80000 кіламетраў пад вадой
Шрифт:
Кіты заўсёды ігралі важную ролю ў марской справе, і іхні ўплыў на геаграфічныя адкрыцці быў вельмі значным. Кіты вабілі да сябе паляўнічых усіх часоў і народаў — спачатку баскаў, потым асірыйцаў, ангельцаў і галандцаў. Яны загартавалі іх у барацьбе з небяспекамі акіянскіх плаванняў, прывучылі не баяцца вандраванняў з аднаго канца акіяна ў другі. Кіты любяць наведваць палярныя моры як паўночныя, так і паўднёвыя. Старадаўнія легенды гавораць, што паляўнічыя, якія гналіся за кітамі, забраліся аднойчы так далёка на поўнач, што да полюса заставалася толькі сем лье. Калі гэтая легенда выдумка, то калі-небудзь яна пяройдзе ў сапраўднасць, і магчыма, людзі дабяруцца да гэтых невядомых пунктаў зямлі, іменна захопленыя паляваннем на кітоў.
Мы знаходзіліся на палубе. Мора было зусім спакойнае: кастрычнік у гэтых шыротах — месяц добрага надвор’я.
Канадзец першы заўважыў кіта далёка на гарызонце і, вядома, не памыліўся.
Уважліва ўгледзеўшыся ў паказанае месца, і я ўбачыў нейкую чорную кропку за пяць міль ад «Наўтылуса», якая то ўсплывала на паверхню, то зноў апускалася ў ваду.
— Ах, — закрычаў Нэд Лэнд, — каб я быў цяпер на борце кіталоўнага судна, колькі радасці прынесла-б мне гэта сустрэча! Гэта вялізная жывёліна. Глядзіце, на якую вышыню яна выкідае слупы пары і вадзяных пырскаў. Тысяча чарцей! Як прыкра, што я прыкаваны да гэтага жалезнага карыта!
— Я бачу, Нэд Лэнд, вы ўсё яшчэ адчуваеце сябе гарпуншчыкам, — сказаў я.
— Хіба кітабой можа калі-небудзь забыцца на сваю прафесію? Хіба могуць калі-небудзь абрыдаць адчуванні, якія прыносіць паляванне?
— А вам ніколі не здаралася паляваць у гэтых морах, Нэд?
— Ніколі, спадар прафесар. Я заўсёды працаваў у паўночных марах, даходзіў да Берынгавай пратокі, да пратокі Дэвіса…
— Значыцца, вы не ведаеце паўднёвых кітоў. Вы і не можаце ў такім выпадку іх ведаць, бо ніколі палярныя кіты не адважваюцца перайсці праз цёплыя воды экватара.
— Што вы, спадар прафесар! Што вы выдумляеце! — недаверліва сказаў канадзец.
— Я нічога не выдумляю, я кажу тое, што ёсць.
— Ну, не! Я асабіста ў шэсцьдзесят пятым, гэта, значыць не далей як два з паловаю гады назад, забіў каля берагоў Грэнландыі кіта, у якім яшчэ тырчэў гарпун з кляймом кіталоўнага судна з Берынгавай пратокі! Дазвольце запытаць вас, якім чынам жывёла, параненая на захадзе ад Амерыкі, магла-б падставіць свае бакі гарпуну на ўсходзе, каб яна раней не абагнула мыс Горн або мыс Добрай Надзеі, гэта значыць не перайшла-б экватара?
— Я згодзен з маім прыяцелем Нэдам і з нецярплівасцю чакаю адказу гаспадара, — сказаў Кансель.
— Гаспадар адкажа вам, таварышы мае, што розныя віды кітоў жывуць у розных морах і ніколі не кідаюць іх. Калі адзін кіт з Берынгавай пратокі прайшоў у пратоку Дэвіса, гэта значыць, што паміж гэтымі марамі існуе які-небудзь праход альбо на амерыканскім, альбо на азіяцкім беразе!
— І я павінен паверыць гэтаму? — прыплюшчыўшы вока, запытаўся канадзец.
— Гаспадару трэба верыць, — адказаў Кансель.
— Значыцца, калі я ніколі не паляваў у гэтых водах, я не ведаю тутэйшых кітоў? — працягваў гарпуншчык.
— Зусім правільна, Нэд.
