80000 кіламетраў пад вадой
Шрифт:
Праплывалі міма нас таксама і марскія сабакі — буйныя рыбы, якія вызначаюцца па словах рыбакоў вялікай пражэрлівасцю.
Прыгожыя гуллівыя дэльфіны суправаджалі нас па цэлых днях. Яны плылі групамі па пяць-шэсць жывёл, палюючы зграямі, як ваўкі ўзімку. Дэльфіны, як відаць, не менш ненажэрныя, чымся марскія сабакі.
Сямейства дэльфінаў налічвае дзесяць відаў. Сустрэтыя намі экземпляры належалі да Віда звычайных дэльфінаў. У іх былі невялікія галовы, якія заўважаліся наперадзе, і падобныя на дзюбу, завостраныя морды. Даўжыня іхняга цела раўнялася прыкладна двум метрам.
Скажу яшчэ пра жывучых у гэтых морах цікавых прадстаўнікоў атрада калючапёрых рыб — гарбылёў, або чорных сціен. Некаторыя аўтары — больш паэты, як вучоныя, — сцвярджаюць, што гэтыя рыбы могуць меладычна спяваць і што зграя іх можа даць канцэрт, не горшы, чым ансамбль спевакоў. Не адважуся даводзіць, што гэта няпраўда, але тыя сціены, якіх мы сустракалі па дарозе, не спявалі нам серанад. І вельмі шкада.
Нарэшце адзначу вялікую колькасць сустрэтых намі лятаючых рыб. Не можа быць нічога больш цікавага, як відовішча палявання дэльфінаў на лятаючых рыб. Дакладнасць разліку дэльфінаў зусім матэматычная: якой-бы даўжыні ні была траекторыя палёту, у канцы яе лятаючая рыба ўсё-ж немінуча трапіць у расчыненую пасць дэльфіна!
Бачаныя намі рыбы большай часткай належалі да віду трыгл. Уначы яны паласавалі паветра бліскучымі крывымі, якія пагружаліся ў ваду, як падаючыя зоркі.
З пачатку нашага вандравання мы зрабілі прабег у трынаццаць тысяч лье, або пяцьдзесят дзве тысячы кіламетраў. У гэты час мы знаходзіліся пад 45°37' і паўднёвай шыраты і 37°53' заходняй даўгаты. У гэтых самых месцах зонд, апушчаны капітанам «Геральда» Дэнгемам, не сустрэў дна і на глыбіні чатырнаццаць тысяч метраў. Тут-жа лейтэнант Паркер з амерыканскага фрэгата «Кангрэс» не знайшоў дна на глыбіні пятнаццаць тысяч сто сорак метраў.
Капітан Нэма рашыў апусціцца з «Наўтылусам» на найбольшую глыбіню, каб праверыць гэтыя прамеры.
Акяніцы салона расчыніліся, і я ўсеўся ля акна, каб адзначыць вынікі даследвання.
«Наўтылус» пачаў рыхтавацца да спуску на гэтую велізарную глыбіню. Само сабою зразумела, што не магло быць і гутаркі аб тым, каб дасягнуць яе спосабам запаўнення рэзервуараў вадою. Не гаворачы ўжо аб тым, што ніякі дадатковы цяжар не быў-бы дастатковым для гэтай мэты, трэба было прадбачыць яшчэ тое, што для звароту на паверхню давялося-б на дне выкачваць ваду з рэзервуараў, а на гэта — пры вялізным вонкавым ціску — нехапіла-б магутнасці нават, для насосаў «Наўтылуса».
Капітан Нэма рашыў паспрабаваць дасягнуць дна па спадзістай дыяганалі, з разбегу. Стырнам глыбіні надалі нахіл у 45°, і затым вінт быў запушчаны з найвялікшай хуткасцю. Лопасці яго з велізарнай сілай уразаліся ў ваду. Гэты магутны штуршок прымусіў здрыгануцца ўвесь карабель, які зараз-жа паслухмяна пусціўся ўніз. Капітан Нэма далучыўся да мяне, і мы разам сачылі за хуткім рухам уніз стрэлкі манометра. Неўзабаве «Наўтылус» мінуў заселеную зону, у якой жыве большасць рыб. Калі паасобныя віды рыб могуць жыць толькі ля самай паверхні акіяна або рэк, то існуюць і такія, што жывуць толькі ў глыбакаводных пластах. Сярод іх я заўважыў гексанхаў — разнавіднасць грэбнезубых акул, з шасцю жабернымі шчылінамі, тэлескопаў з вялізнымі вачыма і, нарэшце, грэндэраў, якія жывуць на глыбіні ў тысячу дзвесце метраў, дзе ціск раўняецца ста дваццаці атмасферам.
Я запытаў капітана Нэма, ці здаралася яму назіраць рыб на вялікіх глыбінях.
— Рыб? — перапытаў ён. — На гэтых глыбінях яны сустракаюцца даволі рэдка. А што аб гэтым думае сучасная навука?
