Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Званы ў прадоннях азёр

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

З першага позірку ўнутранае абсталяванне касцёла здзіўляе аскетычнай беднасцю. Каб не шыкоўнасць і пышнае багацце скляпенняў з іхнімі складанымі візарункамі і золатам разетак, яно здавалася б нават проста ўбогім. Што тут ёсць? Акрамя новых упрыгожанняў, каштоўнасць якіх больш чым няпэўная, ёсць тут дзве перанесеныя знадворку цікавыя і старыя скульптуры. Святы Марцін, які раздзірае плашч, каб аддаць палову жабраку, і яшчэ фігура нейкага францысканца. Гэта зроблена на добрым старым узроўні.

Ды ёсць яшчэ абраз Яна Непамуцкага, таго самага, што не адкрыў каралю таямніцы споведзі каралевы, грахоў яе, і за гэта быў зрынуты з моста. Гэта рэч сапраўды майстэрская.

Побач з Янам два цікава і досыць манерна выпісаныя анёлы, адзін з якіх цягне ахапачак лілей, а другі вянчае галаву пакутніка. Наводдаль стылізаваны мост.

Вось, бадай што, і ўсё. Чаму? Чаму храм, фундаваны фантастычна багатым чалавекам, храм, які на працягу трохсот год асыпалі золатам, падзякамі, у якім працавалі найлепшыя майстры, такі бедны?

Пачатак гэтаму трэба шукаць у 1867 годзе. Бессаромная і бязлітасная мураўёўская помста абурылася не толькі на людзей, але і на помнік іхняй культуры. Палітыка паслядоўнага вынарадавання, самадзяржаўя, праваслаўя і "народнасці" проста не магла абмінуць душы, мовы, пачуцця гожага і думкі чалавечай.

У школах загадам папячыцеля Карнілава цяпер ледзь вучылі чытаць. Касцёл Чарнаўчыцкі быў забраны пад царкву. Статуі і абразы шаснаццатага стагоддзя, зіхатлівы сонечны рэнееанс з яго водбліскам Італіі, рэнесанс, на якім ляжалі апошнія водбліскі адраджэння і гуманізму, выносілі на цвінтар і секлі, шчапалі сякерамі і кідалі ў агонь. Два дні секлі сякерамі. Два дні цягнуўся над Чарнаўчыцамі тлусты дым, два дні пухірылася, бурліла, ускіпала чорным празрыста-ясная фарба на прыўкрасных абліччах. Два дні палілі старыя кнігі.

Другую смяротную небяспеку прынесла вайна і пажар пры ўваходзе немцаў. Праз тыдзень пасля таго, як былі занятыя Чарнаўчыцы.

Нехта з беларусаў — дагэтуль невядома хто — стрэліў жаканам у нямецкага гаўптмана і параніў яго ў руку. Нехта сказаў ці, можа, гэта самім немцам здалося, што стралялі з байніцы касцёла. Вечарам таго дня салдаты аблілі муры і падлогу бензінам і падпалілі яго.

Вечар і ўсю ноч будынак зырка палаў, і полымя гэтае рвалася ў ноч. Толькі раніцай камендант даў жыхарам дазвол гасіць шэдэўр, які гінуў на вачах. На шчасце, храмы-крэпасці моцная рэч і іх не так проста знішчыць. Але і дагэтуль, як помнік варварству новага сярэдневякоўя, падпіраюць хоры абгарэлыя, закураныя калоны.

Трэцюю напасць ледзь не прынеслі сходы, што вядуць у вежы і на званіцу (таксама XVI стагоддзя і двайнік Нясвіжскага, можа, нават, збудаваны тымі самымі майстрамі). Я іх бачыў ужо крыху падноўленымі ўнізе за апошнія гады. Падноўленыя звычайнымі прыступкамі на трэцюю частку вышыні вежы.

Але і тое, што засталося, было дзівам інжынернага разліку невядомага сярэдневяковага цеслі. Вінтавыя, зробленыя з абчасаных бярвенцаў, яны толькі адным канцом кожнага бярвенца ўмацаваныя ў маленькіх нішах каменнай кладкі. Другія іхнія канцы, тыя, што стваралі вось вінта, былі проста пакладзены адзін на адзін на ўсю вышыню вежы, не звязаныя ні шыпам, ні цвіком, ні скабою, змацаваныя ў жорсткае цэлае толькі сілаю ўласнай вагі. Гэты вінт жывога дрэва нібыта пераліваўся як хацеў. Глянеш знізу — нібы жывое сонца з промнямі, то светлымі ад святла з байніц, то цёмнымі. I плахі, чым далей, тым у перспектыве, танчэйшыя. Скеміць таўшчыню кожнай плахі, колькі счасаць, якія выемкі трэба зрабіць з ніжняга боку дзеля аблягчэння ўсёй канструкцыі, - гэта трэба было мець на плячах галаву, што добра ўмее цяміць. I гэты вінт прастаяў трыста шэсцьдзесят гадоў.

