80000 кіламетраў пад вадой
Шрифт:
Праз тры чвэрці гадзіны мы падыходзілі да «Наўтылуса» з процілеглага боку, абышоўшы навакол усё возера.
Матросы канчалі пагрузку натрыя, і «Наўтылус» мог зараз-жа працягваць свой шлях.
Але капітан Нэма не даваў загаду аб адпраўленні. Ці хацеў ён дачакацца ночы, каб непрыметна выйсці праз падводны канал? Зусім магчыма.
Наступная раніца заспела «Наўтылус» ужо па-за яго таемнай гавані, плывучым далёка ад зямлі на некалькі метраў пад паверхняю Атлантычнага акіяна.
Раздзел адзінаццаты
Саргасава мора
Кірунак «Наўтылуса» аднак не змяніўся. Прыходзілася пакуль адмовіцца ад надзеі ўбачыць блізка бераг Еўропы. Капітан Нэма трымаў курс на поўдзень. Куды ён вёў свой карабель? Я не мог зразумець гэтага.
У гэты дзень «Наўтылус» плыў па вельмі цікавай частцы Атлантычнага акіяна. Усім вядома пра існаванне вялікага цёплага акіянскага цячэння — Гальфштрэма.
Ад берагоў Фларыды яно накіроўваецца да Шпіцбергену. Але раней чым пранікнуць у Мексіканскую затоку, каля сорак чацвёртага градуса паўночнай шыраты, гэтае цячэнне дзеліцца на дзве адтокі: большая з іх праходзіць міма берагоў Ірландыі і Нарвегіі, а меншая заварочвае на поўдзень, да Азорскіх астравоў, потым адхіляецца да берагоў Афрыкі і, апісаўшы шырокую дугу, вяртаецца да Антыльскіх астравоў.
Гэта другая адтока — па праўдзе сказаць, не адтока, а кальцо — абкружае нібы бар’ерам з цёплай вады тую частку Атлантычнага акіяна — халодную, маларухавую і спакойную, — якая атрымала назву Саргасава мора. Саргасава мора, такім чынам, з’яўляецца сапраўдным возерам у Атлантычным акіяне. Працягласць яго такая, што воды Гальфштрэма праходзяць свой шлях вакол яго на працягу трох гадоў.
Саргасава мора, уласна кажучы, ляжыць над усёй затопленай часткаю Атлантыды. Некаторыя аўтары нават выказвалі дапушчэнне, што плаваючыя на паверхні яго травы выраслі ў прэрыях гэтага загінуўшага сухазем’я. Але гэтае дапушчэнне мала праўдзівае; хутчэй за ўсё, гэтыя водарасці і травы прыносіць у Саргасава мора ад берагоў Еўропы і Амерыкі ўсё той-жа Гальфштрэм.
Гэты факт у ліку шэрагу іншых і навёў Калумба на думку аб існаванні Новага свету. Калі гэты адважны даследнік рабіў пераход праз Саргасава мора, водарасці і травы, на вялікі жах каманды, затрымлівалі яго і караблі, і плаванне зацягнулася на цэлых тры тыдні.
Гэткім было тое мора, у якім цяпер знаходзіўся «Наўтылус». Гэта быў сапраўдны луг з водарасцяў, настолькі густых, настолькі моцных, што нос карабля ледзь разразаў яго. Таму капітан Нэма, не жадаючы ісці на рызыку зламаць або сапсаваць вінт у гэтых непраходных зараслях, увесь час трымаўся на глыбіні некалькіх дзесяткаў метраў пад вадой.
Назва «Саргасава мора» паходзіць ад іспанскага слова «sargazzo», што азначае — водарасці. Водарасці, галоўным чынам плывучыя, і ствараюць расліннае накрыццё гэтага гіганцкага басейна. Тлумачэнне прычыны, чаму водарасці згрупаваліся такой масай у гэтым ціхім кутку Атлантычнага акіяна, прапанаваў Моры, аўтар «Фізічнай геаграфіі зямнога шара».
«Тлумачэнне гэтага з’явішча, — гаворыць ён у сваёй кнізе, — выцякае з агульнавядомага вопыту. Калі ў міску з вадой апусціць кавалкі пробкі, трэсачкі, ці якія-небудзь іншыя плаваючыя прадметы, і пакруціць ваду, то хутка можна будзе заўважыць, як усе разлучаныя кавалкі збяруцца ў цэнтры, гэта значыць, у месцы найменшага руху. У нашым пытанні міскай служыць Атлантычны акіян, Гальфштрэм — гэта кругавое цячэнне, а Саргасава мора — цэнтральны пункт, дзе збіраюцца ўсе плаваючыя прадметы».
Я зусім згодзен з тлумачэннем Моры. Мне ўдалося вывучыць гэтае з’явішча ва ўмовах, недасяжных іншым вучоным, — пад вадою. Над нашым караблём плавалі самыя разнастайныя прадметы, абкружаныя і аплеценыя рудаватымі водарасцямі: ствалы дрэва, наваленыя бурай у Андах і Скалістых горах і прынесеныя ў акіян цячэннем Амазонкі ці Місісіпі; шматлікія адломкі крушэнняў — зламаныя рангоўты, кілі, кавалкі абшыўкі ці корпус караблёў, настолькі цяжкія ад прыліплага пласта ракушак, што яны не маглі ўжо ўсплыць на паверхню. Я не сумняваюся, што з часам пацвердзіцца і другая думка Моры, — што ўсе гэтыя матэрыі, якія збіраюцца ў Саргасавым моры на працягу доўгіх вякоў, мінералізуюцца ад марской вады і ператвараюцца ў невычэрпныя запасы каменнага вугалю. Гэта будуць запасныя склады паліва, падрыхтаваныя дбайнай прыродай на той выпадак, калі чалавек спаліць увесь вугаль з земных капальняў.
Сярод гэтага хаоса траў і водарасцяў я заўважыў актыній, над якімі развяваўся пышны вянок з тонкіх шчупальцаў, і мноства медуз — зялёных, чырвоных, сініх, у тым ліку і медузу Кюв’е, блакітны парасон якое аблямаваны фіялетавым кантам.
Увесь дзень 22 сакавіка мы правялі ў нетрах Саргасава мора, дзе рыбы, якія жывяцца марскімі травамі, знаходзяць багатую спажыву. Але ўжо назаўтра акіян набыў свой звычайны выгляд.
На працягу наступных дзевятнаццаці дзён, з 23 лютага да 15 сакавіка, «Наўтылус» кожны дзень праходзіў па чатырыста кіламетраў у суткі, трымаючыся таго-ж курса — на поўдзень. Капітан Нэма, відаць, няўхільна выконваў свой план кругасветнага падарожжа пад вадой, і я не сумняваўся ў тым, што абмінуўшы мыс Горн, «Наўтылус» вернецца ў паўднёвую частку Ціхага акіяна.
Значыцца, Нэд Лэнд меў рацыю непакоіцца. У гэтых прасторных водных пустынях, дзе рэдка сустракаліся астравы, дарэмна было і марыць аб уцёках.
Але, з другога боку, у нас не было ніякай магчымасці перашкодзіць выкананню плана капітана Нэма. Адзінае, што нам заставалася рабіць, — гэта пакарыцца свайму лёсу.
Калі дарога да вызвалення хітрасцю або гвалтам была зачынена для нас, дык заставалася яшчэ надзея дабіцца волі перакананнем. Я спадзяваўся, што па сканчэнні падарожжа вакол свету мне ўдасца ўгаварыць капітана Нэма адпусціць нас на волю ў абмен на клятвеннае абяцанне ніколі не выдаваць яго тайны. Мы гэты абавязак гонару выканалі-б, і яго тайна памерла-б з намі. Але трэба было яшчэ высветліць, як паглядзіць на гэтую прапанову капітан Нэма. Ён-жа катэгарычна заявіў з самага пачатку, што для захавання сваёй тайны ён усё жыццё будзе трымаць нас палоннікамі на «Наўтылусе». Тое, што я на працягу, чатырох месяцаў ні разу не звяртаўся да гэтага пытання, ён мог разглядаць як маўклівую згоду з такім становішчам. Пячаць з ім зараз гутарку аб гэтым — значыла разбудзіць у ім падазрэнне, якое магло толькі пашкодзіць ажыццяўленню нашага плана, калі зручны выпадак трапіцца.
Усе гэтыя довады і меркаванні непакоілі мяне. Я дзяліўся імі з Канселем, якога яны трывожылі не менш за мяне. Наогул, хоць я не лёгка паддаюся суму, але я разумеў, што з кожным днём памяншаюцца нашы шансы калі-небудзь вярнуцца ў чалавечае грамадства, і асабліва хутка памяншаюцца яны цяпер, калі капітан Нэма з шалёнай настойлівасцю забіраецца ўсё далей і далей на поўдзень Атлантычнага акіяна.
На працягу гэтых дзевятнаццаці дзён наша плаванне не адзначылася нічым выдатным. Я рэдка бачыўся з капітанам Нэма. Ён шмат працаваў. У бібліятэцы я часта знаходзіў пакінутыя ім разгорнутыя кнігі, галоўным чынам па прыродазнаўству. Мая кніга аб тайнах марскога дна была спярэшчана яго адзнакамі па баках, часта зусім абвяргаючымі мае тэорыі і погляды. Але капітан Нэма задавальняўся тым, што адзначаючы мае памылкі, не пачынаў са мною спрэчак.
Часам я чуў яго ігру на аргане. Граў ён з вялікім пачуццём і майстэрствам, але выключна па начах, калі навакол панавала непранікальная цемра і «Наўтылус» спаў у пустынным акіяне.
Усе гэтыя дні мы плылі большай часткай на паверхні акіяна. Мора было быццам пакінутае ўсімі. Рэдка-рэдка заўважалі мы здалёк які-небудзь паруснік, што спяшаўся ў Індыю або накіроўваўся да мыса Добрай Надзеі.
Аднойчы за намі пагналася кіталоўнае судна, як відаць, — палічыўшае нас за вялізнага кіта. Але капітан Нэма не пажадаў, каб бедныя маракі дарэмна трацілі намаганні і час, і пакончыў з гэтым праследваннем, нырнуўшы ў ваду. Гэтае здарэнне жыва зацікавіла Нэда Лэнда. Думаю, што не памылюся, калі скажу, што канадзец дужа шкадаваў, што нашага металёвага кіта нельга насмерць параніць гарпуном.
Рыбы, якіх мы з Канселем бачылі, мала чым адрозніваліся ад тых, што мы назіралі пад паўночнымі шыротамі. Часта нам насустрач трапляліся акулы; паміж іншым, мы бачылі ў гэтых водах грэбнязубую акулу, якая адрозніваецца ад іншых колькасцю жабравых шчылін, — іх у яе сем. Сваю назву грэбнязубых гэтыя акулы атрымалі з прычыны таго, што зубы на іхняй ніжняй сківіцы сядзяць у выглядзе частай грабёнкі, змяншаючыся па велічыні ад сярэдзіны да краёў. Гэта вельмі буйныя жывёлы, і мы сустракалі экземпляры, якія даходзілі да васьмі метраў у даўжыню.