— Мы ведаем толькі наступнае: расліннае жыццё гіне хутчэй, чымся жывёльнае, адпаведна аддаленню ад паверхні ў ніжэйшыя пласты вады. Мы ведаем, што ў тых месцах, дзе яшчэ сустракаюцца жывыя істоты, нельга ўжо знайсці ніводнае расліны. Нам вядома, што вустрыцы і іншыя ракушкі жывуць і на глыбіні ў дзве тысячы метраў пад вадою і што Мак Клінток, герой палярных марэй, аднойчы вывудзіў жывую марскую зорку з глыбіні дзве з паловай тысячы метраў. Нарэшце вядома, што каманда англійскага фрэгата «Бульдог» на глыбіні ў чатыры тысячы метраў таксама вывудзіла жывую марскую зорку. Вось і ўсё, што мы ведаем. Але вы, капітан Нэма, пэўна скажаце, што наша навука нічога не ведае?
— Не, спадар прафесар, я не дазволю сабе гэткага грубіянства. Дазвольце яшчэ запытаць вас, чым тлумачыцца, што жывыя істоты могуць жыць на такой глыбіні?
— Гэта тлумачыцца двума прычынамі, — адказаў я. — Перш за ўсё тым, што вертыкальныя цячэнні, абумоўленыя неаднолькавай шчыльнасцю і насычанасцю вады соллю на розных глыбінях, выклікаюць рух вады, дастатковы для падтрымання жыцця прасцейшых іглакожых і марскіх зорак…
— Правільна, — сказаў капітан.
— І па-другое, тым, што колькасць распушчанага ў вадзе кісларода, без якога жыццё немагчыма, у глыбокіх пластах не змяншаецца, а павялічваецца і што высокі ціск у гэтых пластах толькі дапамагае яго канцэнтрацыі.
— Ага, вы і гэта ведаеце? — ускрыкнуў капітан Нэма, не хаваючы свайго здзіўлення. — Што-ж, я рады, што вам гэта вядома, бо гэта бясспрэчны факт. Я дадам толькі, што ў плавацельным пузыры рыб, вылаўленых на невялікай глыбіні, больш азота, чым кісларода, тады як у тых-жа рыб, злоўленых на вялікай глыбіні, заўсёды больш кісларода, як азота. Гэта даказвае справядлівасць вашай думкі. Але давайце працягваць нашы назіранні.
Я зноў паглядзеў на манометр. Стрэлка яго паказвала глыбіню ў шэсць тысяч метраў. Мы плылі ўжо на працягу гадзіны, і апусканне «Наўтылуса» па дыяганалі ўсё яшчэ працягвалася. Пустынныя воды вызначаліся надзвычайнай празрыстасцю, якую можна параўнаць толькі з празрыстасцю высокагорнага паветра.
Яшчэ праз гадзіну мы былі ўжо на глыбіні трынаццаці тысяч метраў, а дно акіяна яшчэ не было відаць.
Але, калі мы дасягнулі глыбіні чатырнаццаць тысяч метраў, я ўбачыў далёка ў вадзе чорныя верхавіны гор. Аднак гэтыя верхавіны маглі належаць і горам такой самай вышыні як Гімалаі або Манблан, а можа нават і вышэй, таму мы па-ранейшаму не маглі вызначыць глыбіню гэтага воднага бяздоння.
Не гледзячы на вялікі ціск, якому падпадаў «Наўтылус», мы працягвалі апускацца. Я адчуваў, як уздрыгвае жалезная абшыўка падводнага судна, як выгінаюцца яго распоры, як трасуцца загарадкі, як выгінаюцца ў сярэдзіну пад ціскам вады вокны салона. Каб наш карабель не ўладаў трываласцю цэльнага, літага цела, яго ў адну секунду сплюшчыла-б у дошку.
Калі мы праходзілі блізка ад гор, чарнеючых у вадзе, я заўважыў на іх некалькі ракавін і розных марскіх зорак. Але хутка і гэтыя апошнія прадстаўнікі жывёльнага царства зніклі, і «Наўтылус», пераступіў мяжу жыцця, падобна паветранаму шару, які падняўся вышэй таго пласта, дзе можна дыхаць.
Мы знаходзіліся цяпер на глыбіні шаснаццаці тысяч метраў, і абшыўка «Наўтылуса» вытрымлівала ціск у шэсцьсот атмасфер, або, інакш кажучы, у тысячу шэсцьсот кілаграмаў на кожны квадратны сантыметр сваёй паверхні.
— Як дзіўна: плысці на гэткай глыбіні, дзе ніколі не было жыцця! — ускрыкнуў я. — Глядзіце, капітан, глядзіце на гэтыя велічныя скалы, на гэтыя пустынныя горы, на гэтыя апошнія межы акіяна, дзе не можа быць ні малейшай праявы жыцця! Якое дзівоснае відовішча! І як шкада, што ў нас застануцца толькі адны цмяныя ўспаміны аб ім.
— Гэтыя ўспаміны можна зрабіць і не цмянымі, — сказаў капітан.
— Што вы хочаце сказаць? — запытаў я. — Я не разумею вас.
— Я хачу сказаць, што няма нічога больш простага, як сфатаграфаваць гэты падводны пейзаж.