Дык вось гэтыя самыя геніяльна задуманыя сходы ледзь не загубілі ўсёй будыніны. У 1941 годзе яны знізу згарэлі на трэць. Прыступкаў не было, а восевага слупа таксама не існавала. I ўсё ж немцы, пры наступленні нашых, ухітрыліся залезці на вежы і адстрэльвацца адтуль. За час запеклага, зацятага бою па храме-крэпасці было выпушчана васемнаццаць снарадаў. Тысячы куль і асколкаў паплямілі яе ля байніц і паўсюль. Яна засталася стаяць, але трэшчыны і дагэтуль змяяцца, перасякаючы яе шматпакутныя муры.

…Лянівы і спякотны чэрвеньскі поўдзень стаяў над вежамі, калі я кіраваўся з Чарнаўчыц на Брэст. Замлела раскашавалі сады, а над імі і над белым крышталем храма-крэпасці плылі мне насустрач хмары. Нібы цяжкія беласнежныя зубры.

I ўвесь гэты абшар быў як адраджэнне ўсяго таго, што прайшло, пракацілася над гэтым пакутным кавалкам зямлі.

XXII. Напяты світанак. Брэст

Апельсінава-залатыя расплаўленыя хлябі нёс Мухавец да недалёкага Буга. Яны імкнуліся наперад, зрэдку абліваючы халоднымі блакітнымі мазкамі.

Прыйшоў канец майму падарожжу. Нізкае яшчэ сонца ледзь пачынала прыграваць патыліцу.

Шлях быў вялікі. Шлях быў цікавы. Многа-многа адмералі ногі, шмат, дужа шмат бачылі вочы.

Нібы пазбаўлены раптам хрыбта, пагрузіўшы ў ваду натруджаныя ступакі, я ўспамінаў хмары над Прыпяццю, хвалі, што ліжуць лазу, залёныя знізу ад вільгаці платы, цыганскі натоўп, што пераліваецца, мінаючы старажытную царкву.

I песні, і нязлую размову бабуль на прызбе, і дзяўчат у вышываных сарочках, і ўсё, што завецца маім народам, самае каштоўнае, што ў мяне ёсць. I тое, што стварылі рукі ягоныя: гэтыя хаты пад знакам сонца, і франтоны калегіума, і вежы францысканаў, і гліну, што жыве на ганчарным коле, і драўляныя кветкі старой разьбы, і карункі чарнаўчыцкіх скляпенняў.

Успамінаў гэта і ведаў, што мы ўсё ж зберажом, абаронім усё гэта. Упрыгожым яго, каб жыло вечна. Толькі каб не прайшла вайна, у полымі якой згараць вежы, статуі, самі людзі, як гарэлі яны ўжо не раз. Як вежа пры татарах, і як Пінск у сялянскую вайну, і як чарнаўчыцкі шэдэўр у вайну апошнюю.

Здзіўная, знямоглая і напятая трывога вісела, была разлітая ў паветры.

Было 22 чэрвеня. Чатыры гадзіны раніцы. Бераг Мухаўца.

XXIII. Ізноў гавораць званы

На нейкі час ты кончылася для мяне, святое маё Палессе. Але я вечна буду ўдзячны тваім іржавым балотам, тваім шырокалістоўным бязмежным пушчам, тваім азёрам, залатым рэкам тваім, задуменна-пахмурым вежам і мурам, праўдзівым сведкам мінулага. I яшчэ тваім людзям, дзецям тваім чыстым, сапраўднаму сэрцу твайму і тваёй непадкупнай, вялікай, справядлівай душы.

Яны старанна працуюць. Яны светла думаюць. Яны жывуць дабром. Што б там ні было, яны жывуць дабром. I заўсёды жылі дабром, іначай не збярогся б, даўно паў бы пад ногі захопнікам і рознай навалачы, расплыўся б, знік гэты тысячы разоў выпалены, тысячы разоў попелам пушчаны край.

Я ледзь паспеў вярнуцца ад цябе. Але часам ужо зараз на світанні або ўначы, калі сплыве на імгненне сон, а то і ўдзень сярод чалавечага тлуму я раптам забываю аб усім і не чую нічога.

Пачынаюць гаварыць твае званы.

Вельмі далёкія, амаль нячутныя, яны пачынаюць гаварыць з усіх тваіх азёр. Там жывуць людзі, жыве стары палескі народ, першародны народ з вялікім сваім сэрцам, якое мы не павінны забыць.

Настане дзень, і з'явяцца над вадою шпілі, залатыя шатры і самыя белыя вежы, а тады ў патоках блакітнай пены, у карунках і сонцы багатыя і гожыя муры.

Поделиться с друзьями: