за імі бясконца цягнуліся абозы. Іржалі коні, плакалі дзеці, лаяліся і вішчалі жанчыны, клубіўся, устаючы да неба, пыл, і ў ім крычалі колы вазоў.
Пакідаючы за сабою мужчынскія могільнікі (частку, самы край аднаго з іх, нядаўна раскапалі ў Трышыне), плацячы мускуламі, крывёю, жыццём, валіла, ірвалася на поўдзень арда.
— Наперад!
А праз два стагоддзі паўдзённыя плямёны турнулі іх ад Чорнага мора, і яны цяжка пакаціліся назад ужо зведаным, ужо аплачаным жыццямі, крывавым сваім шляхам, па дарозе — цяпер ужо назаўсёды і без надзеі вярнуцца, — развітваючыся з магіламі продкаў і братоў, што навекі засталіся ляжаць на гэтым шляху, адплаціўшы самімі сабой два стагоддзі жыцця ля мора, пад сонцам і сінімі пырскамі прыбою, аплаціўшы туманныя легенды сваіх плямёнаў пра навекі страчаны рай.
Шчаслівы выпадак памог нам выкапаць два скарбы, якія маглі б быць сюжэтам для змрочнай балады, а то і цэлага эпасу.
Скарб другога стагоддзя. На наканечніку дзіды рунічны надпіс: "Наперад!"
А на такім жа наканечніку чацвёртага стагоддзя тыя ж суровыя вуглаватыя руны: "Назад!"
Зніклі старажытныя плямёны, зніклі готы і дзесяткі іншых, у чаргаванні прыліву і адліву адплывалі і зноў наплывалі, змешваючыся, яцвягі і славяне, а парэпаныя дубовыя ідалы капішча, мяняючыся з новымі гаспадарамі, усё глядзелі і глядзелі на гэтыя змены, на дымы вогнішчаў, на пыл над дарогамі сляпымі і страшнымі дубовымі вачыма.
У XIII стагоддзі Іллініч узвёў на гэтым месцы першы драўляны храм. А ў 158З — 1585 гадах на яго месцы з'явілася дбаннем Мікалая Радзівіла Сіроткі і рукамі геніяльных дойлідаў і муляраў тое дзіва, што бачым мы зараз, што яшчэ здалёк убачыў я, ідучы да яго канюшыннікамі.
Час быў неспакойны, круляванне Баторыя. Толькі што скончылася Лівонская вайна і рыхтавалася новая. Хто ведае, што несла пераменлівае ваеннае шчасце? I таму храм зрабілі крэпасцю з магутнымі мурамі, цяжкімі круглымі вежамі, трывалымі скляпеннямі і пагрознымі вузкімі байніцамі.
У чалавека, які фундаваў яго, былі разнастайныя густы. Нясвіжскаму касцёлу, таксама збудаванаму ім, не трэба было быць крэпасцю, побач стаяў магутны замак. I таму ў Нясвіжы пышнасць і адкрытасць ранняга барока, а тут, у Чарнаўчыцах, псеўдаготыка з рысамі рэнесансу. Але і ў тым, і ў іншым паўсюль сімвалы эўхарыстыі. Вінаград — гостыя, вінаград — гостыя. Хлеб і цяжкія гроны з узорнымі лісцямі. I матыў тайнай вячэры і шматлікія арлы.
Дужа цікавае, я б нават сказаў, унікальнае скляпенчатае, пасечанае вяззю скульптурных візарункаў перакрыццё касцёла. Гэта досыць рэдкі на Беларусі рэнесанс. I калі, скажам, палякі могуць ганарыцца ў гэтым сэнсе такімі цудоўнымі рэчамі, як Зыгмунтаўская капліца на Вавелі, замак у Баранаве, двор у Пабяніцах, ратуша ў Хелмне і яшчэ многа-многа чым, то нам тым больш трэба берагчы тое нямногае, што збудавана ў гэтым стылі ў нас. Прычым гэта адраджэнне, успоенае мясцовымі манерамі будаваць, мясцовымі традыцыямі і густамі, мясцовым пачуццём гармоніі.