80000 кіламетраў пад вадой
Шрифт:
Калі вочы мае прызвычаіліся да святла, я пачаў азірацца навакол.
«Наўтылус» стаяў нерухома каля берагу, які нагадваў узбярэжную якога-небудзь парта. Падводны карабель знаходзіўся на паверхні возера, абкружанага з усіх бакоў каменнай сцяной. Дыяметр возера меў прыблізна дзве мілі; значыцца, акружына яго працягвалася на шэсць міль. Узровень вады ў возеры быў той-жа, што і ў акіяне, бо гэтае возера абавязкова павінна было злучацца з акіянам. Гэта сцвярджалася і паказаннямі манометра. Высокія сцены звісалі над вадой і злучаліся ўверсе, на вышыні пяцьсот ці шэсцьсот метраў, у вялізны купал. У вышэйшым пункце гэтага купала адчынялася тая самая адтуліна, якая прапускала слабае святло, як відаць, водбліск сонечных праменняў.
Раней чым прыступіць да ўважлівага агляду гэтай вялізнай пячоры, нават раней чым задацца пытаннем, ці была гэтая пячора натуральнай альбо штучна зробленай чалавечымі рукамі, я падышоў да капітана Нэма і запытаў у яго:
— Дзе мы знаходзімся?
— У самым цэнтры згаслага вулкана, — адказаў ён, — залітага морам у выніку якога-небудзь тэктанічнага страсення. У той час, як вы спалі, спадар прафесар, «Наўтылус» пранік у гэтую лагуну праз натуральны канал, які праходзіць на глыбіні дзесяць метраў пад паверхняю акіяна. Гэта адна з гаваней «Наўтылуса» — верная, надзейная, схаваная ад нясціплых вачэй і абароненая ад вятроў усіх румбаў. Пакажыце мне хоць адзін порт на вашых сухазем’ях і астравах, які здолеў-бы так надзейна схаваць судна ад урагану, як гэтая пячора!
— Сапраўды, — сказаў я, — вы тут у поўнай бяспечнасці, капітан Нэма. Што можа пагражаць вам тут, у нетрах бяздзейнага вулкана? Але скажыце, ці мне здалося толькі, ці сапраўды я разглядзеў уверсе адтуліну?
— Так, гэта былы кратэр вулкана; калісьці ў ім бушавала лава, пары серы і слупы полымя. Цяпер-жа ён служыць для таго, каб забяспечыць маю гавань тым свежым, жыўным паветрам, якім мы дыхаем.
— Які гэта вулкан?
— Гэты вулкан знаходзіцца на адным з незлічоных астраўкоў, параскіданых у гэтай частцы акіяна. Для праходзячых міма караблёў — гэта проста выступаючая з мора скала; для нас-жа — гэта бяспечнейшы ў свеце порт. Я выпадкова адкрыў яго, і гэты выпадак саслужыў мне немалую службу.
— Хіба нельга спусціцца сюды праз адтуліну кратэра?
— Гэта таксама немагчыма, як немагчыма мне падняцца адгэтуль да кратэра. Прыкладна футаў на сто ўверх яшчэ можна ўзабрацца па сценах, але далей яны нахіляюцца, звужваюцца і прабрацца вышэй зусім нельга.
— Я бачу, капітан, што прырода прыходзіць вам на дапамогу ўсюды і заўсёды. Вы ў поўнай бяспечнасці ў гэтым падземным возеры, і нічыё нясціплае наведванне не можа застрашыць вас. Але навошта вам спатрэбіўся гэты прытулак? «Наўтылусу»-ж не патрэбна гавань.
— Не, спадар прафесар, але яму патрэбна электрычнасць, каб рухацца, батарэі — каб вырабляць электрычную энергію, натрый — каб жывіць гэтыя батарэі, вугаль — каб атрымаць натрый, і капальні — каб здабываць каменны вугаль. Тут-жа мора паглынула цэлыя лясы, якія раслі ў далёкія геалагічныя эпохі; скамянелыя, ператвораныя ў каменны вугаль, яны з’яўляюцца для мяне невычарпальнымі складамі паліва.
— Значыцца, вашы матросы ператвараюцца тут у капальнікаў?
— Зусім правільна. Гэтыя капальні знаходзяцца пад вадой, таксама, як і вугальныя шахты Ньюкасла. Апранутыя ў скафандры, з кіркай і лапатаю ў руках, мае матросы здабываюць тут вугаль, збаўляючы мяне ад неабходнасці атрымліваць яго з земных капальняў. Калі я палю каменны вугаль для выпрацоўкі натрыя, дым, што падымаецца над кратэрам, надае гэтай гары выгляд дзейнічаючага вулкана.
— Ці ўбачу я, як здабываюць вугаль вашы матросы?
— Не, у гэты раз не ўбачыце, бо я спяшаюся працягваць наша падводнае кругасветнае плаванне. Я абмяжуюся тым, што забяру запас гатовага натрыя, які хаваецца тут. Як толькі мы пагрузім яго на борт, гэта значыць не пазней, як праз дзень, мы зноў кранёмся ў дарогу. Таму, калі вы хочаце азнаёміцца з гэтай пячорай і абыйсці навакол лагуну, дык скарыстайце гэты дзень стаянкі, спадар прафесар.
Падзякаваўшы капітана, я адправіўся да сваіх таварышаў, якія яшчэ не выходзілі з сваёй каюты. Я прапанаваў ім пайсці за мною, не гаворачы, дзе мы знаходзімся.
Яны вышлі на палубу. Кансель, які ніколі не здзіўляўся, знайшоў і цяпер зусім натуральным, што заснуўшы пад вадою, ён прачнуўся пад зямлёю. Што тычыцца Нэда Лэнда, дык ён зацікавіўся толькі адным — ці няма якога-небудзь выхаду з гэтай пячоры на вольнае паветра?
Пасля снедання, гадзін каля дзесяці раніцы, мы сышлі на бераг.
— Вось мы і зноў на зямлі! — сказаў Кансель.
— Ну, якая-ж гэта зямля! — адказаў канадзец. — Ды апрача таго мы не на, а пад зямлёй.
Паміж возерам і падножжам сцяны быў пясчаны пляж, найбольшая шырыня якога не перавышала пяцьсот футаў. Па гэтым пясчаным беразе можна было лёгка абыйсці вакол усяго возера.
Ля падножжа сцен пячоры былі навалены ў хаатычным беспарадку выкінутыя вулканічныя камлыгі, адломкі скал і вялізныя кавалкі пемзы.
Растопленая падземным агнём і затым застыўшая паверхня гэтых каменняў блішчэла тысячамі агнёў пры святле пражэктара «Наўтылуса». Слюдзяны пыл, падняты ў паветры нашымі крокамі, разлятаўся ва ўсе бакі мірыядамі светлячкоў.
Далей ад берагу глеба ўзвышалася ступенямі, якія нагадвалі прыступкі лесвіцы, але перасоўвацца прыходзілася з вялікай асцярожнасцю, бо каменні нічым не былі сцэментаваны паміж сабою і хісталіся пад нагамі.
Вулканічнае паходжанне гэтай гіганцкай пячоры выяўлялася літаральна на кожным кроку.
Я звярнуў на гэта ўвагу маіх спадарожнікаў.
— Ці ўяўляеце вы сабе, які выгляд мела сярэдзіна гэтай пячоры ў тыя дні, калі яна была напоўнена кіпячай лавай, калі ўзровень гэтай вогненай вадкасці падымаўся да самага кратэра гары, як растоплены метал унутры горна?
— Добра ўяўляю сабе гэта, — адказаў Кансель. — Але ці не скажа нам гаспадар, чаму спыніўся гэты працэс, і як здарылася, што ў распаленым жэрале вулкана цяпер мірна плёскаецца вада?
— Хутчэй за ўсё, Кансель, — сказаў я, — што перамена адбылася пад уплывам землетрасення, у выніку якога ў спадзе гары зрабілася расколіна — тая самая, праз якую «Наўтылус» прайшоў у гэтую пячору. Скрозь яе-ж воды Атлантычнага акіяна рынуліся ў цэнтр вулкана. Тут павінна была здарыцца страшэнная сутычка паміж агнём і вадой, якая скончылася перамогай вады. З таго часу прайшло, мабыць, шмат вякоў, і заліты вулкан зрабіўся мірным падземным возерам.
— Добра, — заявіў Нэд Лэнд, — я прымаю ваша тлумачэнне, але шчыра шкадую, што гэтая шчыліна, аб якой вы толькі што казалі, спадар прафесар, знаходзіцца пад, а не над узроўнем мора. Нам было-б карысней, каб было наадварот.
— Вы забываецеся, Нэд — заўважыў Кансель, — што калі-б гэты канал не быў-бы падводным, «Наўтылус» не мог-бы ў яго ўвайсці, тады нам абсалютна ніякай карысці ад яго не было-б.
— Не гаворачы ўжо аб тым, што ў гэтым выпадку і вулкан застаўся-б дзейным вулканам, — дадаў я. — Вашы шкадаванні, Нэд Лэнд, дарэмныя.
Мы ўсё падымаліся. Сцежка рабілася ўсё больш вузкай і стромкай. Глыбокія расколіны загароджвалі нам дарогу, і мы павінны былі пераскокваць праз іх.
Часам абвал скалы прымушаў нас шукаць абходнай дарогі, і тут нам прыходзілася поўзаць на жываце, караскацца рукамі і нагамі. Але дзякуючы спрытнасці Канселя і дужасці Нэда Лэнда, мы перамаглі ўсе гэтыя перашкоды.