— І, значыцца, тым больш падстаў пазнаёміцца з ім зараз, — заключыў Кансель.
— Глядзіце! Глядзіце! — крыкнуў канадзец. — Кіт набліжаецца. Ён ідзе прама на нас. Ён здзекуецца з мяне, ведаючы, што я не магу нічога зрабіць яму!
Нэд стукнуў нагою. Яго пальцы сціснуліся ў кулак, быццам трымаючы гарпун.
— І гэтыя кіты, — сказаў ён — такой самай велічыні, як і паўночныя?
— Бадай такія самыя, Нэд.
— Я пытаюся таму, спадар прафесар, што мне даводзілася бачыць буйных кітоў, даўжыня якіх даходзіла да ста футаў. А старыя кіталовы расказвалі мне, што кіты, якія водзяцца ля Алеуцкіх астравоў, дасягаюць нават сто пяцьдзесят футаў даўжыні.
— Па маёй думцы гэта ўжо занадта, Нэд, — не згадзіўся я. — Такіх кітоў у прыродзе не існуе, а кашалоты яшчэ меншыя за кітоў.
— Ах, — ускрыкнуў канадзец, не адрываючы вачэй ад акіяна, — кіт усё набліжаецца! Ён хутка пройдзе каля «Наўтылуса»!
І, працягваючы нашу гутарку, ён звярнуўся да мяне:
— Вы гаворыце аб кашалотах, як аб нейкіх маленькіх рыбках. Між тым існуюць сапраўды гіганцкія кашалоты. Вы ведаеце, гэта разумныя жывёлы. Некаторыя з іх, як мне казалі, зарываюцца ў водарасці і такім чынам усплываюць на паверхню. Іх прымаюць за астравок. Да іх падплываюць, высаджваюцца, запальваюць агонь…
— Будуюць дамы, — у тон яму падказаў Кансель.
— Так, жартаўнік, — адказаў Нэд Лэнд, — тады ў адзін прыгожы дзень кашалот нырае і цягне за сабой на дно акіяна ўсіх сваіх насельнікаў…
— Зусім, як у прыгодах Сінбада-марака, — рассмяяўся я. — Аднак, містэр Лэнд, я не ведаў, што вы такі майстар складаць байкі! Спадзяюся, што самі вы не верыце ў існаванне такіх кашалотаў?
— Спадар вучоны, — сур’ёзна адказаў канадзец, — ад кітоў можна ўсяго чакаць. Але глядзіце, з якой хуткасцю ён плыве! Як нырае! Кажуць, што гэтыя жывёлы могуць праплыць вакол свету за пятнаццаць дзён!
— Гэта магчыма, Нэд, спрачацца не буду.
— Я ўпэўнены, спадар прафесар, што вы не ведаеце, што ў самым пачатку існавання свету першы кіт плаваў яшчэ хутчэй, як цяпер.
— Сапраўды, Нэд? Я, праўда, не ведаў гэтага? А чаму?
— Таму, што спачатку хвост у яго быў рубам, як у рыб, і ён біў ім ваду злева направа і справа налева. Але потым першы кіт выпадкова перакруціў сабе хвост, і з таго часу ён ва ўсіх кітоў пастаўлены гарызантальна і б’е ваду зверху ўніз і знізу ўверх, што, вядома, значна змяншае хуткасць.
— І я павінен паверыць гэтаму? — парадыруючы Нэда, запытаў я.
— Неабавязкова, — адказаў канадзец, — і не больш, чым тады, калі-б я сказаў вам, што бачыў кітоў даўжынёй трыста футаў і вагаю пяцьсот тысяч кілаграмаў.
— Тады вы надта перавялічылі-б, — адказаў я. — Аднак некаторыя кіты дасягаюць сапраўды гіганцкіх размераў. Кажуць, што з некаторых экземпляраў здабываюць да ста, ста трыццаці тон сала.
— Гэта я бачыў уласнымі вачыма, — сказаў канадзец.
— Ахвотна веру вам, Нэд, таксама як веру ў тое, што некаторыя кіты па велічыні роўныя сотні сланоў. Уявіце сабе, што можа здарыцца, калі гэткая маса матэрыі імчыцца з ўсёй хуткасцю!
— Ці праўда, — спытаў Кансель, — што кіт можа патапіць карабель?